ЖАНРЫ

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8

Быкаў Васіль

Шрифт:

Аднойчы дайшлі мы да нейкага невялічкага паселішча і сталі. Ноч мінулася спакойна, спакойны быў ранак. Гарадок заняла пяхота, мы — за ёй. А блізенька за раўком — манастыр. Я троху падрамаў ноччу, а на золку прачнуўся і пайшоў праз браму ў манастырскія будынкі — цікава было паглядзець, у нас жа манастыроў даўно не было. Манастыр быў пакінуты, па ягоных калідорах ужо блукалі салдаты. Усюды валяліся богаслужбовыя кнігі, нейкае майно…

I тут раптам пачалося — танкі выйшлі на ўскраіну гарадка і турнулі нашу пяхоту. Калі мы ўсе, хто быў у манастыры, выскачылі адтуль, пабачылі, як тая бяжыць, рассыпаўшыся па ўсім полі; аднекуль з-за сьценаў і платоў гарадзкіх будынін страляюць танкі. Мы з нашых пазыцый страляць па іх не маглі, перашкаджалі прыдарожныя пасадкі, ды й той участак быў ня наш. I каб уратавацца без прыкрыцьця пяхоты, мае хлопцы прычапілі гарматы да «студэбэкераў» і рванулі на дарогу. Можа, тое тады было і правільна, але чаму пабегла пяхота? I дзе ўрэшце пяхотныя камандзіры? I дзе нашы слаўныя палітработнікі, якія натхняюць байцоў на перамогу над зьлейшым ворагам?

Няўжо таксама разбрыліся па цікавых месцах?

Прыкладна пра тое я і крычаў, бегучы пад кулямі па голым полі. А слухаў мяне адзін капітан, які таксама апынуўся ў гэткім жа становішчы пакінутага пад агнём. Капітан гэты быў упаўнаважаны контрразьведкі сьмерш, і ён адно — маўчаў. Крычаў я са злосьці, бо нашыя шанцы адолець шырокае, забаранаванае поле пад ураганным агнём з танкаў былі невялікія. А дужа крыўдна было празь нейчую дурноту гінуць перад канцом вайны. А можа, і праз сваю дурасьць таксама.

Але і добра, што я адышоўся зь перадавой (бо наўрад ці я адважыўся б у гэткай сытуацыі з’язджаць з поля бою), безь мяне хлопцы ўратавалі гарматы, а галоўнае — уратаваліся самі. Неяк і нам пашэньціла жывымі дабегчыся да ўкрыцьця, а танкі далей не пайшлі. Пасьля неяк разабраліся. Але я доўга прыглядаўся, калі бачыў, што нехта староньні ідзе на агнявую: ці ня той капітан? Ён не прыйшоў. Здаецца, у нейкім сэнсе ён быў неблагі сьмершнік, пра што сьведчыў той ранейшы выпадак з гарматамі лейтэнанта Беражнога. Я ўжо гатовы быў у тым упэўніцца.

Тады ж у нейкім аўстрыйскім гарадку я спаткаў правобраз сваёй будучай Джуліі. У гарадку тым, як, зрэшты, і ў многіх іншых аўстрыйскіх гарадках, было шмат прыгнаных з усходу (ды і з захаду таксама) рабочых, што працавалі на аўстрыйскіх вайсковых заводах. Жылі яны ў вялізных даўгіх бараках, а як горад займала Чырвоная армія, разбрыдаліся, хто куды. Вядома ж, кіруючы найперш на радзіму, калі тое было магчыма. Неяк мы сталі калёнай машын з гарматамі на гарадзкой вуліцы, чакалі, пакуль начальства наперадзе штось вырашыць. I тады ля машын паявілася спрытненькая чорнавалосая дзяўчынка ў паласатым убраньні, якая нешта пыталася ў салдат, што сядзелі ў кузавах. Аказваецца, пыталася пра нейкага Iвана. Канешне, амаль з кожнага кузава ёй адгукаўся які-небудзь Iван, але дзяўчына круціла галавой — не. Так яна абышла калёну, не знайшоўшы таго, хто быў ёй патрэбны. Тады я падышоў да яе і папытаўся, каго яна шукае? На кангламераце нямецка-руска-італьянскіх словаў яна распавяла, то яе імя Джулія, яна італьянка і шукае рускага палоннага Iвана, зь якім летась разам уцякала з канцлягеру. У гарах іх схапіла паліцыя, яе зноў кінулі ў канцлягер, а што сталася зь Iванам, яна ня ведае. Цяпер яна мае надзею знайсьці яго сярод чырвонаармейцаў. Канешне, то была марная надзея. Але невялічкая тая гісторыя запомнілася мне, каб гадоў пра 20 зрабіцца «Альпійскай баладай».

26. Канец вайны

А ў другім месцы, заняўшы агнявыя пазыцыі на гарадзкой ускраіне, мы пастукаліся ў дзьверы бліжняга катэджу. Нам адчынілі адразу — на парозе стаяла маладая дзяўчына ў белым фартушку, якая спытала па-расейску, што нам трэба. Toe нас дужа зьдзівіла, і мы ў сваю чаргу спыталі ў яе, ці яна руская? Так, быў адказ, яна руская. Але тут жыве пан прафэсар, ён стары і просіць яго не турбаваць. Але хто такая яна і чаму тут? А яна з Днепрапятроўску і служыць у пана прафэсара, які зусім цывільны чалавек і вельмі добра адносіцца да яе. Toe нас зьдзівіла яшчэ болей: гэтая зямлячка абараняе немца? I, падобна, не зьбіраецца пушчаць нас у гэты заможны катэдж. Toe ўжо абурала. Нехта з нас падвысіў голас, нехта схапіўся за пісталет. Тады мой сябра, таксама ўзводны Валька Бахцігозін, рашуча мовіў: стойце, адставіць! Пайшлі назад… Мы пайшлі адтуль, знайшлі іншае прыстанішча, дзе нас ніхто не спыняў. Не запрашаў, але і не спыняў. Пасьля я папытаўся ў Валькі, чаму ён стаў у абарону тае зямлячкі, і Валька сказаў, што ў Эўропе трэба паводзіць сябе цывілізаванымі людзьмі, а ня хцівымі азіятамі. Toe мне запомнілася. Як і сам Валька — самы малады з нашых узводных, далёкі нашчадак польскіх ссыльных у Сібіры, родам з гораду Ачынска, адзіны сын у матулі, якая ці ня кожнага дня слала яму на фронт пранумараваныя лісты і прасіла яго рабіць гэтаксама, — яна працавала бухгалтаркай. Валя так не рабіў, хоць меў добрую натуру і любіў сваю маму. Начальства недалюблівала надта маладога і нейкага не характэрнага для ўзводных хлопца. А я любіў Валю. Пасьля вайны з усіх нашых ветэранаў найбольш хацеў адшукаць Валю Бахцігозіна, ды марна…

Быў ужо май, цьвіў бэз. Стаялі каля невялічкага горнага гарадка ці, можа, пасёлачку, празь які праходзіла асфальтаваная шаша. Пазыцыі займалі за лесапільняй, месца было зацішнае. Немцы з-за пасёлку зрэдчас пастрэльвалі зь мінамётаў, разьбіваючы апошнія ўцалелыя дамоўкі. Я на лесапільні раздабыў веласіпед і вучыўся езьдзіць на ім — у дзяцінстве ж не давялося. Аднойчы разагнаўся з горкі і на павароце нечакана зьбіў таго сьмершаўца. Абодва паляцелі на асфальт, разадраў капітану штаны. Падняўшыся, ён пачаў бэсьціць мяне і напомніў пра мае размовы пад агнём на полі, пра якія ён не забыўся. Я тады нават струхнуў, бо думаў, што капітан усё ж забыўся на іх. Але неяк абышлося. Капітана хутка перавялі некуды, на яго месца прыехаў іншы — на гэты раз з танкавых войскаў. Хаця эмблемы яны насілі на выбар — якія ім падабаліся.

Так настала сёмае мая. Мы — усё ў тым пасёлку, пяхота таксама на ягонай заходняй ускраіне. Амэрыканцы яшчэ далёка. I вось уначы нашыя радысты дачуліся, што заўтра падпісаньне капітуляцыі Германіі. А мы атрымліваем загад: у 19.00 атака на нямецкія пазыцыі. Падрыхтавацца да атакі, ставіць гарматы на прамую наводку, суправаджаць пяхоту агнём і коламі. Ну, мы найперш напісалі лісты дадому, маўляў — ідзём у апошні бой. Калі што, дык…. Псыхалягічны стан болей чым паршывы, бо пераналадзіліся ўжо на мір, паявілася ўжо надзея, што выжылі. А тут…

Праўда, яшчэ памарудзілі з гадзіну, а тады пасьля кароткага артналёту паднялася пяхота. Але немцы не страляюць, во дзіва! Калі пяхота дабрыла да варожых траншэяў, тыя аказаліся пустыя. Немцы змыліся. I начальства загадала чапляць за машыны гарматы і даганяць немцаў. Але безь пяхоты. Калі што, самім быць за пяхоту. I за артылерыю таксама. Што ж, мы паехалі. Ехалі ўсю ноч і ранак. Немцаў дагналі. Далей усе дарогі былі запруджаны нямецкімі калёнамі — пяхота, артылерыя — усе кіруюць на захад, здавацца амэрыканцам. Нам яны здавацца ня хочуць. А мы і не бярэм. Мы атрымалі новую задачу — як мага хутчэй злучыцца з саюзьнікамі. А гэтых мы проста мінаем. Некаторыя зь немцаў буркаюць «Гітлер капут» і ўскідваюць руку. У каторых на руках гадзіньнікі, нашыя іх зьнімаюць. Гадзіньнікі — самы папулярны трафей. Некаторых раззбройваем. Асабліва тых, хто ў эсэсаўскай форме.

Дамчалі да ракі Энс, у цэнтральнай Аўстрыі. Гэта быў мой апошні рубеж той вайны. За ракой амэрыканцы. Пакідалі на лужку абы-як пастаўленыя машыны, пачалі «сустрэчу». Нас на той бок не пушчалі, затое амэрыканцы свабодна прыйшлі на гэты бок. Некаторыя з амэрыканцаў мелі славянскае паходжаньне (пераважна з палякаў), а ў нас былі хлопцы з Заходняй Беларусі, якія разумелі папольску, такім чынам устанавіліся зносіны. Яны нам дарылі свае гадзіньнікі, запальнічкі, розную драбязу — на памяць. Мы ім што маглі падарыць — зорку зь пілоткі. Але знайшлося віно, і мы добра ўпіліся разам — пераможцы розных армій і нацыянальнасьцяў. I ўсе паснулі проста ў кузавах нашых «студэбэкераў». Начальства некуды зьнікла, можа, да іншага начальства, у кожнага знайшлася свая кампанія.

Уначы я прачнуўся і пабрыў у горад. Маленькі такі гарадок, але спрытны, як і ўсе іхнія гарады. I не разбураны, цэлы. Бачу ў адным месцы сьвятло з фараў, і нашы салдаты штось робяць. Аказваецца, тут харчовы склад гэтага гораду. Хлопцы прынесьлі супрацьтанкавую гранату і бабахнулі ёю па замку — дзьверы і праваліліся. А там процьма скрынак, мяхоў — сьпіртное, кансэрвы, мука, шакаляд… Пачалі выгрузку. Я таксама зьбегаў да сваіх, прыгнаў «студэбэкер». I мы нагрузіліся. Але не абдзялялі і аўстрыйцаў, якія прыйшлі да пераможцаў. Аўстрыякі жылі галаднавата, харч быў па картках. Падышоў адзін дзядуля зь місачкай, просіць дазволу набраць мукі. Кажу, што табе місачка — бяры мех. Кажа — цяжка. Але падстаўляе згорбленую сьпіну, салдаты навальваюць яму мех мукі, пайшоў дзед хістаючыся. Мы сталі добрыя, чужога дабра не шкадавалі… Можа, і добра рабілі, то была наша ноч, ноч пераможцаў. Наступны за ёй дзень ужо належаў ня нам.

Удзень зьявілася вялікае начальства, усіх чужынцаў выгналі з гэтага берагу на той, на мосьце паставілі трайную варту. Нікога — ні туды, ні адтуль. А мы толькі марылі пачаставаць нарабаваным нашых саюзьнікаў. Не ўдалося. Полк хутка адвялі ў тыл, пад горад Леабэн, дзе ў лесе найперш загадалі здаць усё здабытае тою ноччу. Калі не дачакаліся добраахвотнай здачы, начальства пайшло само і выгрузіла з аўтамабіляў нашыя запасы — бутэлькі, сыр, шакаляд. Сказалі, будзеце атрымліваць у парадку харчаваньня. Нічога не атрымалі. Тыя скрынкі паехалі ў тыл.

Поделиться с друзьями: