Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8
Шрифт:
Пра лён пісаў ужо, як «выбівалі» яго зь сялянаў. Тое ж з хлебам. Сходы, вобыскі, арышты сабатажнікаў. Неяк надумалі пабіць жорны, каб не малолі, здавалі збожжа дзяржаве. Пайшлі па вёсцы і ва ўсіх пабілі верхнія камяні. Пабілі і ў нас, кінулі кавалкі ў крапіву пад плот. Але бацька змайстраваў абручы і ноччу, як пасьне вёска, неяк змацуе тыя кавалкі і паціху зьмеле на хлеб. А ранкам кіне тыя ж кавалкі на ранейшае месца ў крапіву, бо хадзілі, правяралі, ці ляжаць там, куды яны кінулі.
Зрэшты, тое апісана мною ў «Сьцюжы». Гэта ўжо ня выдумка, гэта балючая праўда.
Вучні ў новай (нядаўна пабудаванай за царквой) школе былі розныя па нацыянальнасьці, у асноўным беларусы. Хоць шмат было і яўрэйскіх дзяцей зь мястэчка. Круглы выдатнік (шматгадовы) быў у нас Сьвярдлоў Мэер, старэйшы за мяне гады на два-тры, зь ім мы разоў колькі езьдзілі ў Вушачу на якія школьныя мерапрыемствы, аднойчы ў лягэр у Стайкі. З ягоным стрыечным братам Лёвам мы вучыліся ў адной клясе. Было нямала і дзяўчат-яўрэек. Амаль усе яны загінулі ў верасьні 1941 году ў рове пад магільнікам каля Ушачы. Мэер Свярдлоў, праўда, пасьля вайны жыў у Маскве, працаваў у нейкай паштовай скрынцы. Адносіны беларусаў і яўрэяў былі абсалютна нармальныя, сяброўскія: я ня памятаю ніводнага канфлікту на нацыянальнай глебе. Вясковыя хлопцы сябравалі зь местачковымі, так, як іхнія бацькі і дзяды сябравалі. Местачкоўцы-яўрэі былі гандляры і рамесьнікі, кавалі, ваўначосы, лудзільшчыкі, паяльшчыкі, шаўцы і краўцы. Мая маці, напрыклад, усё жыцьцё мела прыязнасьць да Рывы-Рывіткі, як яна яе звала, што была краўчыха. Яна часам шыла нам пінжакі, кашулі, за якія маці плаціла то кавалкам сала, то яйкамі. Па ўзаемнай згодзе і выгадзе.
Выяўленчае мастацтва ўвайшло ў маю душу з малюнкаў, кніжных ілюстрацыяў. Асабліва захаплялі гравюры ў старых кнігах Жуль Вэрна і іншых. Сам ахвотна маляваў зь першых клясаў і, вядома, афармляў (здаецца, ва ўсіх клясах) насьценгазэту. Неяк сьпісаўся з Домам мастацкага выхаваньня дзяцей (у Менску?), адтуль прыслалі папулярныя брашуры з парадамі, як маляваць акварэльлю. Неяк стала вядома, што наш піянэрважаты Кандрацкі паступіў у Віцебскае мастацкае вучылішча, аднойчы (улетку, здаецца), расказваў пра сваё там навучаньне.
Між тым у тыя перадваенныя гады мае старэйшыя таварышы, зь якімі я пачынаў вучыцца, заканчвалі школу і разьляталіся, хто куды. Большасьць — у вайсковыя вучылішчы — артылерыйскія, лётныя. Юнацкі неспакой ахапіў і мяне, карцела кудысьці ехаць. Жыцьцё ў калгасе не рабілася лягчэйшым, хутчэй наадварот. Але я не хацеў быць вайскоўцам, я хацеў стаць мастаком. І вось аднойчы ўлетку пайшоў у школу і ўзяў свой атэстат за дзявятую клясу. Дырэктар Сьлімборскі не хацеў аддаваць; заставаўся адзін год да сканчэньня, зноў жа — выдатнік. Але аддаў. Бо я сказаў: паспрабую, паступлю дык паступлю, а не, дык вярнуся. Сабраў дакумэнты, некалькі малюнкаў — алоўкам і акварэльлю — і паслаў у Віцебск.
На ўступныя экзамэны я першы раз у жыцьці ехаў чыгункай, першы раз убачыў вялікі горад. Тыдзень ці болей жыў у інтэрнаце на Магілёўскай плошчы, здаваў экзамэны. Пасьля вярнуўся дамоў і пачаў чакаць выкліку.
Прыйшла тэлеграма: прыняты. Пачатак заняткаў зь першага верасьня. Тое радавала і трывожыла, асабліва бацькоў. Не было ні вопраткі, ні абутку. Ні грошай. У дзень ад’езду бацька запрог каня і заехаў у Двор да дзядзькі Сьцёпкі, пазычыў тры чырвонцы. Зь імі я і паехаў у вялікі сьвет. На станцыю Фарынава, адтуль — на Полацак.
Памятаю, ішоў дождж. Бацька заклапочана маўчаў. А я думаў, дзе ўзяць фарбы, бо, сказалі, фарбы трэба мець свае.
Усё тое лета дома было галаднавата, хлеба не было зь зімы, бульбачка паявілася толькі ў канцы жніўня. Тая галаднаватасьць была маёй спадарожніцай і ў горадзе, заўжды хацелася есьці. Порцыя пярловай кашы з лыжачкай масла ў сталоўцы каштавала 60 кап., але была дужа маленькая тая порцыя. А купіць другую…
Вясковая сарамлівасьць яшчэ доўга прыгнятала характар 15-гадовага падлетка. Бохан хлеба каштаваў рубель, гэта быў наш асноўны наедак. Але за ім трэба было раненька ўстаць, каб заняць чаргу і да дзевяці гадзінаў купіць свой бохан. Пасялілі нас чатырох у яўрэйскай сям’і на Смаленскім базары, апроч мяне быў яшчэ хлопец са Смаленшчыны, другі з Каўказу (Аганясян) і Алёшка з Коханава. Мы былі самыя бедныя. Я хадзіў да зімы ў брызентавых гамашах, зь якіх вылезьлі пальцы, а Алёшка зь верасьня шкломаў у бурках. Зімой, праўда, яму стала самы раз. Затое мне стала ніяк.
Мастацкае вучылішча зьмяшчалася ў старым асабняку каля гарадзкой ратушы (музэю) з клясамі і студыямі на першым і другім паверхах. На першым паверсе зь вялікім акном была майстэрня дырэктара вучылішча І. Ахрэмчыка, дзе заўсёды стаяў вялізны, на ўсю сьцяну, падрамнік са шматфігурнай кампазыцыяй. Часам там можна было бачыць мастака з палітрай у руках. Мы малявалі нацюрморты — кубкі, жбаны, часам садавіну, бульбіны. Ну і, вядома, натуршчыкаў. Жывапіс выкладаў Лейтман, ціхі, удумлівы мастак. У канцы месяца плацілі стыпендыю — 60 руб. На тое ў асноўным жылі.
Як вядома, горад — гэта перш за ўсё вуліцы і плошчы, затым будынкі, магазіны, музэі. Мне вельмі падабаліся некаторыя віцебскія вулкі: Замкавая, Вакзальная, стары мост цераз Віцьбу, знакамітыя віцебскія равы. Але былі і найбольш улюбёныя мясьціны, і гэта найперш музэі. Музэй Пэна з мноствам яго самых звычайных па зьмесьце карцінаў: шаўцы, старыя яўрэі, вуліцы гораду. На лесьвіцы вісеў партрэт (галава) каня, за якую аўтар атрымаў мэдаль на нейкай парыскай выставе. Карціны іншага зьместу былі ў галерэі за ратушай, з іх помню «Отцелюбие римлянки» — на антычную тэму. Добра, што для студэнтаў вучылішча ўваход у музэі быў бясплатны, і гэта дазваляла хадзіць туды часта і быць там колькі пажадаеш. Асабліва ў сьцюдзёную пару.
У вучылішчы арганізавалася скульптурнае аддзяленьне, на якое, здаецца, не было набору. Ужо ў пачатку навучальнага году [ст]алі агітаваць некаторых пераходзіць на яго з жывапісу. Ня надта хацелі, большасьць жадала быць жывапісцамі. Тады дырэктар аддаў загад і прыклаў да яго сьпіс з паўтара дзясяткам асобаў. Там аказалася і маё прозьвішча. Некаторыя пайшлі спрачацца, я не пайшоў. Тым болей, што ўжо тыдзень я не займаўся жывапісам — скончыліся фарбы. З гэтымі фарбамі быў немалы клопат — акварэльныя я мог неяк агораць па сваіх грашах, але на алейныя грошай не было. Пазычаў у некаторых, падбіраў сплюшчаныя цюбікі. Тое, вядома, не магло не адбіцца на маіх жывапісных посьпехах, і я думаў: што ж, скульптурнае, дык скульптурнае. Тым больш, што з малюнкам у мяне праблем не было.
Скульптурнае разьмяшчалася ў тым жа памяшканьні, толькі ўваход у яго быў з двара. Выкладала добрая клапатлівая скульптарка Бяляева. Ужо яна столькі праяўляла клопату, каб зацікавіць і навучыць. Ляпілі з гліны антычныя профілі — насы, вушы, вусны. Была і кампазыцыя. Здаецца, у мяне прарэзаліся і тут здольнасьці — мая кампазыцыя (пагранічнік зь біноклем) была прызнана найлепшай. Бяляева хваліла. І я быў рады.
Неяк увосень прыйшла сумная навіна: студэнтам вучылішча ня будуць плаціць стыпендыю. Сьпярша не паверылі: а як жа тады жыць? Вельмі многія з нас жылі толькі на стыпендыю, болей нічога ня мелі. Асабліва гэта адносілася да дзяцей калгасьнікаў. Стала так, што ўжо колькі дзён у маёй кішэні не было ні капейкі. Ды і ў маіх сяброў таксама.
Пачаўся пошук працы. Увесь дзень да зьмярканьня бадзяліся па горадзе, каб знайсьці якую работу. Два дні на станцыі разгружалі вагоны з рубэроідам. Нацягаліся, папэцкалі кашулі. Сказалі, заплоцяць заўтра, трэба прыйсьці ў кантору. Як назаўтра прыйшлі, сказалі, каб прыйшлі пасьлязаўтра. А пасьлязаўтра аказалася, што таварыш Кулеш зьехаў у адпачынак, а безь яго ведамасьць ніхто не падпіша.
Аднойчы я зайшоў да прыватніка, які ў нейкай кануры шыў шапкі, і прапанаваў яму зрабіць шыльду. Той пагадзіўся. Я знайшоў у вучылішчы фанерыну памерам 1,5 х 0,35 мэтра, неяк загрунтаваў яе і напісаў «Пошив головных уборов». З бакоў намаляваў кепку і капялюш. Прынёс майму заказчыку. Той доўга глядзеў, а пасьля сказаў, што ня возьме. «Чаму?» — «Таму, што тут капялюш. Я капелюшоў не раблю. Капелюшы рабілі для паноў. А ў нас паноў няма». Што было рабіць? Цягнуў цераз увесь горад гэтую рагаціну-дошку, а цяпер куды зь ёй? Кінуў я шыльду ў крапіву за сьцяной і, ледзь ня плачучы, павалокся на Смаленскі базар. А дзён праз колькі, апынуўшыся на Магілёўскай плошчы, убачыў сваю шыльду над дзьвярыма тае кануры-будкі. Толькі капялюш быў чымсьці замазаны. Але зайсьці па плату не хапіла адвагі.