ЖАНРЫ

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8

Быкаў Васіль

Шрифт:

Добрае было жыцьцё ў шпіталі, але, як і ўсё добрае, хутка скончылася. Якраз пад новы год немцы прарвалі наш фронт, і іх танкавы авангард апынуўся на ўскраінах гораду. Ноччу ўсіх нас паднялі, і хто мог хадзіць, — пехатой, за паўсотню кілямэтраў на пераправу ў Байю.

Была завея, валіў сьнег. Я, яшчэ два лейтэнанты і шпітальная сястрычка Галя адмахалі за ноч тыя кілямэтры, выйшлі на бераг Дунаю, дзе месьціўся гарадок Байя. Там была пераправа. Але на пераправу нас не пусьцілі, заградатрад хацеў усіх заарыштаваць найперш за тое, што мы былі бяз зброі. Як дэзэртыры ці тыя, што хочуць здацца ў палон. Свой штатны ТТ пасьля раненьня я змушаны быў здаць у полк, а «вальтэр» у мяне адабралі ў шпіталі — «з аружыем не паложана». Ад заградатраду выбавіла нас Галя, мы пайшлі ніжэй па Дунаі і пераправіліся церазь яго па лёдзе, між шугі і палонак. Перайшлі Дунай, пераначавалі ў нейкай хаце — мокрыя, утраіх на адным ложку. Назаўтра дабрылі да новага шпіталю. Рана мая была лёгкая, там зь яе выцягнулі асколак, застаўся толькі невялічкі абломак, які ў мяне і дагэтуль. Нашу ў руцэ як памяць.

У тым тылавым шпіталі ў Сегедзе я быў нядоўга, пад канец месяца выпісаўся. На спадарожных машынах скіраваў у аддзел кадраў арміі, дзе атрымаў накіраваньне — на гэты раз вышэй, у армейскую супрацьтанкавую брыгаду (ШТАБР). Там былі 76-мм гарматы, што мне здаваліся асілкамі пасьля мае саракапяткі. Памятаю, ішлі ў Дунапатай, дзе фармавалася брыгада, з двума лейтэнантамі — Iвановым і Рыжковым. Гэтыя па вайсковай адукацыі (яшчэ даваеннай) належалі да карпусной артылерыі і дужа бедавалі, што іх заслалі цяпер у супрацьтанкавую, дзе «ствол доўгі, а жыцьцё кароткае». Але іх паслалі туды пасьля штурмбату, у якім яны адбылі свой тэрмін, бо з’яўляліся акружэнцамі і да вызваленьня прасядзелі ў Адэсе. Яны, апанураныя, бедавалі, а я радаваўся, бо для мяне тое было падвышэньнем. Я вырываўся з пакутніцы-пяхоты.

23. ІПТАП. Разгром

У лютым наш полк (IПТАП) сваім ходам выехаў на фронт і заняў пазыцыі ззаду за пяхотай. То быў супрацьтанкавы абаронны раён (ПТОР) на кірунку верагоднага прарыву нямецкіх танкаў. Гэтая верагоднасьць была вызначана кімсь з д’ябальскай дакладнасьцю, бо хутка гэты полк быў дашчэнту разгромлены за адзін ранак. Амаль нічога не засталося: ні гарматаў, ні нашых цягачоў — «студэбэкераў». I гэта за тры месяцы да канца вайны, і такая колькасьць танкаў. (Адкуль яны браліся, можна прачытаць у нядаўна перакладзеных успамінах Альбэрта Шпэера, рэйх-міністра па ўзбраеньні. Ён там распавядае, як перабудаваў нямецкую вытворчасьць на вайсковы лад. У тым ліку і на выпуск танкаў, самалётаў і ўсяго іншага, чаго ў іх хапала да канца вайны.)

Што да Венгрыі, дык немцы ўсю зіму грамілі там два ўкраінскія франты — Маліноўскага і Талбухіна. Калатнеча была страшэнная, але яна засталася амаль невядомай у Саюзе, замоўчанай савецкімі СМI. Толькі пасьля апублікаваньня мэмуараў маршала Маліноўскага стала відаць, што абстаноўка ў Венгрыі склалася тады катастрафічная. Немцы разграмілі некалькі нашых армій (асабліва дасталося 3-му Украінскаму фронту маршала Талбухіна), выйшлі да Дунаю. Мяркуючы па ўсім, Сталін ня ведаў, як ратаваць фронт, і, паводле сьведчаньня Маліноўскага, даў права яму і Талбухіну вырашыць: пакідаць фронт на правым беразе ці эвакуяваць яго на левы. А што такое — эвакуяваць фронт? Гэта ж маса войска, тэхнікі, зноў жа — тылы. Пераправы ж былі ўсяго дзьве, — пантонныя цераз Дунай. I Маліноўскі піша, што яны з Талбухіным прынялі рашэньне эвакуяваць, каб выратаваць фронт. Але ў тыя дні якраз пайшоў лёд па Дунаі, шуга, якія і зьнесьлі абедзьве наплаўныя пераправы. Такім чынам, фронт павінны быў ратаваць сябе сам. Там шмат загінула, а мы ўратаваліся. З ранейшай маёй дывізіі мала каго засталося. Зараз наладжваюць сустрэчы франтавікоў, і я кожны раз пытаюся, хто ёсьць з 924-га палку? Некалькі тылавікоў, доктар з санчасьці ды тыя, хто, як я, выбыў па раненьні ў сьнежні.

