Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Станаўленне

Далідовіч Генрых

Шрифт:

Да першых восеньскіх зацяжных дажджоў бацька зляпіў невялікі, на адну палавіну i з адным акном, зруб, накрыў яго трысцём, нашчапаў сасны, паслаў з гэтых плашак столь, на яе наслаў моху i нацягаў пяску, а пасля ўзяўся сам складваць печ. На яе выбраў цэглы з папялішча i зрабіў новай, накапаўшы гліны на Каменнай гары.

Аднойчы, калі майстраваў ложак-тапчан, да ix зайшоў барадаты партызан. Ён цяпер стаў старшынёй тутэйшага сельсавета. Павітаўся з бацькам i з ім, Казікам, за рукі.

— Ну, вось ужо ў Янковічах i ёсць людзі,— усміхнуўся ён. — Віншую! Значыць, будзе жыць веска… Можа, хутка вернуцца i астатнія янкоўцы, людзі з другіх вёсак — i будзем пачынаць пакрысе ладзіць новае, сацыялістычнае, жыццё… Пачнём з таго, — ён падміргнуў Казіку, — што зладзім школу… А пасля пачнём калгасы ладзіць, заворваць межы…

— Можа, ці вернецца ўжо хто адтуль?! — пабедавала маці.

— Вернуцца, — адказаў старшыня сельсавета. — Нашы ўжо вось-вось возьмуць Берлін… Але i ты, таварыш Хлябовіч, папрацаваў! — здзівіўся госць, пазіраючы на новую хату. — Так можна змоладу падарваць здароўе… Столькі працы… I што ж вы тут ясце, людзі?

— Булён по сны, зацірку, — адказала маці,— сушым трысцёвае карэнне, таўчом яго i варым каву, варым жалуды, робім павідла з лопухавага карэння… А вопратку мыю сабачым мылам…

— Так… — пацмокаў барадач. — Выцерпелі не такое, дык неяк выцерпіце i гэта… Усё хутка перайначыцца… Ну, а што вы кармілі мяне i маіх сяброў тут, на гэтым хутары, што правілі нам хамуты, шылі боты там, у Ружэвічах, я вам дам даведку, што вы памагалі партызанам, дам карову…

Назаўтра бацька з раніцы пайшоў у сельсавет i прывёў чорна-белую былую партызанскую карову. Маці гладзіла галаву каровы, а ж плакала ад шчасця, гаварыла, што цяпер, маючы карову, яны ўжо напраўду зноў выжывуць.

Бацька адразу ж узяўся касіць старую, нікім за гэтае лета не чапаную, здзічэлую траву. Хлява, канечне, хутка не мог зрабіць, адклаў гэтую работу на вясну. Дык прыставіў да шчыта хаты высокіх жэрдак, абклаў ix мохам, зноў, каб не сарваў моху вецер, наставіў наверх моху жэрдак i ў вузкім, але высокім катушку знайшлося месца карове, якую нанач прывязвалі за рогі пастронкам да ўбітага ў сцяну вялікага цвіка.

…Бацька ў вераснёўскі сонечны дзень паблізу хаты, на поплаве, касіў, a Казік з маці грэблі скошаную яшчэ пазаўчора траву i насілі яе да азяроду.

Працавалі моўчкі; бацька махаў i махаў касою; маці i Казік, вяртаючыся ад азяроду да поплаву, яшчэ ўсё чуючы салодкі пах сена, ішлі з апушчанымі галовамі, пазіралі долу: калолася ў босыя ногі.

— Зірні, сын, у цябе вочы маладыя… — неспадзявана сказала маці, штурхнула Казіка ў бок локцем i кіўнула на здзічэлае, зарослае парыжэлаю свірэпаю, асотам, асветленае цяпер жаўтаватым святлом невысокага сонца поле. — Ці не чалавек вунь ідзе…

Казік зірнуў у поле, але не ўбачыў на ім чалавека.

Тады зірнуў далей, туды, дзе неба сыходзілася з зямлёй, — і, здаецца, напраўду ўбачыў жывую душу.

— Нехта ідзе… — узрадаваўся ён: за ўсё лета ён бачыў тут толькі аднаго чалавека — старшыню сельсавета, — той прыйшоў да ix з другога боку, з Хатавы. А гэты чалавек ішоў з Налібак.

— Бронісь, Бронісь! — паклікала маці бацьку i паказала таму рукою. — Нехта ідзе… Няўжо хто з мястэчка вярнуўся ці з Налібак?

Бацька перастаў касіць, разагнуўся, прыклаў руку да лба i гэтаксама пачаў глядзець на чалавека, што ўсё прыбліжаўся.

— Мужчына… — пазнала маці, а пасля, калі чалавек падышоў бліжэй, спытала: — Зірні, Казя, ці не ў нямецкім ён мундзіры? Вой, дальбуг, той стары немец, які нас паліў… Утаіўся во, мусіць…

Калі чалавек падышоў зусім блізка, як можна было ўбачыць твар, дык i Казік пазнаў ужо: так, гэта той стары лысы немец. Ён быў у зношаным, без пагон мундзіры, у старой-старой пілотцы. У чаравіках. На схуднелым твары з запалымі, як выцвілымі вачыма, здаецца, стала яшчэ больш маршчын, якіх надта шмат — як слаямі — было на лбе.

— Дзень добры вам, — падышоўшы, пільна зірнуў на ix, маўклівых, строгіх, ціха прамовіў ён. — Дзень добры.

Hi бацька з маці, ні Казік яму не адказалі, пазіралі на яго, як на нейкае дзіва: як ён уцалеў тут да гэтай пары?

— Ведаю, што ненавісны i пану, i пані…— слабым голасам, як каючыся, загаварыў прышэлец, пазіраў то на бацьку, то на маці i нават на яго, на Казіка. — Паліў вас i мястэчка… Але я не хацеў… Быў загад… Каб не паліў — пакаралі б… I радню там, у Нямеччыне, пакаралі б…

Зноў на яго словы было маўчанне.

— Я быў салдат, меў дысцыпліну… Салдат мусіць…

— Што мне цяпер тваё апраўданне! — злосна перапыніў яго бацька. — Няма во мястэчка, няма людзей… Зямля пустуе… Я не бачыў, не чуў, хто там вам загадваў… Але бачыў, як вы тут білі нашых людзей, палілі нашыя хаты… Бачыў, што ад усіх вас, праклятых чужынцаў, не было нам дабра… Была б вот цяпер ваша сіла тут, дык зноў здзекаваўся б з нас… Але чаго ты цягаешея? Уцёк? Не, не ўцячэш. Хоць няма i калі, але ўсё кіну, завяду зараз у сельсавет…

— Я, пан, у палоне, у Кляцішках, — як апраўдваўся стары. — Маю дакументы… — i ён дрыготкаю рукою расшпіліў верхнюю кішэньку мундзіра, дастаў складзены белы зверху ліст паперы, падаў бацьку. — Маю дазвол хадзіць, маю заданне… Куды ж я ўцяку? Нікуды не ўцяку. Ды i каб уцёк, то маім жа горш было б… А на тое, што цяпер ёсць, што было б, каб мы, немцы, мелі тут яшчэ ўладу, дык скажу: вайна, пане… Чыя сіла, улада, таго i права…

Бацька не ўзяў у рукі паперы.

— Ну, дык i ідзі, куды ідзеш… Сыдзі з воч… Калі б не яны… — ён кіўнуў на маці i на Казіка. — Я з табой цяпер не так пагаварыў бы… А пра сілу ды ўладу не вучы: вучаныя… Ведаем, якія вы, заваёўнікі, дабрадзеі…

— То ўсё Гітлер… Ён хацеў захапіць Расію, а не я. Мне i дома зямлі даволі. I я хачу не ваяваць, а працаваць…

Стары немец пастаяў яшчэ крыху i пайшоў. Але не на зусім. Як толькі яго адпускалі, ён прыходзіў зноў, каяўся, прасіўся, каб яму бацька дазволіў папрацаваць. I бацька, як здаўшыся, дазволіў таму рэзаць дошкі, рабіць дзверы ды вокны, ляпіць пліту. Стары немец быў майстра адмысловы, рабіў усё паволі, але трывала.

Як пачалі капаць у хаце — за плітою — яму, дзе меліся хаваць бульбу, гародніну, што даў ім за працу ружэвіцкі дзядзька, разам са старым немцам пачаў прыходзіць i малады немец. Малады немец не ўмеў гаварыць ні па-польску, нi па-тутэйшаму, дык ні яго, ні ён нікога не разумеў. Увесь час ён маўчаў i ніколі не ўсміхаўся.

…Два немцы — стары i зусім малады — прайшлі вялікае заснежанае поле i наблізіліся да замёрзлай i закіданай зледзянелым снегам сажалкі, што была непадалёку хаты. Некалі збіраліся тут дзеці з усіх хутароў — Амшарка, Ляжджа, Падзеры, — расчышчалі лапатамі снег, прыносілі кола i моцную бярозавую жэрдку, ладзілі «казу» i каталіся. Крыку, смеху тады было на ўсё наваколле…

Гэтаю зімою на сажалцы стаялі асака, ваўчкі, мятліца, якія хісталіся ад ветру i асыпаліся перамерзлаю трухою.

Стары немец, Хойзер, быў i сёння, у нядзелю, апрануты ў знаёмы стары латаны шынель, падпяразаны вяровачкаю, у старой вушанцы, завязанай пад барадою, у чаравіках, абкручаных анучамі, малады немец — ні імя, нi прозвішча яго Казік не мог ніяк запомніць — плёўся крыху ззаду гэтаксама ў шынялі без пагон; рукавіц у яго не было, дык ён падцягваў рукі ў рукавы, скрыжаваў ix на грудзях. Быў ён у змерзлых, абшмальцаваных ботах i салдацкай нямецкай шапцы з апушчанымі на вушы адкладкамі. Шыя яго была голая, чырванелася. Ішоў ён, звесіўшы галаву.

Поделиться с друзьями: