ЖАНРЫ

Страла Зэнона (Рытмалягічны трактат)

Пацюпа Юры

Шрифт:

Як дыхатамія адбываецца — варта прыгледзецца пільней. Для «натуралізацыі» нам патрэбен шаснаццацірадковік, у якім заразом прачытваецца слушны васьміступовы харэй і падзел на ступы супадае з падзелам на словы. Усё разам гэта дае магу сячы радкі да апошняга кванту, якім стане слова як ступа харэю. Падобных вершаў у чыстым выглядзе практычна не бывае, але досыць і аднаго добрага радка з «Пэнтатэўгума» Андрэя Белабоцкага, «расейскага беларуса» XVIII ст.:

Шахом / небо // хощеш / взяти, /// мат ти / скоро // в аде / будет.

Перад намі звышдоўгая адзінка — даўжэйшых паэты-сылябісты проста не практыкавалі. Чыста тэарэтычна дыярэзы дазваляюць расьсячы яе на дзьве, чатыры і восем адзінак. Аднак ня ўсе падзелы аднолькава пажаданыя (графічна гэта паказвае колькасьць цэзуравых рысачак). Шаснаццаціскладовік «ахвотна» дзеліцца (///) на два васьміскладовікі, тыя — ужо «меней ахвотна» — дзеляцца (//) на чатыры чатырохскладовікі, і апошнія — «зусім неахвотна» — дзеляцца (/) на восем двухскладовікаў. Як бачым, чым глыбейшы падзел, тым ён гвалтоўнейшы. Зь іншага боку, звышдоўгі радок — таксама рэч гвалтоўная, нездарма ён так лёгка пасёкся напалам.

Такім парадкам, аптымальная даўжыня дадзенае дыхатаміі — восем складоў, клясычны памер беларускіх паэтаў «арганічнае пары». Ніжэйшы межань (пэон трэці) становіць сабою структуру паўрадка, заснаваную на моцных іктах. Найніжэйшы межань (харэй) зьяўляе інфраструктуру структуры, заснаваную на моцных і слабых іктах. А найвышэйшы межань утварае свайго роду супраструктуру, апісваную часьцей за ўсё як цэзураваны шаснаццаціскладовік ці як цэзураваны васьміступовы харэй, радзей — як цэзураваны чатырохступовы пэон трэці. Калі ніжэйшы і найніжэйшы межні могуць разглядацца як дзяленьне цэльнае рытмавае адзінкі, дык найвышэйшы, наадварот, — выглядае як складваньне гэтых адзінак. І, нарэшце, калі паўрадок і адзінка яго структуры, пэон, утрымваюць усе тры віды складоў, дык у харэі заўжды бракуе ці моцнага, ці слабога ікту, што гаворыць пра несамастойнасьць харэю.

У несамастойнасьці двухскладовых памераў можна таксама пераканацца на прыкладзе аналягічнага «васьміступовага ямбу», дзе пад націскам стаяць усе моцныя склады — і ямбаў, і пэонаў, — але вольна чытаюцца толькі пэоны. Заразом дыхатамія тут, як і ў Мінкіна, можа разглядацца як вынік складваньня натуральных карацейшых адзінак у ненатуральны звышдоўгі радок:

Ты — мой закон, мая душа, // мая рэлігія, мой Бог. І кожну хвілю я табе // малітвы новыя твару. Табой я шчасьліў, я — твой жрэц, // хвалу табе пяе мой рог. Я — сеўбіт твой, я — твой ратай, // я паласу тваю ару. Зьмітрок Бядуля

Дзяленьне і складваньне — падставовы сродак страфаваньня, які практыкаваўся ў антычным вершаваньні і, як мы ня раз пераканаемся, у беларускай сылябіцы. А праз апошнюю натуральна лучыў у блізкія да сылябікі ўзоры сыляба-тонікі. Вось, прыкладам, складаная страфа (нягледзячы на простую рымоўлю), утвораная чыста праз дыхатамію васьмірадковіка:

Гэй, ты маці, родна мова, Гэй, ты звон вялікі, слова, Звон магучы, Звон бліскучы, З срэбра літы, З злота зьбіты, Загрымі ты, Загрымі! Алесь Гарун

Сказаць, што першыя васьміскладовыя радкі (а даўжыня іх аптымальная) маюць цэзуру, было б перабольшаньнем. Цэзура тут хіба толькі намяркоўваецца. Але патэнцыйна, дзякуючы дыярэзе ў першым радку, верш «гатовы» да цэзуры, нават глыбейшага распаду, што і паказвае рэшта страфы. Варта зацеміць: у аснове цэзуры ляжыць падзел слоў, часьцей за ўсё рэгулярны, аднак далёка ня ўсякі падзел, нават рэгулярны, дае цэзуру. Цэзура ўтвараецца агульным заданьнем вершу, і пры патрэбе, у якасьці кампэнсатарнае анамаліі, гэткае «паэтычнае вольнасьці» можа праходзіць нават праз слова. У вылучэньні цэзуры, так ці інакш, ёсьць момант суб’ектыўнасьці.

Разгледзім яшчэ адну дыхатамічную страфу:

Рвіце, дзеткі, Сабе кветкі, Вянкі війце, Мядок пійце!.. Пройдзе першае маленства, Прыйдуць рослыя гады Пройдзе воля, пройдзе шчасьце, Прыйдуць клопаты тады Алена

У Алены васьмірадковая частка страфы цальнейшая, чым у Гаруна, бо яе нітуе радковая сынэрэза. Надзвычай цікава ў страфе вылучаюцца і чатырохскладовыя радкі. Яны ўсе (апрача 1-га) маюць інвэрсіяваны харэй. І хоць падзел слоў тут фармальна дае дыярэзу, аднак інвэрсія стрымвае мажлівасьць далейшае дыхатаміі. Рытмічнасьці ж вершу яна яўна ня шкодзіць.

У выніку чарговы раз нельга не пагадзіцца з А. Квяткоўскім, што двухскладовыя ступы наагул немажлівыя як адзінкі рытму. Нават у сыляба-танічнай дактрыне яны не існуюць, а толькі даўнімаюцца, бо служаць спосабам (не зусім дасканалым) вэрыфікацыі рытму. Ямб і харэй не ўзьнікаюць пры вольным чытаньні вершу, а толькі пры штучным скандаваньні. Зрэшты, як зазначае той жа А. Квяткоўскі, ёсьць шэраг вершаў, што чыста інтанацыйна, дзеля патрэбаў сэмантыкі, вымагаюць скандоўлі. Але вынятак толькі пацьвярджае правіла: умоўнасьць існаваньня двухскладовых ступ. Часьцей за ўсё гэта дзіцячыя лічылкі ды адпаведныя стылізацыі:

— Чыжык, / чыжык, / дзе ты / быў? — Я на / Белай / Русі / жыў: Бачыў / сьлёзы, / жалю / крык, Як га/руе / там му/жык… Гальяш Леўчык

Скандоўля можа быць удалым спосабам гукаперайманьня і належнага эфэкту дасягае тады, калі падзел ступ падкрэсьлівае дыярэза:

Звоны / звоняць, / звоняць, / звоняць Ў час начны Грукат, / гоман, / звоняць / ў звоны Званары. Зінаіда Бандарына

Раз двухскладовая амплітуда націскаў становіць сабою інфраструктуру чатырохскладовых памераў, дык адразу ўзьнікае пытаньне — ці заяўляе яна аб сабе хоць якім спосабам у памерах трохскладовых? З гэтае нагоды раскажу цікавае здарэньне з практыкі. Неяк адна кандыдатка расейскае філялёгіі (сёньня ўжо доктарка), якая выкладала мне ў унівэрсытэце, заўважыла, што ня любіць Я. Яўтушэнкі за верш:

Идут белые снеги, как по нитке скользя… Жить и жить бы на свете, да, наверно, нельзя.

Маўляў, у адным радку ён умудрыўся двойчы парушыць нормы расейскае літаратурнае мовы, ужыўшы формы идут і снеги замест идут і снега. Я доўга пераконваў сваю ўнівэрсытэцкую настаўніцу, дзей слова идут трэба чытаць звычайна, бо верш напісаны анапэстам і два першыя склады стаяць у слабой пазыцыі. Сёньня я магу дадаць: нават калі б паэт і ўжыў пераакцэнтуацыю, усё роўна меў бы на тое права, бо менавіта такі націск трываў за норму ў расейскай паэзіі XVIII ст., і варыянт идут можна ўважаць за паэтызм ці архаізм. Няведаньне паэтыкі і гісторыі мовы — досыць сьмешная падстава для снабізму і пурызму. Але адзінае, у чым я не магу ўпікаць свае суразмоўцы, — гэта тонкі слых, добрая інтуіцыя мовы.

Поделиться с друзьями: