Чтение онлайн

ЖАНРЫ

У палескай глушы

Колас Якуб

Шрифт:

Лабановіч жахнуўся. Ён як бы пачуў, што нехта неадхільны, грозны і няўмольны замахнуўся над ім цяжкаю булавою і вось-вось апусціць яе на галаву. А ён такі мізэрны, такі нікчэмны, што нават голас пратэсту, нават голас просьбы не можа сарвацца.

Бабка пазірала на настаўніка. Яе таксама ахапіў нейкі страх; такая відочная змена зрабілася раптоўна з «панічом», і выгляд у яго нейкі дзіўны.

Яна павольненька адступіла на крок, бліжэй да дзвярэй, не зводзячы з яго вачэй. Крыху пастаяўшы, яна паківала сама сабе галавой і ціхенька выйшла з пакойчыка. Стоячы за дзвярамі ў кухні, яна колькі хвілін прыслухоўвалася. Але настаўнік трымаўся ціха. Бабка крыху заспакоілася.

Лабановіч устаў і прайшоўся па пакоіку. Думка аб неадхільнасці смерці моцна ўзрушыла яго і засела ў мазгах.

«Калі б я сказаў каму: асцерагайцеся мяне - я нашу ў сабе смерць, напэўна, на мяне паглядзелі б, як на вар'ята, і ва ўсякім разе спужаліся б, - падумаў Лабановіч.
– І тым не меней гэта так. Але чаму ж людзі аб гэтым не думаюць?.. А можа, і думаюць і напэўна многа думаюць, толькі думкі гэтыя трымаюць пры сабе, бо што казаць пра іх таму, хто і сам мае такую ж долю?»

Ранейшыя думкі аб смерці зноў прыйшлі цяпер яму ў галаву. Часамі ідзеш у дарозе. Дарога трудная, ногі баляць, а дадому яшчэ далёка. І думае падарожны: «Будзе ж такі момант, калі я ступлю на парог свайго дома, і скончыцца мая дарога». «Таксама будзе, - разважаў Лабановіч, - такі момант, калі я ступлю апошні крок майго жыцця, апошні момант, а там - смерць, там - канец!.. А далей што? Далей - цёмная і жудасная ноч нябыту. А калі гэта так, то ці варта наогул жыць? Жыць, каб памерці?»

Паставіўшы такое пытанне, Лабановіч задумаўся. Ён ніяк не мог пагадзіцца з думкаю аб смерці. У гэты момант яна была для яго найбольшым ворагам на свеце і як бы засланіла сабою ўсё, здушыла яго, замкнула ў нейкі цёмны і цесны круг.

Ніхто не хоча паміраць, ніхто. Тут яму ўспомнілася панна Ядвіся. Колькі разоў чуў ён ад яе, што яна вельмі хацела б памерці. Лабановіч ніколі не даваў ёй у гэтым веры, бо цвёрда быў пераконаны ў тым, што кожнаму хочацца жыць, як бы яму цяжка ні жылося на свеце. Нават глыбокая старасць не хоча ісці ад жыцця. І сказанні народа пацвярджаюць гэта. Як вядома са Святога пісання, Матусал жыў больш за ўсіх на свеце. У часе сканання з'явіўся яму Бог і спытаў:

– Вось ты меў доўгі век. Скажы ж мне, як здоўжылася табе жыццё?

– Мне здаецца, што я ўвайшоў у дзверы аднаго дома, прайшоў праз яго і выйшаў у другія - так уяўляецца даўжыня майго жыцця.

– Ну, а ці хацеў бы ты яшчэ жыць?

– Хацеў бы, Божачка.

Падумаўшы, Матусал запытаў:

– Божа! А ці трэба ўміраць другі раз?

– Трэба, - адказаў Бог.

– У такім разе я не хачу жыць болей.

Людская мудрасць, такім чынам, зазначае, што страх смерці мацней жыцця, мацней самое смерці. А самагубцы? Жыццё дае многа прыкладаў, калі людзі самі накладаюць на сябе рукі. Як зразумець гэта?

Калі чалавек любіць жыццё, дык што змушае яго на самагубства. Кажуць, у чалавека слабая натура, яму бракуе сілы змагацца з нягодамі жыцця. Калі і сапраўды натура яго слабая, скуль жа гэта сіла перамагчы страх смерці і падняць на сябе руку?.. Нейкая недарэчнасць. Адно супярэчыць другому.

Лабановіч зацікавіўся гэтым пытаннем, яму хацелася як бы стаць на месцы гэтых самагубцаў і паглядзець іх вачамі на справу жыцця і смерці. Цікава тут яшчэ адна акалічнасць: кожны самагубца мае нахіленне да таго ці іншага спосабу самагубства - адны страляюцца, другія вешаюцца, трэція топяцца, кідаюцца пад машыну, труцяцца, рэжуцца брытваю. А ўсе, наогул, імкнуцца выбраць найболей лёгкі спосаб расквітання з жыццём. І яшчэ некаторыя з іх маюць звычай пакідаць перад гэтым запіскі, кароценькія, а то і доўгія. Лабановіч нядаўна чытаў у газеце запіску аднаго самагубцы. Ён пісаў: «Каб не так страшна было ўміраць, трошкі выпіў».

Нечакана для самога сябе, Лабановіч чамусь доўга затрымаў свае думкі над самагубцамі і самагубствам, непрыметна пачаў уваходзіць у ролю самагубцы.

«А што такое смерць? Момант - і больш нічога няма. Тады і думаць аб смерці не прыйдзецца, і нічога чалавеку не трэба будзе», - разважаў ён.

Нічога не помнячы і не даючы сабе яснага адказу ў тым, што ён робіць, нічога не ведаючы, што ён будзе рабіць, Лабановіч адчыніў шуфлядку ў стале. У самым канцы шуфлядкі, завалены паперамі і кнігамі, ляжаў рэвальвер, просценькі, на шэсць патронаў рэвальверчык. Часамі хадзіў Лабановіч у лес, каб пастраляць у цэль з гэтага рэвальверчыка.

Цяпер гэты рэвальвер у яго вачах меў зусім другі выгляд і значэнне. Узяўшы яго ў рукі, настаўнік аглядзеў рульку, адкуль выглядала куля.

«Вось толькі прыставіць да віска, паціснуць дужку, узвёўшы гэту брамку, - і болю не пачуеш!.. Не, боль, напэўна, будзе, але ўсё гэта зробіцца так борзда, што мозг не паспее вызначыць выніку падзеі».

Нейкія злачынныя думкі навялі як бы туман на маладога хлопца і прычаравалі яго да свайго страшнага круга.

Ён зноў узяў рэвальвер. І цікава: нейкую ўладу меў цяпер гэты рэвальвер над настаўнікам. Яго прыцягала і гэта кулька, што выглядала з рулі, як галоўка нейкага гада. Ужо колькі разоў пазіраў ён на яе. Але раптоўна нейкі промень асвятлення бліснуў у галаве. Ён адкінуў ад сябе рэвальвер. Халодны пот выступіў на лбе. Цяпер толькі заўважыў Лабановіч, што рукі яго трэсліся, як бы па яго душы прабег нейкі віхор, усё засцілалася нейкім туманам. Ён пачуў вялікую палёгку, нібы пасля цяжкае хваробы, а ўсё тое, што пранеслася так нядаўна перад ім, здавалася нейкім сном.

– Панічыку!
– пазвала бабка, толькі што ўвайшоўшы на парог пакойчыка.
– Мусіць, вы, панічок, нядобрае пісьмо атрымалі?

Настаўнік моцна здзівіўся.

– Чаму ты, бабка, так пытаеш?

– Відаць было, панічыку, па вас, - прамовіла яна, акінуўшы яго бачлівым поглядам.
– І ведаеце, панічыку, - таемна прамовіла бабка, - я ізноў вам шаптала! Шаптала, далібог, шаптала! Вы любіце шуткаваць з мяне і з маіх шэптаў, а я ўсё ж шаптала вам, бо мне стала вас шкада.

– А проці чаго ты мне шаптала?
– запытаў зацікаўлены настаўнік.

Бабка глядзела на яго колькі хвілін.

– Каб адхіліліся ад вас нядобрыя мыслі, - ціха прамовіла бабка, гледзячы настаўніку ў вочы; яна як бы хацела штось адгадаць у іх.

Лабановіч пачуўся так, як бы яго злавілі ў чымсі непрыемным. Непрыемна было і тое, што бабка ў гэты момант мела над ім перавагу.

«Цікава», - падумаў настаўнік.

Цяпер нябожчык Андрэй як бы адышоўся ад яго, а разам з ім адышліся і думкі аб смерці.

«На свеце, мусібыць, усё робіцца шмат прасцей, як гэта нам здаецца», - заключыў ён свае думкі аб смерці.

XXIV

Златаіскрыя вобразы, як усмех вясны, момантамі ўставалі ў памяці Лабановіча, хвалявалі яго, асыпалі праменнямі радасці і разгортвалі прад ім малюнкі не так даўно мінулага дзяцінства. Яны прыходзілі самі, аб чымсі гаманілі і кудысь клікалі, пакідалі ў душы лёгкі след засмучэння. Аб чым? Аб нейкай страце, аб тым, што не вернеш і што складае скарб, дарагі скарб памяці. Ён бачыў дубы на беразе Нёмана, крэпкія, пышныя дубы з развіслымі вярхамі. На жаралістых камлях гэтых дубоў адбіла свае пячаці несупынная плынь часоў. Яму ўсміхалася светла-сіняе неба і яркім блісканнем асвятляла далёкія прыгожыя вобразы: пахучы луг, роўныя пакаты ўзгоркаў у мутна-сіняй далі, старую хвою з буславым гняздом... Бліскучы дзень, таемнае грукатанне надземных абшараў - гоман-воклік грознапавабных хмар, што шырокаю сцяною засланялі неба і выбухвалі купчастымі клубкамі бела-ружовых воблакаў... Не! Іх не зловіш, не замацуеш словамі, але імі жыве-гарыць душа!

Лабановіч адчуваў нейкую радасць. Яму было лёгка і прыемна. Ён чуў, як моцна звязан ён з жыццём. Яму па душы было гэта адзіноцтва, гэты лес і дарога, па якой ён цяпер ішоў. Куды ён ішоў? Нікуды. Яму проста люба было пабыць у лесе, паглядзець на слаўныя адзінокія хвоі, на старасвецкія дубы па краях палянкі. Ён многа разоў хадзіў тут і цяпер дзівіўся сам сабе, як гэта не зварачаў ён раней увагі на тыя малюнкі, якія бачыў прад сабою цяпер. Вакол было ціха і глуха. Усюды ляжаў снег, але ў паветры патыхала чымся новым, і чулася скорая вясна. Лабановіч сеў на роўна спілаваны пень, сядзеў і штось думаў. Але хіба гэта былі думкі? Не, перад ім праходзілі вобразы за вобразамі, цэлы іх шнур плыў і плыў у яго ўяўленні. Так праседзеў ён некаторы час, пакуль не пачуў глухі тупат конскіх ног і лёгкае шорганне і пасвістванне вузкіх, кованых жалезам палазоў. Ён падняў галаву. Бойкі конік, што дружнаю рыссю зараз жа выскачыў з-пад навіслых ялін на прасторную палянку, борзда імчаў лёгкія прыгожыя сані, у якіх звычайна ездзіць заможная шляхта або сярэдняй рукі панкі. На высокім сядзенні, па-запраўску трымаючы туга нацягнутыя раменныя лейцы, сядзела маладая паненка. На ёй было лёгкае футра; зімняя шапачка, надзетая крыху набок, вельмі ішла да яе твару. Здаровы холад зімы авеяў і разрумяніў ёй шчокі. Ад стройнае фігуркі так і патыхала здароўем і жыццём. Яна кінула зацікаўлены погляд на незнаёмага хлапца. Відаць, яе здзівіла гэта спатканне, а можа, нават і крыху спалохала: чаго сядзіць зімою на дарозе гэты чалавек? Яна шпарчэй пагнала каня. У колькі хвілін вазок знік з вачэй Лабановіча, зноў ускочыўшы ў лес пад шалаш калматых ялін і хвой. Але ён паспеў разгледзець і запамятаваць твар гэтае паненкі: тонкія бровы, бойкія сіняватыя вочы, пухлыя, прыгожа абрысаваныя губы. Дзяўчына была досыць прыгожая, як здалося Лабановічу.

Поделиться с друзьями: