ЖАНРЫ

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8

Быкаў Васіль

Шрифт:

Пасьля ў мяне было яшчэ некалькі дзён прыгодаў, прыкладна такіх, як апісана ў «Мёртвым не баліць». Дарэчы, гэта ці не адзіная аўтабіяграфічная аповесьць, дзе ўсё ці амаль усё — праўда. Але менавіта тое, што праўда, і стала непрымальным для сацрэалізму. Можна сказаць, што галоўным ворагам гэтага славутага мэтаду была праўда. Праўду адсочваў увесь дзяржаўна-партыйны інстытут выдаўцоў, рэдактараў, рэцэнзэнтаў і крытыкаў. У той час, як валадары нашых думак не пераставалі правакацыйна агітаваць: пішыце праўду! Колькі нашага брата, пісьменьнікаў, пагарэла менавіта на праўдзе… А на хлусьні, наадварот, рабілі кар’еру.

Далей нас, параненых, везьлі кудысь на брані нашых танкаў. Была ноч, сьветлая, зімовая. I нас раз за разам бамбілі нямецкія самалёты. У часе бамбовак танкі спыняліся, і танкісты хаваліся пад імі, каб, калі загарыцца, пасьпець адбегчыся. А я ні зьлезьці, ні адбегчыся ня мог і ляжаў пад бомбамі зьверху. Толькі моцна трымаўся, каб ня скінула выбухам. Але пасьля адной асабліва лютай бамбоўкі, калі на сельскай вуліцы згарэлі дзьве машыны, ня вытрываў і скаціўся долу. Узьлезьці назад не ўдалося, і я запоўз у нейкую хату. Танкі пайшлі далей. Куды? — я ня ведаў, ды і танкісты самі ня ведалі. Даведаліся пасьля. Дык запоўз я ў хату, хтосьці памог, узьлез на ложак. Цёмна, ноч. На стале нешта стаіць, гаршчок нейкі. Сунуў туды руку, намацаў яшчэ цёплы бурак і пачаў яго есьці. Побач на ложку хтосьці ўжо ляжаў, мая рука ўсё трапляла ў штось мокрае на саломе, ды мне было не да таго. Я адразу заснуў. А як прачнуўся, пачало сьвітаць, гляджу на суседа, а гэта немец, обэрлейтэнант. Але ўжо нежывы, ужо сьцюдзёны і нават задубянеў. А быццам быў жывы, як я ля яго клаўся.

Ранкам пачаўся бой, ужо за гэтае сяло. Помню, узышло сонца, усё ярка высьвеціла. На вуліцы нейкія выкрыкі, хтосьці кудысь бяжыць, а ў мяне, відаць, тэмпэратура паднялася, і я перастаў разумець, што адбываецца. I ад гэтай калатнечы, і ад недасыпаньня. Ва ўсякім разе я ўжо ня ведаю, хто ў сяле — нашы ці немцы? Бо страляніна чулася ў адным канцы, пасьля ў другім, раздаваліся незразумелыя крыкі, затым усё прыціхла. Думаю, што ж я тут буду ляжаць, чаго дачакаюся? Выпаўз у сені. Каля дзьвярэй адгароджаны дошкамі засек з бульбай, такой дробненькай, мабыць, на корм. Я прылёг на гэтую бульбу, дастаў пісталет і ляжу. Чую, бягуць па вуліцы, па дварах, але быццам гаворка ня наша, значыць, немцы. Дзьверы зачынены, але калі іх расчыніць, дык я тут жа, насупраць дзьвярэй, можа, трошкі збоку. I вось туп-туп па двары. Адчыняюцца дзьверы — немец! Адной рукой трымае дзьверы, а ў другой — аўтамат. А я зь пісталетам гляджу на яго. Канешне, я магу стрэліць у кожную сэкунду, а яму для таго трэба перахапіць аўтамат у правую руку. I вось я ня стрэліў, а ён кінуў дзьверы і павярнуўся назад.

Я там праляжаў яшчэ нейкі час. Пасьля, як можна было меркаваць, немцы адсюль адышлі. Па вуліцы пайшлі нашы машыны. Праўда, адкуль і куды — не зразумець. Але я ўжо выпаўз з падворку і стаў ля паркану. Iдзе бензазапраўшчык, я пачаў махаць рукой, ды ён не спыніўся. Стаю, гляджу яму ўсьлед. Той выехаў зь сяла, едзе палявой дарогай, а там раздарожжа. Ён скіраваў улева, у бок невялікага ярка, а з таго ярка па дарозе — трасы. Запраўшчык і пыхнуў, бы факел.

Пасьля мяне ўсё ж падабрала адна машына і давезла да чыгуначнага пераезду. Там былі нашы матацыклісты зь нейкага разьведбату і яшчэ нейкія байцы. Мы сунуліся ў чыгуначную будку — можа, аднак, гэта былі чыгуначныя казармы. Рабочыя ў іх жылі. I там — жах адзін. Ляжаць на падлозе чалавек пятнаццаць нашых забітых… Аказваецца, танкісты ўчора пасьцягвалі сюды сваіх параненых, а па чыгунцы ходзіць нямецкі бронецягнік, — гэта ж яшчэ ў іхнім тыле. На досьвітку ў тую казарму зайшлі немцы зь цягніка і ўсіх параненых пастралялі. Дзядзька-рабочы кажа:

«Ратуйцеся, хлопчыкі, яны хутка зноў вернуцца!». Ну мы і пайшлі. Але куды? Ззаду чыгунка з бронецягніком, зьлева відаць, як за аўражынай немцы штосьці капаюць, далей шаша, па якой гужом ідуць нямецкія машыны, пэўна, выяжджаюць з Кіраваграду. А наперадзе — міннае поле, — яшчэ ўказальнікаў не прыбралі, на дарозе шыльдачкі з «Міnеn». Але іншае дарогі ў нас няма, а за полем хоць сьцірты, нейкае сховішча. I старшы лейтэнант, які быў сярод нас, кажа: «А ну, упярод! Хто першы?». У яго некалькі падначаленых у белых маскхалатах. Але іх ён не пасылае, ён хоча паслаць кагосьці з чужых. I паслаў аднаго, параненага ў галаву пехацінца. Той падарваўся першы. Затым другі пехацінец пайшоў, але падарваўся якраз ня ён, а свой, у белым халаце, які ішоў, здаецца, ці не чацьвёртым. Хоць і ішлі па сьлядах першага. Я стыргікаў ці ня пятым. Урэшце дабрылі да сьціртаў…

Закапаліся ў сьціртах, сядзім. Назіраем. Сапраўды, празь нейкі час прыходзіць бронецягнік, спыняецца на пераезьдзе. Зь яго выходзяць чалавек пяць немцаў, ідуць у наш бок. А там у полі стаялі дзьве пакінутыя машыны, мы думалі, яны таксама падарваліся на мінах. Аж не. Тыя немцы дайшлі да машын, там нешта парабілі (можа, замінавалі), павярнулі назад, да чыгункі. Час ідзе, мы чакаем.

Баі грукочуць вакол нас, на ўсім даляглядзе. Скрозь нешта гарыць, бухае. Тут жа, дзе мы, цішыня, апроч нас, няма нікога. Немцы нас ня бачаць. I раптам проста над сьціртамі спускаецца нямецкая «рама», трохі прабягае па сьнезе і спыняецца. Вылазіць лётчык, адчыняе капот, пачынае штосьці там калупацца. I адзін з разьведчыкаў кажа старшаму лейтэнанту: «А давайце захопім „раму“. Я авіямэханік, магу ўзьляцець». Увогуле дзіўнаваты намер, але што рабіць? Улезьлі мы добра, невядома, ці выседзім хоць бы да ночы. Карацей кажучы, пайшлі трое да самалёту. У белых халатах, не адразу зразумееш, хто? Не дайшлі, можа, мэтраў пяцьдзясят. Немцы штось крыкнулі, і нашы нерашуча спыніліся, нехта схапіўся за аўтамат. I ў той момант разварочваецца кулямётная турэль, і з буйнакалібернага як паласнуць па разьведчыках… Самалёт завёўся, зрабіў невялікую разьбежку і падняўся ў неба.

Выходзілі адтуль ноччу. Сьвяціла поўня, на сьнезе відаць далёка, таксама натрываліся страху. На гэты раз старшы лейтэнант першым паслаў мяне, і я стыргікаў, абапіраючыся на чыюсь вінтоўку. Але ўрэшце перайшлі шашу і ў нейкім сяле выбавіліся да сваіх. Але сяло бамбуюць «юнкерсы», сыплюць касэтнымі бомбамі.

У хаце, дзе ляжаць параненыя, чакаюць вывазу, гаспадарыць дзяўчына ў пагонах, выпісвае «карткі пярэдняга краю» і кіруе пагрузкай. Але транспарту няма, параненыя нэрвуюцца. Даходзіць чарга да мяне, пытаецца: зь якой часьці? Называю сваю дывізію, а яна кажа: то ня наша часьць, я ня дам картку. Што рабіць? Бяз гэтай карткі мяне ня прыме шпіталь. Я чакаю. Тады налятае чарговая партыя пікіроўшчыкаў, — выбухі, вылятаюць прэч вокны. I дзяўчына, страсянуўшы зь сябе тынкоўку, таропка падпісвае мне картку. Можна ў тыл. Але на чым? Яшчэ з адным параненым у руку сяржантам выбіраемся на вуліцу. Бамбоўка скончылася, ды на вуліцы пуста. I раптам аднекуль «віліс» з афіцэрам, і мой сяржант крычыць: «Коля!». Шафёр — яго знаёмы. На тым «вілісе» пад вечар я быў ужо ў армейскім шпіталі ў Александрыі. Во як пашэнціла ўрэшце.

14. Шпіталь. Дарога на фронт

Вайна — бадай, скрозь чалавечае няшчасьце, а шчасьце, як вядома, рэч дужа адносная. У параўнаньні зь перадавой кожны шпіталь можа здацца курортам. Шпіталь у Александрыі якраз у цэнтры горада, здаецца, у будынку школы. Памылі ў лазьні, пражарылі вашывую вопратку, далі чыстую бялізну. Параненых шмат, месцаў, як заўжды, не хапае. Афіцэры ляжаць па два ў ложку. Памятаю, маім суседам быў лейтэнант-танкіст са знакамітым прозьвішчам Варашылаў. (З Варашылавым ляжаў, казаў пасьля.) Той шпіталь належаў Пятай танкавай арміі, таму пераважна тут былі танкісты — параненыя, абгарэлыя, розныя. Абгарэлыя асабліва страшныя. Абпалы дужа балючыя і доўга ня гояцца. Людзі пакутуюць, часта нэрвуюцца і лаюцца. Зь сёстрамі, між сабой, з начальствам. А начальства — дактары — тут ці ня спрэс жанчыны рознага ўзросту. Мужчыны — толькі палітрукі, якія і тут ведаюць адно і тое ж — сваю надакучлівую прапаганду, прывіваць нянавісьць да нямецкафашыстоўскіх захопнікаў. Тае нянавісьці ў нас саміх звыш меры — і ня толькі да фашыстоўскіх захопнікаў. Некаторыя параненыя, не стрываўшы, са злосьці пасылаюць начальнікаў на тры літары, тады ў палаце скандал, вечарам ці ноччу паяўляецца сьмерш, недысцыплінаванага кудысь пераводзяць. На перадавую, аднак, ніхто ня рвецца, усё ж тут як-ніяк цёпла, ціха і не забіваюць. Праўда, галаднавата, але да голаду за жыцьцё мы прывыклі.

Часам узьнікаюць размовы, успаміны пра нядаўнія баі.

Там я шмат што пачуў наконт славутага «порядка в танковых войсках», пра якасьць хвалёных танкаў. Пра саракапяткі танкісты і слухаць не хацелі, для іх гэта быў не супрацьтанкавы сродак, а «хлапушы», як яны казалі. Гаворка часьцей ішла пра «тыгры» і «фэрдынанды», якія са зручных пазыцый выбівалі нашы танкавыя батальёны. А іх паспрабуй дастаць. Пастаўленая на трыццацьчацьвёрцы 76-мм гармата іх ня брала, а яны са сваёй 88-мілімэтроўкі наскрозь прабівалі браню нашых танкаў. А мы, дурні, былі засвоілі, што наша трыццацьчацьвёрка — лепшы танк у сьвеце. Паслухалі б прыхільнікі гэтых трыццацьчацьвёрак, што пра іх кажуць тыя, хто ў іх гарэў і гінуў. Але ж наша, рускае, усё лепшае — і састарэлая «драгунка» ўзору мінулага стагодзьдзя, і ППШ — аўтамат фінскага ўзору, што выпускаўся там з 1934 году, і вядома ж, наш суконны шынэлак на «рыбіным мяху». Што ўжо казаць пра франтавыя шпіталі, пра якія ня раз з болем і гневам пісаў Віктар Астаф’еў. Галоўнае шпітальнае лякарства — іхтыёлавая мазь, чорная сьмярдзючая мазюка, якой мазалі ўсе раны. Добра, калі рана чыстая, а калі ў ёй зямля, часткі бруднай апраткі… Пэніцыліну ж тады не было. Найбольшая надзея была на хірургаў, якія рэзалі няшчадна, тым, можа, і найбольш ратуючы. Кармёжка ўсё тая ж, вайсковая, хіба што гарачая — хлеб, каша пярловая, радзей пшонная, суп вермішэлевы ці зноў жа пярловы. I традыцыйны чай. (На фронце мы дзівіліся, што немцы п’юць каву — напой, які мы ў сялянстве ніколі ня спытвалі і які здаваўся нам агідным, бы з сажы. Але яны пілі яго з малаком.)

Афіцэраў усё ж імкнуліся разьмеркаваць па якіх-небудзь будынках, салдатаў жа клалі звычайна ў апусьцелых за вайну калгасных аборах, кароўніках ці сьвінарніках. Трохі вычышчалі гной, слалі салому, якую накрывалі зьверху ўнівэрсальнай салдацкай апраткай — плашч-палаткамі. Укрываліся кожны сваім шынялём ці ватоўкай, спалі нераспранутыя. Зімой на праходзе ставілі жалезную грубкубочку, якую палілі круглыя суткі. Вакол яе месьцілася 23 сотні параненых. Адаспаўшыся пасьля перадавой, спакваля пачалі адзін з другім знаёміцца, моладзь — кучкавацца па інтарэсах. Нават гуляць у карты. Калі-небудзь ноччу пры сьвятле капцілкі можна было пачуць пад ціхенькі перабор балалайкі якую з папулярных песьняў. А то і салдацкі фальклёр. («Первая болванка попала в бензобак, вылез я из танка сам не знаю как. Любо, братцы, любо, любо, братцы, жить, — в танковой бригаде мне уж не служить. А наутро рано ведут в особотдел: что же ты, подлюга, в танке не сгорел? Любо, братцы, любо, любо, братцы, жить…

Очень виноватый, я им говорю: в завтрашней атаке обязательно сгорю…» — і г. д.).

Як пачала гаіцца нага, стаў выходзіць у горад. Недалёка быў імправізаваны кірмаш, дзе прадавалі семкі, махорку, малако, гарачую бульбачку, яшчэ нешта. Але тут аказалася, што ў мяне няма разьліковай кніжкі, таму я не магу атрымліваць зарплату. Увогуле зразумела, бо той кніжкі я ніколі ня меў, на перадавой навошта мне былі грошы? Затое ў мяне, апроч шынялька, была аўчынная камізэлька, якую я і загнаў, купіў бутлю бураковай самагонкі. Пасьля на той жа кірмаш аднёс цёплыя, ватныя штаны — блізілася вясна, раставаў сьнег. Рана мая то гаілася, то давала рэцыдыў, разы два на тыдзень рабілі перавязкі. Са сваёй дывізіяй ня меў ніякай сувязі, нікога адтуль не паступала, і ня дзіва: то быў шпіталь іншай арміі. Але за тым, што рабілася на фронце, увогуле сачылі— кожны дзень прывозілі параненых, тыя расказвалі. Асаблівы наплыў быў, як пачаўся наступ на поўдзень, як фарсіравалі Буг. Неўзабаве шпіталь перамясьцілі трохі на поўнач, пад Знаменку. Зноў — у калгасную абору, афіцэраў — у будынак сельскае школкі. Там пачалі выдаваць лёгкі духмяны табак, і я прывучыўся курыць. Мне ішоў дваццаты год, а я яшчэ не пачынаў курыць — ганьба для савецкага афіцэра, як насьміхаліся старыя курцы.

Поделиться с друзьями: