Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8
Шрифт:
Праўда, мінамёты неўзабаве перанесьлі агонь далей, рашылі, мабыць, што з фальваркам скончана. I мы там неяк даседзелі да ночы. Ноччу вырашылі прарывацца, бо іншага выйсьця няма. Паслалі лейтэнанта Борматава (цяпер палкоўнік, жыве ў Крывым Розе) разьведаць пераправу — ці цэлая. Ці, можа, мінамётчыкі яе ўжо расстралялі. Аказалася, пераправа цэлая, канешне, пад аховай (побач стаяць два бронетранспарцёры) і пад’езд да яе перагароджаны шлягбаўмам. У нас адна гармата, машына з радыёстанцыяй, яшчэ машынаў штук пяць. Першым пусьцілі мой «студэбэкер», затым астатнія. Задача — зьбіць шлягбаўм і праскочыць на той бок каналу. Але і на тым беразе таксама немцы, пасьпелі ўжо захапіць пляцдарм. Чуваць, там ідзе бой, усё грукоча і грыміць. Мы з камбатам стаім на падножках абапал кабіны, у кузаве салдаты са зброяй напагатове. У прыцемках пад’ехалі да шлягбаўма, насустрач выскачыў немец з кружком чырвоным, бліснуў нам, штось крыкнуў… «Студэбэкер» усё ж магутная машына, як урэзаў ён у гэты шлягбаўм, той і адляцеў. Мы праскочылі цераз пантоны на той бок, там адразу каменны дом і паваротка на вуліцу. А ззаду пачалася страляніна, але мы па гэтай вуліцы рванулі, як толькі можна было ў прыцемках. Здаецца, усе праскочылі, толькі самую заднюю машыну падбілі. Адразу за паселішчам прыпыніліся, бо нас абстралялі ўжо свае, паранілі двух салдатаў у кузаве і прабілі кола ў маім «студэбэкеры».
Неўзабаве паявілася начальства, і мы занялі абарону пад вышынямі. У пяхотным ланцугу паставілі гармату. З тыдзень ішлі баі за тыя вышыні, але танкі далей не пайшлі. Мабыць, сваю задачу яны выканалі, паехалі на іншы ўчастак. А тут калашмацілі адна адну пяхота, вышыні на некалькі разоў пераходзілі з рук у рукі. Я з гарматай акапаўся пад самай вышынёй, тое нас, мабыць, і ўратавала. Бо тых, што былі ззаду, немцы расстрэльвалі з вышынь, а нас пад носам ня бачылі. Там у нас загінуў падпалкоўнік Аўчароў, капітан Кавалёў, двое ўзводных і шмат салдатаў. Аднойчы пяхота ўцякла, пакінула маю гармату, якую мы не маглі выкаціць. Але абышлося — уратаваў туман. А ўвогуле маю гармату ратавала нашая самаходка, што згарэла ў першы дзень і прыкрыла нас сабой з боку ад каналу, адкуль наш пляцдарм прастрэльвалі немцы. Яшчэ нас бамбілі свае «кукурузьнікі» — жаночы авіяполк. Кожную ноч вешалі ў небе ліхтары і пачыналі кідаць бомбы. Добра, што яны не цалялі — проста разгружаліся… У перапынках паміж бамбоўкамі прыходзіў нампаліт маёр Цквітарыя, тлумачыў нам загады Вярхоўнага галоўнакамандуючага, звароты Ваеннага савету наконт таго, каб ні кроку назад. Як пачыналася бамбоўка, ён кідаўся да ровіку, але быў тоўсты, няспрытны, месца ў цесным ровіку яму не хапала. Тады ён крычаў: «Я намесьнік камандзіра палку, прыказываю асвабадыт места…». Як ён хутка сыходзіў, на вышыні пач[ын]алі працаваць нямецкія «гукаўкі». Праіграўшы «Сьценьку Разіна» або «Ямшчыка», яны абрыналі на нас шквал уласаўскай прапаганды накшталт таго, што пад кіраўніцтвам Гітлера пачаўся пералом у вайне, што ня сёньня, дык заўтра мы будзем тут канчаткова дабітыя, таму трэба ратаваць сваё жыцьцё, а не паміраць за Сталіна і ягоных жыдоў-камісараў. Але тая прапаганда ўжо ні на кога ня дзейнічала, мы ўжо выдатна разумелі, што час Гітлера мінаўся.
Дзесьці ў гэты час мы атрымалі новыя, 57-мм гарматы.
Гэта ўжо былі добрыя супрацьтанкавыя гарматы — з доўгім ствалом і вялікай прабіўной сілай снараду. Яны нам адразу спадабаліся. Я сам прыстраляў іх паводле ўласнага спосабу — з дапамогай біноклю. Трапнасьць іх таксама была выключная, і мы шкадавалі толькі, што паявіліся яны ў нас гэтак позна. Але і тое добра. У хуткім часе яны нам паслужылі, як за ўсю вайну не служылі іншыя гарматы.
24. Наступ па Венгрыі
16 сакавіка магутным выбухам на сьвітаньні (гэта немцы ўзарвалі ўсё тую ж пераправу пад Шаманторніяй) пачаўся іхні адыход і нашае наступленьне на захад. Наступалі па тых жа мясьцінах, дзе месяц таму абараняліся, дзе наш полк разграмілі нямецкія танкі.
Як праяжджалі каля маёй агнявой пазыцыі, дзе гарэлі ракеты, спыніліся, і камандзір палку загадаў завярнуць убок, на старыя пазыцыі разгромленых батарэяў, забраць уцалелыя снарады. Мы адчапілі гармату і на «студэбэкеры» паехалі недалёка ад дарогі ў поле. На падножку машыны да нас ускочыў капітан-сьмершавец, і я з пэўнай трывогай падумаў: навошта?
Пазыцыі ўзводу Беражнога былі крайнія, мы адразу ўбачылі яго разьбітую гармату, разварочаны гусеніцамі ровік, некалькі трупаў салдатаў і яго самога — на броўцы ровіку з раскінутымі рукамі. Дзяга зь яго была зьнятая, пісталета не было ўжо, з гімнасьцёркі хтосьці зьвінціў ордэн Чырвонага сьцягу. Залітая крывёй гімнасьцёрка ссохлася. Скрынкі са снарадамі былі ўсе побач, але гармата… У вогуле яна была цэлая, толькі ствол — пялёсткамі ўбакі. Значыць, узарваная. Гэта было вельмі кепска. Гляджу на капітана, а той падышоў, пруцікам пастукаў па ствале і кажа, пазіраючы нам у вочы: «Глядзі, гэта ж трэба было, так трапіць. Трапіць у самы ствол!» — кажа так, каб усе пачулі. I салдаты каб учулі, і я таксама. Я паглядзеў на яго і крыху зьдзівіўся, а пасьля зразумеў, што капітан гэта — знарок. Бо сам ён артылерыст (ва ўсякім разе такія эмблемы насіў) і ў гэткіх справах павінны быў разьбірацца. Канешне, падарваў не Беражны, ён ужо забіты, значыць, хтосьці з жывых. То ўжо была падсудная, трыбунальная справа, і сьмерш мог яе раскруціць. А ён даў нам знак, што лічыць гармату разьбітай з нямецкага танку. I праўда, болей размоў аб тым не было. Забралі некалькі скрынак снарадаў. Забітых не ўзялі, іх павінны былі пахаваць тылавікі, мы сьпяшаліся, бо немцы адступалі.
…Ноч некуды ехалі, ехалі — па нейкіх мокрых і гразкіх прасёлках, па полі, пад ранак прыехалі на ўскраіну сяла, паставілі гарматы абапал сьцірты. Чутно, як непадалёк адбываўся якісьці рух — гырчэлі маторы, штосьці гуло, шархацела, часам чуліся прыглушаныя галасы. Iшлі калёны. Немцы ад Будапешту прарываліся на захад.
Як стала трошкі сьвітаць, убачылі зводдаль тое, што чулі ў цемры. Iшоў суцэльны паток войска: аўтамабілі, танкі, пяхота. Зараз жа адкрылі агонь. Страляць было проста, бо блізка. Адразу там запалала некалькі аўтамабіляў, з танкаў па нашай ускраіне зрабілі некалькі непрыцэльных стрэлаў. А мой наводчык Расцалуеў меў вострае вока і трапна ўзяў іх на прыцэл. З другога стрэлу загарэўся танк. Калёна амаль спынілася, заднія пачалі напіраць на пярэдніх, пярэднія гарэлі. Пяхота ў паніцы кінулася ў поле, і мы расстрэльвалі яе асколачнымі. Пасьля, як усё скончылася, нешматлікія машыны ўцяклі, а пяхота разьбеглася, мы пайшлі паглядзець, што нарабілі. Жудасна было тое бачыць… Такога разгрому я ня бачыў зь вясны сорак чацьвёртага, як на дарозе пад Уманьню нашыя танкісты разграмілі нямецкую штабную калёну.
Гэта быў ці не апошні бой на венгерскай зямлі, за восень, зіму і вясну багата палітай нашай крывёю…
Да аўстрыйскай мяжы рухаліся ўвогуле ўдала, зь нядоўгімі сутычкамі. А на мяжы ўсё спынілася, немцы сталі ў абарону. У перадгор’і Альпаў — шырачэзная даліна, якую немцы перакрылі агнём і нас туды не пушчаюць. Нямецкія танкі здаля б’юць па адзінай на схіле дарозе. Пяхота, артылерыя — усё ў нас спынілася. Ды хутка з’явіўся нейкі генэрал у камбінезоне, але з генэральскай фуражкай на галаве, і якраз налез на нашую батарэю. «А вы чаго тут тарчыцё? А ну ўпярод!» I пагнаў батарэю па адхоне ўніз, туды, дзе немцы. «Студэбекеры» з гарматамі неяк праскочылі, і мы хуценька за кусьцікамі пачалі акопвацца. Iншых, што ехалі за намі, немцы не пусьцілі, спалілі некалькі машынаў, і болей ніхто празь іх агонь не праскочыў. Пра тое, што мы на праглядзе ў сваіх, мы не клапаціліся. А на вайне як бывае? Розных часьцей зашмат, нашыя ў палку, скажам, ведаюць, дзе іхнія астатнія, а іншыя могуць і ня ведаць. I нейкія мінамётчыкі, якіх спрытны генэрал змусіў хутчэй адкрыць агонь, агонь і адкрылі. Па нас, канешне. Толькі я з салдатам выкапалі ровік па калена, як тыя пачалі смаліць. Міны кучна клаліся якраз абапал. I, відаць, накрылі б, калі б не найшла вясновая хмарка і не паліў дождж. (Зрэшты, у вайну, калі пачыналася арткалатнеча, заўсёды пачынаўся і дождж. Iншы раз ён і не спыняўся, бо не спынялася арткалатнеча.) Як толькі дождж хлынуў, я выскачыў з ровіку[: ] давайце за машынай і хутчэй адсюль. Але куды — наперадзе ж немцы? А хоць да чорта ў зубы… Трохі некуды ад’ехалі, за нейкія кусьцікі, ад якіх было бліжэй да немцаў, чым да сваіх, і тым уратаваліся. Пад носам у немцаў стала спакайней.
25. Аўстрыя. Малярыя
Ну а пасьля падцягнулася болей войска, пачалося планамернае наступленьне і баі. Ды ўжо ў горнай мясцовасьці. Адчувалася хуткае сканчэньне вайны, дух быў бадзёры. Помню, дзень біліся за нейкую вёску, не маглі ўзяць, тады аднекуль зь іншага ўчастку перакінулі самаходны полк. Гэта 76-мм самаходкі, якіх на вайне таксама звалі «бывай, радзіма». Во яны праходзяць міма, у адной ззаду (зад у іх адкрыты) стаіць бравага выгляду камандзір, вусаты у танкавым шлеме, і гойкае нам: «Упярод, пушкары, годзе пузам зямлю пахаць!». Што ж, давай упярод, калі ты гэткі спрытны. Вёску ўзялі, пяхота прайшла на той бок, мы — сьледам. Каля мастка, гляджу, стаіць абгарэлая самаходка, і зь яе зьвісае на гусеніцу абгарэлы чалавек. Па недагарэлых вусах мы пазналі таго аптымістага.
Помняцца і яшчэ прыкрыя, а то і камічныя выпадкі. Як я ўжо казаў, у Румыніі я першы раз захварэў на малярыю. Даволі паскудная хвароба, тым болей, што шпітальнага лячэньня не вымагае. Зімой была перадышка, а вясной пачаліся прыступы. З пэўнай рэгулярнасьцю — пад вечар або калі ўбачу ваду… Хоць здалёк, хоць зблізку. Раптоўна здрыгаюся, і пачынаецца ліхаманка на некалькі гадзінаў. Аднойчы мы займалі пазыцыю на прамой наводцы ў полі. Трошкі далей і збоч ад агнявой расьлі дрэўцы, нейкія кусьцікі. Агонь не вялі, але немцы былі блізка. Мяне раптам затрэсла, і я адышоўся да тых дрэўцаў. Было цёпла, ужо зялёная траўка прабівалася. Як лёг, салдат наваліў на мяне нейкіх трафейных коўдраў, нямецкіх шынялёў — каб сагрэцца. Пасьля, як крыху адпусьціла, заснуў. А як прачнуўся, дык зьдзівіўся, што вакол дужа ціха. Высунуў галаву з-пад таго варахоб’я — ужо сьцямнела. Але дзе гармата? На агнявой няма маёй гарматы, стаяць нейкія людзі і пазіраюць чамусьці не туды, куды заўжды пазіраюць на фронце, — у бок праціўніка. Гэтыя пазіраюць назад. Я яшчэ прыгледзеўся і прыслухаўся — то ж немцы! Канешне, спалохаўся, хаця нічога дзіўнага. У пяхоце такіх, негераічных, выпадкаў хапала. Але пра тое мала напісана. Бо зь пяхоты, апроч хіба В. Кандрацьева, у літаратуру ніхто не прыйшоў. Мабыць, не засталося. Усё лепшае, што напісана пра вайну зь ліку яе ўдзельнікаў, канешне, належыць усё ж артылерыі. Мабыць, паводле традыцыі, распачатай артылерыстам Л. Талстым. А тут, пакуль я дрыжэў пад варахоб’ем, нашы драпанулі, гармату камбат загадаў адцягнуць ніжэй у сяло, а пра мяне забыліся. Таго салдата, што там мяне накрываў, паслалі па аўтамабіль, а іншыя ня ўгледзелі… I вось бачу чужыя сілуэты, — адзін у касцы, а другі, помню, у казыркастай шапцы… I я паўзком, на кукішках даў адтуль дзёру. Знайшоў сваіх, камбат пытаецца: дзе быў? У немцаў, кажу, быў. Пасьмяяліся… Усё ж ішоў сорак пяты, да перамогі заставаўся апошні месяц. А здарылася б тое раней на год ці паўгода, было б не да сьмеху. Як з тым нашым камандзірам узводу кіраваньня, які параненым пабратаўся зь немцам. У Венгрыі, у час бою за нейкае сяло, надта бамбілі нямецкія самалёты, і гэты лейтэнант, паранены ў нагу, сунуўся ў скляпок на двары сялянскага падворку. Якраз зьмяркалася, і ў той скляпок сунуўся і яшчэ нехта, таксама паранены. Тады скончылася бамбёжка і наогул скончыўся бой. I во яны сядзяць удвух, але ў цемры ня бачаць адзін аднаго і ня ведаюць, хто побач — свой ці чужы? Таму маўчаць. А галоўнае — ня ведаюць, хто заняў сяло — нашы ці немцы. Ніхто першы ня хоча адкрыцца. Так мінула ноч. I толькі як пачало сьвітаць, лейтэнант убачыў, што перад ім немец, гаўптман мэдыцынскай службы. I ніхто зь іх за пісталет не схапіўся, бо зноў жа — невядома, хто наверсе. Першы не стрываў немец, таксама паранены, неяк выбраўся, а лейтэнант сам выбрацца ня можа. Сядзіць і чакае, калі прыйдуць немцы і возьмуць яго ў палон. Або прыстрэляць у яме. Немцы і прыйшлі. Але на ламанай рускай мове растлумачылі, што страляць ня будуць, будуць рабіць арцліхер беістанд (мэдыцынскую дапамогу). I выцягнулі лейтэнанта, занесьлі яго ў мэдпункт, дзе той жа ягоны начлежнік перавязаў яму нагу і папытаўся, што ён хоча: да сваіх ці ў палон? Канешне, лейтэнант захацеў да сваіх. Тады яго ўначы два немцы паклалі на палатку і падцягнулі да нашых акопаў на краі сяла. Праз паўгадзіны ён туды і зваліўся. Ну, адвезьлі ў санбат, ляжыць там лейтэнант, яго перавязваюць, але ж дужа яму цікава з сваіх прыгодаў. I ноччу ціхенька ён расказаў пра тое суседу — што зь ім тры дні таму здарылася. Падзівіліся трохі абодва. А яшчэ празь дзень прыйшоў незнаёмы афіцэр і сказаў, каб гэтага лейтэнанта тэрмінова падрыхтавалі да эвакуацыі. Аднаго. Болей яго ніхто ў палку ня бачыў. I чутак нават ніякіх не дайшло.
Пасьля той выпадак нейкім чынам паслужыў мне, калі я пісаў «Адну ноч». Хаця там іншы фон ды інакшы час, але грамадзтва, а найперш нашая рэдактура не былі гатовыя прыняць падобныя тэмы, ад якіх патыхала непрымальным для іх пацыфізмам. Тагачасны рэдактар «Полымя» Максім Танк адмовіў аўтару ў публікацыі таго апавяданьня з прычыны «невыразнасьці», як ён напісаў, ідэі. Думаецца, ідэя была выразная, як надта выразнымі былі і партыйныя ўстаноўкі ў адносінах да яе.
Во ўжо гэтыя партыйна-кадэбоўскія адносіны!
Баі на той час павальнелі, немцы ня дужа абараняліся, але і мы надта ня лезьлі. Пяхота шмыгала па дамоўках, па падворках. Патрэбны былі трафеі. У гэтую пару прыйшоў зьверху дазвол пасылаць на радзіму пасылкі. Таму і шарылі ў пакінутых пад агнём дамоўках, расчынялі шафы, хапалі якую апратку, абутак. А заадно і харч. Хаця наконт харчу ў Аўстрыі было куды бядней, ня тое што ў Венгрыі, — самі аўстрыякі харчаваліся па картках. Дысцыпліна ў войску расхлябалася, часьцяком салдаты кудысь зьнікалі па ўласных справах. Пілі, аднак, ня менш, як заўжды. П’янаваты камандзір трэцяй батарэі капітан Кохан уначы вяртаўся на свой НП з суседняй батарэі, і ягоны вартавы застрэліў яго. За які месяц да канца вайны. Пахавалі ва Ўсходняй Аўстрыі.