ЖАНРЫ

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8

Быкаў Васіль

Шрифт:

Ішлі па полі доўга і марудна, болей ніхто не падрываўся. Але ззаду да пераезду на чыгунцы паявіліся нямецкія танкі. За намі яны не пайшлі і, як ні дзіўна, па нас не стралялі. Можа, яны не маглі згледзець, хто мы — свае ці чужыя. Адлегласьць была ўсё ж далекаватая. Урэшце мы прыбіліся да адной з групы сьціртаў, што чарнеліся ў стэпе. Нас тут сабралася чалавек дванаццаць. Апроч параненых яшчэ было некалькі разьведчыкаў і артылерыстаў. Мы ўбіліся ў салому і сядзелі, ня ведаючы, куды падацца. Бо наперадзе стала відаць шаша, па якой няспынным патокам

ішлі нямецкія машыны — адступалі зь Кіраваграду. Куды мы ўлезьлі?

Так, улезьлі. Дзякуй саламяным сьціртам, якія ў стэпе заўжды давалі прытулак тым, хто меў у ім патрэбу. І сховішча. Так бы нас у стэпе даўно расстралялі. Старшым сярод нас аказаўся капітан-артылерыст. Зь ім было тры ці чатыры салдаты. Мы дасядзелі да ночы. Але рух на шашы не спыняўся. Якраз усчалася невялікая мяцеліца (пазёмка), а найгорш — на небе ўзышла поўня. У стэпе было скрозь відно. Нам, аднак, тут сядзець стала нясьцерпна. Рашылі ісьці наперарэз шашы. Хто пойдзе першы? Тое вырашыў капітан, і ён вызначыў: ты, малодшы лейтэнант. Ну вядома ж, я чужы. Не свайго ж ён пашле на пагібель.

Зглытнуўшы крыўду, я ўстаў і, абапіраючыся на карабін, пашкандыбаў па сьнезе. За мной крокаў праз сто рушылі іншыя.

Немцы на дарозе не зьвярнулі на нас ніякай увагі — яны сьпяшаліся вырвацца зь мяшка. Я чакаў аўтаматных чэргаў з шашы, але чэргаў не было. Як пералез цераз канаву, пастаяў крыху, прапускаючы нейкія аўтамабілі-фуры. Як зьявіўся прамежак, перайшоў дарогу і з усяе сілы пашкандыбаў у стэп. З шашы ўсё не стралялі. Як я адышоўся далекавата, усчалася страляніна, я паддаў хады. Нехта адтуль бег за мной — але, падобна, гэта прарываліся нашы. Хтось застаўся на дарозе, а чалавек шэсьць даганяла мяне. Але я іх не чакаў. Я стыргікаў у ноч — далей ад шашы.

Пад ранак я і яшчэ шасьцёра з тых, што перайшлі шашу, выйшлі да нейкага сяла над рэчкай. Тут былі нашы: абозы, машыны. Мы разышліся па хатах, набітых салдатамі. Я залез пад лаўку ля парогу і, здаецца, адразу заснуў.

Прачнуўся ад жахлівай бамбёжкі, зямля трэслася, вакол усё абвальвалася і сыпалася. З хаты ўсе павыбягалі, а я ня мог канчаткова прачнуцца. Так пад той лаўкай я ператрываў дзьве ці тры бамбёжкі, а пасьля вылез. Мусіць, трэба было ратавацца.

Удвох зь нейкім салдатам у паўшубку, параненым у руку, мы распыталі, дзе тут санчасьць. Санчасьць аказалася ў хаце цераз вуліцу. Там нас перавязалі і пачалі выпісваць карткі перадавога раёну на эвакуацыю ў шпіталь.

Санчасьць, аднак, аказалася нейкай часьці танкавай арміі, і дзяўчына не хацела выпісваць яе мне, афіцэру зь невядомай дывізіі. Але тут зноў наляцелі «юнкерсы», пасыпалася гліна са сьценаў, і яна выпісала мне лісток паперы з чырвонай паласой наўкось.

Але выбірацца ў тыл было нашай праблемай — транспарту ў іх не было ніякага.

Усё ж нам пашэньціла — па дарозе імчаў «віліс» зь нейкім начальнікам, ягоны шафёр аказаўся знаёмы майму спадарожніку, той крыкнуў: «Грыша!», і «Віліс» спыніўся.

Падвечар мы апынуліся ў гарадку Александрыя, дзе быў шпіталь 5-й танкавай арміі.

(Пасьля ўжо дазнаўся, што ў тых баях загінуў Міргарад, а таксама і камбат Сьмірноў, і камандзір палку Казар’ян, і шмат-шмат нашых салдатаў і афіцэраў. Большасьць зь іх пахавана (пасьля, як растаяў сьнег) у сяле Вялікая Севярынка пад Кіраваградам.)

Шпіталь быў перапоўнены параненымі і разьмяшчаўся, як звычайна, у будынку гарадзкой школы. У кватэры дырэктара ляжалі афіцэры. Мяне паклалі другім у ложак да лейтэнанта Варашылава, танкіста. Тут увогуле былі скрозь танкісты. Рану перавязвалі, і яна гаілася. Аднак неўзабаве выйшаў кавалак косьці з галёнкі. Пачалося нагнаеньне.

Абмундзіроўку ў нас не адбіралі, можна было калі выйсьці ў горад. На базар, дзе прадавалі семкі. Іншага я за свае грошы купіць ня мог.

Часу было шмат, пасьля перавязак увечары афіцэры расказвалі пра нядаўнія баі, пра даваенную жытку. Запомніўся расказ пра рэйд 8[-га] МК у тыл да немцаў на ст. Малая Выспа, які скончыўся разгромам гэтага корпусу.

Усе дактары былі жанчыны, сёстры — таксама. Нас, афіцэраў, даглядала вясёлая Нінка Барысава, што раздавала таблеткі глюкозы. Замест цукерак.

Здаецца, у канцы студзеня шпіталь перасоўвалі на поўнач, у раён Знамянкі. Сьнег тую зіму рана растаяў, і тыя, што былі ў валёнках, аказаліся ў незайздросным становішчы. Ішлі пехатой. Атабарыліся на нейкай жывёлагадоўчай ферме. У даўгіх аборах наслалі ля сьценаў саломы, паставілі на сярэдзіне бочкі-печы. Параненыя ляглі па абодва бакі ад праходу. Афіцэры, праўда, пасяліліся ў нейкай дамоўцы.

Каб чымсьці заняць салдатаў і сяржантаў у аборы, мяне і лейтэнанта Тавакіна прыкамандзіравалі да іх праводзіць заняткі. Кожны дзень пасьля сьняданку мы чыталі ім статуты. Слухалі, аднак, дрэнна, у моладзі былі свае інтарэсы.

Пасьля было яшчэ адно перамяшчэньне — пад ст. Цьвяткова. Там я некалькі дзён пажыў у мілай украінскай сям’і сельскіх інтэлігентаў зь дзьвюма дочкамі — студэнткай мэдінстытуту і дзесяціклясьніцай. Малодшая мяне зацікавіла, але часу на разьвіцьцё якога пачуцьця не ставала. Здаецца, у тым сяле я ўпершыню выпіў украінскай самагонкі і здорава ўпіўся. Ноччу ішоў дадому, трымаючыся плятню.

Вясной нас з Тавакіным выпісалі са шпіталю.

Гэта цэлая эпапея — даганяць фронт, які перайшоў у наступ.

Даганяць, канешне, пехатой, вясной, па гразі, раскіслым украінскім чарназёме. Кіравалі мы, вядома, у сваю армію, якая, аднак, не ішла ў адным кірунку, а ўвесь час мяняла напрамак: то на захад, то на поўнач. І наш шлях пралягаў на Шполу, Тальное, Умань, Бершадзь. Скрозь па шляхах нядаўніх баёў з разгромленымі рэшткамі нямецкага войска, чародамі спаленых машынаў на дарогах. Ішлі мы не адны, зьбіраліся ў групы такія, як мы, афіцэры, што выпісаліся са шпіталяў. Начавалі і карміліся ў сёлах — бедных, абнішчаных з калгасаў і канчаткова дабітых вайной. «Фасоля і бараболя — болей нічога няма», — казалі звычайна гаспадыні, шчырыя ўкраінкі.

На ўскраіне Бершадзі, дзе мы начавалі, жылі цыганы, і цыганка мне пагадала. Сказала, што на фронце ўсё будзе добра, што буду жанаты тройчы. Дзіўнавата тое здалося тады, але запомнілася.

Недзе пасьля аднаго начлегу я згубіў Тавакіна, далей ішоў з выпадковымі людзьмі, кампаньёнамі на адзін дзень шляху. Мы стараліся як мага хутчэй дагнаць фронт, але на гэты раз фронт набраў добры тэмп, і гэта, вядома, радавала.

Між тым настала вясна, прыгравала сонца, наўкол зелянела трава. На бяду, разваліліся мае боты, якія я абвязваў тэлефонным провадам — каб неяк ісьці. Аднойчы за гэтым заняткам мяне застала калёна войска, што ішла нам насустрач, і я цераз канаву глядзеў на стомленых, брудных салдат і афіцэраў — яшчэ ў зімовых убраньнях, кажухах, шапках, і раптам адзін старшы лейтэнант, што сядзеў на артылерыйскім перадку, мне здаўся знаёмым, і я крыкнуў яму. Ну так і ёсьць, гэта ж быў мой сусед, камандзір першага ўзводу з роты Міргарада. Мы павіталіся і загаварылі. Аказваецца, гэта ішла мая дывізія (111-я Александрыйская), якую перакідвалі на нейкі іншы ўчастак фронту. Але ў ёй — ніводнага знаёмага твару. Старшы лейтэнант сказаў, што дывізіі ўвогуле не шанцуе, камандаваньне мяняецца, наш камандзір палку маёр Казар’ян загінуў пад Севярынкай, і ён параіў мне ісьці ў аддзел кадраў якой-небудзь іншай арміі, сказаць, што не магу адшукаць сваю часьць.

Поделиться с друзьями: