Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8
Шрифт:
20. Венгрыя. Ухіленьне ад бою
Гэта была першая на нашым шляху сапраўды эўрапейская краіна, не пабураная вайной, са шматлікімі адзнакамі даваеннага дабрабыту. Позьняй восеньню ў дождж і слоту ідзем, бывала, празь венгерскія гарадкі і паселішчы ды прагна пазіраем на іх ладныя, пад чарапіцай дамоўкі, акуратныя брамкі, драцяныя агароджы. Белыя сьцены вясковых хатаў яшчэ здалёку зьзяюць чырваньню ад маткоў разьвешанага перцу, знакамітай венгерскай папрыкі… Сустракала насельніцтва ўвогуле прыязна, нават гасьцінна, хоць венгерская армія тады яшчэ ваявала з намі, хіба безь нямецкага імпэту. У кожным доме белы хлеб, вяндліна, каўбасы, слоікі варэньня з розных фруктаў. Уся садавіна перапрацавана, нарыхтавана ўзімку, састаўлена ў скляпах. Па скляпах, канешне, мы заўсёды лазілі. Бо ці баі, ці бамбёжкі, надзейнае сховішча, калі ў вёсцы, — склеп. Там жа і выдатнае венгерскае віно. Аж ня хочацца вылазіць — пад агонь, — на кроў і сьмерць. Войска там перайшло на самазабесьпячэньне, тое, што варылася ў палявых кухнях, перасталі браць. Iдзём, бывала, калёнай празь якое сяло, і салдаты, бы мышы, шмыг-шмыг па падворках. Пасьля даганяюць свой строй — падпахай вэнджаны кумпячок, процігазная сумка поўная слоікаў з варэньнем, на штыху белы бохан, а ў руках вядзёрка ці каністра зь віном. Камандзіры глядзелі на тое паблажліва, самім перападала. Зноў жа Венгрыя была саюзьніцай Гітлера, таму шмат што дазвалялася.
Позьняй восеньню фарсіравалі Дунай. Помню, тры дні біліся, і ўсё няўдала. А Дунай там шырачэзны, можа, як Волга. З аднаго берагу другі ледзьве відаць. Мы фарсіруем ноччу. Вядома, сьпярша артпадрыхтоўка — даволі слабая, сродкамі штатнай артылерыі. Зь берагу я пастраляю крыху на крайнім прыцэле, бяжыць хтось ад камбата: «Спыніць стральбу, — чым будзеш страляць на тым беразе?». У сэнсе, калі на гэтым расстраляеш свой боезапас. То правільна, стральбу спыняем. Празь нейкі час прыбягае начальнік артылерыі — пачаму спынілі артпадрыхтоўку? Немедленна агонь! Ну канешне, гэты адказвае за артпадрыхтоўку, а той бераг яго пакуль што не хвалюе. Так дзьве ці тры ночы. Перадавыя роты на плытах і лодках адплываюць па начным Дунаі, і ніхто не вяртаецца. Хіба назаўтра прыбрыдзе зьнізу па цячэньні мокры салдат, дрыжучы раскажа, як іх там сустрэлі немцы. Так доўжылася да таго часу, пакуль па Дунаі не прайшлі бранякатэры з танкавымі вежамі на палубах, у некаторых былі нават «кацюшы». Яны ўзялі нас на свой борт і высадзілі на тым беразе. Коней пакінулі на гэтым, а там у першым жа венгерскім сяле мой Закіраў раздабыў коней у поўным складзе. Так ад Дунаю пачалі наступленьне ў напрамку на Балатон. Гэта былі жахлівыя баі кожны дзень і кожную ноч.
Памятаю, калі камбат аддаваў загад, мы заўсёды цікавіліся, хто перад намі: немцы ці венгры? Калі венгры, дык яны надта не супраціўляліся, пад націскам адыходзілі. А немцы, канешне, як заўсёды: колькі хацелі, столькі і абараняліся. Лёгка зьбіць іх з занятых пазыцый было немагчыма, пакуль яны самі не пакідалі іх.
Стаяла позьняя восень, сьцюжа, слота, дажджы… Сьпярша ад Дунаі ішлі лясістыя пагоркі, а затым раскінуліся балоцістыя поймы, мэліярацыйныя каналы. Акапацца там не было як, поле бою наскрозь прастрэльвалася. Неяк увесь дзень ішоў дождж, позна ўвечары занялі нейкую вёску, батальён разышоўся па хатах, начальства таксама. Стомленасьць страшэнная, халадэча. Спаць жа ніколі не дазвалялася, калі можна было, хвіліну якую ўрывалі дзе і хто мог. Галоўным чынам як зьнікалі куды камандзіры. Мы закацілі ў нейкі падворак гарматы і тут жа ў хаце прылеглі. Толькі я прыдрамаў, здаецца, а ўжо сьвітае, і за вёскай у лесе ідзе бой. Батальён рушыў туды на сьвітаньні, а нас не гукнулі. Ну, бачу: справы мае кепскія… Бо я з гарматамі абавязаны быць там. А я праспаў. I салдаты мае праспалі. I вось мы рванулі туды цераз поле — пад абстрэлам, што было сілы ў коней. Даскакалі да лесу, а тут якраз камандзір батальёну, адразу да мяне зь пісталетам: за ўкланеньне ад бою… Падобна, ён тут жа хацеў са мной расправіцца, бо батальён ляжыць, а немцы сякуць разрыўнымі, ліха працуюць іх хуткастрэльныя МГ. Але памалу астыў і загадвае: зьбіць кулямёты! 20 мінут часу. Мы хутчэй гармату ўстанаўліваем, і тут высьвятляецца: няма снарадаў. Рэч у тым, што дзеля гатоўнасьці снарады заўсёды клалі на станіны, а як гналі пад агнём цераз поле, тыя пападалі, рассыпаліся. Дзе цяпер іх шукаць?
У нашым жа перадку былі толькі бранябойныя і падкаліберныя, якімі тады не стралялі.
Кулямёты сякуць, толькі вецьце сыплецца. Камбат крычыць: «Быкаў, агонь!» А чым агонь? Гэта было, канешне, жахліва, я тады хацеў, каб мяне як найхутчэй забіла. Усё ж паслаў перадок на поле, пазьбіралі ў быльнягу снарады, пачалі мы страляць. Словам, у гэтым лесе яны калашмацілі нас добра, а што мы зрабілі ім нашым агнём, тое невядома. Можа, зьбілі, а можа, тыя пад вечар самі адышлі.
Як я ўпамінаў ужо, другая гармата ў мяне была без прыцэлу, а без прыцэлу якая ж стральба? Такім чынам, у запасе заставалася, апроч гарматы, яшча пара коней, шэсьць чалавек салдатаў. Я іх трымаў у тыле, — што ім рабіць на перадавой? На перадавой у нас ладныя хлопцы Сьвінцоў і Пронін, камандзір і наводчык — харошы наводчык. А старшы сяржант Закіраў, спэц па конях, у нас за інтэнданта. Пакуль мы гібеем пад агнём, цягаем сюды-туды нашу гармату, вядома ж, у холадзе і голадзе, яны там дзесь у бліжняе вёсцы для нас стараюцца. I во, як пацішэе пад вечар, пацямнее, глядзім, Закіраў з салдатам паўзуць. Цягнуць нам у вядзерцы мяса ці кураціну, белага хлеба пару боханаў у рэчмяшку і віна ў тэрмасе ці каністры. Во тады мы раскашуем — між станін, за гарматным шчытом.
Пасьля высачэзнага дрыкганта, пакінутага на тым беразе, Закіраў дастаў мне маладую кабылку, якая двойчы ўратавала мне жыццё. Аднаго разу, як наступленьне трохі прыпынілася, выклікае мяне камандзір батальёну. Быў вечар, туман, дробны дожджык сыпле. Месца незнаёмае, мы толькі надвячоркам тут апынуліся, але мне чамусьці здалося, што КП блізка, за пагоркам. I я паехаў. Страляніны блізка няма, і я ехаў, ехаў, ды раптам ня ведаю, куды ехаць. Чую нейкія галасы, павярнуў да іх, гляджу: на касагорчыку вінаграднік і на ягоным краі нешта капаюць. Паціху пад’яжджаю бліжэй, прыслухаўся — немцы! Завярнуў у іншы бок, ехаў, ехаў, узьбіўся на нейкую дарогу, а там нямецкія машыны ідуць…
Я быў без аўтамата, зь пісталетам, бо аўтамат мне яшчэ ў пяхоце абрыдзеў. Ды й нязручны ён з гэтым барабанным магазынам. Лепш што лягчэйшае. Нямецкі «шмайсэр», напрыклад. Але да нямецкага патрэбны патроны, якіх не заўсёды хапала. Здавалася тады, што во за пагорак заеду, і там КП. А тут нешта ні пагорка, ні КП. I я ўжо ня ведаю, як быць? I тое натуральна, бо я заехаў да немцаў. Але адчуваю, што мая кабылка ўсё некуды бярэ ўбок, і я думаю: хай сама ідзе. Повад пусьціў, і яна пайшла. Рухава гэтак пайшла. Цераз пагорачак перайшла, пасьля ўзьлескам, сюды-туды і прывяла мяне да лагчынкі. А там пасьвяцца коні нашага камэнданцкага ўзводу. Там блізка быў і КП камандзіра батальёну.
А потым яе забілі, пада мной, хоць мяне яна ўратавала.
Гэта пазьней. Помню, пяхота ўзяла нейкае вялікае мадзьярскае сяло ці гарадок нават, мы сьпяшаемся на ўскраіну, дзе ідзе бой, ды тут паяўляюцца нейкія два маёры, крычаць: «Срочно вон туда, направо! Нямецкія танкі! Іх трэба спыніць». I ўжо там ідзе страляніна. Паскакаў я направа, але аказалася, што тыя зьвесткі пра танкі былі спазьнелыя, танкі ўжо ўвайшлі ў вуліцы. I вось на адным павароце (вуліца літарай Г загіналася) я і падляцеў пад чаргу, з танку сьцебанулі па маёй кабылцы, і яна з усіх ног рухнула пад плот. Толькі крывавае шмацьцё ад яе паляцела, мяне запырскала крывёй. Але кабылка, падаючы, шпурлянула мяне за агароджу, у гарод… Як пасьля празь дзень салдаты зьнялі сядло, дык яно скрозь было пасечанае кулямі. А я адтуль выпаўзаў агародамі. Гармату завярнулі ў другую вуліцу, добра, што гармата за мной не пасьпела… Дарэчы, пасьля ўжо каня ў мяне не было, ня стала як езьдзіць. Наступ наш замарудзіўся, — ад сяла да сяла болей па-пластунску. Скрозь у полі каналы, канавы, а баі кожны дзень і кожную ноч. Выматвалі так, што і есьці ня хочацца, толькі б упасьці і ляжаць. Але дзе ўпадзеш? Трэба акапацца, а неяк. Капнеш на штых лапатай, а там вада. Во ў гэтую гразь кладзешся і ляжыш пад агнём — жыць жа ўсё роўна хочацца. А тут надвор’е паскуднае, кожны дзень макрата, дождж. Калі танкі паяўляюцца, тут ужо настае гарачка, тут ужо потам абліваешся.
Аднойчы прыпыніліся ў нейкім графскім маёнтку, сунуліся ў барак, дзе былі кватэры для тутэйшых парабкаў. Графа, вядома, тут не было, парабкі засталіся і спачувальна паставіліся да нашых салдатаў, частавалі віном і распавядалі пра сваё панявольнае жытла. Нашыя зацікаўлена слухалі: колькі зараблялі грошай, хлеба і нават віна. Распавёўшы пра сябе, тыя пыталіся: ну, а як у вашых калгасах? I хто-небудзь з нашых, падумаўшы, пачынаў хлусіць — і пра грошы, і пра хлеб, стараўся, каб было больш, чым у венграў. Iншыя змрочна маўчалі.
21. Падбіты танк. Другое раненьне
Памятаю, мае саракапятчыкі адзін танк падбілі — якраз перад фальваркам, зь якога, дарэчы, нас толькі што выбілі — і нас, і пяхоту. Як і належала ў такім выпадку, трэба, каб пісьмовае пацьверджаньне было ад камандзіра батальёну. Яшчэ ня скончыўся бой, рвуцца снарады, і я думаю: дажывём да вечара, тады і аформім. А пад вечар наляцелі «мэсэршміты», пачалі пікіраваць з равунамі, выбілі нас і адсюль. I мы драпалі сьледам за пяхотай, кацілі па полі нашу саракапятку. Пакуль ня ўперліся ў каналы. Вось так: наперадзе канал і збоку канал. Каналы не шырокія, пяхота перабралася на той бок і на ўзьлеску заняла пазыцыі. А нам як перабрацца? Нам цераз каналы перабрацца немагчыма. I вось мы гармату паставілі на броўцы і ляжым, чакаем. Калі танкі пойдуць, дык нам будзе хана. Але якраз сьцямнела, і яны не пайшлі. Толькі аднойчы ўлупілі балванкай у броўку, заляпіла мяне гразёй. Уначы танкі кудысьці сышлі, пяхота вярнулася на гэты бок. Раніцой, атрымліваючы ў камбата задачу, я сказаў пра падбіты танк. А ён кажа: хо! Ужо трэці за сёньня дакладвае пра падбіты танк. Учора я сваім мінамётчыкам падпісаў. Мае саракапятчыкі засталіся мной незадаволеныя — празяваў, камандзір, узнагароды дастануцца іншым. Спрытнейшым. Што ж, правільна! Трэба ўмець ня толькі падбіваць, а і падпісваць. Апошняе, можа быць, нават важней. Ня толькі на вайне.
Тым часам надвор’е зьмянілася, ноччу добра падмарозіла.
Той фальварак пяхота ўсё ж узяла, выйшла на яго другі бок. Роты пайшлі абапал прасёлку, абсаджанага дрэвамі і кустамі. Ды нядоўга ішлі, зноў — танкі. Кулямётным агнём яны паклалі пяхоту ў чыстым полі. Трэба акапацца, а як? Мёрзлую зямлю ня надта бярэ лапатка. Так і ляжаць, не страляючы нават. Гэта ў кіно прыгожа паказваюць, як з гранатамі паўзуць пад танкі, шпурляюць, узрываюць. А тут танкі падышлі метраў на 400 і спыніліся. Далей не ідуць. А батальёны ляжаць. Усё, бы на далоні, і яны снарад за снарадам у кожнага байца. Выбіваюць батальён. Мы разьвярнулі саракапятку акрай дарогі. Але для сара— капяткі ўсё ж далекавата. Хоць мы і ў баявых парадках пяхоты, мне нават здавалася, што метраў на паўсотню наперадзе ад яе. Мабыць, яна трохі адбеглася ад танкаў, а мы не пасьпелі. Але танкі нас ня так добра бачылі за дарожнымі прысадамі. Кусьцікі рэдзенькія, ды ўсё ж трохі нас прыкрывалі. Мой наводчык распачаў агонь. Памятаю, я ляжаў збоч ад гарматы. (Каб бачыць свой выбух, належала ляжаць збоку. Калі стрэліць гармата, узьнімаецца воблака пылу і дыму, і тады нельга згледзець, куды пайшоў снарад. А збоку відаць.) Так я ляжу, можа, мэтраў празь пяць збоку і ззаду. Гляджу, стрэл і — міма. Другі раз — таксама міма. Трэці раз стрэліў… Раніца была хмарная, таму трасу добра відаць, асабліва бранябойна-трасіруючага снараду. На гэты раз ён ударыўся аб браню і зрыкашэціў — траса пайшла ў неба. Добра, каб пацэліць у борт або ў гусеніцу. Але паспрабуй за паўкілямэтра патрапіць у гусеніцу — тут бы ў танк пацэліць. Ня памятаю, колькі мы так зрабілі стрэлаў (дзе ў той гарачцы будзеш што помніць), але нас заўважылі. I калі я, лежачы, махаў рукой, патрабуючы «агонь», непадалёк выбухнуў першы снарад з танка. I мне якраз у руку — асколак. Такі вузкі і востры, засеў між фалангамі пальцаў, з рукі палілася кроў. (Пасьля ў санчасьці доктар спрабаваў выдзерці яго, ды тое не ўдалося, выдзіралі ў шпіталі.) Я ўзяўся перавязваць сябе і трохі страціў увагу да танкаў, якія, аднак, памалу рухаліся куды хацелі. Стала патрэбным давярнуць гармату на танк, які нас абстраляў, і калі наводчык зрабіў тое, аказалася, што замінае недалёкі куст… Трэба было камусь яго сьсекчы. А тое ўжо пад агнём і зусім без прыкрыцьця. Каго паслаць? Наводчык крычыць, трэба прыняць рашэньне, і я прыняў… Тое, можа, дасюль на маім сумленьні, але я паслаў таго, з кім у мяне нядаўна здарыўся канфлікт, прыкрая сутычка, калі я хацеў нават застрэліць яго. Бо ноччу на вуліцы, дзе ішлі немцы, ён дэмаскаваў нашу гармату — стрэльнуў у немца. На шчасьце, тады абышлося, і цяпер я скамандваў: Лазук (прозьвішча зьменена), сьсячы куст! Хутка! Ён не адразу і няхутка папоўз зь сякерай і толькі ўзяўся, лежачы, секчы, як зноў выбухнула — на гэты раз ля таго куста, наперадзе, перад гарматай. Салдат там і застаўся. Наступны снарад яны ўсадзілі пад самы ствол… Я ўжо блытаю… Iх было двое, маладзенькіх, дужа падобных адзін на аднаго — Сінцоў і Пронін, абодва малодшыя сяржанты. Дык я ўжо забыўся, хто зь іх быў камандзірам гарматы, а хто наводчыкам. Наводчыка там жа забіла, а камандзіра параніла ў плячо і яшчэ некуды. Яшчэ зараджаючы ацалеў. Гармата перакулілася, завалілася ў варонку, а мы, усе параненыя, па канаве, за кусьцікамі падаліся да нашага перадку, на якім ірванулі ў тыл, у санчасьць. Там, помніцца, пераначавалі, а назаўтра на аўтамабілі нас адвезьлі ў тылавы шпіталь у Сэксардзе. Гарадок такі кілямэтраў 60 ад перадавой, які мы бралі месяц таму.
22. Сэксард [Сегеда]
Шпіталь мясьціўся ў тамашнім гатэлі ў цэнтры гарадка. Здаецца, то быў двухці трохпавярховы будынак. Нумары, як і ўсюды ў гатэлях, маленькія, цесьненькія. I набіта ў іх так, што ляжалі зноў па два і па тры чалавекі на ложку. I ў салдацкіх, і ў афіцэрскіх палатах. На гэты раз маім напарнікам аказаўся камандзір стралковай роты, паранены ў твар. Пазіраў на сьвет ён толькі адным вокам, кармілі яго лыжачкай, не разьнімаючы рота.
Канешне, ужо тут было іншае шпітальнае жыцьцё, чым на Украіне. Галоўнае, у мяне былі ногі, і я часам выходзіў у горад. Між тым у горадзе ішло цікавае жыцьцё. Увечары працаваў рэстаранчык, дзе вяртлявыя, цыганскага выгляду гарсоны налівалі віно — за грошы і так, пад абяцаньне заплаціць заўтра. Усюды былі разьвешаны ружовыя абвесткі з прапановай запісвацца ў венгерскую кампартыю. За гарадзкой ускраінай у вінаградніках былі вінныя скляпы, каторыя, канешне ж, разрабавалі вызваліцелі, і адтуль у горад некалькі дзён цякло па канавах віно. Бы кроў. Мы хадзілі туды з бутлямі і каністрамі і прыносілі ў шпіталь пачастунак. Але на ўваходзе стаяў нампаліт, які адбіраў увесь унёсак, скіроўваў яго ў сталоўку. У сталоўцы выдавалі па шклянцы за абедам. Такая была сьмешная норма, якую мы ўсё ж знаходзілі магчымасьць перакрыць шматкроць.