ЖАНРЫ

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8

Быкаў Васіль

Шрифт:

Неяк мы з Аляксеем наняліся на Смаленскім базары перанесьці дровы з аднаго двара ў другі. Пайшлі за дзядзькам кудысьці на Суражскую шашу. Дроваў была процьма — цэлы штабель бярозавага бярвеньня, і мы цягалі яго ўвесь выхадны дзень да вечара. Увечары гаспадар добра нас накарміў і даў па пяцёрцы. То быў шчасьлівы дзень, хоць мы тады ледзьве дабрылі да сваёй халупы — ад стомы.

Аднак такіх удачаў было мала, часьцей усе нашы спробы заканчваліся фіяска. Цэлыя дні хадзілі галодныя. Абыходзіліся кіпнем, чайнік якога заўсёды ўранку нам гатавала гаспадыня. Пасьцельная бялізна (коўдры) у нас была свая, хатняя. І аднойчы, згаладнеўшы, я панёс сваю мамай тканую стракатую коўдру ў скупачную. «Ну, у крыжык, каму гэта цяпер патрэбна?» — сказалі там і не ўзялі. Іншага ў мяне нічога не было прадаць. Апроч кашулі. Зеленаватай, з адкладным каўняром. Верхнюю сьвітку надзеў на голае цела, а кашулю аднёс у камісійную краму. Далі за яе рублёў дванаццаць.

З тымі грашыма ў кішэні занёс у вучылішча заяву аб адлічэньні. Тады такія заявы падавалі многія, многія пакідалі вучобу. На днях зьехаў у сваё Коханава мой Лёшка. Дырэктар Ахрэмчык нешта прабурчэў, накшталт таго, што, маўляў, як бы пасьля не пашкадаваў, ды падпісаў маю заяву.

У той жа дзень купіў білет да Фарынава і на рэшту дзьве пышкі, якія зжаваў па дарозе. Да цягніку сядзеў у старым парку каля таго месца, дзе ў Дзьвіну ўпадае Віцьба, і сэрца маё аблівалася сьлязьмі. Сьлязьмі па мастацтву, якое я так палюбіў. Ды не было суджана.

У Фарынава цягнік прыйшоў уначы, да позьняга восеньскага сьвітаньня было далёка. Я сядзеў у цёмным вакзальчыку, чакаў, пакуль павіднее. Яшчэ там чакала дзяўчына, гэткая ж гаротная, як і я — ехала зь Віцебску, з аптэчнага тэхнікуму ў вёску. Мы зь ёй, можа ўпершыню, пагаварылі аб нашай няласкавай долі, пра крушэньне нашых мараў. Як трохі павіднела — разышоўся кожны ў свой бок. Мне да дому заставалася 30 кілямэтраў пехатой. Пабрыў па гразкай дарозе зь няцяжкім чамаданчыкам у руках…

Зноў пайшоў у Кубліцкую школу заканчваць дзясятую клясу. Але доўга вучыцца там ужо ня мог. Ды і не было як. Вучобу ў старэйшых клясах зрабілі платнай. А дзе было ўзяць грошы? З калгасу зусім нічога не давалі, хлеба не было ўжо з восені. Недзе ў пачатку зімы пачалі арганізоўвацца школы ФЗН, пайшоў набор моладзі. Набіралі ў асноўным у школы будаўнікоў. Адна з такіх школаў была ў Віцебску, і я наважыўся. Недзе ў пачатку сьнежня зноў прыехаў у Віцебск. Дакумэнтаў аб адукацыі тут не пыталіся, і мае засталіся ў Кублічах. Пасялілі нас сьпярша над равамі, а пасьля перавялі ў вызваленую для таго сярэднюю школу на вуліцы Гогаля. Тут была дысцыпліна, парадак. На заняткі хадзілі на Маркаўшчыну, строем пад камандаваньнем старасты і майстра. Мяне вызначылі ў групу муляроў. Вуглы, калоны, тычкі, ложкі, кельмы і правілы… Было малацікава, сьцюдзёна ў цэхах, але кармілі. А затым выдалі вопратку — фірменнае адзеньне зь літарамі ФЗН-5 у пятліцах… Сумаваў па мастацтву, у вольны час бегаў у музэі. Часам увечары падыходзіў да мастацкага вучылішча, заглядваў у нізкія вокны скульптурнай клясы, узіраўся ў знаёмыя твары шчасьліўчыкаў. Але не зайшоў ні разу.

Вясной перад выпускам школы стала вядома, што паедзем працаваць на Украіну. Неяк адпрасіўся на выходны і паехаў дадому. Трэба было забраць дакумэнты ў Кубліцкай школе. Зайшоў да дырэктара. Той распытаў, як і што. Знайшоў мой табель 10-й клясы з адзнакамі за першае паўгодзьдзе. Падумаў і сказаў: «Што мне з табой рабіць, выдатнік Быкаў?». І сваёй рукой паыставіў мне адзнакі за другое паўгодзьдзе, гэткія ж, якія стаялі за першае. Усё заверыў пячаткай, сказаў: «На, яшчэ спатрэбіцца, Муляр».

Пагодлівым летнім днём усёй групай ехалі на Украіну.

Орша, Крычаў, Хутар Міхайлаўскі. Першы раз я пакідаў мілую радзіму — Беларусь, ня думаў тады, ці надоўга. Паволі зьнікалі драўляныя хаты, пайшлі сёлы зь белымі мазанкамі. Успамінаўся Гогаль. Тое, што чытаў у ягоных творах, як жывое, паўставала перад вачмі.

Увечары, як зайшло сонца, аблёг нейкі дужа чырвоны небасхіл. Чырваньню заліло паўнеба. Падумалася з трывогай: што б гэта значыла?

Значыла, вядома, кепскае.

Прыехалі ў Шостку — невялікі гарадок на Чарнігаўшчыне. У ваколіцах убачылі руды, ссохлы лес. Пасьля аказалася, атручаны хімічным заводам. Парахавым заводам. На невялікі горад тры хімічныя вайсковыя заводы. І тыя пашыраліся, разбудоўваліся. Патрэбны былі будаўнікі. На тое нас вучылі. Для таго мы прыехалі.

Зноў жылі ў інтэрнаце, аднапавярховым бараку, і нешта будавалі. Здаецца, жылы дом. Мэханізмаў ніякіх, усё — цэглу, раствор, рыштаваньні — па страмянках, на сабе, у тачках. І — нормы выпрацоўкі. Заробак самы жабрацкі, толькі каб як пракарміцца. У вольны час — грамадзкая камсамольская работа. Мяне абралі сакратаром. Пачаліся планы, сходы, паседжаньні. Не падабалася мне гэта страшэнна. Але мусіў. Вымагалі найперш з гаркаму камсамолу, вядома.

І тут — вайна…

Яна ішла яшчэ недзе далёка, але ўжо празь якіх пяць дзён высока ў небе паявіліся адзінкавыя нямецкія самалёты-разьведчыкі. Аб’явілі паветраныя трывогі. Раздалі супрацьгазы. Праца нашая на будоўлі, аднак, не спынялася. І тут стала ведама, што захоплены Менск. Гэта мяне спалохала: як жа цяпер мне дабрацца дадому — дом пад фашыстам? Але пад фашыстам апынуўся ня толькі дом. Яны ўжо — пад Гомелем.

Усіх нас кінулі кілямэтраў за трыццаць на поўнач ад Шосткі капаць супрацьтанкавыя равы. Працавалі ад цямна да цямна. Гэта была катаржная праца. Роў шырокі, глыбокі. Каб выкінуць зямлю з дна, трэба было яе некалькі разоў перакідаць з прыступкі на прыступку. Працавала маса народу на той бязмозглай непатрэбнай рабоце. Наўрад ці затрымалі сотні і тысячы кілямэтраў тых равоў хоць дзясятак нямецкіх танкаў. Але капалі. Так патрабавалася па савецкай ваеннай навуцы — можа, самай бяздарнай з усіх існуючых вайсковых навук. І сапраўды, вельмі хутка немцы абышлі Гомель, пачалі ахопліваць з поўначы Кіеў. Каб не пакідаць пад немцам моладзь, ваенкаматы прызвалі ўсіх і, сфармаваўшы тысячы людзей у калёны, скіравалі іх у тыл. Нас у дадзеным выпадку — на поўдзень, пад Харкаў.

Усё лета па дзясятках украінскіх дарогаў паўзьлі калёны маладых людзей. Ішлі марудна, скрозь пехатой, харчуючыся чым Бог пашле. Добра, украінскі люд нам спачуваў, давалі хлеб ды іншае, кармілі ў часе начлегаў. Прайшлі гістарычныя мясьціны Кіеўскай Русі — Глухаў, Канатоп, Ахтырку. У Сумах стаў сьведкам зьдзічэлага выпадку, калі натоўп забіў на вуліцы чалавека. Нехта сказаў, што той — шпіён, падаваў сігнал нямецкаму самалёту, які на той час паявіўся высока ў небе. Як падаваў? Нібыта газэткай, што трымаў у руках, нібыта засланяючыся ад сонца. Ды і гамашы на ягоных нагах былі не тутэйшыя — на тоўстай падэшве. А як забілі, вынялі яго дакументы: аказалася, што гэта бежанец са Львова. І тут жа знайшлі позву з ваенкамату. Ішоў, значыцца, у ваенкамат. І не дайшоў.

Моладзь вандравала на ўсход, а немцы тым часам захапілі ўсю Беларусь і падышлі пад Харкаў. Хлопцаў ахапіла паныласьць. Куды ісьці? Зьбіраючыся ўранку пасьля начлегу ў сяле, мы недалічваліся суседзяў. Некаторыя, асабліва ўкраінцы з бліжніх абласьцей, паварочвалі аглоблі назад. Дадому. Нам, беларусам, вяртацца назад ужо не выпадала, і мы ішлі Бог ведае куды. З харчаваньнем рабілася ўсё горш, надта шмат нас было тут, шмат бежанцаў, эвакуяваных, вайскоўцаў, што ішлі з тылу на фронт і з фронту ў тыл. Пасьля аднаго пераходу пад вечар мы ўвайшлі ў Белгарад.

На вуліцах ішло звычайнае жыцьцё, яшчэ былі адчыненыя некаторыя магазыны. Купіць у іх ужо не было чаго, але я заўважыў, як у адзін зь іх, невялічкі магазынчык, шмыгаюць людзі — нешта купляюць, ядзяць на хадзе. Заскочыў і я. Аказваецца, там прадавалі фруктовую гарбату, якую можна было есьці, як сушаныя фрукты. Я купіў два пачкі, але пакуль дамогся таго, маёй калёны на вуліцы ўжо не аказалася. Я пабег далей. Ды патрапіў на разьвілку і, трохі паазіраўшыся, пабег па шырэйшай вуліцы. То была вялікая мая памылка, якая ледзь не каштавала мне жыцьця.

Тою шырэйшай вуліцай я, здаецца, выбег на ўскраіну гораду і тады папытаўся. Ніхто ня бачыў ніякай калёны.

Тады я вярнуўся назад на разьвілак, пабег па іншай вуліцы. На той таксама нікога не дагнаў. І тут стала зьмяркацца. А я ледзьве цягнуў ногі ад стомы і ня ведаў, што рабіць. У вёсцы можна б папрасіцца да якой цёткі, каб пераначаваць, а як папросішся ў горадзе? Так разважаючы, я патрапіў на нейкі недабудаваны ці разбураны дом і зайшоў у яго. Там было пуста, і я ў зьнямозе прылёг на нейкую лахманіну ў куце.

Поделиться с друзьями: