Станаўленне
Шрифт:
«Здаецца, чырвонаармейскі,— пільна ўзіраючыся, падумаў ён. — А можа, i не чырвонаармейскі. Цяпер шмат хто ў такой форме ходзіць, ездзіць на такіх машынах ці, наадварот, чырвонаармейцы, бывае, катаюцца на нямецкіх легкавіках ці матацыклах».
Першы вайсковец запыніў за вобраць рахманага каня, пасля, трымаючы правую руку пад плашч-палаткаю, падышоў, чэпка зірнуў на звязаныя ванзэлкі на калёсах, на ix, людзей. Сам ён быў маладжавы, з гладка выгаленымі шчокамі ды шырокім раздвоеным падбародкам.
— Хто такія? — запытаў. Рэзка, строга. Пазіраючы ўжо толькі яму, Васілю, у вочы.
— Бежанцы… — адказаў ён, адчуваючы, як ад хвалявання сціскае горла. Здаецца, i прывык ужо за вайну да сустрэч з незнаёмымі людзьмі, але ўсё роўна, бывае, новая сустрэча разгубіць, змусіць мацней, чым звычайна, забіцца сэрца. Можа, i ад таго, што кожны раз пры такой сустрэчы не ведаеш, што з табою будзе — ускочыш, як заяц, у пятлю ці выскачыш цэлы.
— Куды i чаго едзеце? — зноў гэтак жа строга запытаў вайсковец. Гаварыў ён па-руску.
— Вяртаемся ў сваю вёску.
— Куды? — не зводзячы пільнага позірку, дапытваў вайсковец. Іншыя вайскоўцы, падышоўшы, абступілі калёсы з усіх бакоў. Кожны трымаў правую руку пад плашчпалаткаю. Адзін з ix, самы малады, кірпаносы, з маладым захапленнем зірнуў на Яніну. Здаецца, аж здзівіўся, што ёсць такія прыгожыя кабеты.
— У Янковічы, — адказаў Васіль, — На хутар Амшарок. Яны за гэтым, крычатоўскім лесам. — Гаварыў, а сам пакутаваў ад загадкі: хто на самай справе яны, гэтыя вайскоўцы? што ім трэба? што яны зробяць з імі?
— Чаму не ў арміі? — пачулася новае строгае пытанне. — Дэзерцір?
— Мяне камісавалі,— патлумачыў Васіль. — Па хваробе…
Вайсковец дапытліва акінуў яго ўсяго позіркам.
— У мяне язва, — зноў растлумачыў,— a ўвесну была яшчэ i цяжкая жаўтуха…
— Ёсць дакументы? — ужо лагодней запытаў той.
Васіль дастаў з унутранай кішэні пінжака такія-сякія свае паперы, дзе было пасведчанне i пра яго камісацыю, i падаў чалавеку. Той пагартаў, паглядзеў, а пасля, не вяртаючы папер, азірнуўся, махнуў рукою — на міг яго плашч расхінуўся, i пад ім паказалася афіцэрская партупея з падвешаным кінжалам i з палявою сумкаю на баку. З-за арэшніку тут жа выйшаў невысокі паўцывільны — у ботах, у афіцэрскім галіфэ i сялянскім суконным фрэнчы, з новенькім аўтаматам у руцэ. Прыгледзеўшыся, Васіль адчуў палёгку: гэты чалавек быў добра знаёмы. Васюкоў, былы камандзір партызанскага атрада, былы (даваенны) i цяперашні старшыня Ружэвіцкага сельсавета. Казалі, усіх тутэйшых партызан перад ліпеньскім парадам у вызваленым Мінску сабралі ў Івянцы — каго пакінулі тут для гарнізоннай службы, хто паехаў на парад, а адтуль — на фронт, у тыл ці застаўся ў Мінску альбо ў іншых гарадах i вёсках на партыйнай i гаспадарчай рабоце.
— Ведаеце гэтых галубкоў? — паўазіраючыся i ў той жа час не спускаючы з ix позірку, запьггаў вайсковец у Васюкова. — Не дэзерцір?
— Ведаю, таварыш капітан, — усміхнуўся той, — Не дэзерцір. Мясцовыя. Свае. Ён, — кіўнуў на Васіля, — памагаў нам. Зброю ў гаспадаровай кузні правіў, звесткі важныя даваў. Камісаваны… — I, падаючы Васілю руку, загаварыў да яго ca здзіўленнем: — Вяртаешся ўжо дадому?
Васіль кіўнуў галавою.
— Смелы! — хітнуў галавою i Васюкоў.— Адзін! У такі час! На папялішча!
Вайсковец аддаў Васілю яго паперы.
— Учора ці сёння, можа, бачыў непадалёку вайсковых людзей з рацыяй? — ужо заклапочана запытаў у яго Васюкоў.
Васіль крутнуў галавою: не. Толькі цяпер разгледзеўся: вайскоўцы, а гэты капітан найбольш, не такія ўжо i строгія. Яны вельмі стомленыя: прыпухлыя, чырванаватыя ва ўсіх вочы, запалыя шчокі, лічы, цёмныя твары.
— Ты, хлопец, не бойся… — зноў абзыўнуўся каштан. — Ведаеш — гавары. Чым скарэй вылавім дыверсантаў, здраднікаў ды іншую пошасць — тым лягчэй, спакайней будзе i тылам нашай арміі, i вам, мясцовым. Ды трэба шчыра памагаць нашай, Савецкай уладзе, што пачынае цяпер аднаўляцца i тут…
— Ды ён, таварыш капітан, кажу, свядомы. Наш, — заступіўся за яго Васюкоў, таксама цяпер нясвежы, нават змардаваны. — Мы яму верым. Калі гаворыць, што не бачыў, дык i не бачыў. Я за яго ручаюся. Трэба дазволіць яму вярнуцца ў сваю вёску.
— Ладна, хлопец. Едзь, калі за цябе ручаюцца, — дазволіў вайсковец, адступіў.— Толькі, па-першае, трымай язык за зубамі, маўчы пра нас, як i не бачыў нічога, а па-другое, не лаві варон. Цяпер не самы лепшы час для любові…
Васіль, бянтэжачыся ды, відаць, заліваючыся чырванню, што біты-абабіты, але страціў пільнасць, тузнуў лейцамі каня. Той крануўся, навалок калёсы. Васюкоў закрочыў поруч з імі, абапіраючыся адной рукой на вышмальцаваную драбінку, a ў другой несучы новенькі, відаць, падараваны вайскоўцамі аўтамат.
— Будзеш бачыць на сваім хутары што падазронае — дай вестку ў Ружэвічы, у сельсавет, — прамовіў ён. Гаварыў найперш яму, Васілю. Як мужчына мужчыну. — Толькі абы-каму не гавары ўсё, а мне ці майму памочніку, Казлову. I яшчэ, — сказаў лагодна, нават па-бацькоўску даверліва i павучальна, — праўду кажа гэты капітан: асцерагайся. I паганых людзей, i мін. Мін многа панакідана на полі, у лесе, па дарогах, a людзі, як сам ведаеш, цяпер тут усякія. I свае, i чужыя… Кажуць, i бандзюга Вяршок тут яшчэ блытаецца. I не адзін, а з хаўруснікамі. I сынок пана ляснічага, Крушынскі, акавец заядлы, аднекуль вынырнуў, шкодзіць тылам нашых войск i новай польскай арміі. Так што не спрыяльны яшчэ час, каб жыць адным на хутары. Беражыцеся. А беражонага, як кажуць, i бог сцеражэ… — Усміхнуўся, падаў на развітанне Васілю, а пасля i Яніне руку, — Напалохаў? Загнаў душу ў пяткі? Не хочацца павярнуцца назад, у Ружэвічы? Не?! Ну што ж, калі адчайныя — дык едзьце на сваю бацькаўшчыну, чапляйцеся i на папялішчы. Жывыя — дык i думайце пра жывое. Пускайце карэнне, ажыўляйце вёску i заводзьце новы янкоўскі род! На жаль, я нічым вельмі памагчы вам не магу. Хіба што толькі гэтым… — дастаў з кішэні, падаў пісталет. — Бяры, Васіль, можа, i спатрэбіцца. Хоць лепш было б, каб не спатрэбіўся, каб перастала ўжо ўрэшце ўладарыць зброя…
Аблашчыў позіркам, адстаў і, можа, успамінаючы ў гэтую хвіліну сваю сям’ю, што жыла далека адгэтуль, на Пскоўшчыне, памахаў услед рукою.
2
Рыжы трухаў, трос галавою, адганяючы ад пакалечанага вока аваднёў i мух, што не давалі яму спакою ўсю дарогу, марудна цягнуў калёсы i зусім не зважаў, што вось нарэшце скончыўся крычатоўскі лес, пачалося налібацкае поле i паяснеў ды пабольшаў свет.
Канечне, Рыжы не мог ні заспяшацца, ні радасна зафыркаць, як звычайна радуецца жывёла, набліжаючыся да свайго жытла. Гэтак жа не мог узбудзіцца i сабака, Мурзік. Ён дасюль бег ззаду калёс, раз за разам запыняўся, збочваў, да нечага прынюхваючыся, абмінаў i шыбаваў паперадзе каня. Яны, i сталы Рыжы, i малады ящчэ Мурзік, дагэтуль ніколі не бачылі ні Янковіч, ні хутара Амшарка. Рыжы прыбіўся з-за свету — валок з-за Мінска сюды гармату, а пасля яго, параненага, падаравалі вайскоўцы Васілю, a Мурзік быў гаспадароў, ружэвіцкі, сабака i толькі па сваёй вялікай схільнасці да Васіля-кватаранта прычапіўся суправаджаць яго ў незнаемы шлях.
Цяжка было здагадацца, што адчувала якраз у гэтую хвіліну сцішэлая Яніна: яна была тутэйшая, з недалёкага хутара, з Ляйтарак, але ўсё ж не з Амшарка. Яна, здаецца, ужо супакоілася пасля нечаканых сустрэч з самалётамі i вайскоўцамі ў лесе i, схаваўшы лоб ад спякотнага сонца пад белаю хусткаю, са здзіўленнем i нават з аняменнем пазірала на вялікае, як акінуць вокам, янковіцкае поле. Яна ведала гэтыя ваколіцы i раней, але не бачыла ix якраз такімі. Яны цяпер былі стракатыя, нібы велізарны шматколерны дыван. Што толькі не расло тут! Палавелі жаўтавата-белыя лапікі малога, з дробным калоссем жыта, пшаніцы i ячменю, зелянеліся авёс i бульба, але яшчэ больш гусцеліся абшары пырніку, лебяды, высознага, у рост чалавека, асоту з шэрымі галоўкамі, жоўтых свірэпы i лубіну.
Ён жа, Васіль, адчуваючы пачасцелае сэрцабіццё, пазіраў не так на гэтае адзічэлае без людзей поле, дзе цяпер расло ўсё, што можа расці само па сабе пад сонцам, дажджом i ветрам, а болей кідаў позірк налева, дзе за вярсты дзве ўздоўж гэтага поля стаялі ліпы, бярозы, сады — усё, што засталося ад спаленых у блакаду Янковіч, а таксама i направа, дзе сям-там сярод поля ці перад самым лесам бачыліся астраўкі бяроз, бэзу, садоў — усё, што ацалела ад былых хутарскіх хат. Наваколлі былі знаёмыя, родныя, але нібы ўжо i счужэлыя.