Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8
Шрифт:
Здаецца, толькі задрамаў, як нехта засьвяціў у вочы ліхтарыкам. Аказалася, што вайсковы патруль. Мяне забралі ў камэндатуру. Там абшукалі, адабралі ўсе дакумэнты, небагатыя мае рэчы ў палявой кірзавай сумцы. Асаблівае падазрэньне выклікаў невялікі аркуш геаграфічнай карты, выдранай мною з падручніку ў нейкай школе. На той карце я адзначаў лінію фронту паводле паведамленьняў ТАСС. Крыклівы старшы лейтэнант у сіняй фуражцы НКВД патрабаваў прызнацца, якое і ад каго я атрымаў заданьне. Я бажыўся, што адстаў ад калёны, але ён не хацеў і слухаць. Што я затрыманы шпіён — сьведчыла тая карта.
Нічога ад мяне не дабіўшыся, старшы лейтэнант загадаў адвесьці мяне ў склеп. У склепе пад камэндатурай было поўна народу, можа, чалавек пяцьдзясят. Хто спаў, хто плакаў, хто стагнаў. Але ў цэнтры нікога нельга было ўбачыць. У тым сутарэньні мы прасядзелі можа сутак чацьвёра. Ніхто нас не карміў. Некаторых выклікалі на допыт. Некаторыя не вярталіся. Мяне не выклікалі. Пасьля нас стала неяк менець. І аднойчы ўранку мы прачнуліся ад страшнай бамбёжкі, думалі, заваліць нас у тым склепе. Ды не заваліла. А як сьціхла, расчыніліся дзьверы — і пачалі выводзіць па два. Назад ніхто не вяртаўся. Мы ўслухаліся: так і ёсьць, непадалёк грукаюць стрэлы. Грукне два разы і сьціхне. Страх ахапіў мяне: гэтак недарэчна загінуць.
Я зашыўся за шула, далей ад дзьвярэй. Побач сядзеў пажылы чалавек у фуфайцы. Мы былі апошнія. За намі нешта даўгавата не ішлі. Але во расчыніліся дзьверы. За парогам стаялі два чырвонаармейцы. Адзін малады, белабрысы, у пілотцы, і другі высокі, як мне здалося, пажылы, з вусамі, як у майго бацькі.
Нас вывелі за камэндатуру на агарод. Тут буяла бульбянішча, былі нейкія грады. А далей стары паламаны плот і чужы суседзкі садок. Зразумеўшы, што нас чакае, я не стрымаўся, сьлёзы самі лінулі з вачэй. Майго суседа тут жа белабрысы зваліў стрэлам у патыліцу і вярнуўся ў камэндатуру за вугал. А мой канваір нешта марудзіў. Запытаў толькі: «Адкуль будзеш?». — «Зь Беларусі», — сказаў я празь сьлёзы і пачуў ціхае: «Бяжы! Туды!». Я кінуўся цераз бульбу, да блізкага плоту, і як ужо пераляцеў праз яго, ззаду бахнуў стрэл. Угару. Мой расстрэльшчык паварочваў за мураваны вугал на двор.
Выбраўшыся з садкоў і агародаў, я апынуўся каля лініі чыгункі. Куды бегчы, ня ведаў. Пайшоў узбоч сьцежкай, аж неўзабаве спаткаў чыгуначніка. Той адразу спыніў мяне строга: «Куды ідзеш? Куды ідзеш? Там за разьездам немцы!». Я моўчкі павярнуў у другі бок. Папытаўся, куды вядзе чыгунка. Чалавек, мусіць, здагадаўся, хто я і што мне патрэбна. «Што, адстаў ад сваіх?» — «Адстаў, ага» — «Там вашых многа пагналі ў Ваўчанск. У Ваўчанск кіруй…»
І праўда, у Ваўчанску я дагнаў сваіх. На ўскраіне гарадку ў лесе фармаваліся новыя часьці. Усе мае дакумэнты засталіся ў Белгарадзе, але тут мяне ведалі. І я сказаў, што дакумэнты згубіў. А паколькі значыўся ў агульных сьпісах, дык асаблівага клопату не было. Нас разьмеркавалі на групы. Я трапіў у нейкі інжынэрна-сапёрны батальён. Зноў нешта капалі на поўнач ад Харкава — нейкія вялізныя ямы-катлаваны. Казалі, КП для маршала Будзённага. Але наўрад ці для Будзённага. Пасьля зноў пачаўся адыход — на поўнач, на Стары Аскол, у бок Варонежу.
У Варонеж трапілі ўжо ўвосень. Дажджы, сьцюжа. І галадуха. Цягніком скіравалі нас на станцыю Гразі, дзе зноў нешта фармавалі. Але там аказалася, што 1924 год нараджэньня яшчэ не прызываўся. І нас, сямнаццацігадовых, выбракавалі. Далі, памятаю, па бохану хлебу і даведку, што эвакуяваны ў Сумскую вобласьць. Зноў сфармавалі новую калёну на чале з адным падпалкоўнікам запасу, той павёў нас на ст[анцыю] Апна. Далей апынуліся на памятнай мне станцыі Елань Калена. Гэта было якраз на 7 лістапада, у сьвята. Надта добрыя людзі заапекаваліся намі на той станцыі. І далі памыцца, і накармілі. Быццам мы былі іхнія дзеці, якіх яны чакалі. Але прабылі мы там якіх два дні. І пайшлі далей, несучы ўдзячнасьць у душах. Удзячнасьць, якая жыве і цяпер. Мусіць, усё ж рэдкая зьява ў той жорсткі час была дабрыня. Таму і запомнілася.
На зямлю ўжо лёг сьнег, як мы прытопалі на станцыю Салтыкоўка Саратаўскай вобласьці. Тут нас разьмеркавалі па сёлах. Мы зь Лёшкам Арловым (родам з Ушачы) трапілі ў калгас «Камінтэрн» — на поўдзень ад станцыірайцэнтру.
У калгасе мяне пасялілі ў сям’і камбайнёра, які з тае прычыны меў браню і не прызываўся ў войска. У яго была даволі маладжавая жонка, маленькая пяцігадовая дачушка і старая маці. Калгас даваў паёк — 5 кг проса ў месяц, зь якога трэба было рабіць пшано. Гатавалі мне асобна, кармілі таксама — перад тым, як сядаць самім, клікалі мяне. Зімой працы ў калгасе асаблівай не было, і мой асноўны занятак быў — езьдзіць з санкамі ў стэп і прывозіць дудзьдзё сланечніку — на паліва. Сьпярша, вядома, трэба было яго наламаць і перабрацца цераз два равы. Не адзін раз я сядзеў над тымі равамі ў адчаі і роспачы і думаў-думаў. Усё пра тое ж: як там на маёй зьняволенай Беларусі? Што з бацькамі? Як сястрычка Валечка і адзінаццацігадовы браток Міколка? Часам у стэп езьдзілі-хадзілі з Лёшкам, адзінаю роднай душой у той чужыне. (Пасьля прызыву ўлетку 1942 году зьнік Лёшка Арлоў бязь сьледу. Ніхто нічога ня чуў, ня ведае. Колькі я ні пытаўся…) Як да мяне ні адносіліся ў сям’і камбайнёра, усё ж я адчуваў, што чужы тут, лішні. Маладая гаспадыня амаль са мной не размаўляла, мусіць таму, што ў асноўным апекавалася мной яе сьвякроў, зь якою яны былі ў вялікай нязгодзе. Гаспадар стараўся захоўваць нэўтралітэт. Неяк пад весну мы з Алёшкам рашылі рваць когці на фронт. Вядома, тайком. Але дабраліся толькі да Рцішчава, дзе нас затрымалі і вярнулі назад. Быў, вядома, скандал. Тады ў пачатку мая мы падаліся ў чыгуначную школу ФЗН у Атнарску. На тое калгас не пярэчыў — усё роўна яму гэта пайшло ў плян.
У той чыгуначнай школе ў г. Атнарску мы вучыліся на пуцейцаў. Укладка, догляд, рамонт пуці. Была сьпякотная вясна, дах над галавой, нас кармілі — што яшчэ трэба? Праца была ня лёгкая, але што ж… Працавалі, рамантавалі чыгунку Урала-Каўказскую, па якой бясконца ішлі цягнікі на захад. Адно толькі засмучала — казалі, чыгуначнікаў не бяруць на фронт. А мы хацелі на фронт. Мы жылі толькі фронтам. Лавілі ўсе чуткі адтуль, перачытвалі ўсе газэты. Найперш на гарадзкіх вітрынах. Аднойчы з тае вітрыны я дазнаўся пра жахлівую вестку — сьмерць Янкі Купалы. Такое цяжка было перажыць. Мінуў год, як я расстаўся зь Беларусьсю, і сэрца маё балела штодзень ад той ростані. Усё сьнілася яна мне[: ] бацька, нашыя рэчкіазёры, нашыя родныя алешнікі. Вакол жа ляжаў стэп, голыя вуліцы бязьлеснага гораду.
У жніўні 1942-га пачаўся прызыў 1924 году нараджэньня. Вучоба ў школе яшчэ ня скончылася, і нас не выклікалі. Але аднойчы мы з Арловым пайшлі ў ваенкамат. Запыталіся павесткі, але мы сказалі, што эвакуяваныя, і нас прызвалі. Мяне прызначылі ў вайсковае вучылішча ў Саратаў, а Лёшку, памятаю, — у Вольск. Так мы зь земляком рассталіся назаўсёды.
Праз шмат год давялося прачытаць твор А. Салжаніцына «Адзін дзень Івана Дзянісавіча», які дужа ўразіў некаторых жахам паднявольнага існаваньня, бяспраўем, нявольніцкай працай і г. д. Мяне ж ён ня ўразіў ніколькі, бо тое, што мы ў вучылішчы прымалі як нармальнае, было куды больш цяжкім і бяспраўным. Па-першае: строгі, нейкі бязмозгла-зьдзеклівы рэжым зь безьліччу яго рэгламентацыяў, абмежаваньняў, патрабаваньняў. Увесь час быў разьдзелены на гадзіны і хвіліны, усё бягом, строем, па камандзе. Жахлівая скучанасьць, казармы з трох’яруснымі нарамі, шматлюдзьдзе, беднае харчаваньне, гадзіны страявой і фізычнай падрыхтоўкі — на сьцюжы, марозе ў шынельках і чаравічках з абмоткамі. Зноў жа: нарады, праца, поўная адсутнасьць вольнага часу. І хоць мы былі людзі не расьпешчаныя, ужо трохі цёртыя вайной і жыцьцём, часам было невыносна. Невыносна пяць дзён у тыдзень тактыкі па 6 гадзінаў у полі, на сіверкім ветры, пры тэмпературы 25–30 градусаў марозу. Марозілі рукі, марозілі ногі. Дурная страявая з фінальным: «Запявай!». «Взвейтесь соколы орлами» — сьпявалі мы пасінелымі вуснамі, з даўно пустымі жыватамі. Шчасьцем былі заняткі па Статутах ці матэрыяльнай частцы зброі. Але іх было мала. Затое куды як шмат гадзінаў тактыкі, страявой, ПХЗ, інжынэрнай. Палітзаняткі былі ўзнагародай, на палітзанятках мы адсыпаліся. Асабліва мой зямляк Іваноў, у якога была адна неспатольная мара — дзе чаго паесьці.
Камандзіры на той час былі асаблівыя. Мала хто зь іх рваўся на фронт, некаторыя жылі зь сем’ямі пры вучылішчы і дужа стараліся адпавядаць, дагаджаць начальству, бо тых, хто ня змог дагадзіць, адпраўлялі, каб не вярнуліся. Дужа стараўся драць з нас скуру наш камандзір узводу крыкун лейтэнант Корш, з маўклівай зласьлівасьцю патрабаваў дысцыпліны наш ротны, старшы лейтэнант Грыб (здаецца, зямляк з Гомельшчыны). Трохі інакшы быў камандзір батальёну, пажылы, ужо, мабыць, з запасу, маёр Анціпас. Іншага начальства мы мала ведалі, хіба бачылі ў часе агульнавучылішчных пастраеньняў начальніка вучылішча палкоўніка Гагунова ды ягонага намесьніка падпалкоўніка Кіма.
Добрыя адносіны склаліся ў мяне з памяркоўным, неяк не вайсковага складу характару, выкладчыкам тапаграфіі старшым лейтэнантам Рамяственскім. Тапаграфію я любіў наогул як навуку пра карту і мясцовасьць, і наш выкладчык часам пакідаў мяне ад палявых заняткаў маляваць дапаможнікі — нейкія схемы, карты. Зімой гэта было як падарунак, як усьмешка лёсу. На якіх тры гадзіны да ці пасьля абеду.
Вайсковыя заняткі займалі дзесяць гадзінаў часу — шэсьць да абеду і чатыры пасьля. Але, апроч таго кожны тыдзень былі работы — па гаспадарцы, нарыхтоўцы і транспарціроўцы дроў, дастаўцы прадуктаў. Улетку 1942-га мабыць, зь месяц капалі траншэі пад нафтагазапровад каля Альшанкі, дзе адкрылі радовішча нафты. Працавалі па 10 гадзінаў, а пасьля ўсё ж праводзілі заняткі. Жылі па ротах і батальёнах, заняткі праводзілі па ўзводах і аддзяленьнях. У нашым аддзяленьні сабраліся неблагія хлопцы, у асноўным паходжаньнем з Саратаўскай вобласьці. Камандзірам быў сяржант Лёшка Сямёнаў, родам з Аткарску. Былі яшчэ Ананьеў з Алма-Аты, Валодзя Ляўчук з Саратава, Зудзікаў. Коля Беражны быў, здаецца, з Днепрапятроўшчыны. І быў мой адзін зямляк Іваноў, беларус. Гэты слаўны і добры хлопец не хацеў вучыцца, заўжды быў галодны, і яго камандзір роты хутка адкамандзіраваў у маршавую роту, што рэгулярна фармавалася для фронту. Больш я майго земляка ніколі нідзе ня бачыў — ня чуў. Мясцовыя хлопцы, вядома, часта атрымлівалі пісьмы ад бацькоў, якія таксама часьцяком наведвалі сыноў. Я ж не атрымаў ніводнага пісьма ні ад каго, пошта мяне мінала. Можа і добра, што надта перажываць ад таго не выпадала, вольнай часіны амаль не было ніколі.
Увосень 1942-га, як немцы падышлі да Сталінграду, у блізкім ад яго Саратаве пачалося пекла. Кожную ноч горад бамбілі: зь вечару вешалі ў небе некалькі ліхтароў на парашутах і пачыналі нішчыць вайсковыя аб’екты — асабліва крэкінг (перагонка нафты) і камбайнавы завод, які вырабляў самалёты-зьнішчальнікі. Кожную ноч нас, курсантаў, накіроўвалі на гэтыя аб’екты для дзяжурства і тушэньня пажараў. На камбайнавым дык гарэць было ня надта чаму (наш абавязак быў выкочваць самалёты з разбомбленых цэхаў), а вось на крэкінгу ўсё палала, не перастаючы ні ўдзень, ні ўначы. Кожны дзень мы хавалі нашых хлопцаў, шмат згарэла бяз рэшты. Так працягвалася да позьняй восені.