ЖАНРЫ

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8

Быкаў Васіль

Шрифт:

«Куды прэш? Лажысь!» Я прачынаюся. Побач ля дарогі ляжаць нашыя разьведчыкі, а наперадзе пасадка, тонкія дрэўцы. Аказваецца, там немцы, і яны пачалі ўжо джгаць трасіруючымі ў наш бок. Калі б ня гэтыя разьведчыкі, дык і зайшоў бы ў іхнія рукі. А тады сказалі б: перайшоў да немцаў. Дарэчы, гэткія выпадкі на вайне былі дужа распаўсюджаныя — калі заходзілі ці заяжджалі да немцаў. Нават генэралы гэтак траплялі ў палон.

Потым зноў ішлі па начы, помню — шэрань, мароз.

Зноў розныя прыгоды былі. Начальнік штабу палку завёў нас не туды, спыніліся. Пачалі арыентавацца. А паспрабуй ноччу ў стэпе зарыентавацца па карце. Вакол паўзмрок, ніводнага арыенціру, толькі няўбраная кукуруза ды сланечнік шархацяць на ветры. Стаялі, стаялі, раптам на «вілісе» даганяе генэрал. Ня ведаю, які, можа, камандзір дывізіі, сарваў з капітана пагоны, давай біць яго. Але пакуль тое адбывалася, мы хоць трохі драманулі на сьнезе. Пасьля зноў пайшлі. Пад ранак выйшлі да сяла пад гарой, аказалася, то Вялікая Севярынка — сяло, якое стала брутальным знакам у маім лёсе. Там каля крайніх хатаў нейкія ямы, зь якіх, відаць, улетку бралі пясок, і мой узвод адразу ў іх зашыўся. Як разьвіднела, здаля ўбачылі будынкі ды трубы вялікага гораду Кіраваграду. Але, пэўна, згледзелі нас і немцы. Нам страляць было далёка, а немцы зь цяжкіх мінамётаў пачалі шпурляць па сяле, не давалі нікому высунуцца ў поле. У нас стратаў не было, а там, ззаду, некаторых пабіла, у тым ліку і афіцэраў з нашага палку.

12. Першае раненьне

Увечары, як пацямнела, мінамётны агонь спыніўся, і камандзір батальёну капітан Сьмірноў загадаў выстрайвацца ў паходную калёну, якую павёў кудысьці ў стэп. Пасьля агнявога напружаньня трохі павальнела, стала на душы спакайней. I вось мы ідзем, у стэпе даволі сьветла, хоць месяца не было. Нейкая дарожка палявая, трошкі наежджаная. Я іду побач з нашым другім узводным, які нядаўна прыбыў у роту. Ён — старшы лейтэнант, артылерыст, але з акружэнцаў, і таму яго паслалі ў пяхоту — на перавыхаваньне. Наперадзе ідуць камандзір батальёну, далей разьведка, а мы ў сярэдзіне калёны. Можна расслабіцца. Бой грыміць, але дзесь зводдаль і збоку, а тут быццам ціха. Раптам гляджу — побач у зарасьніку кукурузы нейкія людзі. Толькі я іх згледзеў і нават не пасьпеў яшчэ што падумаць, як адтуль густа паласнулі чэргі — трасіруючымі па ўсёй калёне. Чорт ведае, што вакол пачалося, такі ўраганны кінжальны агонь. А паводле загаду камбата ў выпадку нападу нашая рота разгортваецца зьлева ад дарогі, іншыя — справа. Я, канешне, зьбег з дарогі, упаў на сьнег. У мяне быў аўтамат, але пры ім толькі адзін магазын. Чаму адзін?

Перад наступленьнем кінулі нам невялікае папаўненьне з тылавых падразьдзяленьняў. У нашу роту далі ручны кулямёт і прыслалі батальённага пісара. У пісара быў аўтамат, але без патронаў… Але сьпярша пра кулямёт. Вось пачынаюць выцягваць калёну, а ў мяне ніхто ня хоча браць кулямёт. Шмат людзей зь Сярэдняй Азіі — мая ні бяльмеса, мая ні бяльмеса. I астатнія адмаўляюцца: я не служыў, ня ведаю, як зь яго страляць. Каб ня кідаць кулямёт, аддаў яго нейкаму дужаму дзядзьку, каб ён хоць нёс. Нельга ж губляць кулямёт… А тут стаіць пісар без патронаў, мармыча: што мне рабіць, толькі блытацца пад нагамі? Хітраваў, мабыць, хацеў, каб яго адправілі з роты. Тады камандзір роты кажа: Быкаў, аддай ты яму дыск, каб ён ня ныў. Ну я і аддаў, бо болей аўтаматаў ва ўзводзе не было, усе толькі зь вінтоўкамі. А сам застаўся з апошнім, што пры аўтамаце. Toe было, канешне, памылкай. А можа, і паратункам, як пасьля выявілася.

А тут, упаўшы, бачу, што справы нашыя — швах. Па-першае, з кукурузы ідуць танкі. Колькі іх там, не зразумець, можа, чатыры ці пяць. Ці яшчэ болей. Узраўлі рухавікі, і яны рушылі, загрукацелі іх кулямёты. А між танкамі — аўтаматчыкі, і крычаць: рус, здавайся! Так яны заўсёды крычалі, калі заганялі нас у якую пастку. Ну, я пачаў біць з аўтамата, здалося, задаў ім агню. Але во аўтамат змоўк, значыць, патроны ўсе. Азірнуўся назад, а нашы далёка ўжо бягуць у полі. Тут засталіся толькі тыя, што ўжо не кратаюцца. I я ліхаманкава рашаю для сябе: ляжаць ці ўскокваць? Калі праляжу яшчэ хвіліну, дык яны мяне возьмуць жывым. Калі ўскочу, дык буду расшкуматаны кулямётнай чаргой. Што лепей?

Але немцы ў той час перанесьлі агонь на тых, што адбегліся далей, мусіць, блізка ля сябе яны цэляў ня бачылі. Агняны напор нібы павальнеў. Я ўскочыў і кінуўся перабежкамі. Нават не перабежкамі, а рыўкамі. Ускокваю, а праз тры-пяць крокаў падаю. Затым зноў ускокваю і зноў падаю. I так трошкі адарваўся ад немцаў. Прытым я навучыўся пазнаваць, калі яны страляюць па мне. Як чэргі пачынаюць мільгаць вакол, падаю. А як перамяшчаюцца па іншых, ускокваю. I ў такі момант, як бег, па лытцы моцна ўдарыла, бы палкай. I я ўпаў. У боце адразу стала горача, гэта палілася кроў. Я думаю: відаць, перабіла нагу. Калі так, дык усё, скончыўся Быкаў… Але ўсё ж праз колькі сэкунд ускочыў, чакаю, падломіцца нага ці не? Не, быццам не падломваецца. Толькі баліць і ў боце ўжо хлюпае. Аўтамат без патронаў, але ў мяне і безь яго навешана: палявая сумка, дзьве гранаты, адна супрацьтанкавая, кумулятыўная, — даволі несуразная штуковіна. Па-першае, цяжкая, далёка ня кінеш, па-другое, трэба, каб яна ўдарыла аб браню сваім донцам, зь якога толькі і можа тую браню праламіць. А каб граната так ударыла, у яе рукаятцы зроблены стабілізатар — такая стужка з тканіны. Увогуле кідаць яе вельмі нязручна. I тармозіць яна сама сябе, ды яшчэ гэты палёт… Кідануў я гэтую гранату няўдала. Відаць, недакінуў, і яна не ўзарвалася. Або я ня трапіў, і цяпер не разумею, што атрымалася.

А з танку мяне заўважылі, і той рашуча давярнуў у мой бок… Ну, тое расказваць доўга, а так гэта сэкунды… I вось я закруціўся, бы вуж, на сьнезе, ледзьве пасьпеў выхапіць з-пад танка ногі, як ён гусеніцай — па полах майго шынялю і пайшоў далей. Здалося, я ўжо разьвітаўся з жыцьцём. Але гляджу: там, дзе танк, хтось ускоквае і шырока размахваецца гранатай, аж адлятае ўбок палявая сумка. З палявой сумкай у нас быў толькі ротны, лейтэнант Міргарад. Выбух, танк засмылеў і неўзабаве запалыхаў на сьнезе. Там усчалася страляніна, але гэта ўжо нашы забахалі, мабыць, па танкістах. А я з гэтага месца ўсяляк — то бокам, то на каленях пачаў пад дымам прабірацца далей. I тут якраз побач надарыўся санінструктар нашае роты, аказваецца, ён бачыў, як мяне параніла. Санінструктар і кажа: ня трэба туды, за ўсімі, немцы якраз туды і цаляюць. Давай у гэты бок, дзе кукуруза, там быццам лагчынка. I праўда, мы павярнулі ўбок, дзе тырчэла нейкае будыльлё, і выйшлі з-пад удару, які кіраваў на сьцірту. Пасьля патрапілі на нейкую дарожку. Там ён сьцягнуў мой бот, перавязаў нагу. Рана была скразная, прабіла галёнку, як пасьля аказалася, адшчапіла частку касьці. Нага ад таго не падламілася, але боль быў страшэнны, я потым праваляўся ў шпіталі студзень, люты, сакавік — амаль тры месяцы. Не зажывала…

Яшчэ забыўся сказаць, што, як бег, яны абстрэльвалі нас і з танкавых гарматаў. I вось адзін снарад разарваўся якраз наперадзе, мяне моцна выцяла ў жывот, — у гарачцы здалося, што я атрымаў яшчэ і асколак. Асколак у жывот — то вельмі кепска. Хаця сьпярша боль невялікі, гэтыя параненыя доўга не жывуць. Я ўжо бачыў такіх. Цела ўсё мокрае — не зразумець, ці ад поту, ці ад крыві. Перавязаў мяне санінструктар і пакінуў на дарозе, яму трэба было ў роту. У нашай жа арміі быў загад, што байцам забаранялася пакідаць поле бою дзеля суправаджэньня параненых. Ля сьціртаў грымеў бой, туды пайшлі танкі, і мой санінструктар быў там патрэбны. Дарэчы, ён там і загінуў. Там жа загінуў і камандзір роты Міргарад ды і шмат іншых. Сьцірты гарэлі ярка ўначы, і адтуль на дарозе паявілася фурманка з параненымі. Але то была фурманка ня нашай — суседняй часці, і ў ёй сядзела дзяўчынасанінструктарка. Мяне пасадзілі таксама. Празь нейкі час мы спусьціліся з пагорачку, наперадзе ляжала вялікае сяло з царквой. Там дзяўчына ў кагось папытала, дзе санчастка, куды везьці параненых? (Далей было тое, што апісана ў аповесьці «Мёртвым не баліць». З абсалютнай дакладнасьцю.)

13. Ноч у сяле. Сьцірты

У хаце, дзе сабралі параненых, я спаткаў аднакашніка з вучылішча. Таксама параненага. Мы дамовіліся раніцай выбірацца разам. Была там і адна санінструктарка, баявітая дзеўка накшталт маёй Каці. Уначы мы нават выпілі трохі, — знайшлося ў некага. Потым хлопцы апаролі ў падпечку трусоў, давай трусоў гэтых рэзаць. Хоць і параненыя, а есьці хочацца. Бліжэй да ночы разбалелася нага, і я прылёг на лаўцы. Апоўначы хтось мяне будзіць — расплюшчыў вочы, а гэта наш камандзір батальёну капітан Сьмірноў, пытаецца: «Ты паранены? Хадзіць можаш?» Кажу: не. Крыху наступаць мог, але сказаў, што не. Ён кажа: «Во зьбіраю батальён…». Закурыў, пагрэўся і пайшоў. Я зноў задрамаў і прачнуўся ад таго, што ўсё хадуном ходзіць, страшэнны абстрэл. Па сяле б’юць мінамёты, чутно, што і танкавыя гарматы таксама страляюць, — гук такі асаблівы, кароткі.

Прыкрыцьця ніякага, мы ж у сваім тыле. Параненыя затрывожыліся і пачынаюць па адным выпаўзаць на вуліцу. А на вуліцы ўжо імчацца фурманкі, ратуюцца. Мой аднакашнік, малодшы лейтэнант, кажа: «Давай пойдзем да царквы, там цераз поле — нашы».

Неяк мы зь ім выйшлі з нашай хаціны, але да царквы не дайшлі, нас абстралялі. Я кажу: «Там мы ня пройдзем» — і вярнуўся, ён пайшоў адзін. Ды празь нейкі час расчыняюцца дзьверы, і ён падае на парозе зь дзьвюма кулямі ў горле. Крывавая пена з роту і з ранаў. Нешта хацеў мне сказаць, ды толькі хрыпеў. Хутка сканаў на маіх руках. Яшчэ праз гадзіну ў хаце засталіся толькі тыя, што не маглі хадзіць, астатнія паразьбягаліся. Танкі ўжо ўвайшлі ў сяло. Бачу, тут мне не адсядзецца. Нага распухла за ноч і баліць горш, чым напачатку. Ступіць я ўжо не магу. Тады і я выпаўз. У двары нейкі дзядзька з пограбу дае мне пачак аўтаматных патронаў і зноў — кумулятыўную гранату. Патронаў я ня ўзяў — у пісталеце ў мяне былі патроны. А гранату ўзяў. Адкруціў ручку, паглядзеў, ці ёсьць запал. Запал быў на месцы. Так я ўзброіўся і думаю: «Мабыць, то — мой фінал, фініта ля камэдыя». I папоўз на дарогу.

А на вуліцы ўжо, мабыць, нашыя схлынулі, нікога няма. Танкі ўсё страляюць, асабліва на тым канцы сяла. I тут паяўляецца параконная фурманка, на ёй чалавек пяць салдатаў. Ага, думаю, стой! Крычу ім і махаю гранатай. Калі ня спыняцца, думаю, запушчу ў іх гранатай. Але чорта яны спыніліся, — пранесьліся міма. Рашучасьці кінуць гранату ў мяне не хапіла. Ды ўсё ж там знайшлася добрая душа, фурманка спынілася. Саскоквае адзін у паўшубку, падбягае да мяне, хапае пад пахі. Так я апынаюся ў фурманцы. I як урэзалі мы з таго сяла ў поле, вырваліся, можна сказаць, з-пад танкаў. А тыя не сьпяшаюцца нас даганяць, — страляюць з гарматаў, болей цераз нашыя галовы па тых, што далёка наперадзе. У паветры толькі фыркаюць танкавыя балванкі. Я аберуч трымаюся за нешта ў фурманцы і гляджу назад, на сяло. Ля царквы бачу нашу санчасьць у няхуцавай мазанцы. Адзін танк там раптам спыняецца і з вуліцы двума стрэламі б’е па хаціне, тая знікае ў воблаку пылу. I ўсё. Мабыць, тыя, што там заставаліся, абстралялі яго ці кінулі гранату, во танк і расправіўся зь імі. Па ўсёй верагоднасьці, тое ж назіраў аднекуль і мой камбат, які заходзіў перад тым, як пайсьці зьбіраць батальён. Дык ён, канешне, рашыў, што там застаўся і Быкаў. Так мяне сьпісалі зь ліку жывых, бо ў той полк я больш не вярнуўся.

Ёсьць і яшчэ адна версія паходжаньня мае «пахаронкі». Рэч у тым, што на тое поле пад Севярынкай наш полк не вярнуўся, начальства скіравала ягоную рэшту ў іншым кірунку. Забітыя заставаліся ў стэпе. Іх замяло сьнегам. І толькі як вясной сьнег растаў, пачалі вытайваць трупы, якія сяляне крукамі звалоквалі да саней і везьлі ў Севярынку. Ля аднаго зь іх, мабыць, знайшлі маю палявую сумку зь сякімі-такімі дакумэнтамі і палічылі, што той «падсьнежнік» ёсьць Быкаў.

Пасьля ў Севярынцы на братняй магіле зрабілі нейкі помнік зь некаторымі прозьвішчамі загіблых, сярод якіх апынуўся і я.

Поделиться с друзьями: