Страла Зэнона (Рытмалягічны трактат)
Шрифт:
Такім спосабам рытмавы працэс адбываецца ў абсягах рытмэмы. Агульны парадак рытму, тая інварыянтная схема, да якой верш у працэсе свае дынамікі найахвотней вяртаецца, залежыць ад даўжыні радка. Але не ўсяе даўжыні, а той, якую можна назваць актуальнаю, — г. зн. ад анакрузы і да канстанты ўлучна. Ці, калі гаварыць яшчэ дакладней, наадварот — ад канстанты і да пачатку радка. Рытмаваю дынамікаю, яшчэ да чытаньня, праймаецца ўся актуальная частка, становячы сабою напружаны шэраг радка. Фактычна, напружаны шэраг — гэта і ёсьць адна вялікая анакруза, якая ўпіраецца ў канстанту. Парадак чаргаваньня складоў у радку задаецца «з хваста», ад рытмавае канстанты як наймацнейшага, фразавага акцэнту. Тут нарэшце здымаецца дылема, які рытм ёсьць першасным — радковы ці ступовы (тактавы), — як у свой час была зьнятая спрэчка аб карпускулярнай і хвалевай прыродзе сьвятла.
Напружанаму шэрагу, што вызначае інварыянт рытмэмы, праціўляецца вольны шэраг кляўзулы, які нібыта нічога не вызначае, але таксама далёка не нэўтральны. Калі першы надае рытму колер, дык другі — адценьне. Маюць сэнс і іх прапорцыі. Найяскравей уплыў вольнага шэрагу праяўляецца ў рытмэмах з кароткім напружаным шэрагам. Ці, іншымі словамі, уплыў кляўзулы на гучаньне радкоў проста прапарцыянальны яе даўжыні і адваротна прапарцыянальны даўжыні рытмэмы. Сюды дапасоўваецца тое, што Л. Шчэрба пісаў пра асобнае слова: «Занаціскавыя склады псыхічна слабыя… няздатныя да праясьненьня… Усе пераднаціскавыя склады здольныя да дваякага вымаўленьня — слабога і моцнага, распадзельнага». Доўгаю кляўзулаю «выстаўляецца папярэдні моцны націсьнены склад». А ў выніку — «і ўсё слова», што, само сабою, адбіваецца на рытмэме. Падобнае сьцьвярджае Г. Шэнгелі: «Голасу лягчэй пераадолець шэраг пераднаціскавых складоў, чым шэраг пасьлянаціскавых».
І ўсё ж, як бы ні мяняўся вольны шэраг, пакуль захоўваецца неадменнасьць напружанага шэрагу — рытмавы інварыянт таксама захоўваецца. Заразом можа ўзьнікнуць пытаньне: раз малюнак рытму вызначае не агульная даўжыня радка, а толькі актуальная, у адліку ад рытмавае канстанты, значыць, усе сылябічныя памеры варта было б паменаваць лічбамі на парадак меншымі? Агульная колькасьць складоў радка мінус склады кляўзулы. Прыкладам, не васьмі-, а сяміскладовікі, не шасьці-, а пяціскладовікі. Балазе, гэткага «рэвалюцыйнага» глуму нам рабіць не давядзецца, бо ўперад мы абачліва дамовіліся браць за норму простую, а не тупую кляўзулу. Праўда, у такім разе вершы з кляўзуламі, даўжэйшымі ці карацейшымі за простую, усё роўна мы мусім характарызаваць, робячы паправу на яе. А наагул, менаваньне тут не адыгрывае істотнае ролі.
Тое, што рытмэма становіць цэльны арганізм, які разрастаецца ад канстанты да анакрузы, пацьвярджаецца законам рэгрэсійнае акцэнтнае дысыміляцыі, апісаным у К. Тараноўскага: апошні ікт заўжды наймацнейшы, яго запабягае найслабейшы перадапошні ікт, далей наперад зьяўляецца зноў моцны, але ўжо слабейшы за апошні, тады — чарговы слабы, які ўсё ж крыху мацнейшы за найслабейшы, — і гэтакім спосабам аж да пачатку радка ідзе чаргаваньне моцных ды слабых іктаў з адпаведным паслабленьнем кантрасту паміж імі. Праводзячы аналёгію псыхікі зь фізычнымі зьявамі, можна сказаць так: рытмэма — гэта асяродак, канстанта — пачатковы імпульс, рытмавы працэс — разгортваньне імпульсу, а ступа — адзінка яго вымярэньня, «хваля».
У схілку, існасьць праблемы можна выразіць адною формулай: падставаю мернага вершу ёсьць гамагеннасьць рытму, якую задае закон адзінства рытмавага працэсу, або расьпеў (назавем так на чэсьць Бажыдара, які першы наблізіўся да яго адкрыцьця ў сваім трактаце «Расьпеўнае адзінства»). Як праяўляецца гэты закон — паказвае празадыйная піраміда:
О(х)
оО(х)
ОоО(х)
оОоО(х)
ОоОоО(х)
оОоОоО(х)
ОоОоОоО(х)
оОоОоОоО(х)
ОоОоОоОоО(х)
оОоОоОоОоО(х)
ОоОоОоОоОоО(х)
оОоОоОоОоОоО(х)
ОоОоОоОоОоОоО(х)
оОоОоОоОоОоОоО(х)
ОоОоОоОоОоОоОоО(х)
Піраміда падае арганічны парадак гармоніі складоў: націсьненых валоў (О), слаба націсьненых усплёскаў (О) і ненацісьненых роўняў (о) — у напружаным шэразе, а таксама адменлівую колькасьць складоў (х) у вольным шэразе. Парадак валоў вызначае інварыянты рытмэмаў. Адхіленьне ад парадку мяняе інварыянт і таму не дапускаецца. Рэдкія адхіленьні валоў дапускаюцца толькі ў пачатку рытмэмы праз паслабленьне дзеяньня закону рэгрэсійнай акцэнтнай дысыміляцыі. Чым карацейшая анакруза пэону — тым большыя адхіленьні дапускае першы вал. Рэшта складоў даўнімае адвольную якасьць без абмежаваньня сысталаў ды інвэрсіяў, якія надаюць інварыянтам разнастайнасьці. Піраміда дарэшты адпрэчвае як недарэчнасьць супраціўнасьць рытму і мэтру. Тыя адхіленьні ад ідэальнае схемы, што пэўны час называлі рытмам, ёсьць усяго толькі яго варыянтамі ці мадыфікацыямі.
Найбольшыя адхіленьні ад парадку піраміды дазваляла сабе не сылябічнае, а якраз сыляба-танічнае вершаваньне, што прыводзіла да парушэньня адзінства рытмавага працэсу. Аднак у запраўднасьці аніводная тэорыя вершаваньня ня сьледавала як трэба парадку гармоніі складоў. Часамі паэты з добрым слыхам, якія ня ведалі жаднае тэорыі, пісалі слушней, чым тыя, што паводзіліся недасканалымі правіламі. Сёньня піраміда дазваляе ўнікнуць колішніх парушэньняў сьпеўнасьці вершу. Вершаваньнік, які пільнуецца парадку моцных іктаў, адкрывае для сябе права асабліва вольна адхіляцца ад слабых іктаў, расчышчаючы тым самым дарогу для новых, нязнаных дасюль варыяцыяў рытму. Існыя тэорыі вершаваньня пакуль што ня ўлічвалі гэтае мажлівасьці. Зрэшты, адныя толькі камбінацыі інварыянтаў рознае даўжыні без варыяцыяў дазваляюць сама надзвычайныя мадыфікацыіі.
Спрэчка паміж традыцыйным і нетрадыцыйным вершазнаўствам можа быць зьведзеная да дылемы: што ў вершы важнейшае, пэоны ці ямбы з харэямі, або — такты ці ступы? Пэўна ж, пры такім стаўляньні пытаньня рацыя на баку праціўнікаў двухскладовае мэтрыкі: усё ж каркас радка трымаецца на пэонах-тактах. Але тут важна разам з вадою ня выплюхнуць дзіцяці. Памыляюцца абодва бакі: яны, па-першае, уяўляюць рытм двухмерным, які тым часам трохмерны, і па-другое, канцэнтруюць увагу на канфігурацыі адцінкаў рытмэмы, ступе, але не на радку, не на рытмэме, дзе тыя канфігурацыі ўсяго толькі задаюцца адзінствам рытмавага працэсу.
Калі быць дакладным, дык ані ямбаў, ні харэяў, ані нават пэонаў у вершы не існуе. Ёсьць нутраная дыхатамія траякіх складоў, якую абмыльна можна ператлумачваць як ямбы, харэі ці тыя ж пэоны, чатырохдольнікі, шасьцідольнікі. У неарганічных памерах, дактылях, амфібрахах, анапэстах, пэнтонах (або трохдольніках, пяцідольніках), дзе дыхатамія немажлівая, інфраструктура ўзьнікае толькі на кароткіх адцінках і таму альтэрнансу фактычна няма. Дыхатамію можна вылучыць цотную і няцотную. Калі націскі лічыць ад простае кляўзулы, дык цотнасьць уласьцівая «харэям», а ня «ямбам». З чым жа зьвязаная загадкавая «прыроднасьць» харэю ды «кніжнасьць» ямбу, з чаго вынікае абсалютная перавага харэевай кадэнцыі ў сылябіцы і ў фальклёры? Пэўна што, чым даўжэйшая анакруза, тым большая падстава абцяжараньня яе сысталамі, дыясталамі і паступовае дэструкцыі ўсяго інварыянту.
На падставе чаго ўзьнікае альтэрнанс? Для пачатку ўспомнім дзьве тэорыі імавернасьці: клясычную і статыстычную. У першай лічба імавернасьці бярэцца апрыёрна ад паловы здарэньняў, а ў другой — апастэрыёрна ў разьліку ад сярэднеарытмэтычнага паказьніка. Адпаведна, першае тлумачэньне альтэрнансу вынікае з патрабаваньня простага ідэальна-гарманічнага разьмеркаваньня моцна-, сярэдне- і ненацісьненых складоў у радку. Другое выходзіць зь сярэдняе даўжыні беларускага слова (3,27), якое задоўгае для трохскладовых памераў і закароткае для чатырохскладовых, — мажліва, у вершы ўзьнікае нешта накшталт эфэкту «інтэрфэрэнцыі». Заўважу, на больш раньняй стадыі разуменьня праблемы ў мяне існавала наагул фантастычная ідэя, дзей моц націску залежыць ад сярэдняе даўжыні слова. Рэшта слоў «насычаюцца» гэтаю моцай, «прасякаюцца» водгульлем, утвараючы характэрную для мовы «прастору выбуху», якая вызначае аптымальную велічыню ступы. Тым больш што націск імкнецца да сярэдзіны слова.