ЖАНРЫ

Старонкі нашай мінуўшчыны. Абраныя артыкулы.

Грицкевич Анатолий Петрович

Шрифт:

Кандыдатуру Фрыдрыха Аўгуста падтрымалі Расія і Аўстрыя, якія не хацелі мець саюзніка Францыі пад бокам. Вялікую ролю ў выбарах караля адыграла грамата цара Пятра I да сойма, у якой ён папярэджваў, што абранне французскага прынца будзе парушэннем «вечнага міру» 1686 г. (дарэчы, так і не ратыфікаванага соймам Рэчы Паспалітай). Больш за тое, Пётр I пагражаў вайной, калі не будзе абраны ягоны кандыдат — саксонскі курфюрст.

Польская манета 1697 г. Аверс — бюст Яна III Сабескага. Рэверс — каранацыя Аўгуста II.

27 чэрвеня 1697 г. на выбарчым полі ў Варшаўскім прадмесці Воля большасць галасоў была пададзена за прынца дэ Канці, якога і абвясцілі каралём. Меншасць (падкупленая або запалоханая) прагаласавала за Фрыдрыха Аўгуста і абвясціла яго каралём. Французскі прынц спрабаваў нават высадзіцца з карабля каля Гданьска. Але Фрыдрых Аўгуст апярэдзіў саперніка і ўжо 15 верасня каранаваўся ў Кракаве на Вавелі і цяпер лічыўся законным каралём — Аўгустам II. Як адзначыў Карл Маркс у сваёй працы «Нямеччына і Польшча»: «Узвядзенне гэтай прылады Расіі на польскі каралеўскі трон — падзея, ад якой пачалося панаванне маскавітаў у Польшчы» (г. зн. у Рэчы Паспалітай. — А. Г).

Першы перыяд панавання

Пачатак панавання Аўгуста II у Рэчы Паспалітай прыпадае на заканчэнне вайны саюзнікаў з Турцыяй і Карлавіцкі мір, паводле якога Польшча вярнула сабе Падолію з крэпасцю Камянец-Падольскі.

А ў гэты час у Беларускай-Літоўскай дзяржаве разгарнулася грамадзянская вайна большасці шляхты на чале з Грыгорыем Агінскім і Вішнявецкімі супраць тыраніі Сапегаў, у якіх былі найважнейшыя дзяржаўныя пасады. Аўгуст II быццам для прымірэння варожых бакоў увёў на тэрыторыю Беларусі і Літвы саксонскія войскі, аднак на самай справе імкнуўся да распальвання барацьбы, каб узмацніць сваю ўладу.

У лістападзе 1700 г. пад Алькенікамі (паблізу Вільні) адбылася вырашальная бітва паміж атрадамі Сапегаў і шляхты. Войска Сапегаў было разбіта. Прыхільнікі Аўгуста II на чале з Г. Агінскім, а таксама магнацкія сем'і Радзівілаў, Пацаў і Вішнявецкіх выставілі праект аддзялення Вялікага Княства Літоўскага ад Польшчы і стварэння тут спадчыннай манархіі для Аўгуста II і яго нашчадкаў. Аднак гэты план не здзейсніўся.

Яшчэ ў жніўні 1698 г. Аўгуст II і Пётр I падчас спаткання ў Раве Рускай дамовіліся аб сумеснай вайне супраць Швецыі. Абодва хацелі далучыць Прыбалтыку (Латвію і Эстонію) — кожны да сваёй дзяржавы. Польскі кароль свой план вайны захоўваў у таямніцы ад сойма і шляхты Рэчы Паспалітай. Саксонскія войскі канцэнтраваліся ў Літве, каб напасці на Рыгу. Аўгуст II (як курфюрст саксонскі), Пётр I і Данія пачалі вайну супраць Швецыі. Войска Аўгуста II пачало аблогу Рыгі. Аднак малады шведскі кароль Карл XII хутка разграміў і вывеў з вайны Данію, разбіў ля Рыгі войска Аўгуста II, а ў лістападзе 1700 г. пад Нарвай разграміў расійскую армію. Пётр I выратаваўся і ўцёк аж у Ноўгарад.

Паўночная вайна

На тэрыторыю Беларусі, Літвы і Польшчы прыйшла вайна. Тут яна цягнулася дзесяць гадоў, аднак страты былі неймаверныя. Шведская і расійская арміі рабавалі насельніцтва, накладвалі на гарады грашовыя кантрыбуцыі. Расійская армія збірала з насельніцтва прадуктовыя «порцыі» для сваіх салдат, вытрасаючы амаль усё з сялянскіх свірнаў. Вайна прынесла голад, разбурэнне гарадоў і эпідэміі. У выніку насельніцтва Беларусі значна скарацілася. У 1700 г. колькасць жыхароў складала 2,2 мільёна чалавек, а пасля Паўночнай вайны — 1,5 мільёна.

Шведскае войска Карла ХІІ рушыла ў межы Рэчы Паспалітай. У пачатку 1702 г. шведы прайшлі праз Вільню і Горадню, разрабаваўшы гарады і навакольныя мястэчкі. 24 мая 1702 г. Карл XII авалодаў Варшавай, а потым і Кракавам. Праўда, Кракаў потым быў адваяваны. На Беларусі і Літве арганізаваліся дзве групоўкі. Асноўная маса шляхты на чале з гетманам польным М. Вішнявецкім і Г. Агінскім была за саюз з Пятром I супраць шведаў, Сапегі і меншая частка шляхты — за саюз з Карлам ХІІ супраць Аўгуста II. Вясной 1703 г. была склікана генеральная канфедэрацыя Вялікага Княства Літоўскага, якая абвясціла саюз з Расіяй. У маі 1704 г. у Польшчы ствараецца Сандамірская канфедэрацыя прыхільнікаў Аўгуста II, якая ў жніўні 1704 г. заключыла саюз з Расіяй і абвясціла вайну Швецыі.

Аўгуст II, замест таго каб з'яднаць грамадства Рэчы Паспалітай, пачаў рэпрэсіі супраць апазіцыі. Баючыся за трон, ён загадаў арыштаваць каралевічаў Якуба і Канстанціна Сабескіх. Гэта выклікала хвалю абурэння, бо ў Рэчы Паспалітай без падставаў нельга было арыштаваць і простага шляхціча, не кажучы ўжо пра сям'ю папярэдняга караля. Стварылася Велікапольская канфедэрацыя, якая пераўтварылася потым ў Варшаўскую. Аўгуст II быў дэтранізаваны, хоць і не прызнаў гэтага. 13 ліпеня 1704 г. пад ціскам Карла XII і шведскага войска Варшаўская канфедэрацыя выбрала каралём польскім і вялікім князем літоўскім познаньскага ваяводу Станіслава Ляшчынскага (1677–1766), які і лічыўся каралём ад 1704 да 1709 г. Частка тэрыторыі Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага прызнала яго. Цяпер у Рэчы Паспалітай было ажно два каралі. І абодва выбраныя!

І хаця цар Пётр I падтрымліваў свайго караля, Карл XII нанёс некалькі моцных удараў па войсках Аўгуста II і расійскіх войсках у Польшчы. Станіслаў Ляшчынскі каранаваўся і цяпер таксама быў законным каралём. Пасля перамог у Польшчы Карл XII вырашыў нанесці ўдар па Саксоніі, якую страціць Аўгусту Моцнаму было немагчыма, бо гэта было княства, падуладнае яго роду сотні гадоў. Пасля спусташэння шведскім войскам Саксоніі Аўгуст II капітуляваў.

24 верасня 1706 г. у вёсцы Альтранштэт (памылкова называюць Альтранштат) быў заключаны мір паміж Карлам XII і Аўгустам II. Гэты дагавор пакрыў Аўгуста ганьбай. Ён не толькі выракся польскай кароны (і тытулу вялікага князя літоўскага і рускага), але і абавязаўся абмежаваць дзейнасць каталіцкай царквы ў Саксоніі (хоць і быў католікам). Самае ганебнае было тое, што ён выдаў Карлу XII кіраўніка антышведскай апазіцыі ў Ліфляндыі — Ёгана Рэйнгальда фон Паткуля, цяпер расійскага пасланніка і камандзіра расійскага атрада. Карл XII аддаў Паткуля пад суд як здрадніка, і ў 1707 г. той быў пакараны смерцю. Шляхта ацаніла гэты ўчынак як подласць.

Аўгуст Моцны цяпер скіраваў свае памкненні да Заходняй Еўропы. З часткай саксонскай арміі ён далучыўся да аўстрыйскай арміі прынца Яўгена Савойскага, якая аблажыла Ліль падчас вайны за іспанскую спадчыну. Аўгуст збіраўся стаць бельгійскім, неапалітанскім і нават… іерусалімскім каралём. Але акрамя гэтых фантастычных планаў у яго былі і больш рэальныя. Ён пільна сачыў за падзеямі ў Рэчы Паспалітай, падтрымліваў сувязь з польскімі і беларускімі-літоўскімі магнатамі, інтрыгаваў супраць Станіслава Ляшчынскага і рыхтаваўся да вяртання ў Рэч Паспалітую.

Палтаўская бітва (8 ліпеня 1709 г. па новым стылі, які тады быў у нашай краіне) зноў вярнула яму каралеўскую карону. Сандамірская канфедэрацыя запрасіла яго зноўку заняць трон. Аўгуст II абвясціў Альтранштэцкі мірны трактат неіснуючым, узнавіў саюз з Пятром I і вярнуўся ў Варшаву, аб'явіўшы сваё былое адрачэнне ад трону вымушаным. Тэрыторыя Рэчы Паспалітай была ачышчана ад шведаў і прыхільнікаў Станіслава Ляшчынскага ў выніку дзеянняў расійскіх войскаў, сандамірскіх канфедэратаў а таксама саксонскіх войскаў.

Шляхта… пярэчыць каралю!

Неўзабаве пасля вяртання Аўгуста II на пасад Пётр I у 1710 г. дамогся, каб урэшце сандамірская канфедэрацыя прызнала ўмовы «вечнага міру» 1686 г., што давала права маскоўскаму цару ўмешвацца ва ўнутраныя справы Рэчы Паспалітай пад прэтэкстам «абароны правоў» яе праваслаўных жыхароў. Саксонскія войскі (30 тысяч чалавек), таксама як і расійскія (60 тысяч чалавек), з тэрыторыі Рэчы Паспалітай не выводзіліся.

У гэты час на тэрыторыі Беларусі і Літвы разгарэлася барацьба паміж прыхільнікамі шляхецкай «залатой вольнасці» на чале з гетманам вялікім літоўскім Людвікам Пацеем, які фактычна сканцэнтраваў у сваіх руках уладу ў Беларусі і Літве, і прыхільнікамі караля на чале з гетманам польным літоўскім Станіславам Дэнгофам. Пацея падтрымлівалі Агінскія і іншыя магнаты, Аўгуста Моцнага — Расія і Прусія. Супраць Аўгуста II у Кароне 26 лістапада 1715 г. была ўтворана Тарнагродская канфедэрацыя, якая выступіла супраць прысутнасці саксонскіх войскаў у Польшчы і супраць абсалютысцкіх планаў караля.

Поделиться с друзьями: