У палескай глушы
Шрифт:
– Ну, матушка, калі буду жаніцца, дык вас за сваццю вазьму, - сказаў Лабановіч.
– Вазьміце, вазьміце! Такую высватаю вам жонку, што цэлае жыццё дзякаваць будзеце. Вы незнаёмы з дачкою каморніка?
– Гэта з паннаю Людмілаю? Не, незнаёмы.
– Яна цяпер тут у пісара. Вечарам у пісара бліны будуць. Вось вы і падкаціцеся да яе. Яна дзяўчына сімпатычная. Хоць нашаму настаўніку сэрца пераешце.
– Э, матушка! Панна Людміла мае столькі кавалераў, што ў мяне і адвагі няма рабіць да яе залёты.
– Эх, вучыцелька, нічога вы не разумееце. Яна так зацікаўлена вамі, што будзе вельмі рада, калі звернеце на яе ўвагу.
– Што ж? Дай, Божа, нашаму гароху ў гаршчок панскі папасці, - усміхнуўся Лабановіч.
– Вас сяляне хваляць, - сказаў а. Кірыл.
– Вы патрапілі заняць належнае становішча.
– А за што ім хваліць мяне або ганіць?
– спытаў Лабановіч.
– У іх свая справа, у мяне свая. Нашы інтарэсы не стыкаюцца, і нам няма за што пасварыцца нават.
– Вы - скромны чалавек, і гэта робіць вам чэсць, - адказаў а. Кірыл.
– Не, трэба сказаць праўду: Цельшыну шанцуе на добрых настаўнікаў. Толькі што глуш там, як і наогул гэта Палессе.
– Жаніцца трэба, - сказала матушка.
– Тады і глуш не такая страшная будзе.
– Што жаніцца!
– махнуў рукою а. Кірыл.
– Жаніцца кожны патрапіць, але што з гэтае жаніцьбы?
Тым часам маладая служанка а. Кірыла, чырванашчокая паляшучка, прынесла самавар. Селі піць чай. Матушка ўвесь час гаварыла, перадавала вясковыя навіны і розныя плёткі, да якіх яна мела вялікую ахвоту. Паміж іншым, распачала апавяданне аб змаганні за панну Людмілу паміж Саханюком і Дубейкам. Але апавяданне не было даведзена да канца, бо якраз на гэты момант прыйшоў і сам Саханюк.
На гэты раз Саханюк быў выфранчаны незвычайна, чыста пабрыты, манішка, гальштук, манкеты - усё на ім ззяла і зіхацела.
– Майму супарату і калегу ніжэйшае шанаванне!
– звярнуўся да Саханюка Лабановіч.
– Вось маладзец цельшынскі вучыцель!
– пахваліла матушка Лабановіча.
– Адразу робіць выклік нашаму настаўніку.
– Вы не так мяне зразумелі, - заўважыў Лабановіч.
– Калега - мой супарат зусім другога парадку. Мы змагаемся з ім за гарцы.
Айцец Кірыл зацікавіўся гэтым змаганнем, і Лабановіч расказаў, якое было ў іх змаганне.
Айцец Кірыл смяяўся, смяяўся і сам Саханюк.
– Наш настаўнік - гаспадар. Мае кабанка і кароўку, - заўважыла матушка.
– Толькі гаспадыні не стае, - дадаў Лабановіч.
– Так і быць, калега, жаніцеся - зраблю ўжо вам такі падарунак к вяселлю, аддам сваю ссыпку.
– І добра зробіце, - смяяўся Саханюк.
– Я чалавек практычны і адкідаць тое, што ідзе на патрэбу чалавеку, лічу неразумным. Калі жыць, дык жыць са смакам, а раскідаць рублі дзеля таго, каб пагадзіць двух буянаў-мужыкоў, не бачу сэнсу.
Саханюк кіўнуў у бок Лабановіча і засмяяўся. Гісторыя з юшкаю была ўжо тут вядома. Лабановіч не знайшоўся што сказаць; ён крыху засаромеўся.
– Так, - пацвердзіў і а. Кірыл, - наш настаўнік умее жыць.
– Але спогадзь і спачуванне яго былі на баку цельшынскага настаўніка.
– Вось што, калега, - звярнуўся Саханюк да Лабановіча, - вас прасілі на вечар да пісара, і мне выпаў такі гонар паведаміць вам аб тым. Нават і запіску вам перадалі.
– Хто ж гэта звярнуў на мяне такую ўвагу?
– пытаў Лабановіч, беручы запіску.
– А каморнічанка там будзе?
– запыталася матушка.
– Н-не ведаю, - не зразу адказаў Саханюк.
– Ідзіце, ідзіце, вучыцелька, - падганяла матушка.
– Там паненкі будуць і, напэўна, панна Людміла.
– Не хочацца мне туды ісці, - прамовіў Лабановіч.
– Не люблю ў вялікай кампаніі быць.
– Больш любіце быць у кампаніі аднае?
– пажартавала матушка.
Пісарава гасціная ярка асвятлялася дзвюма лямпамі. Пераступіўшы парог і акінуўшы поглядам гасцей, Лабановіч прыпыніўся ў нейкім замяшанні: да каго наўперад падысці і з кім павітацца, проста не ведаў хлопец, куды дзецца - так многа было тут гасцей. Трэба б было пачаць з гаспадара, але гаспадар сядзеў за столікам, трымаў цэлую жменю карт і пільна ў іх углядаўся. Насупраць блішчаў урадніцкі каўнер. Збоку сядзеў фельчар Гарошка.
Ён падганяў пісара:
– Хадзі, хадзі, кум! Пад туза! Пад туза яму!
Але пісар не спяшаўся. Ён доўга ўглядаўся ў свае козыры, і здавалася, вось-вось чыхне.
Сядзелец, па прозвішчу Кляп, выказваў усе адзнакі нецярплівасці ад такой маруднасці пісара.
– Не пары гарачкі, бо так астанешся без аднае, а будзеш гарачку пароць, без дзвюх астанешся.
Максім, сын фельчара Гарошкі, лятаў, як матыль, ад аднае паненкі да другой. Як відаць, у гэтай дзейнасці ён быў дужа напрактыкаваны. Лабановіч нямала быў здзіўлены, убачыўшы тут пана падлоўчага, бо ён крыху пагарджаў пісарскаю кампаніяй. Дубейка, заціснуўшы шыю ў накрахмалены цесны каўнерык, вельмі павабна і вельмі прыгожа, як яму здавалася самому, ківаў сваёю птушынаю галавою то да аднае, то да другое паненкі.
У глыбіні пакоя на мяккім крэсле сядзела панна Людміла. Поруч з ёю прымасціўся Сухавараў. Цяпер Лабановіч дагадаўся, што пан падлоўчы мусіў уступіць Сухавараву і паехаць з ім, каб пазнаёміць яго з паннаю Людмілаю, якою таксама зацікавіўся і Сухавараў.
– А, паночку!
– прамовіў пан падлоўчы.
– Ці бачыш, які ён шпаркі. Я заходзіў да пана, каб разам з панам Сухаваравым паехаць. А ён ужо тут!
Пан падлоўчы весела павітаўся са сваім суседам, узяў яго пад руку і павёў да панны Людмілы.
– Проша быць знаёмымі: пан Лабановіч, прафесар велькіх букваў.
Панна Людміла ўсміхнулася сваёю прыветнаю ўсмешкаю і жартліва прамовіла:
– Мы бадай што і знаёмы.
– І падала сваю мяккую ручку.
– Дык наш прафесар шмат дасціпнейшы, як гэта я думаў, - прамовіў пан падлоўчы.
– У ціхай букце чэрці водзяцца, - дадаў і Сухавараў і распусціў свае мокрыя губы ў крыху абразлівую ўсмешку.
Сухавараў быў адзеты ў парадны мундзір з бліскучымі гузікамі і звысоку пазіраў на ўсіх тутэйшых кавалераў.
Павітаўшыся з усімі, Лабановіч сеў адзін у больш спакойным месцы і стаў прыглядацца да гасцей. Старэйшая пісаранка, як гаспадыня, часта адлучалася; кавалеры з далікатнасці ўдзялялі ёй шмат увагі, што прыдавала ёй гонару і здавальнення.
– Ну, як жывяце?
– спытаў Лабановіча Дубейка.
– У нас, бачыце, не тое, што ў вас - публікі многа, паненкі... Як вам падабаецца наша Людміла?
– А чаму яна ваша, а не наша?
– спытаў і Лабановіч.
– Ну, што ж? Дзяўчына як дзяўчына.