Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 9
Шрифт:
А яны ўсё ідуць наперад…
Недзе побач пачуўся грукат грому… Мільгаюць стрэлы маланкі…
Ланцужок людзей цягнецца па даўно не езджанай дарозе (лясной)… Дождж працягваецца…
Камандзір прыпыняецца паміж соснаў, аглядваецца навокал, нешта слухае, пры гэтым паварочваецца ўсім целам, бо не можа паварушыць галавой на балючай шыі…
Побач з Камандзірам праходзіць Аўстрыяк, таксама прыпыняецца, азіраецца, прыслухоўваецца… Потым ідзе далей…
І іншыя па чарзе спыняюцца ля Камандзіра, слухаюць, азіраюцца, бы штось выглядваючы па баках, і зноў ідуць наперад…
…Казак…
…Кажухар…
…Забела…
…Валодзька…
…Мяцельскі…
Грукат грому аддаляецца… Дождж патроху прыпыняецца…
Ланцужок людзей рухаецца па лесе…
Нарэшце наперадзе паказаўся прагал… У доле непадалёк відаць нагрувашчанне карчоў, звалочаных сюды з недарасцярэбленых лядаў…
Дзед спыняецца, чакае Камандзіра…
— Мясціна, канешне, не самая лепшая, але ўжо якая ёсць, — кажа ён Камандзіру.
Камандзір пастаяў, паазіраўся…
— Так… Далей брысці ўжо зусім рызыкоўна.
Ля Камандзіра спыняецца Мяцельскі:
— Што, тут, Камандзір? — ён запытальна зірнуў на Камандзіра.
— Тут.
— Можа б, далей?
— Не, далей нельга, Мяцельскі. Можам не ўправіцца. Адна ж рыдлёўка.
Самотны цень мільгануў і прапаў у вачах Мяцельскага. Ён зразумеў сваю задачу без загаду.
— Казак, давай! — стрымана гукнуў ён.
Чалавек магутнай паставы ў шэрай паддзёўцы, з вінтоўкай і засунутай за дзягу рыдлёўкай, падыходзіць да Мяцельскага, на хаду вымаючы рыдлёўку. Спыняецца, моўчкі глядзіць на яго.
— Ну, што? Капай! — загадвае Мяцельскі.
Без роспыту Казак здымае вінтоўку, пачынае раскопваць мяккую імшарыну…
… пад якой апынуўся светлы, амаль белы баравы жвір.
Да гэтай мясціны падыходзяць іншыя, спыняюцца, моўчкі, з насцярогай пазіраюць у раскапаны дол…
Мяккі, парослы беламошнікам жвір ляціць пад іхнія ногі…
…на старыя змакрэлыя боты… на разлезлыя аўстрыйскія гамашы… на лапці з аборамі на нагах у Дзеда…
Дзед, не страсаючы абсыпаных жвірам лапцяў, адыходзіць наводдаль і апускаецца на дол. Галава яго неяк сама па сабе ўгнулася, унурыўся позірк. Вусны заварушыліся, нібы творачы святую малітву… (Тэкст малітвы трэба ўдакладніць.)
Кажухар, трымаючы за пазухай ашчадна правую руку, тоўста абкручаную нейкай анучай, са скрыўленым ад болю, даўно не голеным тварам, патупаў, патупаў каля людзей ды і сеў побач з Дзедам…
— Ну во, братка, як яно ўсё атрымалася… — Кажухару відавочна хацелася пагутарыць, пабедаваць, каб хоць як заглушыць боль у руцэ…
Але Дзед не адказвае — таму, мабыць, што баліць у яго нешта сваё…
— Атрымалася! — ціха паўтарыў Забела, які ачмурэла стаяў насупроць. Вусны яго на момант здрадліва скрывіліся, вочы гатовы былі пакрыцца слязьмі. Неяк, аднак, ён намогся, асіліў нечаканую слабасць, цвярдзей сашчапіў голыя пашчэнкі і адвярнуўся…
Астатнія стаяць вакол ужо выразна азначанай у імшаніку яміны… Хто стаіць адвярнуўшыся… Хто апанурана пазірае сабе пад ногі… хто пазірае на Казака…
…які ўвіхаецца ў яме…
Аўстрыяк нядоўга пастаяў сярод іншых ды, забіраючы паўколам навакол, памалу пайшоў па лесе. Пазірае ўгору…
…між хваёвых вяршалін, што ціха і мерна пагойдваюцца на фоне шэрых аблокаў…
Аўстрыяк глядзіць на аблокі, а ў галаве круцяцца думкі:
«…Марудна капаюць! Так можна і не паспець!.. Ну, нічога, хутка ўсё скончыцца, усё супакоіцца назаўсёды… Ну, чаго шкадаваць? Жыцця? Дык якое гэта жыццё? Гэта пекла, боскае пакаранне, а не жыццё! Дома нялюбая, чужая жонка з чатырма чужымі дзяцьмі. І не заплача: маючы зямлю, хутка прыдбае і новага мужа. Родны брат застанецца адзіным гаспадаром на бедным надзеле. І ніхто яму болей не будзе пагражаць дзяльбой. Усе як-небудзь пражывуць!»
Аўстрыяк аглядваецца ў бок ямы…
Там Казака змяніў Мяцельскі…
Аўстрыяк зноў глядзіць на неба…
Там усё плывуць шэрыя аблокі… Мелка пачаў накрапваць дождж…
Паступова, з размытага малюнка аблокаў і дажджу, перад Аўстрыякам узнікае:
…вясковы падворак, па якім бегаюць куры… Каля пуні, пад навесам, Аўстрыяк рамантуе хамут… Непадалёк ад яго корпаюцца дзеці… Каля будкі на ланцугу ляжыць сабака… Раптам ён ускочыў і забрахаў у бок вуліцы…
Аўстрыяк аглядваецца…
Па вуліцы да яго хаты пад’язджаюць некалькі падвод, на якіх сядзяць чырвонаармейцы з вінтоўкамі. Некаторыя падводы ўжо загружаныя мяшкамі з зернем. З першай падводы злазяць двое і ідуць у падворак.
Сабака каля будкі брэша на іх…
З хаты выходзіць жонка Аўстрыяка з грудным дзіцем на руках…
Двое падыходзяць да Аўстрыяка. Адзін з іх адзеты ў цывільную адзежу, другі, відаць, камандзір чырвонаармейцаў. Цывільны падае Аўстрыяку паперу:
— Вось вам абавязацельства на харчразвёрстку! Вы павінны здаць дваццаць пудоў збожжа на дапамогу Чырвонай Арміі! Распісвайцесь! — ён падае Аўстрыяку паперу і аловак.
Сабака працягвае брахаць…
Ля хаты застыла жонка з дзіцем…
Змоўклі дзеці, з цікавасцю назіраюць за незнаёмымі людзьмі…
Аўстрыяк спачатку здзіўлена глядзіць на цывільнага, потым аглядваецца ў бок жонкі, зноў глядзіць на паперу і раптоўна ўзрываецца:
— А вось, выкусі! — ён суне цывільнаму пад нос фігу. — У мяне дзеці! Сам бачыш! Іх карміць трэба! У мяне ў самога столькі няма!
Цывільны крыху адступае ўбок:
— Ты, гэта, лягчэй, лягчэй! Не з цябе аднаго забіраем! Ува ўсіх бярэм, бо як вось іх карміць трэба! — ён паказвае ў бок чырвонаармейцаў.
— Дык няхай Чырвоная Армія сама пасее і пажне, а не рабуе сялян! Гэта ж колькі трэба было пакутаваць на вайне, ды ў палоне, ісці вось да яе ў прымакі. Ірваць кішкі на гэтай запушчанай гаспадарцы, каб апынуцца на зіму жабраком! І што гэта за ўлада настала, як з ёй жыць? Я ж так імкнуўся дадому, а тут аказалася горш, чым на вайне, чым у палоне… Дык там хоць быў вораг, там прымушалі рабіць, нават каралі смерцю. Але там кармілі. А чым я тут накармлю вось іх?
Дзеці спалохана прыціскаюцца да мацеры. Тая паціху падвывае.
Нават сабака перастаў брахаць і схаваўся ў будку… Камандзір, павярнуўшыся ў бок падвод, махнуў рукой. Чырвонаармейцы сыпанулі ў падворак…
Малюнак размываецца, потым у кадры зноў узнікае твар Аўстрыяка… У панурым задуменні ён ідзе да ямы…
Там, угнуўшы шырокую спіну, размашыста шпурляе рыдлёўкай Мяцельскі… Побач стаіць Камандзір.
Аўстрыяк падыходзіць да ямы:
— Ну, ці хутка вы? — са скрухай пытаецца ён.
— Паспееш! — нядобразычліва буркнуў з ямы Мяцельскі. Аўстрыяк панура адыходзіць ад ямы, мармыча сабе пад нос: