ЖАНРЫ

Так сказаў Заратустра. Кніга ўсім і нікому

Ницше Фридрих

Шрифт:

Шкадаваць і спагадаць — заўсёды было маёй найбольшай небяспекай, але ж усякая чалавечая істота прагне, каб яе шкадавалі і спагадалі ёй.

З нявыказанымі ісцінамі, з рукою дурня і сэрцам без розуму, багаты дробязнай хлуснёй спагады — так я жыў сярод людзей заўсёды.

Сядзеў я сярод іх пераапрануты, гатовы не пазнаваць сябе толькі дзеля таго, каб трываць іх, і пераконваў сябе: «Дурань, ты не ведаеш людзей!»

Перастаеш разумець людзей, калі жывеш сярод іх: надта шмат на іх блізіру, знешняга, — навошта тут дальнавідныя, палка-разумныя вочы!

І калі яны не прызнавалі мяне, я, дурны, у сваёй апантанасці прагнуў іх за гэта яшчэ больш, чым сябе: прывыклы быць жорсткім да сябе, я часта помсціў сабе за гэты жаль.

Пакусаны ядавітымі мухамі і паточаны, як камень, процьмай кропляў злосці, я сядзеў сярод іх і пераконваў сябе: «Не вінаватае ўсё нікчэмнае ў нікчэмнасці сваёй!»

Асабліва ядавітымі з усіх мух я лічыў тых, што завуць сябе «добрымі»: яны кусаюць, не ўсведамляючы сваёй віны, яны хлусяць, не ўсведамляючы яе, — як маглі б яны быць са мною справядлівымі!

Хто жыве сярод добрых, таго спагада вучыць хлусіць. Спагада робіць паветра затхлым усім свабодным душам. Глупства добрых — бяздоннае.

Хаваць сябе самога і багацце сваё — гэтаму я навучыўся там, унізе: бо я выявіў, што кожны з іх — убогі духам. У тым была хлусня маёй спагады, што пра кожнага я ведаў,

— ведаў, бачыў і нават носам чуў, што не толькі дастаткова, але нават занадта шмат духу дасталося яму!

Гэтыя іх надзьмутыя мудрацы, але не надзьмутымі, а мудрымі называў я іх: я так навучыўся глытаць словы. Гэтыя іх магільшчыкі — я ж называў іх даследчыкамі і выпрабавальнікамі: так я навучыўся падмяняць словы.

Самыя сабе капаюць далакопы гэтыя хваробы. Пагібельныя выпарэнні дрэмлюць пад старым смеццем. Не трэба турбаваць балота. Лепей жыць у гарах.

Шчаслівымі грудзьмі я ўдыхаю зноў свабоду гор! Нарэшце мой нос пазбаўлены паху чалавечага існавання!

Свежае паветра, як пеністае віно, казычй мне ноздры, і яна чмыхае, душа мая, чмыхае і радасна гукае: «На здароўе!»

Так сказаў Заратустра.

Пра тры пахібы

1

«У сне, у апошнім ранішнім сне я стаяў на высокай скале, па той бок свету, трымаў вагі і важыў свет.

О, дужа рана настала мне ранішняя зара — палкая і раўнівая! Заўсёды раўнівая яна да маіх гарачых ранішніх сноў.

Вымерны таму, у каго ёсць час; выважаны таму, хто ўмее важыць; дасягальны моцным крылам; адгадны боскім адгадчыкам — такім явіўся мне ў сне гэты свет.

Сон мой, адважны марак, напалавіну карабель, напалавіну шквал, маўклівы, як матылёк, нецярплівы, як сокал: адкуль узяўся ў яго сёння і час, і цярплівасць, каб важыць свет!

Мабыць, мудрасць мая нашаптала яму нішкам — чуйная, пакеплівая, дзённая мудрасць мая, якая смяецца з усіх бясконцых светаў! Бо яна кажа: «Дзе сіла, там валадарыць і лік, бо ў яго болей сілы».

Як упэўнена глядзеў мой сон на гэты концы свет, — без цікаўнасці, без шкадавання, без страху, без мальбы:

— быццам выспелы яблык прасіўся ў руку маю, крамяны і залацісты, з далікатнай халаднаватай аксамітнай скуркай — такім здаўся мне свет:

— быццам ківала мне дрэва з раскідзістымі галінамі, моцнае воляй, сагнутае дзеля апоры і адпачынку нагам стомленых дарожнікаў: такім здаўся мне са скалы гэты свет;

— быццам пяшчотныя рукі неслі мне насустрач скрынку, адчыненую захапленню сарамяжлівых шанавальных вачэй — такім гэты свет здаўся мне сёння;

— не так загадкай, каб адпудзіць чалавечую любоў; не так разгадкай, каб прыспаць чалавечую мудрасць, — па-чалавечы добрым здаўся мне сёння свет, пра які так многа ліхасловяць!

Які ўдзячны я свайму ранішняму сну за тое, што сёння на золку ўзважыў я свет! Па-чалавечы добрым прыйшоў да мяне сон, суцешнік сэрцаў!

І ўдзень я зраблю, як ён, і навучуся ў яго ўсяго найлепшага: цяпер я хачу пакласці на шалі з усіх ліхаў тры сама ліхія і па-чалавечы правільна іх узважыць.

Хто вучыў дабраслаўляць, той вучыў і выклінаць: якія ж на свеце ёсць тры найсама клятыя рэчы? Іх я і хачу пакласці на шалі.

Пахацінства, уладалюбства, сябелюбства — гэтыя тры да сёння выкліналіся найбольш і найбольш іх аплявузгалі; і вось гэтыя тры пахібы сёння я хачу па-чалавечы добра ўзважыць.

Давай! Тут мая скала, там — мора: яно падкочваецца мне пад ногі, калматае, лашчыцца — вернае, старое страшыдла, спагадлівы сабака, якога я люблю.

Давай! Тут я трымаю вагі, над бурным морам, і выбіраю сведку, каб ён глядзеў, — выбіраю цябе, любае маё самотнае дрэва, што шырока раскінула голле, пахучае, водарнае!

Па якім мосце ідзе сённяшняе ў будучыню? Па чыёй волі высокае хіліцца да нізкага? І што загадвае вышэйшаму расці вышэй і вышэй?

Цяпер шалі ў раўнавазе і ў нерухомасці: тры цяжкія пытанні кінуў я на адну шалю, тры цяжкія адказы трымае другая.

2

Пахацінства: калючка і слуп ганьбы ўсім у пакаяных валасяніцах пагарднікам цела; асуджанае на праклён як «зямное» ва ўсіх, хто марыць пра іншы свет, бо яно пагарджае ўсімі настаўнікамі хлусні і дурыць іх.

Пахацінства: павольны агонь зброду, на якім згарае яно; усім смярдзючым лахманам і чарвівым дрэвам — распаленая, агнявая печ.

Пахацінства: нявіннае і свабоднае яно ў свабодных сэрцаў, сад зямнога шчасця, святочнае багацце і дарунак будучыні ад лішніцы яго.

Пахацінства: гэта салодкая атрута толькі завялым, а тым, у каго львіная воля, гэта вялікі сардэчны мацунак, віно з усіх вінаў, багавейна захаванае.

Пахацінства: гэта найвялікшая асалода, сімвал найбольшага шчасця і найвышэйшай надзеі, бо многаму было дадзена абяцанне шлюбу і нават большага, чым шлюб:

— многаму, што яшчэ больш чужое адно аднаму, чым мужчына жанчыне: а хто спасціг да канца, наколькі чужыя адно аднаму мужчына і жанчына?

Пахацінства: аднак мне трэба абмежаваць думкі і словы, каб не ўварваліся ў мае сады свінні і апантанцы!

Уладалюбства: вогненны біч у сама цвёрдых з усіх цвердакаменных сэрцаў; жудаснае катаванне, нагатаванае сама жорсткаму, змрочнае полымя вогнішчаў, на якіх паляць жыўцом.

Уладалюбства: гэта жорсткія кілзы, накінутыя на сама славалюбныя народы; яно здзекуецца з любога сумніўнага дабрачынства, яно едзе вярхом на любым кані і на ўсякай гардыні.

Поделиться с друзьями: