ЖАНРЫ

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 9

Быкаў Васіль

Шрифт:

— Прабачце, — выціснуў з сябе чалавек у шынялі. Ён неяк узгрэбся на босыя ногі, не ведаючы, куды ступіць ад дзвярэй. Ля яго ног варушыцца чалавек, нешта бурчыць.

— Ні чорта не бачу… — кажа чалавек у шынялі, і цяпер мы пазнаём яго. Гэта Камандзір.

— І не ўбачыш. Мы тут, бы краты, — адказаў яму нехта глухім шапялявым голасам.

— Вайскоўцы ёсць?

— Наўрад. Будзеш першым, — кажа той жа голас.

— І, можа, апошні, — буркнуў той, з-пад ягоных ног. Гэта Блатняк.

— Хай так, — болей бадзёра сказаў Камандзір і апусціўся там, дзе стаяў, — плячамі да самых дзвярэй.

Ягонае з’яўленне ў гэтай цеснай, падобнай на катух камеры, відаць, кагось зацікавіла:

— Адкуль будзеце? — зважліва папытаўся, мяркуючы па ціхманым голасе, немалады чалавек, што мясціўся недзе ў куце.

— З вакзала, — проста адказаў Камандзір.

— Го, з вакзала! — нядобразычліва адазваўся Блатняк. — На вакзале яны і бяруць!

— Чакаў цягніка… — працягвае Камандзір.

— Ну і дурань! Чакаць на вакзале… Ля семафора трэба чакаць і на хаду садзіцца. Цяпер так робяць.

— Наўрад ці ў іх ёсць якая заканамернасць, яны ўсюды бяруць! Мяне, напрыклад, узялі дома. З пасцелі паднялі, — сказаў з кутка Пажылы.

— Яны і з магілы паднімуць, — прашапялявіў недалёкі сусед. — Чэка!

— Чэка! Гэта табе не царская паліцыя, што спала на хаду, — сказаў Блатняк. У яго голасе разам з бояззю чулася стоеная павага да ЧК.

— Ну, не заўжды спала. Бывала, давала і яна дыхту. Асабліва на катарзе, — кажа Шапялявы.

— Хіба што на катарзе… — згаджаецца Блатняк.

— Такога яшчэ не было ў Расеі! — пакутна загаварыў у куце Пажылы. — Былі смутныя часы, бязладдзе. Але такога ачмурэння не было! Бедная, няшчасная Расея…

— Рэвалюцыя, што ж вы хочаце? — даволі бадзёра шапялявіць іншы. — Рэвалюцыя без ахвяр не бывае.

— Пайшла яна на хер, твая рэвалюцыя! — рэзка кінуў у адказ Блатняк. — Ад яе адзін сіфіліс, ад вашай рэвалюцыі!

Шапялявы:

— Не скажы! Калі ёю правільна распарадзіцца…

Блатняк:

— Хто, хто правільна распарадзіцца?.. Троцкі?.. Ленін?..

Шапялявы:

— Ат, што ты разумееш?..

У камеры наступае цішыня…

Камандзір, абапершыся плячамі да сцяны, моўчкі слухае гэту спрэчку, нарэшце пытаецца:

— Даўно вы тут?

— Як хто, — адказвае Пажылы ў куце. — Я чацвёрты дзень.

Ён во — два, іншыя — хто колькі.

— Тут доўга не трымаюць! — са значэннем сказаў Блатняк.

— Што — адпраўляюць? А куды? — пытаецца Камандзір.

— Гэ — куды? Вядома, куды!.. У Гунькін роў! — адказвае Блатняк.

— Толькі ж, мабыць, павінны хоць дапрасіць, вынесці нейкі прысуд, хай сабе і фармальны, — сказаў Камандзір.

— Які прысуд? Які прысуд? — гаворыць Шапялявы. — Цяпер могуць і без усякага прысуду, у імя рэвалюцыі!

Камандзір трохі памаўчаў… Потым кажа, як быццам сам сабе:

— Вось… прыехаў! А адсюль да маёй станцыі шэсцьдзясят вёрст…

Пасля нядоўгага маўчання са змроку зноў пачуўся ўпэўнены шапялявы голас:

— А што ж вы хацелі, грамадзяне? Пралетарыят абараняе сваю ўладу. А кожная ўлада павінна ўмець сябе абараніць!

— Яно, можа, і так, — не адразу, мякка пагадзіўся Пажылы ў куце. — Тое вядома з часоў Французскай рэвалюцыі. Толькі вы мне скажыце, чаму гэткая неадэкватная абарона? Напрыклад, я не выступаў супраць іхняй улады. Я нейтральны чалавек, абывацель.

— Вы не абывацель! — запярэчыў Шапялявы. — Вы прадстаўнік чужога варожага класа!

— Ну, добра, я — чужы клас! — памяркоўна сказаў Пажылы. — Вы ж, пэўна, не чужой клясы чалавек?

— Затое, я чужой партыі! — адказвае Шапялявы. Пажылы:

— Але ж таксама сацыялісты? Шапялявы:

— Сацыяліст-рэвалюцыянер! Заўважце розніцу! Пажылы:

— Невялікая, аднак, розніца, як я разумею. І тыя, і другія супраць манархіі.

Шапялявы:

— У тэарэтычным сэнсе так. Але ў тактычным — мы як неба і зямля! Мы, эсэры, нязгодны з бальшавікамі.

Пажылы ўсміхаецца:

— Даволі сумніцельна…

Камандзір некаторы час прыслухоўваецца да іх размовы, потым пытаецца:

— А за што вас, прабачце, сюды?

Шапялявы:

— А ні за што! Выйшла непаразуменне…

— Гэ, непаразуменне! — нервова заварушыўся ля ног Камандзіра Блатняк. — У іх непаразуменняў не бывае. Ім трэба як мага больш шлёпнуць!

— Шлёпнуць, гэта, канешне, — пагадзіўся Шапялявы. — Можа, толькі спярша пакормяць. Павінны ж яны карміць!

Блатняк:

— Не кормяць і не страляюць! Чакаюць, калі самі ногі выцягнем!

Шапялявы:

— Такога царскія сатрапы не дапускалі! Я катаргу прайшоў, ведаю.

— Не кормяць, значыць, трэба думаць, не зацікаўлены ў нашым жыцці! Усё надта лагічна, — уздыхнуў Пажылы.

— У іх там няпраўка выйшла — аўтамабіль сапсаваўся, — зазначыў Блатняк. — Як адрамантуюць, напэўна, адразу…

У Гунькін роў…

Тым часам недзе недалёка ў калідоры пачуліся галасы:

«Выходзь! Быстра, тваю маць!..» І брыдкая салдацкая лаянка… Падобна, там усчалася тузаніна ці нават бойка… Чуецца тупат шматлікіх ног… Нешта моцна выцяла ў сцяну — аж здрыгануліся прыхінутыя да дзвярэй плечы Камандзіра… Усе насцярожана прымоўклі, чакаюць…

Потым тупат і тузаніна сталі чуваць далей…

— Цяпер ці не наша чарга… — паныла сказаў Шапялявы.

Яму ніхто не адказаў, усе маўчаць…

Пасля маркотнае паўзы першы загаманіў Блатняк:

— А я, якраз перад тым… Ну, у ранку, як сцапалі, не даеў гуляш… — паведаміў ён, як пра нешта важнае. — Такі быў смачны гуляш!.. Вялікая талерка… А я не даеў, дурань!

— А я дык галадаў болей! Каб што не даесці, такога не памятаю… Асабліва хлеб… Найлепшы прысмак! — сказаў Шапялявы.

— Ды і сухар няблага! Калі з квартай кіпятню… Ахвіцэр, у цябе там сухарыка не завалялася? — павярнуўся да Камандзіра Блатняк.

Камандзір усміхнуўся:

— Не завалялася…

— Трэба было даваць дзёру, я ж казаў! — сцішана буркнуў Блатняк, звяртаючыся да іншых. — А то давядуць, што ног не пацягнеш!.. Калі да таго не стрэльнуць…

— Я не супраць, — адгукнуўся Шапялявы.

З кутка разважна азваўся Пажылы:

— Вы думаеце, гэта магчыма? Гэта ж вельмі рызыкоўна, мабыць…

Поделиться с друзьями: