ЖАНРЫ

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 9

Быкаў Васіль

Шрифт:

Яму ніхто не адказаў… Зноў наступіла цішыня…

— А што? Як адчыняць дзверы… Каго прывядуць… — кажа са змроку Шапялявы. — Кінуцца і — за вінтоўку! А тут астатнія…

— Хто кінецца? Я чалавек пажылы… Ды суставы хворыя, — сказаў Пажылы.

— Я б сам кінуўся, — кажа Шапялявы, — ды у мяне рука вывіхнутая. Як вялі, дык білі, сапсавалі руку. Бо ўсё роўна — у расход!.. Чуе мая душа — не даюць есці, значыць — прыгавор!

Камандзір маўчыць. Ён нешта ўзгадняе ў сабе — прымае рашэнне…

— Дык вось жа ў нас, вайсковец! — падказвае Блатняк. — Ты ж вайсковец, ага? — звярнуўся ён да Камандзіра.

— Вайсковец…

— Ахвіцэр?

— Афіцэр…

— Дык чаго чакаць? Самы раз будзе! Я ў помач! — кажа Блатняк.

— Ага, тут трэба, каб усе разам! — па-змоўніцку, ціха, прашамкаў Шапялявы. — Ламануць — і ў калідор! А там — каму пашанцуе…

— Калі б паспець… А то могуць на золаку вывесці. Яны заўсёды на золаку возяць! — паведамляе Блатняк.

Камандзір моўчкі думае… Нарэшце кажа:

— Я зразумеў… Але ці ўсе згодны?

— Я згодны! — лёгка сказаў Блатняк.

— Я тожа, — пацвердзіў Шапялявы.

У куце, чутна было, трохі паўздыхаў Пажылы.

— Што ж, калі ўсе парашылі, дык… Адмаўляцца не пахрысціянску будзе. Ужо як-небудзь…

— Во і добра!.. А ты, маўчун, што? — звяртаецца Шапялявы да кагосьці ў цемры. — Ці ўсё спіш?

— Я не сплю, — прагучаў з цемры незнаёмы басавіты голас.

— Дык ты чуў? Ты згодны? — пытаецца Шапялявы.

— Ды я вось… Бегчы я не магу, во якая справа… — чуецца з цемры.

— Тады што ж — застанешся? — пытаецца Шапялявы.

— Мабыць, застануся… — голас з цемры.

Ноч тым часам, мабыць, пераваліла за поўнач, у сутарэнні памалу рабілася цішэй, галасы за сцяной і ў калідоры патроху глухлі… Стала ціха…

— Галоўнае — не кормяць! — сказаў Шапялявы. — Значыць, штосьці ўдумалі.

— А што — тут і дурню вядома! — пагадзіўся Блатняк.

— А калі ў іх усё ж які іншы план? — усумніўся Пажылы. — Калі, напрыклад, сапсаваўся аўтамабіль, дык, мабыць жа, няма і падвозу?

Шапялявы:

— Няма падвозу, дык на плячах прынеслі б. У мяшках. Хлеба ці бульбы. А калі тры дні не нясуць, значыць…

— Значыць — Гунькін роў! — перабівае яго Блатняк.

Камандзір моўчкі слухае… Потым пачынае расціраць схаладзеўшыя босыя ногі…

Блатняк паглядзеў на камандзіра, потым звяртаецца ў цемру:

— Ты, калі не пабяжыш, аддай боты ахвіцэру! Ён босы!

— Дык бярыце, — проста пагадзіўся Казак. Трохі пасапеўшы, ён здзёр з ног боты, перадае іх Блатняку. Той, у сваю чаргу, перадае боты Камандзіру.

— Во, абувайце!

— Ну, дзякуй, — кажа Камандзір. Боты вялікія, растаптаныя, і ён лёгка насунуў іх на свае босыя ногі.

— Цяпер такая справа, — разважна прамовіў у куце Пажылы. — Можа, каму і пашанцуе, дык гэта… Каб ведалі…

Вучыцель я, з Будзевіч. Сергіеня маё прозвішча, пяцьдзясят пяць гадоў маю. У мяне адзін сын на румынскім фронце. Быў…

А другі паў пад Смаргонню… А я вось тут…

— А цябе могуць шлёпнуць! Калі не драпанеш! — грубавата зазначыў Блатняк.

— Ну, даволі! А то запалохаў усіх! — глуха абарваў яго Пажылы.

— А што ж, плакаць мне, ці што? На плач яны не зважаюць. Хай па мне плачуць! У Воршы — Любка, у Суражы — Анастасся, а ў Піцеры — Лушка. Лушка асабліва сардэчная была, любіла ў любоў гуляць!

— Мабыць, адлюбілася! — кажа Шапялявы.

— А гэта мы яшчэ пабачым! — падбадзёрвае сябе Блатняк. — Я хлопец спрытны! І не глядзі, што мізэрны!

— А родам — адкуль? — спытаўся Шапялявы.

— Тутэйшы… З Магілёўскай губерні…

— І я з Магілёўскай! Горад такі — Горкі, можа чуў? На каморніка вучыўся. А дома ўжо нікога… Быў брат, ды прапаў на вайне недзе… Вось і ўся біяграфія!

— А казаў — катаржнік? — напомніў Блатняк.

— А як жа! Катаржнік! Пяць гадоў адтрубіў. Рэвалюцыя вызваліла!

— Хар-р-р-ошая рэвалюцыя! — з’едліва зазначыў Блатняк.

З кута загаварыў Пажылы:

— Рэвалюцыя, кажаце, вызваліла і рэвалюцыя ж, мабыць, пасадзіла? Як жа так атрымліваецца, спадар-таварыш сацыяліст?

— Вельмі проста. Справа ў тым, што рэвалюцыя павінна чымсь харчавацца. Дужа пражорлівая жывёліна! Чым больш жрэ, тым болей ёй хочацца! — прашамкаў Шапялявы.

— Во дзіва! — роздумна сказаў Блатняк. А казалі — свабода, свабода!..

— Тут во якая справа, — зазначыў Пажылы. — Гледзячы каму — свабода! Хіба — абстрактная свабода, свабода наогул. Народу ж яна зусім без патрэбы. Падобна на тое, народ не ведае, што з ёй рабіць, бо ён ніколі з ёй справы не меў. Усё ж народу трэба, каб над ім валадарылі. Найлепш — чужаземцы! Прыйдзіце і валадарце намі, бо зямля наша вялікая, а парадку ў ёй няма!..

— Ну, гэта вы дарма! — сказаў Шапялявы. — За свабоду народа сотні сацыялістаў на катарзе гнілі.

Пажылы:

— Але хіба за народ? Можа, за ідэю. А гэта не адно і тое ж!

Народ яшчэ не даспеў да гэткай ідэі, як свабода і дэмакратыя.

Яму яшчэ бізун самы раз будзе.

Шапялявы:

— Ну вы і рэакцыянер! Манархіст, мабыць?

Пажылы:

— Хай сабе і манархіст. Але вы азірніцеся, што робіць той самы народ. Вунь, у нас, у Будзевічах. Жыў такі пан, Красоўскі, небагаты, шляхетнага роду пан. Палац каменны тры стагоддзі стаяў ля ракі. Дык гэтыя, з Будзевіч, свае ж, сяляне, прыйшлі, пачалі цягнуць, рабаваць. Віна знайшлі, напіліся, запалілі стайню. Стары Красоўскі кажа: што ж вы робіце, як вам не сорамна.

А яны: дык ці ж гэта мы пачалі? Гэта ж такі закон у Піцеры выйшаў — свабода! Расея гіне, трэба хапаць, пакуль іншыя не расхапалі! Пакуль свабода! І разрабавалі, і папалілі — і палац, і службы! А старога Красоўскага святар ледзьве ўратаваў ад п’яных!.. А вы кажаце — свабода! Паглядзіце, хто нас сюды папрыводзіў, хто страляць будзе. Хіба то не людзі з народа?

А тыя, што ў ЧК сядзяць, хіба не за народ? Хоць бы на словах.

— Во, менавіта на словах! — загарачыўся Шапялявы. — А па сутнасці — гэта шкурнікі! Прыстасаванцы да святой ідэі ўсе гэтыя бальшавікі, чэкісты…

Поделиться с друзьями: