Страла Зэнона (Рытмалягічны трактат)
Шрифт:
Куды часьцей за пэон першы можна спаткаць трохступовы пэон трэці, тоесны нецэзураванаму шасьціступоваму харэю. Яго структуры — праўда, не да канца вытрыманыя — досыць часта трапляюцца ў народных песьнях. Адсюль — частае ўжываньне трэцяга пэону ў стылізацыях:
Ах, Лявоніха, Лявоніха мая! Спамяну цябе ласкавым словам я, — Чорны пух тваіх загнутых брывянят, Вочы яркія, вясёлы іх пагляд; Спамяну тваю рухавую пастаць, Спамяну, як ты умела цалаваць. Максім БагдановічАбо:
Ще щебече у садочку соловій Пісню любую весноньці молодій, Ще щебече, як віддавна щебетав, Своім співом весну красную вітав. Іван ФранкоАднак гэты памер ня мае жорсткае фальклёрнае прывязанасьці. Падазраю, што паэты з добрым пачуцьцём рытму зьвяртаюцца да пэону міжволі, калі хочуць надаць лёгкасьці свайму «харэю»:
ажываць пэрсанажы анэкдотаў з падсьвядомасьці выходзяць на пленэр зноў матросаў закрывае дзіркі дотаў зноўку бацьку падстаўляе піянер Андрэй ХадановічПрымяркоўваючы даныя прыклады пэонаў да іх карацейшых, «меншступовых» узораў, можна заўважыць, што выбухі мажлівыя толькі на пачатных іктах — і пажадана пры нулёвай анакрузе. Наагул, чым карацейшая анакруза, тым вальнейшае віхтаньне пачатных іктаў. Вершы з задоўжанаю анакрузаю, наадварот, менш гнуткія. Пры нагодзе варта патлумачыць, чаму асобныя адцінкі з трохскладоваю анакрузаю я пазначаю як імаверныя дактылі. Адказ дае апісаньне дзесяцьцёвіка: тры склады доўгае анакрузы тоесныя тром перадканстантавым складом пяціскладовага паўрадка. Значыць, доўгая анакруза мае паддастаткам складоў, каб пераструктуравацца ў асобную рытмавую адзінку, ствараючы цяжкасьці для вершаваньня. У гэтым і замыкаецца яе нутраная дэструкцыйнасьць, пра якую ня раз успаміналася.
Якраз таму асаблівымі рарытэтамі ў гісторыі вершаваньня ёсьць цьвёрда вытрыманыя шматступовыя пэоны чацьвёртыя. А. Квяткоўскі для першага выданьня свайго слоўніка не знайшоў у ладнай гісторыі расейскае літаратуры належнага кшталту і таму мусіў сам штучна стварыць такі ўзор, досыць няўдалы, за што быў рэзка высьмеяны. Пазьней у якасьці прыкладу ён прытарнаваў дзьвюхступовы ўрывак з чатырохступовага «ямбу» А. Пушкіна, дзе пэонавая структура не зацямняецца ямбавымі ўсплёскамі. І толькі ў 1966 годзе даным памерам уклаў асобны верш А. Кушнер. З гэтае нагоды варта асабліва вітаць беларускую паэтку, якая інтуіцыйна, і ў цэлым амаль што дакладна, здолела ўлавіць наравісты плыў трохступовага пэону чацьвёртага:
Бо на адно дастане сіл — даткненьнем гібкім Сушыць нагі маленькай мокрыя адбіткі На шэрым покрыве бэтоннай паласы І спрабаваць спатоліць вялае тамленьне, Яе спадніцай абвіваючы калені, Яму разбэрсаўшы на вочы валасы. Натальля КучмельПэўна што лішне будзе далей апісваць усе кшталты пэонаў ці іх парушэньні. Але разгледзім пад тое яшчэ адзін прыклад, каб у чытача ня склалася аблуднае ўяўленьне, быццам частку «ямбаў» ды «харэяў» запраўды можна ператлумачыць як пэоны, затое рэшта, якая не ператлумачваецца, — гэта ўжо, маўляў, шчырыя «ямбы» ды «харэі». Менавіта так разважалі нешматлікія абаронцы пэонаў накшталт У. Пяста. Насамрэч «непэонаў» сярод «дзьвюхдольнікаў» не бывае, бываюць толькі неўрэгуляваныя пэоны:
Як пацерку да пацеркі, / за годам год (1) На шнур жыцьця ўсё / ніжа, / \ ніжа; (2) Адна з тых пацерак сьцюдзёная, як лёд, (3) Другая цёплая, як сонца летні ўсход, (4) А трэцяя / — як той чарвяк з-пад крыжа. (5) Адна далей, / другая сэрцу бліжай, (6) Адна, як кветка, / а другая, як асот… (7) Янка КупалаЗапраўдную структуру такога вершу цяжка ўлавіць дакладна, хоць фармальна перад намі «шасьціступовы ямб», з дамешкамі «пяціступовага». Гэта якраз тая мяжа даўжыні, дзе памер не ўспрымаецца на слых. Дапамагчы можа скандоўля ці альтэрнацыя. Аднак рэальна альтэрнацыя вытрымваецца толькі ў 3-м ды 4-м радкох. Рэшту вершу працінаюць разломы, якія даюць нам і пэоны, і дактылі, і нават леймаваны сэгмэнт на канцы 2-га радка. Узьнікае пытаньне: як жа гэтулькі гадоў паэты пісалі, асьлепленыя «ямба-харэізмам»? Практыка паказвае, што пісалі па-рознаму, у залежнасьці ад таго, хто якія мэты перад сабою ставіў. Памеры кароткія і цэзураваныя, як мы бачылі, маюць мэханізмы да самарэгуляцыі. А ў доўгіх многія паэты таксама давалі рады ўлавіць альтэрнацыю. Калі ж не, дык унутры вершу ўтваралася невідомая «лесьвіца Маякоўскага» — я думаю, што менавіта разломы і леймы падрыхтавалі нашае вуха да яе ўзьнікненьня.
Як бачым, пэонавая вэрыфікацыя рытму істотна дапамагае падоўжыць радок без запраграмаванага падзелу мэдыянаю і незапраграмаванага падзелу разломамі. Праўда, звышдоўгіх цэльных пэонавых радкоў ня надта шмат. Кожны зь іх — таксама свайго роду рарытэт. Дзеля нястачы патрэбных беларускіх прыкладаў возьмем урывак з расейскага тэксту:
Заиграй-сыграй, тальяночка, малиновы меха, Выходи встречать к околице, красотка, жениха. Васильками сердце светится, горит в нём бирюза, Я играю на тальяночке про синие глаза. Сяргей ЯсенінГэты верш дасюль недаацэнены вершазнаўцамі. Гучыць ён неяк дзіўна — запраўды, як граньне гармоніка. Рэч у тым, што чым даўжэйшая фраза, тым хутчэйшы яе тэмп, таму радкі, якія захоўваюць цэльнасьць вымаўляюцца адным уздыхам. Аднак доўгі радок, нават добра альтэрнаваны, часьцей за ўсё не вытрымвае адзінства, і калі яго не разьядаюць хаатычныя разломы, дык сымэтрычна дзеліць мэдыяна:
Шары прыцемак паволі // зьлізваў барвы навакольля. Горад стойваўся і глухнуў. // Змрок насоўваўся густы. Ані гуку, ані руху… // Толькі булькалі на кухні Аднастайна, мерна, глуха // кроплі цяжкія вады. Алег МінкінДык чаму ж радкі слушнага «васьміступовага харэю» С. Ясеніна і А. Мінкіна паводзяць сябе па-рознаму? У першага яны ўтвараюць вельмі рэдкі суцэльны альтэрнаваны радок, а ў другога, захоўваючы альтэрнацыю, дзеляцца на два паўрадкі. Ці, іншымі словамі, верш Ясеніна зьяўляе адзін чатырохступовы пэон трэці, а верш Мінкіна — два дзьвюхступовыя пэоны трэція. Вышэй мы ўжо казалі: усе загадкі вершаваньня замыкаюцца ў сылябіцы. А гэта значыць, што калі пільна сугадаць факты г. зв. сылябічнае паэзіі, то мы атрымаем адказы і на пытаньні сыляба-тонікі.
З грунту, адказ просты: у Ясеніна сынэрэза стрымвае падзел радка, а ў Мінкіна дыярэза ператвараецца ў цэзуру і спрыяе дыхатаміі. Ясенін унікнуў дыхатамічнага распаду радка, бо месца меркаванае цэзуры ў яго прыпадае на сярэдзіну слоў тальяночка, околица, светится. Падзел, каб і ўзьнік за гэтымі словамі, даў бы анакрузу другіх паўрадкоў, адрозную ад анакрузы першых паўрадкоў. Словы на месцы мажлівае цэзуры становяць сабою адумысныя чыньнікі, якія можна абазначыць як шпоны. У кароткім радку шпоны не адыгрываюць жаднае ролі, бо рытмавая цэльнасьць захоўваецца бязь іх. Затое ў доўгім цэльнасьці радка можна дабіцца толькі пры дапамозе шпонаў ці сынэрэзы, дзе апошняя становіць сабою зьяву, а першыя — элемэнты, што ўтвараюць тую зьяву.