Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Уліс з Прускі

Гніламёдаў Уладзімір

Шрифт:

Пасля касьбы ламіла ў паясніцы. Лявонка паглядзеў на свае рукі: на далонях наліліся пухіры.

— Ты ўжо сёння не касі. Хай зацвярдзеюць мазалі,— паспачуваў унуку Кірыла.

— Ну і праўда што! — згадзілася Марыля. — Можна чым іншым заняцца, сена паварушыць…

Яна не адрывала вачэй ад сына: «Памужнеў, хоць і дзіця яшчэ, не сталы. Характарам увесь у бацьку, немітуслівы, разважлівы. Ды і расточку такога ж, як ён, і цягавіты, як Міхаль. Змарыўся. Вунь як чуб прыліп да лба…»

— Апраска Ламакава дзіця нарадзіла — сына! — раптам сказала яна. — Сена грэбла на лужку за Малым Трыбай і нарадзіла.

— Што ты кажаш! — не паверыў Кірыла.

— Піліпко дапамог — пры ёй быў.

Піліпко — старэйшы сын Апраскі.

— Адганяла яго ад сябе, але ён не паслухаў. Так што Піліпко і прымаў.

— Ай-яй-яй! — дзівіўся Кірыла.

— Аляксей Каленік ехаў, убачыў і забраў.

— А Пятро вунь косіць сабе і нічога не ведае, — Кірыла паказаў лыжкай убок.

Сапраўды, Пятро, не адрываючыся, махаў і махаў касой.

— Можа, сказаць яму? Пайду-такі скажу! — Марыля падхапілася і пакіравала да Пятра.

Вярнулася яна, калі мужчыны ўжо канчалі абед.

— А ён нават не здзівіўся!

— Такі ўжо, таго, чалавек, — растлумачыў Кірыла і аглядзеў прывялыя пракосы. — Давайце варушыць.

Марыля з Лявонкам узялі ў рукі граблі і пачалі варушыць пракосы.

— Гартайце яго, хай ветрае! — як бы падахвоціў Кірыла.

— Вунь Ганна Васілішына сваім абед панесла, — згледзела Марыля. — У спарышах. Спраўная дзеўка!

Па лузе і сапраўды бегла Ганна, але на Кужалёў і не глянула. Заклапочаная. Лявонка непрыметна праводзіў яе вачыма.

П'яніў востры водар скошанай і падвялай ужо травы, якую яны сушылі, каб потым ладаваць на вазы і везці дадому.

— Не сена, браце, а таго, як чай!

Лявонка, жывучы ў мястэчку, ведаў, што такое чай.

— Калі пагода пратрымаецца, сена будзе выдатнае… — радаваўся Кірыла.

— Купалле хутка! — сказала Марыля. — Да Купалля трэба паспець…

— Паспеем! — запэўніў свёкар, які сачыў, каб усё ў гаспадарцы рабілася своечасова.

— Пайду ўжо я, — заспяшалася Марыля, скончыўшы абяртаць пакосы, — дарогай, можа, зёлак збяру. Зверабою шмат у кустах, доннік лекавы ў раўку ёсць.

— І кмен на горцы ля поплаву ўжо збіраць можна, — падказаў Кірыла.

V

Характэрная рыса прускаўскага ўкладу жыцця палягала ў тым, што яно, гэтае жыццё, з часоў Адама мела сваёй першаасновай апладненне — зямлі і хатніх жывёл. Вядома, і чалавек не знаходзіўся ў баку ад гэтага спрадвечнага быційнага працэсу. Пa традыцыі купальскага дня чакалі ўсе. Прускаўцы ўжо з раніцы былі як не свае. «Грала» сонца, шчодра абпырскваючы зямлю залатымі промнямі святла.

— Прачынайцеся, паглядзіце на сонца! — будзіла дзяцей Марыля.

Лявонка зірнуў у акно, у якое зырка свяціла сонца. Паднімалася яно над лініяй далягляду, з боку Камянца, і з ім відавочна нешта адбывалася.

— Бачыце, як іграе?

— А і праўда — пераліваецца! — узрадавалася Тоня.

Яно, здавалася, распадалася на некалькі частак, якія ігралі і пераліваліся — кожная сама па сабе, а потым ізноў збіраліся разам, спалучаліся ў адно вялікае, прамяніста-радаснае кола.

Моладзь прыбіралася ў лепшае адзенне, усе чакалі той пары, калі сонца зойдзе за панскі лес і малочна-мглісты змрок абляжа зямлю, схавае ў сабе і кусты, і хаты, і асобныя дрэвы, і ўсю прускаўскую вуліцу разам з наваколлем. Тады ўгрэтая шчодрым сонцам зямля пачне вяртаць накопленае за дзень цяпло. Хлопцы і дзяўчаты, як звычайна, збяруцца на беразе Плісы, ля мастка, пад вербамі, а там ужо дамовяцца, што рабіць далей.

Дачакаўшыся вечара, Лявонка збольшага перакусіў, накінуў на плечы ясёнку і выйшаў на вуліцу, збіраючыся ісці да мастка, дзе вечарамі сыходзілася моладзь. Тоня, відаць, была ўжо там. Толькі што з свайго канца праз усю Пруску прайшоў Ламакаў Піліпко з гармоняю. Гарманіст з яго слабы, але трохі рыпае. Піліпко — худзенькі, нізенькі расточкам, з-за гармоні яго амаль не відаць, а побач з ім — высокі Гамон. Гамон спрабаваў прысвістваць і біць у бубен.

За імі прашпацыраваў Павал Гальяш. Ён таксама жыў з краю вёскі. Сёлета ён рыхтаваўся ў вучылішча. Гармоня (так тут называлі гармонік) і бубен уносілі вясёлую разнастайнасць у жыццё вёскі, збіралі народ, асабліва маладзейшых. Ля мастка цераз Плісу, на поплаве, ужо стаяла моладзь — свае, прускаўскія, і з суседніх вёсак. Прыйшлі па-святочнаму апранутыя. На зімовых вячорках весела было, але тут, ля мастка, яшчэ весялей. Па-заліхвацку расцягваў гармонік Піліпко.

— Добра грае! — пахваліла музыканта ўсмешлівая Гэлька Відэрка — Ганніна прыяцелька.

Дзяўчаты ўбраліся ў белыя вышываныя сарочкі, паласатыя, сваёй работы, спаднічкі, паверх якіх былі павязаны белыя, з вышыўкай фартушкі. Лявонка заўважыў Тоню, якая ўжо круцілася паміж дзяўчат.

На ваду насоўваўся лёгкі туман, ахутваючы нізкія берагі і пакручастае рэчышча Плісы.

Падышлі дзяўчаты з Выгнанкі — Галеня, Верка Гагалюк, Тапка Рудка, з Зінькоў — Жуфея. Таксама дзіўнае імя — невядома нават, адкуль такое магло ўзяцца. З ёю сяброўкі — Маня Конаўка і Шура Гаўрылюк, а з імі Оргій Маркаў — сын Марка Замагільнага. Праўда, знешне Оргій нічым не нагадваў бацьку, быў, як і ўсе, — звычайны чалавек.

Угнуўшы галаву і незаўважна жуючы скарынку хлеба, уліўся ў гурт Міхаль Швед. Па натуры Міхаль — маўчун, абыходзіцца нават без таго, каб павітацца пры сустрэчы. Старэйшы брат яго Фэдар — весялун і жартаўнік — пайшоў служыць у войска.

Быў малады яшчэ вельмі Хвядзюшка Шпунт — і яго цягнула ў гурт.

Нават Ясеў Грышка, Латушкаў сын, які, здавалася, ні з кім не вадзіў кампаніі, і той прыйшоў, пакінуўшы дома ціхманага меншага брата Мішу. Пад носам у Грышкі востра вытыркалася верхняя губа, закрываючы ўсю ніжнюю. І, вядома, не магло абысціся ігрышча без Дармідонтавых Трахімкі і Цімошы і Цішкі Пахолка — кавалёвага сына. Зухаваты Трахімка стрыг вачыма, кідаў вакол сябе кароткія позіркі.

— Ну што, мацакі? Пайшлі на Лосьну!

Сапраўды, ля мастка не выпадала паліць купальскае вогнішча. Вёска побач. Ды і царква стаяла непадалёку. Айцец Глеб з матушкай не ўхвалялі купальскія ігрышчы.

Вясёлым натоўпам пайшлі берагам уздоўж Плісы — туды, дзе яна ўпадае ў Лосьну. Купальня — завецца гэтае месца. Тут прускаўская моладзь купаецца, тут звычайна гарэлі купальскія вогнішчы. Лявонка — разам з усімі.

Прыгожая Пліса! Не надта вялікая і не надта малая, плыве яна паміж палёў і сенажацяў, аднастайна лапоча — перамаўляецца пра нешта з берагамі. То на паплавец выскачыць, то ў альшаніку схаваецца, то шырока разальецца па балоце, — вось як тут, дзе агінае Пруску з поўдня. З высокай выспы глядзіць на паводку панскі палац.

І рыба розная ў Лосьне водзіцца, і ракі ёсць. Вада празрыстая — кожны каменьчык відаць. А па берагах растуць высокія касачы. Пры такіх сімпатычных рэчках звычайна і сяліліся ліцвіны.

Ідучы, дзяўчаты рвалі касачы, лугавыя кветкі і вілі з іх вяночкі, спаборнічаючы паміж сабой — чый прыгажэйшы. У ноч на Івана Купалу яны гадалі на вянках. Кожны, ідучы, гаманіў пра сваё. Гугнявіў, нешта расказваючы, Гамон:

— Пелядаваў Астап з Блянавіч — таксама плідзе з гальмоняй.

— У нас гарманіст свой! — ганарыста азваўся Трахімка. — Піліпко — не хто-небудзь! Як зайграе — не ўстоіш… Праўду я кажу, Цімоша? — звярнуўся ён да брата, якога дома толькі што пакрыўдзіў, з'еўшы яго скварку.

Поделиться с друзьями: