Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 9
Шрифт:
За ім ў вядзерца палез рукой Шапялявы…
З відавочнай няёмкасцю двума пальцамі нешта зачарпнуў сабе Пажылы…
— Ну, а вы што? Ахвіцэр! І ты, Маўчун! Запрашаць трэба? — занадта жвава круціцца ля кашы Блатняк. — Што, можа, не хочаце? Дык як хочаце! Нам болей перападзе, ха-ха…
Блатняк… Шапялявы… Пажылы… Адпіхваючы адзін аднаго ад вядзерца, яны лезуць за кашай рукамі…
Неяк ураз аслабелы Камандзір ціха апускаецца на свой шынель. Ён ашаломлены і спустошаны…
Казак неяк нервова матнуў галавой і садзіцца ў свой куток… Шапялявы, паспешліва пражоўваючы кашу, кажа Блатняку:
— Ну, а ты плявузгаў: Гунькін роў, Гунькін роў, бо не кормяць… Во і накармілі!
Блатняк прагна глытае кашу з прыгаршчаў:
— Значыцца, перадумалі!.. Мабыць, яшчэ пачакаюць страляць.
Шапялявы аблізвае пальцы:
— Пэўне, пачакаюць. Бальшавікі — яны таксама розныя… Па тваёй жа тэорыі…
— Само сабой… А ты, вучыцель, што думаеш? Пажылы моўчкі есць кашу…
Камандзір, прыкрыўшы вочы, сядзіць ля дзвярэй на шынялі…
Вельмі хутка яны ўтрох апаражнілі вядзерца і з асалодаю адваліліся плячамі да сцяны. Падобна, пад’елі… І нават, паспакайнелі… Яны задаволіліся…
— А я вам скажу, — роздумна зашамкаў Шапялявы. — Тое, што мы паначы ўдумалі, маланадзейна. І авантурна. Так вопытныя арыштанты не робяць.
— Абсалютная лухта! — жвава пацвердзіў Блатняк. — Хіба на засыпку. А так, можа, яшчэ…
— Можа, і абыдзецца, — разважае Шапялявы. — Калі разабрацца, дык мяне і праўда выпадкам узялі. Гэта мой корыш тую купчыху экспрапрыяваў, а не я. Ну, ды разбяруцца…
— Дык і са мной, мяркую, разбяруцца. Што я — контра які? Я чэсны пралетар! А што спекульнуў трохі, дык за гэта страляць? — размаўляе Блатняк.
— Цябе, можа, і не застрэляць, — ціха азваўся Пажылы. — Але ж тут афіцэр…
Блатняк:
— Ну і што?
— А тое, што яго падманулі. — гаворыць Пажылы.
— А хто, хто яго падмануў? — загарачыўся Блатняк. — Мы самі падмануліся! Ну, не кормяць, думалі — шлёпнуць! Аж, пэўна, не! Дык што ж нам цяпер — напралом? На злом галавы дзеля ахвіцэра? Тут кожны сам за сябе…
— Рызыка павінна быць апраўданай! — глыбакадумна прашамкаў Шапялявы.
Унутры ў Камандзіра штосьці напялася і разам аслабла… Ён нешта пачаў разумець. Ён слухае іх моўчкі, і адчуваецца, як ягоная разгубленасць ператвараецца ў маўклівы нутраны гнеў… У камеры раптам настала пакутная напружаная цішыня…
У ёй важка і нават злавесна чуецца з-пад акенца:
— Скаты!
— Што? — падняўся і сеў на доле Блатняк. — Хто скаты?
— Вы! — кінуў Казак.
— Вы чулі? Чаму гэта мы — скаты? — нервова пытаецца Блатняк.
— Трэба спярша падумаць, чым гаварыць, — пакрыўджана прашамкаў Шапялявы.
Казак неяк няспрытна варухнуўся ў шэрым святле з аконца сваёй крутаплечай паставай і зноў схаваўся ў цені…
— Абзываецца! За афіцэра заступаешся? — прыдзіраецца да Казака Блатняк. — Дык ахвіцэр не крыўдуе! Праўда, ахвіцэр? — ён павярнуўся да Камандзіра.
Той ва ўпор, не міргнуўшы, гняўліва паўзіраўся ў твар Блатняка…
Блатняк нешта адчуў…
— Ахвіцэр нязгодны! — аб’яўляе ён урэшце. — Ён згодны з бандытам! Во як! Ведама, дзве контры!
— Мала, што скаты! Вы яшчэ і падляцы! — з гневам сказаў Камандзір і адвярнуўся да сцяны.
— Ну, я ж казаў: яны контрыкі! Бандыт ды гэты ахвіцэр! — істэрычна залямантаваў Блатняк. — Іх трэба закласці! У ЧК!
— А што ўтойваць! Класавыя ворагі — пырскаючы слінаю з бяззубага рота, гаварыў Шапялявы.
Перад ім спалохана ўскочыў на калені Пажылы:
— Ціха вы, ціха! А то ўчуюць… Яны ж усіх нас…
Але ягоныя ўгаворы толькі раздражнялі не на жарт раззлаванага Блатняка:
— Што — ціха? Чаму я — ціха? Гэта ён хай ціха! Ён забойца! А гэты, ахвіцэр! Яны ворагі! А я лаяльны да савецкай улады чалавек! Яны задумалі ўцёкі, ты, пацвярдзі! Хто сабраўся канвой душыць? Хто, ну, скажыце!..
— Змоўкніце! Што вы робіце! — упрошвае Пажылы.
Але ягоныя словы наганяюць на Блатняка яшчэ большую злосць:
— А, і ты? І ты, тожа, за іх? І то, контра, за Бога, проціў рэвалюцыі!
І тады, з-пад акенца насупраць, неяк марудна, бы перасільваючы ў сабе знямогу, падняўся Казак. Ён босымі нагамі пераходзіць цераз выцягнутыя на падлозе боты Шапялявага… Марудна, але рашуча, ён накіроўваецца да Блатняка…
Той, учуўшы нядобрае, завішчэў ля парога:
— Не падхадзі! Не падхадзі!
Казак вялізнаю рукой ухапіў яго за грудкі, згроб, пераламіў у паясніцы і паваліў пад сябе долу…
Шапялявы спалохана адхіснуўся ўбок… Пажылы абмёр у нерашучасці…
Камандзір разумее, што зараз здарыцца нешта кепскае…
— Стойце! — загадаў ён строга. — Стойце, не трэба!
— Прыкончу скаціну!..
— Не трэба! Адпусціце! — загадвае Камандзір. Раптам залязгаў замок і дзверы рэзка расчыніліся…
— У чым справа! Што такое?..
У дзвярах стаяць двое чэкістаў, не пераступаючы парог.
— Устаць! Усім устаць!..
Першы хуценька ўскочыў Шапялявы… За ім з натугай падымаецца Пажылы… Устае камандзір…
Казак у доле з яўнай неахвотай выпускае з рук Блатняка і таксама, цяжка дыхаючы, узгрэбся на ногі…
Блатняк застаецца ляжаць, бы сканаў… Але раптам ён залямантаваў, перабіраючы нагамі ў стаптаных, з глінай на сподзе, гамашах:
— Таварышы чэка, ён бандыт! — паказвае на Казака. — А гэты — ахвіцэр! — паказвае на камандзіра. — Яны ўцячы згаварыліся і ўдушыць мяне, каб я іх не выдаў! Забярыце іх!.. Бандыта і во — ахвіцэра!..
— Так!.. Выхадзі! Усе выхадзі! — загадвае адзін з чэкістаў. Спачатку ўсе збянтэжыліся, але, раптам, загаварылі адразу разам:
— Як гэта — выхадзі?.. Мы ні пры чым!.. Гэта яны — контра! У расход іх трэба! — лямантуюць Блатняк, Шапялявы і Пажылы…
Чэкіст:
— Я сказаў: выхадзіць усім! Усе пойдзеце ў расход! Камандзір зірнуў на Казака…
Той усё зразумеў, ледзь прыкметна кіўнуў галавой…
— Давай! — крыкнуў Камандзір і кідаецца на чэкістаў… За ім рашуча дзвінуў Казак…
З размытага малюнка зноў узнікаюць твары Камандзіра і Казака… Перастае смяяцца Камандзір, за ім Казак.
— І ўсё з-за паўвядра пярлоўкі! — кажа Камандзір.
— Ага, — адказвае Казак. — Нажэрліся — і як ракі, назад…
— Пашанцавала нам тады… А зараз…