Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8
Шрифт:
Пайшоў з салдатамі шукаць тыя Барсучэні. Аказалася, за пагорачкам, кілямэтрА праз паўтаpa ад перадавой. Знайшоў старшыню сельсавету, растлумачыў задачу. Памочнікам у мяне быў старшына Ганчарэнка, былы бухгалтар з-пад Віньніцы. Сяляне асабліва не пярэчылі, — трэба дык трэба: вайна ж. Хто ведае, што тут задумалі гэтыя рускія разам зь немцамі, якія за бугром? Пагрузілі на свае куруцы дзяцей, пасьцелі, паклалі колькі мяхоў кукурузы і паехалі, як было загадана, на пятнаццаць кілямэтраў у тыл. Мы таксама, як было загадана, у абодвух канцах вуліцы збудавалі з жэрдак шлягбаўмы, паставілі вартавых. Выбраўшы лепшую хату, я вугалем напісаў на белай сьцяне «камэндатура».
Пачалася новая, тылавая служба ў да часу абязьлюдзелай вёсцы. Галоўны сэнс тае службы, як пасьля зразумеў, палягаў у тым, каб ня даць сялянам карыстацца ўласным харчам, бо той харч канфіскоўваўся дзеля патрэбаў фронту. Неўзабаве ў сяло прыехалі нейкія тылавыя часьці, штаб армейскага інжынэрнага батальёну, яшчэ нехта. Пачалі гаспадарыць, грузіць на машыны ўсё, што засталося з прадуктаў, — галоўным чынам кукурузу, збожжа, муку. У Малдавіі на гэты конт — ня тое, што на Украіне, правізіі хапала. У кожнай гаспадарцы быў хлеб, нават белы, быў сыр, сушаныя фрукты, алей, малако. Калгасы малдаванаў абрабаваць не пасьпелі, цяпер законна рабавалі войскі, якім з тылу перасталі вазіць правізію. Увесь вайсковы транспарт быў заняты падвозам боепрыпасаў — рыхтаваўся «бросок на Балканы». Высялялася шырачэзная 15-кілямэтровая паласа па ўсёй Малдавіі. Але ж заставалася віно, якое таксама было ў кожнага гаспадара, і яго нельга было ўзяць на адну фурманку. Віно закопвалі. Ды наіўныя былі тыя малдаване — хіба ад савецкага салдата можна было штосьці схаваць? Тым болей віно? У кожнага салдата пры вінтоўцы быў шомпал, які выдатна выконваў ролю «вінашукальніка». Празь якіх дзён дзесяць раскапалі і выпілі ўсё. Часам між п’янымі салдатамі ўзьнікалі бойкі і нават перастрэлкі, за віно і за хаты таксама. Гэта калі адны часьці яшчэ ня зьехалі, а іншыя прыехалі і патрабуюць жытла. Часта прыяжджала палкавое начальства — пракантраляваць і выпіць таксама, пакуль яшчэ было што.
Пад камэндатуру я займаў хату псаломшчыка, дзе засталося трохі старых расейскіх кніжак. I я там чытаў «Так сказаў Заратустра» і яшчэ нешта з антычных аўтараў, вядома, у перакладзе на расейскую. Хоць і вайна, але цягнула да ведаў, да культуры, якіх не дабралася за мірным часам.
Было пагоднае лета, стаялі цёплыя паўднёвыя ночы. I да мяне прыходзіла адна сястрычка зь інжынэрнага батальёну, якую я частаваў грэцкімі арэхамі і малдаўскім віном. I мы падоўгу гутарылі пра літаратуру, мастацтва. Яна распавядала пра сваё даваеннае жыцьцё ў зялёнай украінскай Зьвянігарадцы, адкуль была родам. Гэтай парой мне споўнілася дваццаць гадоў, яшчэ я ня ведаў жанчыны і дужа ашчадна адносіўся да нечаканага пяшчотнага пачуцьця. Тым болей першага і гэткага нечаканага. Але неяк прыйшоў незнаёмы лейтэнант, з выгляду старэйшы за мяне, і прадставіўся: «Уполномоченный контрразведкой смерш. Слышали, что такое смерш?» Так, я штонішто чуў пра той яго сьмерш, але што яму трэба? А яму трэба дазнацца пра нашыя адносіны з чырвонаармейцам Лужковай. Бо гэта — справа бясьпекі. А я, дурань, думаў, што гэта асабістая справа… Але ўсё ж нарэшце аказалася, што асабістая, бо, як пасьля паведаміла мне чырвонаармеец Лужкова, той сьмершавец меў на мэце яе перш за ўсё як дзяўчыну. Празь якіх-небудзь дзён дзесяць інжынэрны батальён зьехаў на іншы ўчастак, і пачалося ў мяне пакутнае, ледзьве не штодзённае ліставаньне. Здавалася, увесь сэнс жыцьця залежаў ад таго, як хутка будзе ад яе ліст. Але правільна зазначана кімсьці, што каханьне — казачка з заўсёды сумным канцом.
Крыху пазьней і ў іншай вёсцы мяне хацелі судзіць. Ужо завялі справу, прыяжджаў сьледчы з вайсковай пракуратуры. Здарылася так, што мае салдаты ўлезьлі ў царкву. З рэлігіяй жа, вядома, як у нас абыходзіліся: то зь ёй змагаліся на зьнішчэньне, то часам адпускалі пятлю на царкоўнай шыі. У вайну якраз адпусьцілі, а салдаты таго не ўлічылі, і я разам зь імі. Салдаты зламалі замок і ўлезьлі ў царкву паглядзець на выявы сьвятых, а болей — за паперай. Там былі царкоўныя кнігі і ў іх чыстыя старонкі, якія выдзіралі на лісты да бацькоў і жонак: ніякай жа паперы нам не давалі. Курцоў выручалі франтавыя газэты, якія надта цаніліся з тае прычыны, але ж на газэтах ліста не напішаш. Дык вось папы паскардзіліся палітрукам, а тыя — у пракуратуру. I мяне абвінавацілі, што не ўпільнаваў царкву. Я кажу: а мы яе і не пільнавалі, мы атэістыя. Тым горш, кажуць, будзеце адказваць.
Паводле той жа царкоўнай справы з ЦК кампартыі Малдавіі прыехаў цывільны чалавек, ён таксама рабіў дазнаньне. А ў час, вольны ад сьледчых спраў, захацеў выпіць. Ды ў сяле выпіць ужо не было чаго, і мы паехалі зь ім на недалёкі хутар. Зьлезьлі з фурманкі, ідзём праз жыта па сьцежцы, размаўляем. I раптам ад хутара — стрэлы. Мой госьць хапаецца за карабін, ды тут жа асядае — па твары паўзе долу вока, шчака абліваецца крывёю. А на хутарскім падворку лаецца наш салдат зь вінтоўкай у руках. Два салдаты, што былі з намі, кінуліся туды, я — да госьця. Хутчэй на фурманку і — у шпіталь. Па дарозе дамаўляемся сказаць, што нас абстралялі немцы. Прыехаўшы дадому, я так і даклаў начальству. Але назаўтра прыехаў капітан Травін, якому я быў падпарадкаваны, і вылаяў мяне за ашуканства. Ён ужо ведаў, як усё адбылося ў сапраўднасьці. Але адкуль? «Адтуль!» — злосна сказаў стары і вопытны старшына Ганчарэнка. То быў для мяне першы ўрок такога кшталту — урок, які, аднак, я кепска засвоіў. Ня ведаю, чым бы ўсё скончылася, калі б неўзабаве не пачаўся вялікі наступ, стала не да царквы, не да п’янага салдата, які параніў цывільнага.
Якраз перад наступам атрымаў першы ліст ад бацькоў — гэта пасьля трох гадоў абсалютнага бязьвесьця. Парадаваўся, што ўсе жывыя, хата ня спаленая. Сястру Валю вывозілі ў Нямеччыну, але яна была вёрткаю, мая сястрыца, і ўцякла з-пад канвою. Яны таксама нічога ня ведалі пра мяне і парадаваліся з майго ліста — што жывы. Бо за тыдзень да майго ліста атрымалі «пахаронку», гэта праз тыя баі, пад Кіраваградам. (Зрэшты, тая «пахаронка» яшчэ мела для мяне малапрыемны працяг праз шмат гадоў пасьля вайны.)
Пасьля вайны сястра распавяла пра тую сваю «вёрткасьць».
Вясной 44-га году яна разам зь некаторымі вясковымі дзяўчатамі ўцякла з «акопаў», якія капалі для нямецкай абароны. Але немцы прыехалі ў вёску і пачалі хапаць маладых для адпраўкі ў Нямеччыну. Шмат якіх дзяўчат пахапалі і вядуць у Чарапоўшчыну. А сястру не знайшлі, тая пад той час схавалася ў лазовым кусьце за сажалкай. I тады яе стрыечная сястра, што ўжо ішла пад канвоем, з зайздрасьці кажа канваіру: «А вы паглядзіце там у кусьце». Так яны апаролі Валю і таксама паставілі ў калёну.
Праз колькі дзён пешага, пад канвоем, падарожжа, скарыстаўшы здатны момант (бамбоўкі ці што), падканвойныя пачалі разьбягацца. Канваіры, страляючы, — за імі. Валя прысела ў жыце, аж бачыць: на яе ідзе канваір-немец. Ён згледзеў сястру, але зрабіў выгляд, што не заўважыў, прайшоў поруч. Так сястра ўратавалася і праз колькі дзён дабралася дахаты.
17. Бой. Кантузія
Наступ на Балканы (так званая Яса-Кішынёўская апэрацыя) пачаўся для нас увогуле пасьпяхова: абарону прарвалі, рынуліся за Прут. Там усчаліся жорсткія баі за масты і пераправы, бо якраз і немцы з Кішынёўскага катла таксама пёрлі на тыя масты.
У горадзе Пермі пасьля вайны выйшла кніжка пра нашу дывізію пад назовам «Ветераны дивизии вспоминают». Там надрукаваны ўспаміны падпалкоўніка Піліпенкі, былога афіцэра штабу дывізіі. Між іншым Піліпенка піша і пра адзін эпізод тых баёў з удзелам лейтэнанта Быкава. «Боевые порядки стрелкового батальона капитана Савченко, которому был придан взвод лейтенанта Быкова, атаковала вражеская пехота, поддержанная сильным огнем артиллерии, минометов. Около трех часов шел напряженный бой… На рассвете следующего дня гитлеровское командование бросило в бой несколько танков. На участке стрелкового батальона, который поддерживал артогнем лейтенант Быков, появились 3 вражеские машины. Быков подал команду „огонь!“. Два снаряда разорвались рядом с передним танком, но тот продолжал двигаться. Грянул третий выстрел, и немецкая машина остановилась. Другие вражеские танки стали обходить горящую машину, ведя на ходу огонь по нашим орудиям. Осколками вражеского снаряда было повреждено орудие, убит старший сержант Буяненко, ранен наводчик и заряжающий. В эту трудную минуту к орудию встал Быков. Через канал ствола он навел орудие, затем зарядил и выстрелил в приближаюшийся танк противника. Фашистская машина развернулась на одной гусенице и остановилась. Противотанковая батарея полка понесла значительные потерн в личном составе и боевой технике, поэтому лейтенант Быков был назначен командиром взвода роты автоматчиков этого же полка. Не раз ему приходилось со своим взводом ходить в атаку и отбивать контратаки противника». I так далей. Я ня ведаю дакладна, але, па ўсёй верагоднасьці, гэты тэкст узяты з т. зв. «наградного листа». На самай жа справе ўсё адбывалася трохі інакш.
Рэч у тым, што там немцы прарываліся з Кішынёўскага катла, таму ўпартасьці ў іх хапала. Таксама справа ішла пра жыцьцё і сьмерць… У маёй гармаце ня толькі разьбіла прыцэл, яе таксама разьбіла снарадам з танка. Снарад ударыў амаль пад левае кола, ад выбуху нас заваліла зямлёй. Я быў побач з зараджаючым, між станінаў, і на колькі сэкунд, відаць, страціў прытомнасьць. Як узьняў галаву, бачу: мае не паднімаюцца, наводчык зусім у зямлі. А танк — во ён, стаіць у якіх пятнаццаці мэтрах і скіроўвае гармату далей, на кагось у наш тыл, — з намі ён ужо скончыў. А нашая гармата зараджаная, наводчык не пасьпеў стрэліць. Я дацягнуўся рукой і, лежачы, ціскануў на кнопку спуску. Узьняўся пыл, штосьці там сталася. Гляджу, танк паварочваецца, паварочваецца, — ну, думаю, зараз дасьць мне тут. Аж не — ня дасьць, бо ззаду сьцелецца гусеніца, усё ж я яе зьбіў. Куды дзеліся танкісты, так і не зразумеў. Бой тым часам трохі перасунуўся збоч, да пераправы, куды яны прарваліся. Каля агнявой прайшла нашая самаходка, прыбег нехта з другога разьліку. Але ў мяне дужа баліць галава, з вуха ідзе кроў. Сяржант штось да мяне кажа, а я ня чую. Аглух. Аказалася, ня толькі ня чую, але і нічога не магу сказаць. Адняло мову. I ўвесь я калачуся. Ужо ці не адваяваўся, думаю…
На нейкай грузавой машыне паехаў у санбат. Там шмат параненых, дактары ўсе на апэрацыях. Я сеў у цяньку на прызьбе, праседзеў да вечара. Нават падрамаў трохі. Вуха баліць, але кроў больш не ідзе. На зьмярканьні пайшоў у палатку, дзе дактары. Ды зачапіўся за вяроўку расьцяжкі і — вылаяўся. Паявілася мова. Toe ўзрадавала неверагодна, і я яшчэ некалькі разоў вылаяўся — усё грамчэй і грамчэй. З заткнутым ватаю вухам пайшоў на дарогу. Позна ўвечары дагнаў свой батальён.
Адчуваю сакрамэнтальнае пытаньне пра страх: ці баяўся? Канешне, баяўся, а можа, калі і трусіў. Але страхаў на вайне шмат, і яны ўвогуле розныя. Страх перад немцамі — што маглі ўзяць у палон, застрэліць; страх ад агню, асабліва артылерыйскага ці бамбовак. Калі побач выбухне, дык, здаецца, цела само, без удзелу розуму, гатовае разарвацца на кавалкі ад дзікіх пакутаў. Але ж быў і страх, што ішоў ззаду, — ад начальства, усіх тых карных органаў, якіх у вайну было ня менш, чым у мірны час. Нават болей. Калі цябе камандзір абяцае расстраляць пад ранак, калі ты ня возьмеш страчаны хутар ці вышыню, ці траншэю (што па тым часе зусім верагодна), дык яшчэ невядома, каго ты пачынаеш баяцца болей — немцаў ці камандзіра. Немцы яшчэ могуць не пацэліць, і табе абыдзецца. А свае, камандзіры (ці калі ўвяжацца трыбунал), ужо прамашкі не дадуць. Тут ужо ўсё дужа пэўна і катэгарычна.