Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Уліс з Прускі

Гніламёдаў Уладзімір

Шрифт:

Купальская ноч сапраўды кароткая. Не паспее патухнуць вячэрняя зара-зараніца, як займецца заранка на ўсходзе.

— Што гэта там — коні, ці што? — Ганна паказала рукой на паляну, што віднелася паміж соснаў.

— Туман.

Світанак перасільваў цемру ночы і туман. Дзявочы твар станавіўся выразнейшы. «А яна сапраўды прыгожая — вельмі прыгожая, такая, што і вачэй, здаецца, не адвесці…»

— Пайшлі! — Яна тузанула яго за руку.

З лесу купкамі выходзілі хлопцы і дзяўчаты і кіраваліся да ракі, дзе ўчора гарэла вогнішча. Было яшчэ вельмі рана. З глыбіні, з рачнога дна, сачылася цёплае, блакітнае свячэнне і ўзнімалася ўверх, у небную вышыню. Усё навокал свяцілася нейкім прывідным святлом, якое надавала навакольнаму краявіду незвычайны, казачны выгляд. Па сенажаці ўжо хадзілі белыя чырвананогія буслы, выглядаючы сваю спажыву. Над ракой са свістам праляцелі дзікія качкі.

Трава, кветкі, дрэвы, кусты таксама здаваліся жывымі, толькі што не гаварылі па-чалавечы, а па-свойму: спявалі, шапталі, дыхалі.

Ён паглядзеў на Ганну: яна таксама была атулена з усіх бакоў нейкім святлістым ранішнім арэолам…

Пасля ночы пераклікаліся птушкі — хрыплівымі світальнымі галасамі. Гэтае дзіўнае ўзаемапранікненне паветра і вады, дня і ночы, цішыні і птушынага шчэбету ўсё наскрозь было напоена пахамі нейкага граху, што стаіць на пачатку чалавечай першароднасці…

Над сенажаццю трывожна мітусіліся, кігікалі і плакалі кнігаўкі, быццам прадвяшчаючы нешта непазбежнае і небяспечнае. Прачнуўшыся, боўтнуўся ў затоцы першы шчупак.

На Купалле прускаўскія дзяўчаты мылі твар жытняй расой. Лявонка бачыў, як і Ганна, і Гэлька Бочка, і Груша Чапёрка, і Хомкава Волька, і Луша Гальяшова, і іншыя, нагнуўшыся і падаткнуўшы падалы, мачылі рукі ў роснай траве і абмывалі свае твары, каб адшукалася ў іх больш свежасці і прыгажосці. Разыходзіліся ўжо зусім пад ранак. Лявонка з Ганнай ішлі ззаду.

— Стамілася я, Лявонка, паднёс бы ты мяне! — жартавала Ганна.

Ён бы з задавальненнем гэта зрабіў, калі б яны былі адны.

Дома сустрэла Ганніна маці.

— Нарэшце прыйшлі! Ці хоць не забылі расой памыцца?

— Не, не забылі.

VI

Каня зноў давялося прасіць у дзядзькі Хведара. Сена якраз падсохла, і прускаўцы звозілі яго ў клуні, набівалі застаронкі. Кірыла стаяў на возе, унук падаваў. Накласці хуру і прыціснуць яе рублём, каб па дарозе не растрапалася, не простая справа, патрэбны вопыт, майстэрства. Воз пераязджаў ад адной капіцы да другой. Да свежага сена прымешваўся пах дзёгцю, якім Кірыла шчодра падмазаў восі.

Неба чыстае, блакітнае, бяздоннае, але няма калі ім любавацца.

Кірыла, назіраючы, як малады гаспадар стараўся браць на вілкі як мага больш, ушчуваў:

— Не бяры зашмат — надарвешся чаго добрага. Ледзьве не паўкапіцы насаджваеш…

Нарэшце хуру шчыльна прыціснулі цяжкім рублём, і Лявонка павёз сена дадому. У гэты год яно, дзякаваць Богу, урадзіла, і можна было разлічваць вазоў на дзесяць, не менш. Ён падумаў пра Ганну і адчуў, як прыемна закружылася галава, як бы яго штосьці п'яніла — ці то гэта пахучае, духмянае сена, ці то думка пра яе. Насупраць палоскі дзядзькі Васіля, яе бацькі, стаяла купка дзяўчат і маладзіц з граблямі. Сярод іх, вядома, была і яна, Ганна. Сёння ў яго з ёю спатканне — дамовіліся яшчэ ўчора. За Пракопавай кузняй. Параўняўшыся з дзявочым гуртам, ён крыху нацягнуў лейцы і стала, па-гаспадарску, даў «добры дзень». Пачуўся дзявочы смех. Лявонка зірнуў туды, пазбягаючы, аднак, глядзець на Ганну. Галасней за ўсіх смяялася Гэлька Бочка. Вядома, гарэзніца. Смех у яе вясёлы, сакавіты. Ён адчуваў, што Гэлька да яго нераўнадушная, можа, нават, сімпатызуе, але, што зробіш, яго сяброўка яму больш падабаецца. Гэта ўжо ні для кога, здаецца, не сакрэт.

І сапраўды ўсё навокал стала інакшым з таго часу, як у ім абудзілася гэтае пачуццё. Свет нібы пашырыўся, раздаўся ва ўсе канцы — і ўсё загучала ў ім па-новаму, больш гулка і выразна. І ў сярэдзіне ўсяго стаяла яна — Ганна. Ён павінен быў бачыць яе штодня.

— Кужаль — Ганнін кавалер. Відаць, браць будзе, — данеслася да яго ззаду.

— А што? Ганначка — здатная! — дадаў хтосьці з дзяўчат.

«У вёсцы, — падумаў ён, — нічога не ўтоіш, але рана яшчэ пра гэта гаварыць. Добра было б…»

— Ха-ха, а як жа ён з ёю? Яна ж на цэлую галаву вышэй, ха-ха… — гэта ўжо нехта са старэйшых.

Лявонка пачырванеў, але не азірнуўся. «Хай гавораць. Што яны разумеюць…» Ён торгнуў лейцамі, прыспешыў каня. «Хто ведае, як яно будзе… Многае, вядома, залежыць ад яго, бо ўсё ж такі кожны сам будуе сваё жыццё…»

Скінуўшы сена ў застаронак, ён ізноў паехаў на лонку, каб набраць чарговую хуру. Абдало ветрыкам. Ля ўраднікавай хаты (лужына высахла ад гарачыні) сустрэліся Трахімка з Ясевым Грышкам.

— Што — па сена?

— Але.

Трахімка засмяяўся нейкім нядобрым, як падалося, смехам:

— Усёй работы не пераробіш…

Лявонка бачыў, як Трахімка схіліўся да Грышкі і стаў яму нешта казаць, яшчэ раз гучна засмяяўся. Ён ведаў, што так чалавек смяецца тады, калі адчувае сваю сілу і перавагу ці калі яму што-небудзь вядома, пра што не ведаеш ты…

Вечарам, адвёўшы дзядзькавага каня ў начное і пакінуўшы яго на Павала Гальяша, Лявонка пабег на дамоўленае месца — за Пракопаву кузню — на спатканне з Ганнай. Доўга чакаў. Яна падышла з боку агародаў, калі над зямлёй згусціўся змрок. Босыя ногі, астуджаныя вечаровай расой, здаваліся ружовымі. Яны доўга ўзіраліся адно ў аднаго, нібы ўпершыню ўбачыліся. Ён дакрануўся да яе рукі. Падабаліся яе поўныя, як у спелай жанчыны, рукі.

— Прыгожая ты…

— Гэта табе так здаецца.

Чутно было, як на розныя лады квакалі жабы: адны абзываліся з нейкім вільготным хрыпам, булькатаннем у голасе, другія разламвалі цішыню ночы амаль навальнічным ляскатам перуна, трэція пяшчотна вуркаталі, адчуваючы задавальненне і радуючыся летняму цяплу і начному сутонню. У іх крактанні, якое часам пераходзіла ў гарлавыя крыкі, пазнаваўся і стогн, і адначасова нейкая нават асалода. Гэта было жывое водгулле самой прыроды, якая сцвярджала сябе ў тысячагалосы размаітых гукаў і шэптаў.

— О, чуеш? Крэкча, як нейкі чорт з таго свету… — сказала Ганна, як бы прабачаючы гэтай наіўна-неразумнай прыродзе, якая патрабуе свайго.

— Ікру пускаюць… — патлумачыў Лявонка, узрадаваўшыся пачатку размовы.

Яму было вельмі прыемна стаяць каля Ганны, бачыць яе побач, перад сабой. Праўда, яна была на якія паўгалавы вышэй за яго, але што з таго. А можа, якраз ад гэтага яна здавалася яму яшчэ больш вабнай і прыгожай. Над ілбом і на скронях тонкімі пяшчотнымі пасмачкамі віліся валасы. «Раней, здаецца, — падумаў ён, — гэтых хвалістых пасмачак не было…» На Ганніных вуснах загадкава блукала ледзь прыкметная ўсмешка.

«Адкуль яна такая, на анёла падобная, як у царкве… Дык вось яно, мусіць, тое хараство, пра якое часам згадваюць людзі…» Яго зноў уладарна кранула спрадвечная таямніца мужчыны і жанчыны, іх узаемнага прыцягнення…

— Тато наш у Амэрыку збіраецца…

У Прусцы пра гэта ведалі.

— А ты ці паехаў бы гэтак далёка?

— Цяжка адважыцца. Я б не адважыўся, — сказаў ён, крыху падумаўшы.

— Як мы самі без яго будзем?.. — уздыхнула дзяўчына.

— Дык я дапамагу! — узрадаваўся хлопец. — Вось толькі каня ў нас пакуль што няма.

Поделиться с друзьями: