Уліс з Прускі
Шрифт:
…Тую першую сваю касавіцу Лявонка запомніў на ўсё жыццё: было шмат святла, сонечнага бляску, лугавога водару. Яму ўжо — як-ніяк— семнаццаць, з ліпеня пойдзе васемнаццаты. Сам наладжваў патрэбны інструмент, прылады для касьбы. Дапамагаў, вядома, дзед Кірыла. І вось нарэшце той дзень надышоў.
— Ну, — сказаў на світанні дзядуля, — будзі яго!
Марыля ўжо завіхалася ля печы.
— Паглядзі, сынок, якое сёння чыстае неба, — у словах маці было столькі любасці і замілавання, што сын пачуў іх адразу і прачнуўся, усхапіўшыся з ложка.
Маці была апранута як звычайна, а на дзеду бялела доўгая зрэбная кашуля. Сёстры яшчэ спалі. Чутно было, як нехта адбіваў касу. Кужалі — дзед з унукам, паклаўшы косы на плечы, — выйшлі аднымі з першых, не снедаўшы. Падсілкавацца ўзялі з сабой збанок квасу з накрышанай у яго зялёнай цыбуляй і торбу варанага гароху Студзіць босыя ногі колкая краплістая раса. Кажуць, яна гаючая, але ж надта халодная. Падышлі да свайго надзелу. Тут у іх на ніжэйшай, больш забалочанай частцы, якая прымыкала да поймы ракі Лосьны, была сенажаць, а на вышэйшай, на грудку, пасвілася скаціна.
Старэйшы Кужаль прысеў, памачыў рукі ў роснай траве, асвяжыў твар, прыгладзіў вусы і бараду. Напачатку трэба было пратаптаць у траве межы, праставіць вешкі, каб выпадкова не завярнуць у суседскі бок, а то Ясс зноў прычэпіцца. Гэтым заняўся Кірыла. З травы там-сям тырчэлі сцябліны шчавуха, чырванеючы сваімі сціплымі гронкамі. Буйная раса ззяла на іх першароднай чысцінёю і свежасцю.
— Прыгожа?
Лявонка нічога не адказаў. Усё і так было зразумела. Яму падабалася на ўсю поўніцу дыхаць лугавой свежасцю.
Першы ўзяў касу Кірыла. Матлянуўся падол доўгай кашулі, і зашумела падкошаная трава. Лявонка агледзеўся і таксама пачаў. Зрабіў колькі ўзмахаў. «Літоўка, звініць, не бляха», — падумаў пра касу.
Добра адкляпаць касу ўмеў не кожны. Трэба так адбіць касу каб рыбы не зрабіць. Тады каса правісае, і ёю цяжка касіць. У гэтай справе Кірыла — першы майстар: так адклепле, што як брытва робіцца. Касіць Лявонка навучыўся гадоў у чатырнаццаць.
Кірыла спыніўся, каб падвастрыць касу, азірнуўся на ўнука, на яго прыгорбленую постаць:
— Ты на пяту больш націскай, на пяту! І левае плячо назад адводзь! — параіў Кірыла, сочачы за тым, як ён косіць. — О, малайчына! — пахваліў унука.
Прыгожая трава клалася ў прыгожыя пракосы. Над пракосамі ўзнімалася пара і знікала, не набраўшы вышыні. Лявонка ўслухаўся: недзе наверсе квола звінеў тоненькі галасочак. Жаваранак!
— Гэта ён для цябе спявае! — засмяяўся Кірыла, калі яны спыніліся, каб памянташыць косы.
Захацелася есці.
— Пара, таго, перакусіць, — зноў падаў голас Кірыла, як бы пачуўшы яго думкі.— Мы ж там нешта бралі…
Лявонка ведаў, што яны бралі — квас з цыбуляй ды вараны гарох. Які з таго наедак?
— Квас — гэта здароўе! — ізноў, нібы падслухаўшы ўнука, сказаў Кірыла.
Косы яны сунулі ў пракос. Не павінны яны на сонцы ляжаць, каб гарт не пакінуў. Абодва прытуліліся да лазовага куста, дзе ў торбачцы ляжаў сняданак. Як ні дзіўна, але, добра папрацаваўшы, і гарох з квасам здаліся смачнымі. Елі моўчкі, назіраючы, як ішоў да сваіх дзялянак прускаўскі люд. Прайшоў з касою Пракоп. Каса заблішчэла на сонцы, калі ён крутнуў галавою на Кірылу:
— Смачна есці!
— Сядай за кампанію!
З кавалём дружбу трэба вадзіць — мала што ў гаспадарцы прычыніцца.
— Ого, Кірыла, добрага памочніка маеш!
— Гэта дзякуючы табе, Пракопе! Ты ж яму касу адцягваў!
— Хай косіць!
— Нешта ты позна сёння?
— Ды жыццё нейкае вялае…
Пракоп нагнуўся, сарваў травінку, сунуў у рот, нібы спрабуючы яе на смак.
— Чаму ж вялае? Як махнеш касою, дык і вяласць знікне…
— А можа, і так, — Пракоп пасміхнуўся. — Дзялянка ў мяне такая, што да абеду, відаць, і скончу, — прамовіў ён ужо на хаду.
Паснедаўшы, Кірыла скруціў цыгарку і зацягнуўся самасадам. «Табе яшчэ рана!» — сказаў унуку.
Адпачыўшы збольшага, ізноў узяліся за работу. Не простая справа — махаць касою. Пра гэта Лявонка ведаў з расказаў старэйшых, а цяпер вось і самому давялося. На грудку сівец — не ўкосіш. Рукі ўжо, здаецца, зусім самлелі, і каса вось-вось выслізне з рук. А Кірыла зноў пахваліў: «Маладзец! Хораша гоніш пракос!» Дзедава пахвала яго ажно прыўзнімала, цяпер ён гатоў быў у блін распляскацца, але даказаць, на што здольны. Дыхнуў ветрык. Заблішчэла трава. Па ёй паплылі-пабеглі лёгкія чароды ценяў ад хмарак. Непадалёку хадзіў, высока паднімаючы ногі, бусел. Лявонка падаў ад знямогі, але перадыху сабе не даваў, адчуваючы, што ззаду яго даганяе Кірыла. Непадалёку, на сваёй дзялянцы, касіў сусед Масей, час ад часу спыняючыся, каб памянташыць касу.
— Пяты беражы! — кінуў ён жартаўлівы погляд на Лявонку.
Лявонка і Кірыла таксама спыніліся, каб падправіць косы.
— Яго не дагнаць! — жартам на жарт адказаў Кірыла.
Ля Лазы, на панскім, касіў Марка Замагільны. Кавалак сенажаці ён арандаваў у пана Падгурскага. Здалёк кідаліся ў вочы яго шырокія грудзі і магутная постаць у доўгай белай кашулі. Кашуля была такая доўгая, што Марка на час сенакосу абыходзіўся без нагавіц. Ураднік Кастанты напачатку нават выказаў яму сваю незадаволенасць гэткім касцюмам («Не паложана, маўляў, народ змушчаеш»), аднак з цягам часу і ён прывык да Маркавай адвольнасці. А можа, і не адвольнасці. Казалі, што некалі на сенакосе ўсе мужчыны гэтак апраналіся. Лявонка захацеў паназіраць за дзіваком: калі ж ён спыніцца ды пастаіць, каб памянташыць касу. Але Марка, здаецца, не спяшаўся гэта рабіць, а махаў як заведзены. «Каса ў яго не тупіцца, ці што? А чым я горшы?» — крыху самаўпэўнена падумаў хлопец, адчуваючы, як гудуць стомленыя плечы і спіна як не свая.
А да абеду яшчэ далёка. Пра стому і абед стараўся не думаць, ішоў уперад, роўна махаючы касой, пакуль дзялянка нарэшце скончылася, і касец спыніўся ля ракі. Глянуў у ваду. І нібы ўпершыню ўбачыў белыя воблакі, што віселі над сенажаццю і адлюстроўваліся ў рачной глыбіні. І плывуць яны так, быццам маняць, запрашаюць разам з сабой. Добра, калі не пакупацца, дык хоць пабыць ля вады, паслухаць, як яна гамоніць з берагам, як шуміць чарот і размаўляюць з ветрам прырэчныя кусты вербалозу — гэтае неўсвядомленае жаданне жыло ў ім заўсёды. Вада вабіла і палохала сваёй глыбінёй і таямнічасцю. Стомлены, ён сеў, а потым прылёг у траву і стаў глядзець на неба, на белыя хмаркі, якія, не спяшаючы, плылі некуды ўдалячынь. Часам яны нагадвалі нейкіх дзіўных істот, што рухаліся немаведама куды — у новыя землі і прасторы. І раптам ён пачуў шум і дыханне таго жывога свету, які трымцеў і валтузіўся ў траве. Зверху лёталі, трапечучы празрыстымі крылцамі, стракозы. Усюды жыццё, і ён яго частка, і ўсё змяшчаецца ў ім самім: і паветра, і сенажаць, і лес, і воблакі, што бялеюць у высокім небе, і гэтае дзіўнае дыханне травянога царства.
…Жанчыны заставаліся дома. Іх абавязак — прынесці касцам есці і, па меры падсушвання, варушыць скошанае сена. Дзялянка ўжо ляжала ў густых валках, калі Марыля прынесла абед і паклікала касцоў:
— Палуднаваць пара!
Зірнула на сына: шчуплы, худзенькі, цяжка яму. Разаслала старэнькі кужэльны настольнік, паставіла на яго збанкі-спарышы з кашай і кіслай капустай. Селі абедаць.
— Кіндзюка паспрабуйце. — Марыля дастала з кошыка традыцыйны прускаўскі прадукт, які трымалі спецыяльна пад сенакос.