Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Станаўленне

Далідовіч Генрых

Шрифт:

Як праехалі лагчыну, падняліся зноў на ўзгорак: у вялікай-вялікай, як акінуць позіркам, спадзіне паказаліся зусім блізкія, што на далоні, Янковічы, праз якія ляжала дарога з Івянца ў Налібакі, у Стоўбцы. Праўда, цяпер гэта было не зялёнае, з мноствам хат мястэчка, а суцэльнае задымленае папялішча. Стаялі чорныя печы, дымеліся ніжнія, яшчэ не згарэлыя вянкі сцен.

Абсмаленыя, амаль без лісця, стаялі ліпы ля вуліцы i сады, чорная, рудая вакол хат ды хлявоў была зямля, зрудзеў — нібы змарожаная старая папараць — бульбянік. Вочы выядаў дым i смурод: дым віўся адусюль — ад падвалін, параскіданых дошак, галавешак, наваленых платоў, абгарэлых дрэў. На голых яблынях, што раслі блізка ля хат, рудзелі спечаныя ад полымя яблыкі. На ix выступіў i застыў белы сок. Каторыя — самыя блізкія — яблыкі зусім згарэлі, чарнеліся маленькімі агаркамі.

— Канец свету, — шаптала маці, ківаючы галавою, — гэта ўжо канец свету… Як i ў святым пісанні сказана…

Бацька маўчаў, мусіць, браў бяду ды гора на сэрца. Моўчкі пакіраваў каня за пярэднімі падводамі па бруку, па якім колы калёс дрыготка застукалі, аж затрэсліся ў Казіка шчокі. Пасля колы прашарахцелі па пяску i спусціліся на аселіцу, што зелянела ўздоўж местачковых агародаў, шмат гадоў дагэтуль была для янкоўцаў сенакосам.

Цяпер на аселіцы было многа, відаць, з усяго мястэчка i з усіх блізкіх хутароў, запрэжаных калёс, на якіх ляжалі клункі. Ля вазоў стаялі i сядзелі хмурныя, заплаканыя местачкоўцы ды хутаране — мужчыны, кабеты, дзеці. Вакол вялікай аселіцы адзін ад аднаго на крокаў трыццаць стаялі немцы i паліцыянты. Ля ног немцаў ляжалі, паклаўшы галовы на пярэднія ногі, сабакі з маленькімі вушамі-стаякамі i з высалапленымі языкамі.

Жываты i пазухі ў салдат былі параспіраныя — відаць, напакавалі за мундзіры яблыкаў ды гуркоў; каторыя трымалі ў руках вялікія шапкі сланечнікаў, разломлівалі ix, выкідалі пустую жоўтую сярэдзіну, абіралі з поўных чорных краёў зярняты, грызлі гуркі — горкія кусалі раз-другі i кідалі пад ногі.

Бацька прыпыніў каня, як толькі стаў пярэдні воз. З калёсаў пасаскоквалі немцы, пайшлі да сваіх вартавых, весела загергеталі, i тыя адразу пачалі частаваць ix гароднінай ды садавінай. Яны выціралі яблыкі ды гуркі аб полы i грудзіны мундзіраў і, смеючыся, грызлі, весела i пераможна пазіралі на сагнаных сюды, перапалоханых, пачарнелых ад гора людзей.

Да першага вартавога, які быў бліжэй ад вуліцы, падышлі лысы немец i паліцыянт Шыдлоўскі. Ix частавалі сланечнікам, але яны адмовіліся, селі на зямлю i апусцілі ўніз галовы.

— Павязуць нас у Нямеччыну, — сказаў ціха бацька, які крыху разумеў па-нямецку. — Салдаты гавораць між сабой, што пагоняць нас на конях у Стоўбцы, а там пасадзяць на цягнік… Калі так, дык не дай бог… Як толькі выпадзе шанец — трэба ўцякаць. Няхай прападзе яна там, іхняя Нямеччына, на што яна нам…

— Каб ix дзень i ноч ганяла! — азвалася маці, кашляючы ад дыму. — Ці мы сваей зямлі i хаты не мелі? Ох, божа літасцівы, нікому нічога не ўкажаш… Што хочуць, тое i робяць з людзьмі… I Гітлер іхні горшы за ўсіх чарцей, за Люцыпара…

— Налаташылі…— сказаў бацька i кіўнуў галавою на сценку — дарогу пры янковіцкіх гародах, па якой з хутара ехалі фурманкі, заваленыя поўнымі мяхамі, адзеннем, пабітымі свіннямі. Да кожнай фурманкі была прывязана на повад карова. Кіравалі коньмі чужыя людзі. На кожным возе сядзеў яшчэ немец ці паліцыянт.

Абоз падаўся на другі бок мястэчка — ці не ў Івянец. Уперадзе i ўслед за ім ехалі матацыклы.

Некаторыя матацыклы павярнулі сюды, на аселіцу. Нa адным з ix Казік пазнаў матацыкліста, які ліў на ix хату з вядра бензін, пазнаў высознага крыклівага афіцэра. Афіцэр злез з матацыкла i шпарка падаўся па аселіцы, падышоў да другога высокага афіцэра, абкружанага салдатамі, ускінуў уверх руку i нешта доўга гаварыў. Высокі тоўсты афіцэр слухаў, пасля паціснуў прыезджаму руку, весела паляпаў па плячы.

Да гэтых афіцэраў пачалі сыходзіцца з усёй аселіцы салдаты. Вартавыя цяпер пасталі адзін ад аднаго на крокаў сто, тузалі за павадкі сабак з рудымі бакамі i чорнымі спінамі. Сабакі нехаця ўставалі, злосна гыркалі. Ад гэтай гыркатні цішэў людскі гоман, па спіне, як чуў Казік па сабе, прабягалі халодныя мурашкі.

Салдаты i паліцыянты густа абляпілі афіцэраў, слухалі, са згодаю ківалі галовамі. Толькі, здаецца, лысы немец не лез наперад, a стаяў ззаду ўсіх абыякавы i стомлены.

Праз хвілін пяць усе пачалі разыходзіцца. Ля тоўстага афіцэра засталіся толькі прыезджы афіцэр i паліцыянт Шыдлоўскі.

— Увага, людзі! — звонкім голасам закрычаў Шыдлоўскі, выцягваючы шыю. — Пан маёр мае загад адправіць вас усіх у Стоўбцы. — Пасля ён на хвіліну замоўк, павярнуўся да «пана маёра» i слухаў, што той яму гаворыць, — Пан маёр дае загад ехаць адзін за адным. Не адставаць i не перагаворвацца! Хто ўздумае ўцячы — расстрэл на месцы… Тут вы прыносіце толькі шкоду, a ў вялікай Нямеччыне будзеце прыносіць карысць сваёю працаю… З богам! Паехалі! — i ўжо не Шыдлоўскі, а «пан маёр» выйшаў наперад, падняў руку i махнуў пярэднім фурманам.

— Вось i ўцячы, не паедзь у іхнюю Нямеччыну… — прашаптала маці, калышучы на руках Вэрцю, — Паб’юць, як мух…

— Дарога доўгая, пад сорак вёрст… — адказаў бацька. — Як удасца, дык i будзем уцякаць… Калі яны тут душу вымаюць, дык у іхняй Нямеччыне пагатоў не будзе дабра…

Пярэднія падводы, што, мусіць, ужо доўга стаялі на аселіцы, рушылі ў бок Дзераўной — першага мястэчка за Янковічамі па стаўбцоўскай дарозе. Казік яшчэ доўга сядзеў на возе i чакаў, калі крануцца яны. Каторыя немцы паўскоквалі на калёсы, вартавыя з сабакамі пайшлі збоку. Матацыклісты паселі на матацыклы i памчалі да Дзераўной пустою вуліцаю. З яе ўзнімаўся гарачы пыл i попел.

Недзе далека, як баючыся заставацца ў спаленым мястэчку, закудахтала курыца, са страхам завыў сабака…

Казік бачыў: фурманкі выцягнуліся ў доўгі шнур. Яны падаваліся спярша па аселіцы, па стаптанай траве, пасля выехалі на пясчаную дарогу, з яе — на брук. Мястэчкам, пасярод дымных гарачых папялішчаў, падаліся да рэчкі. За капліцаю пасярод абгарэлых ліп сіратліва стаяў нядаўна новы, жоўты, а цяпер абсмалены высокі крыж, праязджаючы ля яго, тутэйшыя мужчыны знімалі шапкі, а кабеты жагналіся.

Ззаду Казіка ехала яшчэ шмат калёс, збоку ix сунуліся немцы, паліцыянты, але яны не знялі насупраць крыжа шапак, толькі абыякава паглядзелі на яго.

«З богам!» — чамусьці ўспомпілася Казіку, успомнілася тое, што гаварыў «пан маёр» i тлумачыў Шыдлоўскі…

Скончылася мястэчка, паказалася гара, з якой раней людзі бралі гліну, але цяпер там, у яміне з вадою, было нацярушана шмат вуголля, пахла дымам. Дымам пахла i ў лесе, што пачаўся адразу за рэчкаю, ля якой на беразе ляжала гарэлая салома. Дым у лесе стаяў што пара пасля дажджу, калі нечакана прыпячэ сонца.

— Вожачка! — забедавала зноў маці,— І што будзе з намі? Голыя, галодныя ў чужы свет едзем, дзе нас ніхто не чакае i не прытуліць…

— Усё мястэчка едзе, — сказаў бацька. — Можа, як ацалеем усе разам…

Цяпер i ён прымасціўся ўперадзе на драбіне. Як устаў раніцай у зрэбнай кашулі, так i ехаў у ёй. Па лесе густа кацілася рэха ад калёс, плыло збоку, як там, непадалёку, ехаў яшчэ адзін абоз.

Калі былі на паўдарозе да Дзераўной, нечакана ўперадзе пачуліся стрэлы — задудукаў аўтамат. Як яшчэ крыху пад’ехалі бліжэй, дык убачылі на абочыне, на дарозе ў Балявічы, што былі справа, калёсы. Ля ix, скурчыўшыся на зямлі, нерухома ляжаў гаспадар, местачковы жартаўнік, шавец Янка Навіцкі, а на калёсах, паваліўшыся адно на адно, раскінуўшы рукі, ляжалі Янкава жонка i дзеці. Кабета як накрывала сабою дзяцей, белая блузка на яе спіне была чырвоная-чырвоная…

Поделиться с друзьями: