Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Станаўленне

Далідовіч Генрых

Шрифт:

Хутар Амшарок, дзе жыла Васілёва сям’я да блакады, найбліжэйшы да вёскі, у полі. Яны цяпер i ехалі да яго — да старой зялёнай грушы-дзічкі, што ўкамлелася на некалішнім іхнім бульбяным полі, ссохлых, як было ўжо відаць, сліў i вішань i да напалавіну амярцвелай — знізу апаленай, чорнай, зверху зялёнай — бярэзіны, каля якой раней стаяла іхняе гумно. Дарога тут — а па ёй апошні год ніхто не ездзіў — таксама падзічэла: выбоіны, каляіны заплылі ў паводку i ў дажджы пяском, a міжкаляінне, узбочыны зараслі падарожнікам, гусінаю лапкаю i дзьмухаўцом. Тут, бадай, можна было ўжо i касіць.

За полем паказалася пагонка — дарога з вёскі на хутары ці з хутароў у вёску. За пагонкаю — невялікі поплаў. На ім Васіль i запыніў каня. Поплаў быў зялёна-рудаваты, крышку ўжо выгаралы ад ліпеньскага сонца, з перастаялаю травою. Рыжы адразу ж нагнуўся, ткнуўся да дзяцельніку. Хамут аб’ехаў яму на галаву, агаліўшы вільготную ад поту шыю.

— Вот i прыехалі, як кажа Васюкоў, на бацькаўшчыну… — сказаў Васіль. Па-ранейшаму крышку з наўмыснаю бадзёрасцю.

Яніна нічога не адказала, са смуткам зірнула на апаленыя, ад таго i пасохлыя, руда-чорныя слівы, што стаялі ўздоўж былога плота (цяпер воддаль ад папялішча, паваленага i чорнага, a паблізу згарэлага), на рэшткі выгаралых да сярэдзіны бярвёнаў i падвалін, на разбураную, без коміна, ужо не белую, а абмытую дажджамі, чорна-рудую печ. Далей, за селішчам, у полі мірна, як i заўсёды ўлетку, мігцела-мроілася паветра. Але Васіль толькі зірнуў туды i адразу ж адвёў вочы: здалося, што паветра калышацца не ад шчодрага сонца, а ад гарачага агню…

Пераадолеўшы даўні боль i пакуты, Васіль заварушыўся, ажывіўся. Каб не засмуткавала ды не адчаялася Яніна.

— Баішся нават злазіць з калёс? — спытаў нібы з жартам, хоць гэты жарт, можа, быў не зусім удалы, — Не бойся. Не прападзём. Зачэпімся, як кажа Васюкоў, i на папялішчы, пусцім карэнне…

Ён хацеў узяць Яніну на рукі ды гарэзна ссадзіць, як дзіця, з калёс, але яна не далася, як не давалася заўсёды, калі хацеў удзень, пры святле, прытуліць, — сама рухава саскочыла i — невысокая, худаватая, ад таго i дробная, нібы падлетак, босая — зашлэпала побач з ім да котлішча. Ішлі i абое адчувалі: патыхае нагрэтым ад сонца горкім дымам, пахам, хоць прайшло ж ужо нямала часу, як тут усё гарэла. Лічы, год. Дым ды горасць, відаць, выдыхвала папялішча, як часамі выдыхвае ці выкашлівае атруту хворы чалавек.

Ля пачарнелых камянёў у падмуроўцы былой хаты i хлява гусціліся лебяда, палын, дзікая мята, i камяні ляжалі,нібы чорныя авечкі ў траве, у цяні. На самім селішчы буйныя i дробныя галавешкі, попел былі прыплясканыя ўжо, змытыя ад чорнага бруду, паблізу печы рыжэлася вялікая пляміна — ад размяклай i расцеклай гліны. У былых градах, як убачыў Васіль, лапушылася пустазелле (хоць тое-сёе сярод яго ўчапілася i спажыўное — кусцікі цыбулі, маку, кропу, салаты). Пустазелле ўраслося i ў гародчыку, што некалі быў пры шчытавой, «вясковай», сцяне хаты. Але тут не яно, смелае, укамлелае, кідалася ў вочы, а — кветкі. Цёмна-бурачковыя i светла-ружовыя мальвы.

Кветак было нямала. Яніна ўгледзелася на ix i нібы здзівілася, нібы аж залюбавалася: хіба само па сабе магло сярод дзічыны заявіцца такое дзіўнае хараство?! A ў Васіля ў гэтую ўражлівую хвіліну млосна зайшлося сэрца: мальвы любіла маці. Як ні бурчэў некалі працавіты, дбайны, але крышку мармытлівы бацька, што «засмечваецца зямля», яна кожны год садзіла ў гародчыку кветкі, любіла ў вольную хвіліну прыпыніцца i зірнуць, пацешыцца на ix, не дазваляла нікому ix ламаць. Давала ix толькі каму-небудзь на вяселле. Усе ў вёсцы i на хутары ведалі, што яна любіць кветкі, дык, лічы, з усіх Янковіч дзяўчаты i маладыя кабеты прыходзілі да яе i па насенне, i па букеты. I не толькі па насенне ці букеты. Але i спячы тут торт, вышыць дарожку, звязаць свэтар альбо пашыць сукенку — маці была, як казалі, вялікая майстрыха, «кабета з залатымі рукамі…».

З одуму i журботы Васіля вывеў нечаканы пошчак: на паўмёртвай бярэзіне каля ўцалелай, але абгарэлай шпакоўні засвістаў шпак. Бач, людзей тут няма, а ён жыве! Сядзіць вунь чорны камячок на галінцы i нібы вітае ix сваёю песняю. I гэтае яго вітанне было вялікаю ласкаю ды пяшчотаю. Бо ўсё ж жывая душа ёсць паблізу — не цалкам вымерлае наваколле, не пустыня. Узрушаны, Васіль прайшоў уздоўж былога плота да лугавіны, дзе пасярод была яма з вадою (там яны мачылі каноплі). На лугавіне трава была, лічы, у пояс. Далей, да яміны, Васіль не пайшоў. Не захацеў таптаць траву.

Прыкінуў па-гаспадарску: калі скасіць усё, а пасля яшчэ i атаву, дык, бадай, i хопіць Рыжаму сена на зіму. Сена можна скідаць у стажок, а для Рыжага трэ будзе зрабіць невялікі ўцеплены буданчык.

Вярнуўся. Да студні. Зруб яе быў напалову спалены, разбураны; калі ж Васіль зазірнуў усярэдзіну, дык убачыў: там шмат колля, саломы ды травы, але сярод смецця вабна i зазыўна паблісквае жывое вока.

— Відаць, найперш пачысцім студню, — нібы параіўся з Янінаю, калі i яна падышла сюды, — Будзе вада — будзе i ўсё астатняе. А пасля возьмемся капаць яму для зямлянкі. Так?

Яніна моўчкі паціснула плячыма; трымаючыся за рукаво яго палатнянай кашулі, нагнулася i таксама з насцярогаю зазірнула ў калодзеж i тут жа адхінулася — відаць, збаялася глыбіні.

— Божа, колькі нарасло дзічыны! — прамовіла, пазіраючы на дворышча, а таксама i на былое прыгуменне, дзе буялі, раскашоўваліся загоны жоўтай піжмы, белых рамонкаў, зялёна-рудой сухадзяроўкі — дзікага палыну.

— Вельмі баішся заставацца тут, сярод дзічыны? — запытаў ён, па-свойму зразумеўшы яе адчайны ўздых.

Яніна прытулілася, даверліва прыхіліла да яго грудзіны галаву. Ён пагладзіў шорсткай далонню па яе загарэлай, але гладкай маладой шыі i па худаватым плячы.

— Я з табою не баюся… — прамовіла яна ў адказ, — Ты ж дужы, смелы.

— Не бойся, — i папрасіў, i запэўніў ён. — Зачэпімся. Тут жа ўсё сваё, наша. А сваё спрыяе, памагае стаць на ногі. Гэта на чужыне, кажуць, цяжка зачапіцца. Бо цяжка дабіцца, каб чужая зямля стала бацькаўшчынаю… Хоць, канечне, працы тут трэба будзе многа пакласці…

— Хіба мы старыя ці беларукія якія, што будзем баяцца работы? — адказала, ужо не з разгубленасцю, а з вераю ў яго i свае сілы.

— Ну, дык i пачнем прыжывацца, — сказаў ён, радуючыся, што Яніна паспакайнела. — Давай чысціць студню.

Неўзабаве Васіль спусціўся па зрубе ў калодзеж, узяўся падбіраць колле, звязваць, a Яніна вяроўкаю выцягвала наверх. Калі ачысцілі, тады па чарзе выбіралі драўляным вядром старую пратухлую ваду i вылівалі яе воддаль.

3

Сонца сёння, здаецца, зайшло зарана, нібы пашкадавала, каб яны не надарваліся: i Васіль, i Яніна не стаміліся, зусім не думалі пра стому — цягалі i цягалі ваду са студні, вылівалі, жадаючы, каб светлы дзень яшчэ доўга не канчаўся. Старой, нясмачнай вады вунь яшчэ колькі — амаль на цэлы круг.

Калі звечарэла, спахапіліся, пакінулі калодзеж у спакоі, пачалі дбаць пра начлег. Васіль насек паваленага абгарэлага частаколу (калі кратаў i сек, дык з большаю моцаю пахла гарэлым), расклаў паблізу калёс цяпельца. Пакуль ён напаіў Рыжага i перавязаў на новае месца на поплаве, Яніна прымайстравала каля агню саганкі з вадою: адзін, каб зварыць булён, другі, каб медь вар, памыць пасуду.

Поделиться с друзьями: