Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Станаўленне

Далідовіч Генрых

Шрифт:

— Казік, ты не любіш мяне, ты мяне ўзяў, каб толькі…

— Гэта як я захачу! — перабіў яе Казік. — Калі ўзяў, то ты — мая.

— Мы павінны ўзяць развод! I чым хутчэй, тым лепш.

— Я табе дам развод! Я табе… — Казік замахнуўся i ўдарыў Олю па шчацэ. — Ну, я не люблю цябе i не любіў, я памыліўся, паспяшаўся, мне не такая баба, як ты, патрэбна…

Ён замахнуўся яшчэ раз, але я не стрываў, падбег i павіс на яго руцэ.

— Не бі Олю! Яна харошая! Оля добрая! Скажу тату!..

— Усе вы добрыя, — адкінуў мяне брат. — Усе вы абманваеце мяне: робіце адно, а гаворыце другое.

Оля вырвалася, уцякла да суседзяў. Пакінуўшы брата, услед за ёю пабег i я.

Сёння зноў прыязджае дамоў Казік. Я не ведаю: ажаніўся ён з «дачкой якога-небудзь туза» ці не. Але я рашыў, што не пакажу яму, нізашто не пакажу ліст, што прыслалі Янак i Оля з цаліны. Я не скажу яму, што атрымаў учора першую пяцёрку, што настаўніца мяне пахваліла, не прагаваруся Казіку i пра тое, што калі навучуся пісаць, дык абавязкова напішу Олі ліст. Раскажу, як яе я любіў, папрашу ў яе прабачэння за тую віну перад ёю. Я ёй усё-ўсё апішу, пажадаю шчасця…

Жывы покліч

Прысвячаю маладым бацькам 1944 i 1945 гадоў

1

Самалёты ляцелі адзін за адным, натужна гулі, i ад гэтага густога, настойлівага гулу, здаецца, трымцела ды звінела не толькі высокае неба, але i зямля. Калі яны наблізіліся, Васіль нібы аглухнуў: заклала ў вушах. Усё ранейшае — шапаценне пяску пад коламі, калёсны рып, птушыныя спевы, лясны ціхі звон — патанула ў гэтым магутным неспакоі.

Яніна закрыла твар далонямі i з насцярогаю прыціснулася да Васіля. Гэтыя насцярога ды боязь самалётаў заявіліся ў яе яшчэ ў блакаду, калі немцы пачалі бамбіць партызанскія лагеры ў Налібацкай пушчы, а таксама — сёлета, пасля нядаўніх кароткіх, але лютых баёў над Ружэвічамі. I ў тыя бамбёжкі, i ў гэтыя баі самалёты страшна вылі, скаланалі паветра i зямлю стрэламі ды выбухамі. Сёлета некалькі ахопленых агнём машын нават упала каля вёскі, адна — зусім на гародзе канцавой хаты. Ад упалага самалёта загінула сям’я, якая хавалася ў акопчыку, а ад узрыву i агню загарэлася некалькі блізкіх дамоў i ва ўсім засценку павыбівала шыбы ў вокнах.

Васіль прыпыніў каля густалістай бярэзіны каня i задраў галаву, стараючыся пазнаць: чые ў светлым, нават белаватым ад шчодрага сонца небе самалёты? Заўважылі зверху ix тут, на лясной дарозе, ці не? Паласнуць кулямётнаю чаргою ці не пазважаюць на адзінокую фурманку, паляцяць далей — сваім шляхам?

Самалёты, як здалося адгэтуль, з зямлі, былі шэразеленаватыя, з светлымі водбліскамі. Вось накрылі ценем, паказалі свае знакі — чырвоныя зорачкі з белаю акаймоўкаю. Праляцелі над імі, памкнуліся наперад, на захад. Гул, адбіваючыся ад зямлі, хваляваў-калыхаў паветра. Яно, парушанае ды ўстрывожанае, дрыжала, аж спявала-стагнала ад цяжару.

— Бамбавозы, «ПЕ-2», — калі самалёты пагналі гул наперад i аддаліліся, з палёгкаю прамовіў ён. — Відаць, паляцелі на Ліду. На аэрадром.

Яніна, пачуўшы, чые самалёты, адсланіла твар, апусціла рукі на калені, але ўсё яшчэ з трывогаю тулілася да яго плечука i маўчала; рэха суцішвалася i ўкладвалася, лес спакайнеў, хоць здавалася, наваколле ўсё яшчэ звініць i гудзе — ён, гул, стаяў у вушах. I калі неўзабаве зноў крануліся, паехалі далей, дык даўгавата не было чуваць, што шапаціць сухі пясок пад коламі, рыпяць на выбоінах калёсы i пазвоньваюць на ix каструлі ды міскі ад нечаканых штуршкоў.

— А што, калі, як той-сёй кажа, вайна вернецца? — нечакана выразна сярод гэтай аглухласці ды ўтрапеласці запытала Яніна.

— Ты — што?! — усміхнуўся ён. Як чалавек, што добра ўсё ведаў i добра ва ўсім разбіраўся. Нібы стары дзед, — Цеперся ўжо сіла пераламала сілу… Чырвоная Армія прарвала нямецкую абарону, «Фатэрлянд», узяла Гродна. На днях, кажуць, выганяць немцаў i з Брэста. Вайна пакоціцца па Польшчы. Да самой Германіі. А на яе ўжо, сама ж чула, болей месяца ідуць англійскія ды амерыканскія арміі…

— Усякае яшчэ можа быць… — прамовіла яна, — Брэст яшчэ ж пад немцамі. А Брэст той не так ужо i далека ад нас…

— Не. Вайна будзе ўжо там. Сама ж бачыш, як ляцяць гэтыя самалёты! Удзень! Нізка! Нічога не баяцца!

— Вачыма бачу, вушамі чую, але на сэрцы няма спакою… — шчыра прызналася яна. — Усё яшчэ страх у душы сядзіць…

Усе гэтыя дні маўчала пра сваю трывогу ды адну для абаіх небяспеку, а вось цяпер, у дарозе, не вытрывала, абзыўнулася. Відаць, тры гады, прапакутаваныя ў акупацыі, паклалі ў яе душы глыбокі след, напоўнілі надоўга кроў трывогаю ды страхам. Праўда, яна ўсё ж не паслухала маці, згадзілася ехаць у гэтую, сапраўды даволі яшчэ небяспечную дарогу з ім, маладым, толькі на год старэйшым мужам. Прасіў, настойваў — яна i падрадзілася пакінуць абжытую, але не зусім мілую кватэру ў Ружэвічах, вярнуцца на папялішча ў свае родныя, спаленыя ў блакаду Янковічы.

Ды які мог быць у яе, кабеты, спакой, калі яшчз паблізу ішлі баі (уночы, у цішыні, нават чуваць, як бухае за Налібацкаю пушчаю, калоціцца, стогне ад бомбавых выбухаў зямля, ды відаць, як там палымнее неба), калі яшчэ няма тут ладу, яснасці. Удзень ляціць, едзе, ідзе на захад адна сіла, a ўночы — яшчэ i іншая. Уночы пруць, даганяючы фронт, ацалелыя нямецкія часці, паліцэйскія, усякія цёмныя людзі, а таксама разбойнічаюць рабаўнікі. I цяпер — без вайны — усё яшчэ можна скласці галаву. Нават ненаўмысна i выпадкова. Асцеражнейшыя людзі цяпер вельмі пільныя. Лічы, далей свайго ганка не вытыркаюцца на чужыя вочы. Але ні Васіль, ні Яніна не паасцерагаліся, узгарэліся кінуцца, як у вір, у новы дзень.

— Выжылі ў вайну, дык выжывем i цяпер, — усміхнуўся ён, каб зноў падбадзёрыць Яніну. — Цяпер грэх загінуць. Ды збіраючыся доўга i шчасліва жыць…

— Упарты ж ты… — нязлосна, мякка папікнула яна.

— A хіба кепска, калі мужчына ўпарты ці настойлівы? — пагарэзаваў. Яна не ўтрывала, таксама ўсміхнулася, бо зразумела яго намёк, але пастаралася быць строгаю. Ды не паспела ні кіўнуць пальцам, ні штосьці сказаць болей: ён затуліў яе вусны сваімі.

Яніна не ўпарцілася, i на нейкую хвіліну абое заціхлі ў доўгім пацалунку, не зважаючы, што іхні конь запыніўся, — відаць, адчуў апушчаныя лейцы i ca смакам ткнуўся да прыдарожнага дзікага сіняга лубіну: яго, лубіну, абапал дарогі было шмат.

— Ах, как хорошо-то! — нечакана сцёбнуў па ix блізкі мужчынскі голас.

Яніна i Васіль рэзка адхінуліся адно ад аднаго, зыркнулі на дарогу: што за людзі заявіліся тут нечакана?

З-за павароткі, з-за густых арэхавых кустоў адзін за адным выходзілі вайскоўцы. У ботах, у зялёных доўгіх плашч-палатках, але без пілотак. Усе загарэлыя, русявыя. Конь падняў галаву i нібы ўзрадаваўся падарожным. Пасля сам крануўся ім насустрач. Пад’ехаўшы бліжэй, Васіль заўважыў за густым арахоўем вытыркнуты цёмназялёны капот вайсковага грузавіка.

Поделиться с друзьями: