ЖАНРЫ

Так сказаў Заратустра. Кніга ўсім і нікому

Ницше Фридрих

Шрифт:

Маё майстэрства і светлая нянавісць у тым, што маё маўчанне навучылася не выдаваць сябе маўчаннем.

Ператрасаючы словы і гульнёвыя касці, мне няраз удавалася перахітрыць тых, хто поўны ўрачыстага чакання, перахітрыць так, каб вымкнуліся з-пад увагі гэтых прыглядчыкаў мае воля і мэта.

Каб ніхто не бачыў асновы і апошняй маёй волі, — на тое і вынайшаў я доўгае светлае маўчанне.

Шмат разумных людзей знайшоў я: яны хавалі свой твар і каламуцілі ваду, каб ніхто нічога не бачыў у іх і скрозь іх.

Але якраз да іх і прыходзілі найразумнейшыя і недаверлівыя, майстры лускаць усякія арэхі: менавіта з іх і вылоўлівалі сама асцярожную рыбку!

Але светлыя розумам, бадзёрыя і празрыстыя — сама мудрыя маўкліўцы: такая глыбокая аснова ў іх, што нават сама празрыстая вада не выдае іх дна.

Ты, снежнабародае маўклівае зімовае неба, ты, сівы дзед, які з подзівам глядзіць на мяне са сваёй вышыні! Ты, нябесны сімвал маёй душы і яе дзёрзкасці!

І хіба мне не трэба хавацца, як таму, хто праглынуў золата, каб не раскроілі мне душу?

І ці ж абыдуся без хадуляў, каб не заўважылі маіх доўгіх ног усе гэтыя зайздроснікі і ненавіснікі навокал мяне?

Гэтыя закурэлыя, задушлівыя, зношаныя, выцвілыя, змаркочаныя душы — хіба можа іх зайздрасць стрываць маё шчасце?

Таму і паказваю я ім толькі зіму і лёд на вяршынях маіх і не, — што мая гара акружана ўсімі паясамі сонца!

Яны чуюць толькі сковыт маіх зімовых бураў: і не — як я лётаю над паўднёвымі морамі, якія яны палкія, цяжкія, скварныя — паўднёвыя вятры.

Праўда, яны сужальваюцца з маіх нягодаў і выпадковасцяў; але такое маё слова: «Дапусціце ўсе выпадковасці да мяне, невінаватыя яны, быццам малыя дзеці!»

Ці ж бы вытрывалі яны маё шчасце, калі б не схаваў я яго пад няшчасцямі і зімовай сцюжай, пад шапкамі з шкураў белых мядзведзяў, пад покрывам снежных нябёсаў!

— калі б я сам не ўмілажаліўся са спагады іхняй — мілажалем гэтых змрочных зайздроснікаў!

— калі б я не ўздыхаў і не дрыжаў перад імі ад холаду, цярпліва дазваляючы ахутваць сябе спагадай!

І ў тым дзёрзкасць і добрая воля маёй душы, што не хавае яна зімы і сваіх снежных бураў; але не хавае і сваіх памарожанняў.

У аднаго адзінота — гэта ўцёкі хворага, а ў другога — уцёкі ад хворых.

Няхай чуе, як я дрыжу і ўздыхаю ад зімовай сцюжы, гэты зброд, які недаверліва касавурыцца, абступіўшы мяне! Задыхаючыся і з дрыжыкамі ўцякаў я з іх напаленых пакояў.

Няхай уздыхаюць яны і шкадуюць мяне, што маё цела абмарожана: «Хоць бы ён не скалеў на лёдзе пазнання!» — перажываюць яны.

Я ж бегаю па гары Елеонскай на бадзёрых нагах: у сонечным закутку сваёй гары я спяваю і смяюся з усякай спагады».

Так спяваў Заратустра.

Пра мінанне

І вось, без спеху, мінаючы многія гарады і многія народы, абочнымі дарогамі вяртаўся Заратустра ў свае горы, у сваю пячору. І вось — нечакана ён апынуўся каля брамы вялікага горада; але тут, раскінуўшы рукі, да яго кінуўся апантаны блазен і заступіў дарогу. Гэта быў той самы юрод, якога люд назваў «Малпаю Заратустры», бо ён пераняў з яго казаняў сякія-такія спохваткі і фразы і, здаралася, прысвойваў сабе сёе-тое са скарбніцы ягонай мудрасці. І звярнуўся блазен да Заратустры з такімі словамі:

«О Заратустра, тут — вялікі горад; тут няма чаго табе шукаць, а страціць ты можаш усё.

Навошта табе мясіць гэты бруд? Пашкадуй сваіх ног! Лепей плюнь на гэтую браму і вярніся назад!

Тут пекла думкам адлюдніка: усякія думкі варацца тут жыўцом і, зварыўшыся, драбнеюць.

Тлеюць тут усе вялікія пачуцці, затое брынчаць высахлыя і нікчэмныя!

Хіба не чуеш ты паху разніцы і кухняў духу? Хіба не чуеш, як смурод забітага духу ўзносіцца над гэтым горадам?

Хіба не бачыш, што душы тут, як мятыя, брудныя анучы? А яны робяць з гэтых анучаў газеты!

А ў што ператварыўся тут дух? — Ва ўменне каламбурыць! Агідныя слоўныя памыі вырыгае ён: з гэтых памыяў і робяцца газеты.

Яны гоняць адно аднаго і не ведаюць куды. Яны распальваюць адно аднаго і не ведаюць, навошта. Яны грукочуць сваёю бляхаю і брынчаць сваім золатам.

Яны халодныя і шукаюць цяпла ў нагрэтай вадзе; яны распаленыя і шукаюць халадку ў застылых духах; яны ўсе кволыя і ссохлі ад грамадскай думкі.

Усе заганы і пахібы тут — дома: але ёсць і дабрачынныя — шмат паслужлівай і службовай дабрачыннасці;

— спрытнай дабрачыннасці з пісучымі пальцамі і заднім месцам, якое змазалела ад седні і чакання; і дабрачыннасць гэтая мае ўзнагароды — сціплыя знакі на грудзях, а таксама пласказадых дочак, напханых саломай.

Тут багата пабожнасці, а таксама пабожнага лізаблюдства і нізкапаклонства перад Богам воінстваў, Саваофам.

Бо адтуль, «згары», падаюць зоркі і літасцівыя пляўкі, таму і цягнуцца ўгору пустыя — без зоркі — грудзі.

У месяца свой двор, і ў двара — свае паразіты: і на ўсё, што зыходзіць з двара, моліцца ўбогі зброд і пахлебная ўбожная дабрачыннасць.

«Я служу, ты служыш, мы служым» — так моліцца служоная дабрачыннасць каля падножжа ўладара: каб заслужаная зорка прычапілася, нарэшце, да запалых грудзей!

Але як месяц абарочваецца вакол усяго зямнога, так і ўладар абарочваецца вакол сама зямнога, што толькі ёсць: а гэта — золата гандляроў.

Бог воінстваў — гэта не Бог залатых зліткаў: князь думае, а гандляр кіруе!

У імя ўсяго ў табе светлага, моцнага, добрага, о Заратустра, плюнь на гэты горад гандляроў і вярніся назад!

Тут у кожнага ў венах шумуе гнілая і бледная кроў: плюнь на вялікі горад, на гэты велізарны сметнік, дзе бушуе і шумуе брудны накіп!

Плюнь на горад задушаных душ і запалых грудзей, зайздрослівых вачэй і ліпкіх пальцаў,

— на горад настырнікаў, блудадзеяў, пісакаў, крыкуноў і расшаленых гардзеяў,

— дзе ўсё сапсаванае, смярдзючае, заганнае, змрочнае, трухлае, прышчавае, падступнае сабрана разам;

— плюнь на вялікі горад і вярніся назад!»

Але тут Заратустра спыніў апантанага блазна і заткнуў яму рот.

Поделиться с друзьями: