Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Страчаная спадчына

Чантурия Юрий Владимирович

Шрифт:

Дакументы 1597–1599 гг. строга вызначаюць ваенна-будаўнічую павіннасць сялян воласці — «замок Копыский як и острог меский направовати». Інвентар Копысі 1651 г., у якім было тады 450 дымоў, дае наступнае ўяўленне пра абарончыя пабудовы горада і замка. У замку мелася дзве брамы — адна вялікая, праз якую ўязджалі з боку «места», і другая, якая стаяла над Дняпром. Яна была вежападобнай канструкцыі, моцна нахілілася («опавшая») і патрабавала рэстаўрацыі. Пэўную ролю ў абароне замка іграў, магчыма, вялікі двухпавярховы дом «розным маляваннем помалёванный» і абведзены кругом галерэяй верхняга бою — бланкаваннем. Усе гэтыя пабудовы былі абстаўлены частаколам, які патрабаваў рамонту. Гэты інвентар фіксуе таксама гарадскія ўмацаванні з боку Дняпра і з другіх бакоў, а таксама гарадскія брамы: Шклоўскую, Гарадзецкую, Горскую, Аршанскую. Яны адкрывалі дарогу адпаведна ў Шклоў, Гарадзец, Горкі і Воршу.

Да пачатку вайны 1654–1667 гг. абарончыя ўмацаванні замка і Копысі так і не былі прыведзены ў належны стан. Мясцовае насельніцтва, якое было распрапагандавана манахамі і святарамі Куцеінскага манастыра, 13 траўня 1654 г. здало дрэнна ўмацаваны горад войску ваяводы Замятні Лявонцьева. У сваім данясенні цару ён паведамляў: «…пришёл с твоими людьми в Копысь и копысские люди, попы и мещане, и уездные многие люди встретили меня за городом с образами и били челом тебе, великому государю». Сярод тых, хто сустракаў, называюцца «копысский войт и сотники». Данясенне ваяводы А. Н. Трубяцкога ўдакладняе падзеі, якія адбываліся тут: «…когда… солдаты… пошли на литовского гетмана на Радзивилла к Копыси, и из Копыси города попы и гороцкие всяких чинов люди и шляхта, и мещане встретили их с образы и с хлеба и государю добили челом и город Копыс здали…».

У ходзе ваенных дзеянняў 13 снежня 1655 г. да горада падступіла войска Вялікага Княства Літоўскага. Гэта прымусіла маскоўскі гарнізон (100 чалавек стральцоў), не чакаючы загаду, пакінуць Копысь. У ім застаўся толькі стольнік Ф. Малыгін і прыказны пісар, якія забаяліся царскага гневу. Гараджане ў сваю чаргу, хаця і баяліся гневу ўладальніка Копысі гетмана Радзівіла, тройчы адмаўляліся ўпусціць у горад яго войска. Потым да горада падышоў сам Радзівіл з гетманам Гасеўскім і паслаў гараджанам «лист с великою грозою», патрабуючы, каб яны горад здалі, што пасля ваганняў і было зроблена. Ф. Малыгіна забралі ў палон і вывезлі спачатку ў Магілеў, затым у Польшчу. Ён, напэўна, валодаў вялікімі чалавечымі якасцямі, бо жыхары Копысі напісалі Радзівілу ліст і папрасілі яго вярнуць Малыгіна ў Копысь, пагражаючы ў іншым выпадку спаліць горад і пайсці ў Расею. Цікава адзначыць, што Радзівіл быў вымушаны гэтую просьбу задаволіць.

Пазней, у ходзе ваенных дзеянняў, Копысь зноў трапіў у рукі маскоўскіх войск. Захаваліся дакументы, якія зафіксавалі загад цара вывезці «лучших людей» з горада, які абязлюдзеў. Але тут яшчэ заставалася «… всех копыских мещан посадских людей со 100 человек з женами и с детьми». Аднак затым паступіў загад цара ваяводзе Г. Г. Пушкіну «из Копыси жилецких и всяких людей со всеми их животы и наряд, и зелье и свинцу, и всякие пушечные запасы вывести в Шклов, а в Копыси… город и острог и за городом дворец и лавки, и амбары… все сжечь».

Верагодна, нешта не дазволіла выканаць гэты загад, і маскоўскае войска вымушана было адступіць ад Копысі, не паспеўшы спаліць горад. У кастрычніку 1661 г. маскоўскае войска зноў аблажыла Копысь, дзе сярод ацалелых мяшчан яўна была «маскоўская» партыя, якая пераслала ваяводзе Даўгарукаму ліст з умовамі здачы горада. Пасланы сюды з войскам стольнік Н. Талачанаў павінен быў «… копыских сидельцев сговаривать и стращать и из пушек стрелять гранатами и огненными ядрами, чтобы город добыть без крови», без прыступу. Аднак салдаты на кастрычніцкім золку без загада пайшлі на штурм горада, прымяніўшы пры гэтым ручныя гранаты. Штурм быў адбіты, прычым маскоўцы «людей потеряли многих».

Горад, відаць, так і не ўзялі. Паступова ваенная сітуацыя, якая складвалася не на карысць Расеі, адвяла полымя вайны на ўсход ад Копысі. Яго інвентар, складзены 10 студзеня 1661 г., дае ўяўленне пра горад, на якім яшчэ добра відаць адбітак нядаўніх ваенных падзей. Патрабавалі рамонту сцены гарадскіх умацаванняў, брамы горада. З іх называюцца толькі дзве — Шклоўская і Аршанская і зрубы, якія стаялі на вале замка. Яны не мелі стрэхаў, былі ў благім стане. Вайна знішчыла жыццё на 136 гарадскіх пляцах. Барон А. Мейерберг, які ехаў у верасні 1661 г. праз Копысь, тым не менш адзначаў, што горад быў абнесены драўлянай сцяною з вежамі і што яго абараняў драўляны замак, які стаяў пасярэдзіне высокага пагорка. Вядома, што ў 1663 г. гарадскі паркан быў прыведзены ў спраўнасць, а Горскую браму поўнасцю абнавілі.

Між тым у 1666 г. ваенныя дзеянні паміж Маскоўскай дзяржавай і Рэчай Паспалітай аднавіліся. Летам царскія войскі зноў занялі Копысь і выйшлі адтуль толькі ў сувязі з падпісаннем Андрусаўскага перамір'я ў студзені 1667 г.

У 1668 г. у Копысі пачаліся вялікія работы па рэканструкцыі ўмацаванняў замка і запруды млына, дзякуючы якой замкавы «капец вада наўкола аблівала». Замак быў умацаваны земляным валам і чатырма больверкамі. Прычым у 1668 г. тры з іх былі ўжо гатовыя, а чацвёрты заканчвалі будаваць. Калі раней у замку было дзве брамы і дзве брамкі-форткі, зараз пакінулі толькі адну ўязную браму, перад якой размяшчаўся пад'ёмны мост і вадзяны млын. Вада стаўка адыгрывала значную ролю ў абароне подступаў да замка. Пасярэдзіне замкавага двара знаходзілася студня з пад'ёмным колам і вядром, акаваным жалезам. Інвентар 1668 г. адзначае, што ўсё «место» Копысь знаходзілася «в паркане и на избицах». Сюды можна было ўехаць праз Аршанскую, Горскую, Шклоўскую і Крупніцкую (раней Гарадзецкую) брамы. Акрамя таго, былі яшчэ тры «форткі» — брамкі, з якіх дзве адчынялі выхад да Дняпра, адна — у поле. Горад паступова пачаў адбудоўвацца. Узніклі «слабоды» на Заваллі, «пад парканам», на прадмесці і за брамай Аршанскай.

У 1670 г. працягваліся работы па перабудове ўмацаванняў замка. Інвентар Копысі, складзены 18 кастрычніка 1684 г., паведамляе пра агульную даўжыню гарадскога паркана, якая раўнялася 3370 літоўскім локцям, г. зн. 2190,3 м. У 1690 г. дакументы фіксуюць ужо толькі дзве брамы. Магілеўскія магістрацкія людзі, прыехаўшыя сюды па справах, «на варту выдали у Копысцю ў двух брамах осьмаков тры».

Жыхары Копысі яшчэ не акрыялі ад вайны сярэдзіны XVІІ ст., а на парозе ўжо стаяла новая вайна — Паўночная. Адступаючы на поўдзень, расейскія войскі ў 1707 г. поўнасцю спалілі горад, гарадскія і замкавыя ўмацаванні і забралі ўсю зброю гарадскога арсенала, у тым ліку ўсе гарматы. Інвентары 1707 і 1713 гг. даюць уяўленне пра абрабаваны і разбураны горад і яго ваколіцы. Адзначалася, што зямля — гарадскія і сельскія валокі — пустуе і зарастае лесам. Тым не менш усе жыхары «места» і воласці ў 1713 г. былі зноў мабілізаваны на збудаванне «паркана і ізбіц новых, паколькі каля горада цяпер цалкам нічога няма», бо «і паркан, вал, ізбіцы каля места… усё Масквою зруйнавана і апала». Перш за ўсё пачалі аднаўляць Аршанскую і Шклоўскую брамы. Астатнія ў дакументах нават не ўпамінаюцца. Вадзяны роў вакол замка заплыў прынесеным з палёў пяском і яго з цяжкасцю ачышчалі. Цікава, што інвентары таго часу сярод фартыфікацыйных работ, праведзеных расейскімі войскамі ў час Паўночнай вайны, называюць толькі пастаноўку штыкета на земляным вале, бастыёны якога, як вядома, былі ўзведзены намнога раней, у 1688 г. Штыкет ставілі тады, акрамя сялян Копыскай воласці, жыхары многіх іншых навакольных валасцей, якія вывозілі дрэва з бліжэйшых лясоў. Пазней, у 1707 г., вакол Копысі некалькі дзесяткаў палкоў расейскіх войскаў сумесна з сялянамі Аршанскага павета і Магілеўскай эканоміі ўзводзілі бастыённыя ўмацаванні. Гэтым рабілася спроба сарваць у ваколіцах горада пераправу шведскіх войскаў, праз абмялелае Дняпро. Назва «Пятроўскі вал» адносіцца да гэтых умацаванняў.

У 1717 г. на гарадскім вале стаяў частакол — «астрог». Дакумент адзначае, што старыя ўмацаванні — «паркан і ізбіцы» — цалкам адсутнічаюць і іх трэба нанова будаваць. Усё гэта ўдалося ўзнавіць толькі ў 1724 г.

Наступныя 12 інвентароў Копысі за 1726–1773 гг. даюць удакладненні планіроўкі горада і паведамляюць пра элементы ўмацаванняў горада і замка. Яны перыядычна паднаўляліся, перабудоўваліся, у цэлым не змяніўшы сваю структуру да моманту ўключэння горада, як і ўсёй Усходняй Беларусі, у склад Расейскай імперыі. Так, замак захаваў чатыры бастыёны, рэгулярна змяняючы драўляныя сцены — палісад. Замкавая ўязная драўляная брама мела двайныя вароты з магутнымі запорамі. Другі паверх займала зала, вакол якой была зроблена кругавая галерэя верхняга бою. Памяшканне другога паверха выкарыстоўвалі то для захавання ручной агнястрэльнай зброі, то выконвала ролю замкавай бажніцы, дзе спраўлялі «святую імшу», то служыла лямусам. Памяшканне асвятлялася чатырма вокнамі. Вежа была крытая гонтам. Яе завяршаў флюгер — «ветранік» з белай бляхі ў выглядзе арла.

З варотаў горада пастаянна згадваюцца тры брамы — Аршанская, Шклоўская і Крупніцкая. Горскую больш, відаць, не аднаўлялі. Аршанская і Шклоўская брамы былі, згодна апісанням, аднолькавай канструкцыі, двух'ярусныя, драўляныя, з двума варотамі, якія адмыкаліся на два бакі. Яны мелі па дзве каморкі. Адна, якую апальвалі, «іздобка» служыла жытлом для вартаўнікоў. Брамы, крытыя гонтам, мелі наверсе «ветранікі». Уваход з боку поля ў іх ішоў праз пад'ёмныя масты, перакінутыя праз вадзяны абарончы роў. Усе брамы захаваліся да 1773 г. і ўзводзіліся з брусоў. У лініі гарадскіх умацаванняў меліся «форты» — брамкі, якія выводзілі ў поле і да Дняпра.

Ваенна-будаўнічая і пажарная павіннасці мяшчан і воласці фігурыруюць ва ўсіх інвентарах Копысі да 1773 г.

Шклоў

Ранняя гісторыя сучаснага Шклова, які раскінуўся на берагах Дняпра пры ўпадзенні р. Серабранкі (Язоны, Шклоўкі, Шклавянкі), звязана з гарадзішчам Гарадок ля в. Стары Шклоў. Усе даследнікі адзінадушна лічаць, што праўдзівай з'яўляецца народная легенда, якая сцвярджае, што горад узнік у гэтым месцы і знаходзіўся там да тых часоў, пакуль нейкія абставіны не прымусілі перанесці яго на 4 км бліжэй да Дняпра, на сучаснае месца. Некаторыя аўтары лічаць, што гэты акт здзейсніўся хутка пасля пажару 1668 г., які знішчыў горад. Аднак аналіз усяго комплексу гісторыка-археалагічных матэрыялаў малюе іншую гісторыю і іншы лёс гэтага падняпроўскага беларускага горада.

Поделиться с друзьями: