Так сказаў Заратустра. Кніга ўсім і нікому
Шрифт:
Уладалюбства: землятрус, які разбурае ўсё лядашчае і пустое; раз'юшаны, грымучы, карны разбуральнік фарбаваных дамавін; бліскучы пытальнік побач з зайздроснымі адказамі.
Уладалюбства: перад позіркам яго чалавек поўзае і плазуе, сцелецца рабом і робіцца ніжэйшы за змяю і свінню, пакуль, нарэшце, не вырвецца ў яго крык вялікай пагарды.
Уладалюбства: грозны настаўнік вялікай пагарды, які кідае ў твар гарадам і царствам: «Далоў цябе!», пакуль, нарэшце, і самі яны не залямантуюць: «Далоў, мяне!»
Уладалюбства: яно падымаецца да чыстых і адзінокіх, каб іх прывабіць, падымаецца ўгору да самадастатковых вяршыняў, палаючы, як любоў, малюючы ў нябёсах панадныя пурпуровыя блікі асалодаў.
Уладалюбства: але хто сказаў, што нездаровая такая палкасць, калі высокае імкнецца да ўлады над ніжэйшым! Сапраўды, няма нічога хваравітага ў такім жаданні, у такім прышэсці!
Каб адзінокая вяршыня не заставалася вечна адна і была сабе дастатковая; каб гара сышла да даліны, а вятры вяршыняў — да нізінаў.
О, хто знойдзе сапраўднае імя, каб назваць і ўзвесці ў дабрачыннасць гэта імкненне! «Цнота, якая адорвае» — так назваў калісьці Заратустра тое безназоўнае.
І тады сталася — і праўда, сталася ўпершыню, — што слова яго ўзвялічыла сябелюбства — бадзёрае, здаровае сябелюбства, што б'е струмянём з моцнай душы;
— з моцнай душы, спалучанай з узвышаным целам, цудоўным, непераможным і дужым, побач з якім кожная рэч робіцца люстрам;
— з моцнай душы, злучанай з пругкім целам, якое гаворыць само за сябе, з целам-танцорам, сімвалам і выразам якога служыць душа, якая радуецца сабе самой. Радасць такіх целаў і душаў называе сябе дабрачыннасцю, цнотаю.
Сваімі казанямі пра благое і добрае абмяжоўвае сябе гэтая радасць, быццам свяшчэннымі гаямі, імёнамі свайго шчасця аганяецца яна ад усяго пагарды вартага.
Яна гоніць прэч усё маладушнае; яна кажа: «Благое — гэта баязлівае!» Вартым пагарды ёй здаецца кожны, хто ўвесь час турбуецца, уздыхае, скардзіцца і здабывае з усяго найменшую выгоду.
Яна пагарджае і любою панылаю мудрасцю: бо сапраўды ёсць мудрасць, якая расцвітае ў змроку, мудрасць, якая, як начны цень, увесь час уздыхае: «Усё — марнасць!»
Яна не любіць баязлівай недаверлівасці і ўсіх тых, хто патрабуе прысяг замест позіркаў і працягнутых рук; і не любіць недаверлівай мудрасці, бо гэта — мудрасць баязлівая.
Яшчэ ніжэй яна цэніць дагодлівага і пакорнага, таго, хто адразу, як сабака, кладзецца на спіну; ёсць мудрасць, якая па-сабачы дагодлівая, пакорная, пабожная і паслужлівая.
Ненавісны і агідны ёй той, хто ніколі не абараняецца, хто глытае атрутныя пляўкі і злосныя позіркі, хто надта цярплівы, хто ўсё пераносіць і ўсім задаволены: бо гэта — характар раба.
Хай гэта рабалепства перад багамі і слядамі ад іх выспяткаў, хай перад людзьмі з іх дурнымі меркаваннямі, — на ўсё рабскае яно плюе, гэтае вялікае сябелюбства.
Благое: так называе яно ўсё, што баязліва і па-рабску прыніжана, — вочы, што пакорліва моргаюць, прыгнечаныя сэрцы і тую ілжывую, сагнутую людскую пароду, якая гатова цалаваць тоўстымі, баязлівымі губамі.
І мудрасць задніцы: так называе яна ўсё, над чым мудруюць рабы, старыя і стомленыя, а асабліва — благое, недарэчнае, марнае мудраванне папоўскай дурасці!
Усе гэтыя задамудрыя — гэтыя жрацы, усе гэтыя стомленыя ад свету і тыя, чые душы — бабскага альбо рабскага роду — як спрытна яны збэсцілі сябелюбства.
Менавіта бо гэтая задняя мудрасць лічылася цнотай і называлася яе імем толькі дзеля таго, каб гнаць ад сябе сябелюбства! «Адмовіцца ад сябе» — вось чаго з поўнай падставай хацелі ўсе стомленыя жыццём баязліўцы і павукі-крыжакі!
А сёння да іх набліжаецца дзень, калі ўсё зменіцца: меч суддзі, Вялікі Полудзень; і многае зробіцца тады яўным!
І хто славіць «Я» і асвячае сябелюбства, сапраўды, той кажа натхнёна, быццам прарок: «Вось настае ён, Вялікі Полудзень, вось ён ужо блізка!»
Так сказаў Заратустра.
Пра Дух Цяжару
«Мае вусны — вусны народа: лішне груба і шчыра кажу я маім шаўкавістым трусікам. І яшчэ больш чужое маё слова ўсім чарнільным душам і пісучым лісам.
Мая рука — рука дурня: гора ўсім сталам і сценам і ўсяму, дзе ёсць месца пад пісаніну і мазню!
Мае ногі — ногі каня; я імі скачу і чвалую на злом галавы, па палях уздоўж і ўпоперак, як чорт рады хуткаму бегу.
Мой страўнік — ці ж не страўнік арла? Бо найбольш любіць ён ягнячае мяса. Далібог, гэта страўнік птушкі.
Выкармлены няшчодрай простай ежай, заўсёды гатовы да лёту, гатовы ў неба — такі я: як жа мне быць не птушкай?
Да таго ж я варожы Духу Цяжару — гэта ўва мне таксама птушынае; праўда бо, смяротная, непрымірная, спрадвечная мая варожасць! О, куды толькі не лётала і дзе толькі не блукала мая варожасць!
Цяпер я магу пра гэта спяваць і хачу спяваць: хоць я адзін у пустым доме і давядзецца спяваць толькі сваім вушам.
Ёсць, вядома, іншыя спевакі, у каго толькі ў поўным доме голас мякчэе, рука робіцца вымоўнай, позірк — выразным, а сэрца — чуйным: але на іх я не падобны.
Той, хто навучыць людзей лётаць, зрушыць усе межавыя камяні; ён прымусіць самыя камяні лётаць, і новым імем назаве зямлю — імем «лёгкая».
Страўс бяжыць хутчэй за сама борздага каня, але ў цяжкую зямлю яшчэ хавае сваю галаву: так і чалавек, які яшчэ не ўмее лётаць.
Цяжкімі ён называе зямлю і жыццё: бо так хоча Дух Цяжару! А той, хто прагне стаць лёгкім, павінен любіць сябе самога: так вучу я.
Вядома, любіць не любоўю хворых і нямоглых, бо ў іх нават сябелюбнасць — смярдзючая!
Так вучу я: трэба вучыцца любіць сябе — любоўю здаровай і святой, каб заставацца верным сабе і не лунаць марна.
Такое лунанне назвала сябе «любоўю да блізкага»; гэтымі словамі дагэтуль ілгалі і крывадушылі больш за ўсё, асабліва тыя, каго свет ледзьве трываў.