Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Уліс з Прускі

Гніламёдаў Уладзімір

Шрифт:

— Ну, так, — пагадзіўся Цімоша і паціснуў плячыма.

— Чаму ты такі сумны? — спыталася нейкая з дзяўчат у Цімошы.

— Крыўдзяць яго ўсе — і матка, і бацька, — з прытворным спачуваннем адказаў за брата заўсёды дасціпны Трахімка.

— А хто болей? — выскаліўся Цішка Паходак, зразумеўшы яго жарт.

— Хто болей часу мае!

Рогат.

Лявонка прыкмеціў, як звонка засмяялася, паказаўшы беленькія зубкі, Ганна, і неяк нават пазайздросціў яе весялосці. Казалі — ён не ведаў, верыць гэтаму ці не, — быццам у Прусцы самае сіняе неба, самая смачная вада, самыя пахучыя кветкі і самыя прыгожыя дзяўчаты. Калі меркаваць па Ганне, дык гэта, безумоўна, так. Яе такі мілы яму галасок міжвольна вылучаўся з агульнага дзявочага шчэбету. Гнуткая і ўжо спелая Ганніна постаць часта трапляла пад хлапечыя погляды. Цёмныя валасы, як звычайна, заплецены ў доўгую тоўстую касу, апранута ў лёгкі станік і пярэсты андарачок. Але, мусіць, часцей за ўсіх пазіраў у той бок Лявонка. Яго больш за ўсё вабіла таямнічасць яе шэрых вачэй. У іх нешта было такое, што хвалявала і прыцягвала. Яму зрабілася ажно горача, калі ён другі раз пачуў яе звонкі смех. Яна ж яго як бы і не заўважала. Ну, вядома чаму. Паводле прускаўскіх уяўленняў аб гонары, паводзіны дзяўчыны не павінны выдаваць яе пачуццяў у адносінах з тым хлопцам, які ёй падабаецца.

Відаць было, як няўзнак прыглядаўся да Ганны і Трахімка. Часам, стоячы побач, вельмі ж імкнуўся як бы выпадкова дакрануцца, а то і жартаўліва ўшчыпнуць за што-небудзь. Вось і цяпер, разам ідучы, ён усё бліжэй ціснуўся да яе. Ганна адступіла ўбок.

— Ты што, Трахімка?

— А я нічога.

— Нічога? Ты вачыма глядзі, а рукам волі не давай! — успыхнула дзяўчына.

— Але ж ты вунь якая!

— Якая? — павярнулася яна да жартаўніка. — Ты мне зубы не загаварвай!

Лявонка стараўся не глядзець на Трахімку, быў злы на яго. Учора вечарам ён пайшоў на луг па дзядзькавага каня і ніяк не мог яго злавіць. Спачатку палічыў, што конь дзядзькі Хведара яшчэ не паспеў прывыкнуць да яго. Растлумачыў усё Назар: «Гэта табе Трахімка з Грышкам Ясевым зрабілі». «Што зрабілі?» — не зразумеў Лявонка. «Каня табе зняверылі. Я ў карчах стаяў і ўсё бачыў. Насунуць яму вуздэчку на галаву і ў персі нагой… Потым ізноў — ловяць, насоўваюць вуздэчку і нагамі лупяць». Не хацелася нават верыць, што Трахімка на такое здольны. «За што ж гэта ён? Сволач…» — «Не пераймайся надта», — параіў Назар. Доўга ў той дзень хадзіў ён за канём, пакуль змог злавіць яго. Не рабі, як кажуць, бліжняму таго, чаго не хацеў бы, каб зрабілі табе. А Трахімка, выходзіць, робіць…

Тут раптам завяла частушку Гэлька — Ганніна прыяцелька. Голас у яе тонкі і звонкі:

У майго мілёначка Худая кабылёначка, Завалілася ў равы, Заклявалі журавы-ы, ох…

Вецер крутнуў яе зялёным андараком і агаліў стройныя шчыкалаткі.

Лявонка паглядзеў на яе: «Як бы ведае, гіра што я падумаў?» А падумаў ён пра тое, што праз пару дзён трэба вяртаць дзядзьку каня і ці ўправяцца яны к гэтаму часу звезці сена ў клуню.

— О, і Лявон тут, — нібы здзівіўся Грышка Ясеў. За ім ужо стала замацавалася, перайшоўшы ў спадчыну ад бацькі, вясковая мянушка Жур.

— А дзе ж яму быць? — не сцярпела, абараніла Лявонку Ганна.

Нарэшце наблізіліся да купальні — якраз тут Пліса ўпадала ў Лосьну. Па берагах — чароты, сітнягі, вербалоз. Зверху — вокам не зміргнуць — праносіліся чыркі. Пачалі распальваць касцёр. Лявонка стаяў побач з Павалам Гальяшом і назіраў, як агонь агортвае сухое ламачча, якое хлопцы назбіралі на касцёр. За ракой, над лесам, загараліся першыя зоры. Ноч абяцала быць цёмнай і парнай.

Да купкі дзяўчат падышоў Трахімка, глянуў на хлопцаў і выдаў частушку, прытанцоўваючы і прымінаючы нагамі траву:

А я ўсё дзіўлюся, Дзе мая Маруся, А я ўсё дзіўлюся, Дзе мая Маруся…

Гамон ударыў у бубен, але не патрапіў у рытм. Трахімка махнуў на яго рукой. У дзявочым гурце дружна засмяяліся. Усе даўно ўжо прывыклі да таго, што ён, як заўсёды, імкнуўся звярнуць на сябе ўвагу, неяк вылучыцца з грамады. Асабліва гучна смяялася цельпукаватая Груша Чапёрка.

— Эх, дзевачкі-красачкі-і! — Трахімка шырока расставіў рукі, памкнуўшыся залучыць у свае абдымкі ўвесь дзявочы гурт. Але тыя са смехам разбегліся — хто куды. Чутно было, як па беразе затупалі яго цяжкія крокі, але дзе ты іх дагоніш!

Зырка гарэла купальскае вогнішча.

— Ну што, Лявон? Дзевак тлеба мацаць, а ты стаіш… — зарагатаў Рамон, крывячы шыю набок.

— Ён толькі і глядзіць, каб цапнуць каторую за грудзі! — ашчэрыўся Трахімка.

— Яму няма як — ён вучоны… — у тон сябру, з «падкавыркай», сказаў Грышка.

— Дзіва што! — азваўся Гамон, які ўжо прытаміўся стукаць у бубен і перадаў яго Павалу Гальяшу.

— Адчапіцеся ад чалавека! Чаго прысталі? — пачала бараніць Лявонку Гэлька.

— Ты, Гамонка, за сабой глядзі! — адказаў на жарт Лявонка.

— За мной дзеўкі самі бегаюць! — пахваліўся Гамон і ў доказ паспрабаваў абняць Гэльку. — Плявільна, Гэлька?

— Ой, не чапіся ты! — вырвалася ад яго дзяўчына.

— Запрасіла б у клуню, то, пэўна, пабег бы, — блазнаваў Трахімка.

— Усё б яму жыраваць! — упікнула яго Волька.

Па беразе набліжаўся да вогнішча хлопец з гармонікам пад рукой, па-кавалерску кучаравы, худы, цыбаты, як певень.

— А вось і Аляксей! — першым згледзеў яго Гамон.

Гэта быў Аляксей Шаўчук з Бранавіч.

Ён весела павітаўся з гуртам і адразу ж зайграў, а дзяўчаты распеўна зацягнулі:

Купалінка-а, Купалінка-а…

Піліпко спрабаваў падыграць на сваім гармоніку, але ў яго не вельмі выходзіла, ніяк не мог навучыцца, хоць гэта песня апошнім часам часта чулася ў прускаўскім наваколлі.

Цёмная-я но-очка… —

звонка разлегліся над ракой дзявочыя галасы.

— Э-эх, гітары няма, а то я б вам падыграў,— уздыхнуў кавалёў Цішка, — без гітары не па мне, я гітару люблю!

Трахімка зноў выкрыквае частушку — яго моцны барытон перакрывае ўсе астатнія галасы:

Я Марусі сёе-тое, Маруся не хоча… Я Марусю — за цыцусі, Маруся рагоча!..

Ліха, хоць і без асаблівага ладу наярваў на бубне Павал Гальяш.

Заспявала яго дваюрадная сястра Луша:

Я на кладачку ступіла, Кладачка зыбнулася, Верна, мілы ўспамянуў, Лёганька ікнулася-я…

Лоўка засвістаў, стараючыся паўтарыць мелодыю, Аляксей Галёнка. Добра пахваліцца перад дзяўчатамі. Піліпко стараўся патрапіць на гармоніку, але не змог. Выручыў Аляксей з Бранавіч, які, па ўсім відаць, у гэтай справе меў больш спрыту.

Пачаліся скокі цераз касцёр.

— Хто вышэй скочыць? — падаў думку Трахімка.

Хлопцы, паддаючы адзін аднаму ахвоты, спаборнічалі паміж сабой. Вось разагнаўся, крывячы шыю, Гамон, але залішне высока ўзяў і ўваліўся ў вогнішча. Добра, што з краю. Зноў па рацэ пракаціўся дружны рогат. Оргій Відэрка нечакана спатыкнуўся на купіне.

— Каб ведаў, што ўпадзеш, саломы падаслаў бы, — засмяяўся Грышка Латушка.

…Здалёк пазіралі на купальскае вогнішча, выйшаўшы з хаты ў сад, айцец Глеб з матушкай. Адтуль добра быў відаць купальскі касцёр і мітуслівыя вакол яго цені.

— Скамарохі, кудзейнікі, глумцы! — злаваўся айцец Глеб. — Грэшнікі!

— Бамбізы праклятыя! — у тон бацюшку адгукалася матушка, стоячы крыху ззаду.

— Скачуць…

— Скачуць, каб мужыка не хацелася…

— А можа, каб хацелася…

…Немагчыма заснуць у купальскую ноч. Тым больш калі ты ў вясёлым гурце, сярод такіх жа юнакоў і дзяўчат, як і сам. Нават і думка пра сон не з'яўляецца. Вакол — скокі, смех, гамана. Але нарэшце дзяўчаты, крыху супакоіўшыся, паселі вакол вогнішча на траву. Трава мяккая — мурог. Агонь свеціць і грэе, праганяе мараў і зло. Трашчыць, нібы злуючы на кагосьці, сушняк. Задзівіліся на агонь і хлопцы. Лявонка кінуў у касцёр некалькі галінак, і паляцелі ў неба, вышэй галоў, зыркія іскры. Паляцелі, але, не адолеўшы вышыні, атухлі і зніклі, растварыўшыся ў густым цемрыве ночы.

Поделиться с друзьями: