ЖАНРЫ

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 9

Быкаў Васіль

Шрифт:

Забела тым часам раўняе дол у яме, потым пачынае мераць крокамі:

— Раз… два… тры… чатыры… пяць… шэсць… сем… восем… Восем!.. Як раз… Усё! — крычыць ён угору. — Фініта ля камедыя! — кідае рыдлёўку з ямы.

Камандзір падыходзіць да ямы:

— Ладна, годзе, — і кліча астатніх: — Усе сюды!

Усе неяк нясмела, бы баючыся, узлазяць на жвір, бліжэй да ямы…

Камандзір ціха пытаецца:

— Хто першы?

— Першы ўжо ёсць, — сказаў Мяцельскі. — Во, Аўстрыяка…

— Давай яго сюды! — загадаў Камандзір.

Разварочваючы ботамі рыхлую кучу, Мяцельскі рашуча падвалаквае распластанае цела Аўстрыяка да ямы, уніз галавой падае яго Забелу. Той пераймае цела, сцягвае з краю ямы і выпроствае яго ў доле. Хоча злажыць рукі Аўстрыяка на грудзях, але тыя ніяк не складваюцца… Тырчаць скурчанымі пальцамі ўгору…

— Пакінь, не трэба, — кажа Камандзір і дапамагае Забелу выбрацца з ямы.

Мяцельскі стаіць высока на кучы жвіру:

— Дык як будзем? Па адным ці ўсе разам?

— Па адным, — ціха мовіў Камандзір. — З нагана…

— У яме?

— У яме… Каб меней грукату…

Камандзір абводзіць усіх чужым напружаным позіркам… Яны ўсё зразумелі і сціхлі, нават, не дыхалі…

— Што ж, спадары… Нам не ўдалося, можа, удасца іншым. Яны нас успомняць. Усё ж, мы не за сябе, не за сваё, якога ў нас не было. Мы за Беларусь… нашу няшчасную старонку. Прымі, Божа, твае ахвяры…

Яны ўсе стаяць і маўчаць… Яны чакаюць…

Камандзір, зглытнуўшы даўкі камяк у набалелым горле, раптам сказаў са знарочыстай строгасцю:

— Хто першы?

Выдалася кароценькая пакутная паўза… Мяцельскі кідае са злосным адчаем:

— Ат, маць тваю… Давай я… — І, абрушваючы жвір, рашуча скочыў у яму. — Дайце рэвальвер!

Камандзір расшпіліў на баку кабур, выняў наган і падае Мяцельскаму.

Той ухапіў яго знізу і рухава выцягваецца побач з Аўстрыякам…

— Жыве Беларусь!

— Жыве… — нечакана слабым голасам азваўся Камандзір, але яго перапыніў глухі рэвальверны стрэл у яме.

Дзве сарокі з бліжняй бярозы спалохана пераляцелі далей… На зямлі зноў настала пакутная паўза… Усе стаяць моўчкі…

— Ну, хто далей?.. Ты, Зубко? — няпэўна павярнуўся Камандзір у бок Дзеда.

Той нерашуча робіць некалькі крокаў праз жвір, спыняецца:

— А ружжо?

— З ружжом, братка, — мякка сказаў Камандзір. Дзед неяк грузна зваліўся ў яму…

І зноў яны стаяць нерухома, чакаючы… Стрэл коратка грукнуў і сціх…

— Ну? — павярнуўся Камандзір да астатніх. — Ты? — запытальна зірнуў ён на Кажухара.

— Ды я… Калі адважуся… Калі што, дык прыстралі, Камандзір. Калі што… — і няспрытна ўссеўшы на край ямы, Кажухар ціха споўз туды…

Камандзір павярнуўся да астатніх…

Перад ім стаяць удвох: Казак і Валодзька…

Казак уважліва зірнуў у вочы Камандзіра, затым няспешна, разам з вінтоўкай, лёгка шаснуў у яму, дзе амаль адразу грымнуўстрэл…

На край ямы ступіў амаль змярцвелы Валодзька…

— Сулашчык! — гукнуў да яго Камандзір. — Пастой… Камандзір падыходзіць да Валодзькі:

— Табе, Сулашчык, заданне: закапаць, зараўняць! Каб следу ніякага не асталося!.. І — жыві!

— Я?

— Ты, а хто ж… Жыві!.. За нас!.. За бацьку!.. Дай я цябе абдыму!

Няспрытна, адною рукой, Камандзір нямоцна абняў Валодзьку. Трохі памарудзіў і, густа абрушваючы жвір, зваліўся ў яму…

Валодзька застаўся стаяць — ашаломлены, разгублены… Скалануўся ад неспадзеўкі, калі з ямы пачуўся апошні стрэл… І наступае цішыня… Толькі недзе здалёк чуецца сакатанне сарок.

Валодзька закопвае яму-магілу і плача… Ужо можна было не стрымліваць слёз, саромецца тут не было каго… У яму ён не зірнуў ні разу, ён гроб і гроб рыдлёўкай рыхлы жвір з берагоў… На небе з’явіліся цёмныя аблокі… Здалёк пачуўся грукат навальніцы… Пачынаецца дождж…

Валодзька закідвае галлём тую мясціну, дзе была яма, і з рыдлёўкай у руцэ пацягнуўся па лядзе да лесу…

Прыпыняецца, размахнуўся і кідае, далёка-далёка ад сябе, рыдлёўку ў густы лес. Апошні раз абярнуўся ў бок, дзе была яма, і зноў цягнецца па лесе…

Грукат навальніцы становіцца ўсё мацней, мільгаюць маланкі… Усё мацней ідзе дождж…

А Валодзька ўсё ідзе па лесе… Слёзы на яго вачах перамешваюцца разам з дажджом…

І над Валодзькам… над лядамі… над лесам… на фоне навальніцы гучыць дыктарскі тэкст:

«Яны ведалі, што прысуд ім быў вынесены даўно, гэты зыход быў відавочны, як толькі яны кінулі выклік страшнай сіле і сталі са зброяй у строй. Выклік быў дзёрзкі і рашучы, а сілы ўсё ж малыя. Як заўжды, масы засталіся ўбаку, не падтрымала іх Беларусь. Але яны павінны былі пачаць. Для іх было відавочна: тое трэба было колісь зрабіць, раней ці пазней. Без таго, без іхняе безагляднае адвагі, ахвяр і крыві ўся іх нацыянальная справа, бы невылечны сухотнік, асуджана на вялы, задоўжаны скон. Цяпер гэтаму не бываць! Зерне кінута, па вясне ўгрэецца глеба, будуць усходы! Колькі б зіма ні доўжылася, настане вясна! Яны ж угнояць глебу, мусіць, такое іх гістарычнае прызначэнне, так трэба. Для вольнай радзімы, для гісторыі…»

[1994 г.]

Каментары

Дзявяты том Поўнага збора твораў народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава змяшчае кінасцэнарыі «Третья ракета», «Альпийская баллада», «Западня» (сцэнарый Л. Мартынюка, пры ўдзеле В. Быкава), «Двое в ночи», «Волчья стая», «Долгие версты войны», «Ушедшие в вечность (Обелиск)» (у суаўтарстве з Р. Віктаравым), «Его батальон» (пры ўдзеле А. Карпава), «На Чорных лядах» (сцэнарый В. Панамарова, пры ўдзеле В. Быкава).

Творы падаюцца паводле храналагічнага прынцыпу на мове арыгіналаў: беларускай ці рускай. У «Каментарах» да твораў выяўляюцца значныя варыянтныя тэксталагічныя разыходжанні.

Нягледзячы на тое, што кінадраматургія займае даволі значнае месца ў творчасці Васіля Быкава, сам пісьменнік не надаваў ёй вялікай увагі і не ўключаў гэтыя тэксты ў Зборы твораў ці ў асобныя выданні.

«Грэбаванне» Васілём Быкавым сваёй кінадраматургіяй можна, напэўна, патлумачыць не толькі скептычным стаўленнем пісьменніка да экранізацый сваіх твораў. Мабыць, адна з галоўных прычын — быкаўская кінадраматургія ўсё-такі другасная, за некаторымі выключэннямі (як, напрыклад, арыгінальны сцэнарый 3-й серыі мастацкага тэлефільма «Долгие версты войны») яна створана па матывах аповесцяў. Па-другое, зададзенасць рамак драматургічнага жанру пазбаўляла В. Быкава абсалютнай творчай самастойнасці. Так, яшчэ ў 1968 г. ён раіў сябру А. Адамовічу: «Мне лично хочется, чтобы ты писал больше (в этой связи я не могу одобрить твоей связи-волокиты с кино, которое в наше время ничего общего с искусством не имеет, разве что дает возможность заработать. […])». У 1975 г. прызнаваўся В. Аскоцкаму: «Теперь вот кино. Снят более-менее сносно один фильм в Минске по „Волчьей стае“, на „Ленфильме“ же после того, как там тоже вытянули из меня все жилы и сняли полкартины, фильм закрыли и режиссера сняли. Надоело мне все это, ты не можешь себе представить как. […] И отбиться совершенно невозможно, негде от них прятаться, просто насилуют — деликатно, но с мертвой хваткой». Іншым разам пісаў: «Совершенно не работалось, не отдыхалось, не пилось даже. Не пришлось мне съездить и в Баку, куда я хотел. И все это проклятое кино!.. С театром я уже покончил, надеюсь в ближайшее время покончить с кино (будь оно проклято) и почувствовать себя человеком, если, конечно, не заниматься еще и литературой». Пазней пісаў Л. Лазараву: «…все мои фильмы получились сопливые, смотреть нечего». І ў той жа час рэзюмаваў:

Поделиться с друзьями: