Страчаная спадчына
Шрифт:
Ад часоў прыняцця хрысціянства па візантыйскаму ўзору на беларускіх землях захаваўся 21 помнік культавага дойлідства XI–XII стст. Пры гэтым толькі ў двух з іх — Спаса-Праабражэнскай царкве ў Полацку і Барысаглебскай царкве ў Горадні — ацалелі рэшткі нясучых канструкцый, што даюць уяўленне аб першапачатковай аб'ёмна-прасторавай кампазіцыі. Астатнія ж дайшлі да нашага часу ў выглядзе падмуркаў. Архітэктурна-археалагічныя даследаванні дазваляюць рэканструяваць агульны выгляд храмаў старажытнарускага перыяду і нават выявіць на іх аснове дзве мясцовыя школы дойлідства — полацкую і гарадзенскую, кожная з якіх мела свае асаблівасці ў тэхніцы муроўкі, канструкцыйнай і метрычнай сістэмах, суадносінах прасторы і мас аб'ёмаў, прапорцыях, характары дэкору і інш.
Кожны з гэтых помнікаў мінуўшчыны меў свой лёс і сваю гісторыю знішчэння. Адны з іх па розных абставінах не былі дабудаваны ўвогуле, іншыя не аднойчы руйнаваліся на працягу стагоддзяў, як, напрыклад, славуты Сафійскі сабор у Полацку — самы старажытны праваслаўны храм на нашай зямлі. Вядомыя з гістарычных кронік і летапісаў шматлікія драўляныя культавыя пабудовы ранняга сярэдневякоўя да нашага часу не дайшлі зусім. У «Кроніцы польскай, літоўскай, жамойцкай і ўсяе Русі» (1582) Мацея Стрыйкоўскага ёсць звесткі пра цэрквы, заснаваныя ў XIV ст. у Віцебску і Вільні дзвюма жонкамі вялікага князя літоўскага Альгерда, праваслаўнымі па веравызнанню.
Толькі ў канцы XIV ст., пасля заключэння сынам Альгерда Ягайлам у 1385 г. Крэўскай вуніі з Польшчай і хрышчэння ў 1387 г. насельніцтва Літвы па каталіцкаму абраду, у Вялікім Княстве з'явіліся першыя касцёлы, з іх 6 было ўзведзена на беларускіх землях. Вялікі князь літоўскі Вітаўт у дзяржаўнай палітыцы таксама прытрымліваўся арыентацыі на каталіцкую царкву. Пры ім у 1413 г. заключана Гарадзельская вунія, адпаведна якой даваліся льготы каталіцкім установам, на дзяржаўныя пасады прызначалі пераважна феадалаў-католікаў. Па выбару Вітаўта і па ўласнай згодзе 47 беларускіх феадалаў разам з сем'ямі ўвайшлі ў польскія гербавыя брацтвы. Абавязковай умовай гэтай акцыі з'яўлялася прыналежнасць да каталіцкага веравызнання і будаўніцтва храмаў. У выніку да канца XV ст. на тэрыторыі Княства было заснавана каля 50 касцёлаў.
Яшчэ больш інтэнсіўнае будаўніцтва каталіцкіх храмаў пачалося ў першай палове XVI ст.: да 1569 г. у беларускіх паветах іх налічвалася ўжо 176. Пры гэтым большасць касцёлаў прыходзілася на заходнія землі Беларусі, ва ўсходніх жа ваяводствах іх было няшмат, напрыклад, у Полацкім і Віцебскім паветах — па адным, а ў Магілеве, Воршы, Мсціславе касцёлаў не было да 1616 г., што вынікае з тагачаснага прывілея караля Жыгімонта III Вазы на заснаванне ў гэтых гарадах першых каталіцкіх храмаў.
Гістарычныя і археалагічныя крыніцы сведчаць, што большасць як праваслаўных, так і каталіцкіх культавых пабудоў XIV- пачатку XVI ст. ставілі з дрэва. Ад дойлідства гэтага часу ацалела даволі нязначная колькасць мураваных культавых помнікаў. Па стылістычных прыкметах яны вызначаюцца ў мастацтвазнаўстве як помнікі беларускай готыкі. Праваслаўныя храмы гэтага перыяду характарызуюцца самабытнай чатырохвежавай кампазіцыяй, наяўнасцю абарончых прыстасаванняў, кантрасным бела-чырвоным дэкаратыўным вырашэннем. З іх на сённяшні дзень існуюць цэрквы-крэпасці ў вёсках Мураванка і Сынковічы, Барысаглебская царква ў Наваградку. З розных крыніц вядомы аналагічныя, але ўжо неіснуючыя праваслаўныя храмы XIV–XVI стст. у Полацку (Сафійскі сабор), Супраслі (Дабравешчанская царква), Кодне (Святадухаўская царква), Вільні (Пятніцкая, Троіцкая, Прачысценская, Мікалаеўская цэрквы), Троках (Дабравешчанская і Прачысценская цэрквы), Віцебску (Святадухаўская і Пятніцкая цэрквы) і шэраг іншых. У большасці выпадкаў іх алтарная частка складалася з трох апсід.
У архітэктуры мураваных каталіцкіх храмаў таго часу традыцыі мясцовага дойлідства спалучаліся з рысамі цэнтральна-эўрапейскай готыкі. Абарончыя функцыі выяўлены ў іх менш выразна. Касцёлы мелі звычайна аднаапсідную аб'ёмна-прасторавую кампазіцыю, альбо бязвежавую, альбо з адной магутнай вежай-званіцай на галоўным фасадзе (Троіцкі касцёл у Ішкалдзі, Міхайлаўскі касцёл у Гнезне, касцёл францысканцаў у Вільні). Рэшткі муроў XV–XVI стст. захаваліся ў перабудаваных пазней касцёлах ва Ўсялюбе і бернардзінцаў у Іўі. Першымі каталіцкімі манаскімі ордэнамі, што прыйшлі ў Вялікае Княства Літоўскае праз краіны Цэнтральнай Эўропы, былі бернардзінцы і францысканцы, якія і «прынеслі» адзначаны тып гатычных касцёлаў.
У сярэдзіне XVI ст. у сацыяльна-ідэалагічную барацьбу паміж праваслаўнай і каталіцкай канфесіямі актыўна ўключыліся разнастайныя пратэстанцкія накірункі. Пашырэнню ў Вялікім Княстве Літоўскім рэфармацыйнага руху спрыялі палітычныя сепаратыскія тэндэнцыі шматлікіх магутных магнацкіх родаў. Апантаным прыхільнікам кальвінізму стаў Мікалай Радзівіл Чорны, які зачыніў у сваіх уладаннях усе касцёлы. У другой палове XVI — пачатку XVII ст. на беларускіх землях было адчынена 198 кальвінскіх збораў, многія з іх на аснове храмаў іншых канфесій. Па фундацыях магнатаў-пратэстантаў у гэты час узведзены мураваныя кальвінскія зборы ў Заслаўі, Новым Свержані, Дзераўной, Замосці, Смаргоні, Кухцічах і іншых месцах. На далейшым лёсе гэтых помнікаў адбіліся ўсе перыпетыі рэлігійнай барацьбы. Большасць з іх ужо ў хуткім часе была перароблена пад касцёлы, а некаторыя пераасвячоны нават некалькі разоў. Напрыклад, заслаўскі кальвінскі збор у 1678 г. прыстасаваны пад касцёл Міхаіла Архангела, а ў 1840 г. стаў Спаса-Праабражэнскай царквой, пасля рэстаўрацыі 1968–1972 гг. у ім размясціўся Музей рамёстваў і народных промыслаў, зараз у будынку зноў праваслаўная царква. Падчас другой сусветнай вайны і пасля яе загінулі два старажытныя мураваныя кальвінскія зборы ў Асташыне і Койданаве, пра якія захаваліся шматлікія гістарычныя звесткі і графічныя матэрыялы.
Сціплая, але выразная архітэктура рэфармацкіх храмаў адлюстравала імкненне пратэстантаў да больш таннай царкоўнай абраднасці. Яны перанялі аднавежавы аднаапсідны тып гатычнага касцёла, але ў больш спрошчаным варыянце. Масіўныя атынкаваныя сцены аздабляў стрыманы ордэрны дэкор. У беларускім дойлідстве элементы класічнага архітэктурнага ордэра з'явіліся ўпершыню менавіта ў кароткачасовы перыяд рэнесансу, які ў нашым краі гістарычна звязаны з рэфармацыйным рухам.
Дзеля барацьбы з рэфармацыяй, якая ў XVI ст. пашырылася амаль па ўсёй Эўропе, у 1540 г. быў створаны ордэн езуітаў, які стаў носьбітам ідэй Контррэфармацыі. Езуіты накіравалі сваю дзейнасць пераважна на арыстакратычныя колы грамадства. Праз сістэму адукацыі, а таксама сродкамі мастацтва яны імкнуліся актыўна ўплываць на розум і пачуцці чалавека, у тым ліку стымулявалі развіццё архітэктурна-мастацкага стылю барока, экспрэсіўнасць і драматызм якога адпавядалі дуалістычнай свядомасці пострэнесанснага грамадства.
Пачатак Контррэфармацыі ў Вялікім Княстве Літоўскім прыпадае на 1569 г. — год Люблінскай вуніі, у выніку якой Карона Польская і Вялікае Княства Літоўскае аб'ядналіся ў адну дзяржаву — Рэч Паспалітую. У тым жа годзе езуіты прыбылі ў Вільню. Сваёй дзейнасці ў Вялікім Княстве езуіты надавалі асаблівую ўвагу, таму што ў Польшчы пазіцыі каталіцызму як монарэлігіі былі больш стабільнымі. У 1579 г. заснавана езуіцкая місія ў Полацку, якая адыграла значную ролю як у гісторыі ордэна, так і ў развіцці адукацыі і культуры ў Беларусі.
У 1582 г. езуіты былі запрошаны ў Нясвіж яго ўладальнікам Мікалаем Крыштофам Радзівілам, празваным Сіроткам, таму што ён адышоў ад перакананняў свайго бацькі — кальвініста Мікалая Радзівіла Чорнага і стаў актыўным прыхільнікам каталіцтва. Ён з'яўляецца фундатарам першага ў Нясвіжы мураванага касцёла, будаўніцтва якога пачалося ў 1581 г. Аднак гэтая пабудова сваімі памерамі, недастатковай пышнасцю, а галоўнае — сваёй блізкасцю візантыйскай архітэктурнай традыцыі (у плане касцёл меў выгляд роўнаканцовага грэчаскага крыжа) не задаволіла кіраўнікоў ордэна і біскупа віленскага Юрыя Радзівіла. Таму ледзь узведзеныя «свежыя» муры касцёла давялося разбурыць. На наш погляд, гэта была першая ахвяра ідэйна-рэлігійнай барацьбы, даведзенай не толькі да закрыцця храма, але і да яго фізічнага знішчэння.
На месцы зруйнаванага касцёла ў Нясвіжы ў 1587–1593 гг. па ўзору галоўнага ордэнскага храма езуітаў Іль Джэзу ў Рыме ўзводзіцца новы велічны будынак касцёла Божага Цела, які стаў першым творам мастацтва барока не толькі ў Вялікім Княстве Літоўскім, але і ва ўсёй Рэчы Паспалітай. Ён аказаў вызначальны ўплыў на далейшае развіццё нацыянальнага мастацтва на працягу двух стагоддзяў.
Да Люблінскай вуніі існаваў прывілей караля Жыгімонта II Аўгуста ад 17 чэрвеня 1563 г. аб раўнапраўі прадстаўнікоў розных веравызнанняў пры назначэнні да выканання абавязкаў дзяржаўных, прыдворных і земскіх у залежнасці ад здольнасцей і заслуг перад бацькаўшчынай. Усе наступныя каралі Рэчы Паспалітай вядомы як зацятыя католікі. У каралеўскіх прывілеях гарадам на магдэбургскае права магчымасць абрання ў магістрат ставілася ў залежнасць ад веравызнання. Аднак, нягледзячы на падтрымку на дзяржаўным узроўні, у другой палове XVI ст. каталіцкай царкве яшчэ не хапала моцы, каб заняць пануючае становішча ў сацыяльна-палітычным жыцці Вялікага Княства.
У 1590, 1594 і 1596 гг. у Берасці ў Мікалаеўскай царкве праходзілі саборы праваслаўнага духавенства, на якіх вырашаліся пытанні аб'яднання галоўных хрысціянскіх канфесій і супынення барацьбы паміж імі. 9 кастрычніка 1596 г. было абвешчана стварэнне вуніяцкай царквы, якая захоўвала традыцыйную праваслаўную абраднасць, але падпарадкоўвалася папе рымскаму. У выніку ў віры рэлігійнага супрацьборства закруціўся яшчэ адзін накірунак хрысціянскага культу.
У пачатку XVII ст. вуніяцкае духавенства пры падтрымцы каталіцкай іерархіі, каралеўскай улады і часткі пануючых колаў Вялікага Княства Літоўскага пачало гвалтоўна адбіраць уласнасць праваслаўных манастыроў і брацтваў. 25 ліпеня 1609 г. праваслаўныя святары Вільні, Горадні, Менска, Наваградка, Жыровіч і інш. дакументальна пацвердзілі, што яны далучаюцца да вуніі і будуць падпарадкоўвацца вуніяцкаму мітрапаліту. Аднак большасць праваслаўных, пераважна ва ўсходніх ваяводствах Вялікага Княства (Віцебскім, Полацкім, Мсціслаўскім і Смаленскім), не прыняла вунію і цярпела ўціск з боку дзяржавы, а таксама каталіцкага і вуніяцкага духавенства. Ужо ў 1621 г., праз 25 гадоў пасля абвяшчэння вуніі, да вуніятаў перайшло 2169 цэркваў, а ў праваслаўнай епархіі засталося ўдвая менш. У 1623 г. у выніку ўзброенага выступлення віцебскіх гараджан быў забіты полацкі вуніяцкі архіепіскап Я. Кунцэвіч, што стала падставай для масавых рэпрэсій і ўзмацнення рэлігійнай варожасці. Рух супраць каталіцкай экспансіі і насаджэння вуніі прыняў часткова антыфеадальную накіраванасць, таму шмат беларускіх магнатаў адышло ад праваслаўных традыцый.