Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 9
Шрифт:
— А чаго яна?.. Не можа чалавек столькі жыць!
— Сам жа прасіў! — кажа Камандзір. Прыслухоўваецца… Недзе побач трэснула сухая галіна…
Усе насцярожана глядзяць у той бок…
Да іх, спяшаючыся, ідзе Валодзька. Садзіцца на зямлю каля паваленай сасны, побач з Камандзірам. Той запытальна глядзіць на Валодзьку.
Валодзька пачынае накручваць на ногі анучы…
— Там… у вёсцы, ля царквы, падвода… А на ёй Курбыка з Аксяневічам, забітыя… Дзеці яго прызналі і жонка…
Усе ўважліва слухаюць Валодзьку…
— Гэты… З Чэка… загадаў жонку і дзяцей у горад адвезці, разам з забітымі. І бацькоў старых таксама забралі! Яны зусім старыя, а ўсё роўна — забралі!.. ЧэКа казаў, што так будзе з усімі, хто супроць савецкай улады. Пад корань, казаў, пад корань!
Паўстанцы слухаюць Валодзьку…
Апусціўшы галаву на грудзі, баюкае параненую руку Кажухар…
Прыхіліўшыся да бярозы, глядзіць угору Забела… Недзе недалёка чутна сакатанне сарокі…
Кожны думае аб нечым сваім: Аўстрыяк… Дзед… Мяцельскі… Камандзір… Валодзька працягвае:
— Мужыкі кажуць, што бальшавікі абклалі лес з усіх бакоў. Роту Улашчыка паклалі каля ракі амаль што ўсю. А зараз дазнаюцца, чые найменш вінаваты. — Камандзір змоўк.
Зноў над імі навісла цішыня… І толькі недзе побач сакоча сарока…
Аўстрыяк устае з зямлі, абыходзіць паляну… спыняецца, слухае сакатанне сарокі…
— Камандзір, трэба вырашаць, што рабіць далей. Відаць, яны хутка пачнуць аблаву, а нам дзявацца няма куды… Добра, калі ўсіх пераб’юць. А калі — не, каго раненым схопяць? Павязуць па вёсках на апазнанне: хто?.. адкуль?.. якія сваякі? І ўсіх — пад корань? — Аўстрыяк цяжка сядае на зямлю.
Забела ўсё глядзіць на неба:
— Вырашай, камандзір, яны хутка пачнуць…
Камандзір крыху падумаў, дастае з кабуры наган, адкідвае ўбок барабан…
…У барабане шэсць патронаў. Ён кладзе наган у кабуру:
— Праверце, у каго колькі засталося патронаў. Над палянай заклацалі затворы…
Чуваць галасы:
— Два…
— Таксама два…
— Адзін…
— У мяне тры…
— Адзін…
Затворы перасталі клацаць. Усе глядзяць у бок камандзіра.
— Хранова, камандзір! Нават, адбівацца няма чым! — кажа Аўстрыяк.
— У мяне — шэсць… — задумліва гаворыць камандзір. А сарочае сакатанне прадаўжаецца…
Камандзір дастае камандзірскую сумку, выцягвае з яе нейкія паперы, дакументы, разглядвае… Скамечвае гэта ўсё і кідае на зямлю. Потым ламае сухія сасновыя лапкі з паваленай сасны, кладзе іх на паперы…
Усе сочаць за Камандзірам…
— Запалкі ёсць у каго? — ціха пытаецца ён. Усе пачынаюць шукаць па кішэнях…
— У мяне няма, — адказвае Валодзька.
— Дык і табакі няма, — кажа Дзед.
— Няма, — кажа Мяцельскі, памацаў па кішэнях. Забела працягвае Камандзіру пачак запалак.
Той падпальвае скручаныя паперы…
Вогнішча разгараецца…
Аўстрыяк падкідвае ў вогнішча сухія галінкі…
Камандзір кідае туды яшчэ нейкія дакументы, потым дастае з сумкі тонкі сшытак, пачынае нягучна чытаць:
— Мяцельскі!
— Я! — таксама нягучна адказвае той.
— Казак!
— Я!
— Так… Кажухар!
— Я, — няспешна адказвае Кажухар, баюкаючы параненую руку.
— Забела!.. Забела! — Камандзір узнімае галаву.
— Прысутнічаю! — адказвае Забела. Ён, як і раней, усё глядзіць на неба.
— Адказваць трэба як належыць, — ужо мякчэй кажа Камандзір і працягвае далей: — Зубко!
— Тутака мы, камандзір, тутака! — прыўстае Дзед.
— Аўстрыяк!.. Чорт! Паслухай, Аўстрыяк, я да гэтага часу не ведаю твайго прозвішча! Як запісаў тады, Аўстрыяк, і ўсё!
— А на які хрэн табе маё прозвішча, Камандзір? Так жа лепей: без імя, без прозвішча, без роду-племені!..
— Ну, неяк, ведаеш… Хоць як завуць? Аўстрыяк усміхнуўся:
— Калісьці Цімохам звалі…
— Вось і добра… Сулашчык!
— Я! — адказвае Валодзька, які сядзіць побач з Камандзірам.
— Значыцца, усе, — ён абводзіць вачамі паўстанцаў. — Дакументы ў каго ёсць? Ці, можа, паперы нейкія?
Усе пачынаюць шукаць па кішэнях…
— Вось! Распіска ад бальшавікоў! Гэта ж калі яны з мяне апошняе зерне з клеці выграблі, дык вось гэту паперку аставілі!
— Кідай яе ў вогнішча! — кажа Камандзір. Аўстрыяк скамячыў паперку і кідае яе ў вогнішча…
Мяцельскі разглядае белы папяровы прамавугольнік, чытае:
— Мандат! Унтэр-афіцэр Мяцельскі з’яўляецца дэлегатам Усебеларускага кангрэса!.. А бальшавікі гэты кангрэс разагналі, як мышэй! Незалежнасці, кажуць, захацелі? Зараз мы вам пакажам, кажуць, дзе ў вашай незалежнасці зад, а дзе — перад! І паказалі!.. Вось толькі адзін мандат і застаўся! — ён кідае мандат у вогнішча.
— Усё? — пытаецца Камандзір.
Да вогнішча падыходзіць Забела. У руках ён трымае фотакартку.
Камандзір бярэ ў яго з рук фотакартку, разглядае:
— Мы бачым ужо немаладую, але даволі прыгожую жанчыну…
— Маці? — ціха пытаецца Камандзір.
— Так… Маці… — таксама ціха адказвае Забела.
Камандзір працягвае яму фотакартку…
— Не, Камандзір… Я сам не магу… — Забела адварочваецца ад вогнішча.
Языкі полымя ў адзін момант узнімаюцца ўгору…
Камандзір агледжвае ўсіх і кідае ў вогнішча сшытак…
Усе моўчкі назіраюць за полымем…
— Падавацца адсюль трэба, Камандзір! Балота тут навокал…
І далей трэба ад іх адарвацца, штоб час нейкі пра запас быў… — кажа Мяцельскі, уважліва заглядаючы ў вочы Камандзіру.
— Мусім на Чорныя Ляды ісці, — кажа Дзед. — Тут недалёка, вярсты з тры. І ад вёскі далей, а там знойдзем якую-небудзь баравінку ці ўзгорак…
Камандзір ботамі разгортвае вогнішча, прытопвае вуглі…
— Галінамі прыкрыйце, каб не было відаць! — кажа ён Мяцельскаму і звяртаецца да астатніх: — Пайшлі!
І зноў усе, следам за Дзедам, выцягваюцца ланцужком па лесе…
Неба зацягваецца шэрым хмарамі…
Пачынаецца дождж…
Усё навокал становіцца мокрым: трава, дрэвы, лісце…