I вось я ваюю ў артылерыйскім супрацьтанкавым палку. Увогуле, малапрыемная справа апынуцца сярод незнаёмых людзей у якасьці новенькага, да каго ўсе прыглядаюцца, бы правяраюць. Я ўжо ведаў тое паводле ранейшага вопыту і стараўся не спудлаваць. Тое, што звычайна даравалася свайму, сталаму, наўрад ці даравалі б новенькаму. Гэта ў рознай ступені адносілася як да начальства, так і падначаленых, роўных табе таксама. Сталы можа дзе і спалохацца, лішне засьцерагчыся, новенькі ж ня мае на тое права.

А ўжо калі спатрэбіцца кім ахвяраваць, ці кім рызыкнуць, дык тут новенькі будзе якраз дарэчы.

Але тое няпроста, як і ўсё на вайне. Найперш таксама аказваецца, што нашыя 76-мм гарматы супраць танкаў малаэфэктыўныя. Увогуле тая гармата — не супрацьтанкавая, проста яе выкарыстоўваюць у гэтай якасьці. Бо іншых няма. Адлегласьць прамога стрэлу ў яе малая, прабойная сіла снараду таксама. Прыцэльныя магчымасьці кепскія — горшыя, чым у саракапяткі. Наогул якасьць зброі — заўсёды наша самае злабадзённае пытаньне. У шпіталі ці дзе ў зацішку мы болей за ўсё пра тое гаворым — якая гэта дрэнь нашы аўтаматы, кулямёты, гарматы ды і танкі. Але на палітзанятках пра тое сказаць немагчыма, бо ва ўсіх газэтах напісана, што наша зброя лепшая за нямецкую, што ў немцаў усё дрэнь ды эрзацы. I хлеб, і мыла, і кава. Ды яшчэ сьмярдзючы дуст, якім яны перасыпаюць усё ў бліндажах. Куды лепей, як мы, вошы смажыць у бочках. Часам нам чытаюць загады пра выпадкі, калі некаторыя афіцэры асуджаны вайсковым трыбуналам за пахвалу нямецкай зброі. Тым болей нямецкай тактыкі. Нашая тактыка таксама лепшая за нямецкую, чуем мы, і толькі некаторыя з нас пры тым крыва ўсьміхаюцца. Але маўчаць.

Тады мы таксама займалі ПТОР — гэта значыць, разьмяшчаліся на танканебясьпечным напрамку, на прамой наводцы. Да пярэдняга краю, можа, кілямэтры два. Стаім, відаць, з тыдзень. Увогуле спакойна, хіба толькі даймае нямецкая авіяцыя. Але дзе яна не даймае? Цераз дарогу ад маіх гарматаў разьмяшчаюцца агнявыя пазыцыі майго сябра лейтэнанта Беражнога, які дужа любіць кніжкі, заўсёды нешта чытае. Я таксама люблю пачытаць. Неяк узяў у яго «Сястру Кэры» Драйзера, але прачытаць не пасьпеў, і ўвечары ён прыйшоў да мяне па кніжку. Я папрасіў адтэрміноўкі, і Беражны пайшоў на свае пазыцыі.

А ранкам прачынаюся ў зямлянцы (зямляначкі ў нас былі дужа саплівенькія). Прачынаюся ад прадчуваньня таго, што нешта здарылася. Сьпярша не магу зразумець, што? Страшэнны роў, дым і агонь. Выскокваю зь зямлянкі і зноў не магу зразумець нічога. Нічога не відаць, дым ёсьць вочы.

Зьверху нешта абрушваецца, падае, вые. Быццам сырэны. Аказваецца, пікіруюць «месэршміты». А ў нас на агнявой была скрынка ракет — звычайных для ракетніц на выпадак начной стральбы. Дык самалёты абстралялі і падпалілі ракеты. Тыя гараць і ўзрываюцца. Асколкаў няма, але… Ракеты там асьвятляльныя, каляровыя, букетныя, усё гэта гарыць, пыхае, ірвецца, і роў абрынаецца зьверху. Адзін самалёт адыдзе, за ім пікіруе другі, і з кулямётаў лупяць. Я ўжо ня памятаю, ці яны адляцелі, ці яшчэ пікіравалі, але мы пачалі тушыць пажар. I вось тады да нашага слыху данеслася, што насоўваецца і горшае. Зямля хадуном захадзіла, дрыжыць і, канешне, — знаёмы гул. Калі ветрам трохі аднесла дым ад гарэлых ракетаў, зірнуў я на дарогу, што была збоч. А трэба сказаць, полк разьмяшчаўся так: дзьве батарэі з гэтага боку, тры з таго. Тое называецца — асядлаць дарогу. Дык вось па той бок дарогі за пасадкай прэ натоўп танкаў. Здалося, менавіта натоўп, ідуць суцэльным гуртам, бы каровы на вадапой. Ніякага там баявога парадку, толькі пярэднія страляюць з гарматаў. Вось так, не спыняючыся, прайшлі і палову нашага палку, бы зьлізалі. Бы яго і не было — ні гарматаў, ні машын, ні людзей. Тут да мяне прыбягае камбат, старшы лейтэнант Ахрын (жыве ў Нікалаеве, зрэдчас мы перапісваемся): «Вытасківай пушку, падагнаць машыны!.. Матаем адсюль!» Падагналі «студэбэкеры», выцягнулі гарматы і некуды ўбок. Па рацыі камандзір палку загадаў — наперарэз танкам. Але тут трапілі ў нейкае забалочанае кустоўе, машыны пачалі грузнуць, пасьля прабіраліся па зарослых дубняком пагорках. Вядома ж, спазьніліся куды трэба было і трапілі пад абстрэл з танкаў, якраз на палявым касагоры, які выдатна прастрэльваўся зь сяла. У нас было машынаў дваццаць, гармат меней — дзьве батарэі. I мы рашылі, што трэба прарывацца па адной машыне. Машына разганяецца і як мага шпарыць па касагоры, а танкі страляюць. Так адна пройдзе, а другую спаляць. Я праскочыў, не пацэлілі. Iншых пападбівалі і папалілі…

Яшчэ празь дзень засталася ў нас адна мая гармата з машынай, радыёстанцыя і штабная машына. Астатнія ўцалелыя пайшлі іншым кірункам, бо ўсім разам прайсьці было нельга. Але з намі камандзір палку палкоўнік Парамонаў, штаб, некалькі тылавікоў і аўтаматчыкаў. Прыпыніліся ноччу ў нейкім венгерскім фальварку — вялікі дом пад чарапіцай, стайні, аборы. Наперадзе шырокі магістральны канал, там пантонная пераправа, і нам трэба на той бок. Але пераправа ўжо захопленая немцамі, нам далей ходу няма. Пад кустоўем у канцы падворку паставілі гармату. Перад намі шырокі роў, а за ім дарога на пераправу. I на гэтую дарогу ўранку хлынуў усё той жа танкавы натоўп. У паветры — гул, гром, лязгат гусеніцаў, нават блізка нічога нельга пачуць.

I тут прыбягае да мяне парторг — камандзір палку загадаў адкрыць агонь. Ну што ж, агонь дык агонь. Але ці доўга так пастраляеш? Наводчык прыцэліўся і стрэліў. Я побач сачу — ці пацэліў? Ды бачу, снарад пайшоў высока ў неба. Што такое? — крычу наводчыку, той удакладніў на панараме прыцэл. Зноў стрэліў. Я чакаю, каторы танк спыніцца, ды дзе там! Снарад б’е ў зямлю побач. Тады кідаюся да гарматы… А ў ёй ёсьць такі механізм — паралелаграм зь цягай, якая злучае панараму са ствалом. Куды ствол, туды і прыцэл — паводле ідэі. Але як мы цягалі гармату па лясах і пагорках, зрушылі тую цягу, і цяпер панарама і ствол не паралельныя. Трэба рамантаваць.

Далажыў парторгу, той пабег дакладваць камандзіру палку. Разумны чалавек быў наш палкоўнік Парамонаў, вылаяўся і махнуў рукой. Бо што тут можна зрабіць? I хто вінаваты? Пакуль мы мітусіліся, танкі прайшлі на пераправу і за пераправу. А нас тым часам з вышынь за каналам пачалі абстрэльваць свае цяжкія мінамёты. Мабыць, бачаць, што сноўдаюць нейкія людзі, во яны і б’юць, толькі чарапіца з дахаў разьлятаецца. Тут мяне кліча камандзір палку і, паколькі я праштрафіўся, дае заданьне перабрацца за канал і наладзіць сувязь з тымі мінамётчыкамі. Для таго выдзяляе мне чалавек пяць артылерыстаў, нейкіх прыблудных сапёраў і нашага батарэйнага старшыну Жарава. Што ж, сабралася група чалавек дванаццаць, прыгнуўшыся, пабеглі па полі. Але далёка не адбегліся, гляджу — нічога ня выйдзе: тыя з-за каналу адразу накрылі нас агнём. Залеглі, што рабіць? Двух параніла ўжо, некага забіла. Старшыне асколак у задняе месца ўпіўся. А да каналу яшчэ ісьці ды ісьці… Мінамётчыкі, канешне, падумалі, што гэта немцы. Ну і вырашыў я вярнуцца. Забралі двух параненых, забітых пакінулі, і ўсё пад агнём, між разрываў прыйшлі на фальварак. Камандзір палку нават ня лаяўся, сам усё бачыў.

Поделиться с друзьями: