Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8
Шрифт:
Немцы мэтадычна абстрэльвалі сяло, цяжкія міны ірваліся перад намі ў стэпе і ззаду — між сельскіх мазанак. Забілі там каля школы двух нашых афіцэраў. У нас пакуль што стратаў не было. Наперадзе відаць быў прыгарад Кіраваграду, ягоны шэры элеватар на гарызонце. Каля поўдня мяне выклікаў Міргарад, даў на ўзвод кулямёт (Дзегцярова), які я ня ведаў, каму ўручыць. Каго ні пытаўся, ніхто не прызнаўся, што ўмее зь яго страляць, а палова байцоў наогул мяне не разумелі, бо былі зь Сярэдняй Азіі. Тады я ўзяў кулямёт сам (ня кідаць жа зброю). Праўда, пад вечар яго забраў у мяне Хазяінаў, камусьці ўсё ж уручыў.
Абстрэльвалі сяло ўвесь дзень, і мы ляжалі пад тым абстрэлам да вечару. А як трохі пацямнела, далі каманду ўстаць і ўзяць накірунак направа, — на гару, у стэп. Ішлі па кукурузе, пасьля далучыліся да батальённай калёны і палявой дарогай рушылі кудысь у абход гораду. Страляніна сьціхла, настала ноч, у небе вісеў малады месячык, было ўвогуле сьветла на асьнежаным стэпавым прасторы. Я ішоў поруч з камандзірам першага ўзводу, ён ціха расказваў пра тыя баі, якіх я ўжо не засьпеў, пра забітых камандзіраў. Неяк паўзіраўшыся ў неба, мовіў: «А заўтра Раство, між іншым». Ага, значыць, каляды, падумаў я, і адразу думкі мае скіравалі туды, на поўнач, дзе быў дом, бацькі… Як яны там, ці жывыя? Ці будуць сьвяткаваць заўтра? Да вайны ж сьвяткавалі заўжды. Як маглі. Як дазваляла наша шматгадовая нэндза. Можа, мама сьпячэ што смачнейшае. Сястра Валя надзене навейшае (калі ёсьць), брат Міколка, мабыць, дастане свае арэхі, што назьбіраў, прыпас да калядаў. А мае каляды вось тут, у марозным стэпе.
Усе тыя дні і тыдні рэчаіснасьць даходзіла да сьвядомасьці ўрыўкамі, размытая, бы праз сон. Спалі ўрыўкамі, — у акопчыку, у сьнезе, на хадзе: заўсёды хацелася спаць. Мабыць, на той дарозе я прыдрамаў — можа, на хвіліну, ды раптам прабудзіўся немаведама ад чаго. І тут жа ўбачыў: блізка, збоч ад дарогі, у кукурузе нейкія постаці. Толькі хацеў сказаць аб тым старшаму лейтэнанту, як кукуруза выбухнула шквалам агню па калёне. Крапанка трасіруючых куль джгала над галовамі, між людзей, трасы рыкашэтам разьляталіся ўбакі — у зорнае марознае неба.
Сьпярша мы пападалі, з аўтамата я даў некалькі чэргаў па кукурузе, па цёмных постацях у ёй. Але там, згледзеў, паявіліся іншыя постаці — цёмныя кучы насунуліся бліжэй, і зь іх шалёна джгала трасамі — па дарозе, па полі. Я азірнуўся — ну так, батальён разьбегся ад дарогі далей — іншыя ляжалі, а іншыя ўцякалі пад агнём як мага далей ад кукурузы.
Я таксама ўскочыў і, прыгінаючыся, між чэргаў і трас кінуўся наўздагон. Часта падаў — як асабліва блізка і паразьліва над галавой джгалі трасы, азіраўся і бег далей. Здаецца, я ўсё ж адарваўся ад даганятых. Калі б ня танкі. Тыя ўжо выйшлі з кукурузы і пачалі даганяць нас. І страляць ня толькі з кулямётаў, але і з гарматаў. З гарматаў гахалі ўдалечыню, дзе ў полі чарнеліся сьцірты летняй саломы і куды кіравалі нашы. Беглі, вядома, ня ўсе — многія ўжо ляжалі ня кратаючыся, параненыя спрабавалі грэбсьціся ў рыхлым сьнезе.
Я ўжо амаль дагнаў сваіх, як па назе дужа выцяла вышэй костачкі, у боце хутка замакрэла. Ну, усё, падумаў я, лежачы на сьнезе. Калі куля перабіла косьці, дык я тут і застануся. Каб дазнацца аб тым, паспрабаваў ускочыць — не, нага не падламілася.
Тое, што я ўскочыў, мусіць, было нечакана для нямецкага танкіста, і ён павярнуў танк на мяне. Укленчыўшы, я накіраваў сваю кумулятыўную гранату і шпурнуў у танк. Здаецца, аднак, граната не ўзарвалася, ці я прамахнуўся. І ў той жа момант ледзьве выкруціўся з-пад танкавай гусеніцы, тракі якой праехалі па полах майго шынялю. Мяне засыпала сьнегам, я схапіўся за аўтамат, але, выцягшы яго са сьнегу, ня мог узьвесьці затвор, здалося, магазын зьвернуты ўбок і раструшчаны. Немцы тым часам былі ўжо блізка і крычалі: «Рус, здавайся!».
Танк, які ледзьве не раздушыў мяне, быў, можа, у метрах 50-ці наперадзе, і тады недзе там узьнікла імклівая постаць, яна размахнулася — і на брані танку выбухнула. Як чалавек размахваўся, я згледзеў на ім палявую сумку і зразумеў, што гэта быў лейтэнант Міргарад. (Здаецца, гэта было апошняе імгненьне, калі я яго бачыў. З таго стэпу ён ужо не вярнуўся.) Танк спыніўся, на яго браню зь люку выскачылі два танкісты, я ўсё ж выпусьціў па іх кароткую чаргу, аўтамат не страляў болей.
Немцы, аднак, прамінулі нас, яны кіравалі ўбок, туды, дзе былі сьцірты. Да мяне прышкандыбаў баец з нашай роты, у якога нерухома вісела прастрэленая рука, ён дапамог мне дабрацца да гусьцейшых зарасьцяў кукурузы. Беручы ўбок, мы доўга прадзіраліся зь ім па кукурузе, слухаючы, як грыміць побач бой. Апоўначы выбраліся на нейкую палявую дарожку, дзе нас напаткала фурманка з параненымі і дзяўчынай-санінструктарам. Тут упершыню я зьдзеў бот і выліў зь яго з паўлітра крыві. Санінструктарша перавязала нагу. Палявая дарожка вывела нас са стэпу ў сяло, пасярод якога ля царквы быў зборны пункт параненых.
У хаце я правёў цяжкую ноч. Толькі задрамаў на лаве, нехта будзіць; гляджу, нада мной стаіць камандзір батальёну, пытаецца: куды паранены? Кажу, у нагу. Ён сказаў, што батальён разгромлены. Цяпер зьбірае яго рэшткі. Мабыць, ранкам нямецкія танкі ўвойдуць у сяло.
Пад ранак у хату прыбіўся знаёмы па вучылішчы малодшы лейтэнант, зь якім мы зрабілі спробу выбрацца з гэтага сяла. Але на гародах ён быў цяжка паранены ў горла і памёр у мяне на руках. А пасьля сяло атакавалі нямецкія танкі.
Сьпярша яны са стэпу пачалі абстрэльваць мазанкі, нашы кінуліся на грэблю і далей па лагчыне. Параненыя, хто мог, распаўзьліся з хаты. Я выпаўз, мабыць, апошні, падабраўшы кінутую кімсьці супрацьтанкавую гранату. Яна мне здорава дапамагла, калі я замахнуўся на вуліцы на апошнюю фурманку, што ўцякала зь сяла. Тая фурманка пад танкавым абстрэлам давезла мяне да суседняга сяла, дзе на пагорку нейкі камандзір ладзіў абарону і ўсіх уцекачоў клаў у ланцуг. Лёг і я. Да вечару мы вялі бой з танкамі. Ззаду падышлі нашы трыццацьчацьвёркі, яны нам дапамаглі, і ўвечары параненыя сышлі з пагорка ў сяло.
Абудзіўся ўранку, мой сусед усё ляжаў побач, але я адчуў, што, здаецца, ён нежывы. Салома поруч была мокрая ад крыві. Ужо разьвіднела, і я дужа зьдзівіўся, згледзеўшы, што гэты нежывы — нямецкі афіцэр, обэр-лейтэнант, мяркуючы па пагонах. У хаце болей нікога не было, не чуваць было і бой у сяле. Толькі недзе гулі машыны і чуліся гранатныя выбухі.
І тут мне здалося, што ў сяле немцы.
Зрэшты, так яно і было. Яны ўжо ехалі і ішлі па вуліцы, зазіраючы на падворкі. Сонца ўзышло над сялом і ярка сьвяціла на сьнег. Я споўз з ложку і выпаўз у сенцы. Тут было цёмна, ля дзьвярэй у куце грувасьціўся засек з бульбай. Я лёг на бульбу і падрыхтаваў свой ТТ.
Доўга чакаць не давялося. Ад групы немцаў, што разбрыліся па вуліцы, аддзяліўся адзін і скіраваў на падворак. Адной рукой ён прытрымліваў аўтамат, а другой узяўся за ручку дзьвярэй і прыадчыніў іх. Я бачыў яго твар, яго позірк, мой пісталет быў скіраваны яму ў грудзі зь біноклем. Але я ня стрэліў. А ён мяне, мабыць, ня згледзеў зь ярка асьветленага падворку ў засені, і, кінуўшы расчыненымі дзьверы, вярнуўся да сваіх. Здаецца, яго паклікалі. Так мы падарылі адзін аднаму жыцьцё.
На тым бульбяным засеку я ляжаў доўга, чакаў. Аднак у сяле ўсё было ціха. А пасьля немцаў, якія кудысь сышлі, паявіліся нашы з танкамі. Я выпаўз на падворак, тут жа на вуліцы сабраліся яшчэ з паўтузіну параненых. Нехта ўгаворваў танкістаў ня кідаць, забраць нас з сабой. Але афіцэр-танкіст злаваўся: «Куды я вас забяру? Мы ўваходзім у прарыў». І ўсё ж, каб ня кідаць нас невядома каму, ён дазволіў залазіць на браню. Неяк мы ўскараскаліся на танкі і на цёплай брані паехалі. Толькі ня ў тыл, не на ўсход, а на захад, у прарыў.
Гэта была жахлівая ноч, нас няспынна бамбілі.
У зорным небе нічога не было відаць, а на асьветленай поўняй сьнежнай дарозе танкі былі відны, як удзень. І зь невялікімі перапынкамі на дарогу сыпаліся бомбы, выбухі якіх намагаліся паскідваць нас з брані. Але мы трымаліся рукамі і нагамі, а асколкі аж высякалі на брані сінія іскры. На нашым танку аднаго параненага ў грудзі забіла, другі быў паранены другі раз у галаву. Я неяк утрымаўся, стуліўшыся за вежай.
Ранак застаў нашую калёну каля чыгункі. Два ці тры танкі засталіся ззаду, на дарозе. Адзін згарэў. Далей танкі не ішлі, паварочвалі ў іншым напрамку. Танкісты нам паказалі кірунак у стэп. Сказалі, там нашы. Трохі цяжкапараненых мы пакінулі ў будцы на пераезьдзе, а самі пайшлі ў стэп. Я ішоў, абапіраючыся на нямецкі карабін — замест мыліцы. Хутка мы дазналіся, чаму тут не паехалі танкі. Ля дарогі стаяла бірка зь нямецкім надпісам «МІNEN». Але для нас іншага выйсьця не было — ззаду насядалі нямецкія танкі. Нейкі час мы ішлі па мінным полі і гадалі: якія тут міны? Калі супрацьтанкавыя, дык можа і пройдзем. А калі супрацьпяхотныя… Аказалася, і тыя, і другія. Хутка рванула, і адзін паранены быў расшкамутаны. Добра, што мы абралі дыстанцыю адзін ад аднаго — метраў на 30.