Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Вечары на хутары ля Дзіканькі

Гогаль Мікалай

Шрифт:

«Я помню, быццам праз сон», сказала Ганна, не зводзячы вачэй з яго: «даўно, даўно, калі я яшчэ была маленькаю і жыла ў маці, штосьці страшнае расказвалі пра дом гэты. Леўка, ты, мусіць, ведаеш, раскажы!..»

«Бог з ім, мая красуня! Ці мала чаго не раскажуць бабы і дурныя людзі. Ты сябе толькі патрывожыш, пачнеш баяцца і не заснецца табе спакойна».

«Раскажы, раскажы, любы, чорнабровы парубак!» гаварыла яна, прыціскаючыся тварам сваім да шчакі яго і абдымаючы яго. «Не, ты, відаць, яе кахаеш мяне; у цябе ёсць іншая дзяўчына. Я не буду баяцца; буду спакойна спаць ноч. Цяпер вось не засну, калі не раскажаш. Я пачну мучыцца ды думаць… Раскажы, Леўка!»

«Відаць, праўду кажуць людзі, што ў дзяўчат сядзіць чорт, які падбухторвае іх цікаўнасць. Ну, слухай: даўно, маё сэрцайка, жыў у гэтым доме сотнік. У сотніка была дачка, ясная панначка, белая як снег, як твой тварык. Сотнікава жонка даўно памерла; надумаўся сотнік ажаніцца з другою. „Ці будзеш ты мяне песціць паранейшаму, бацька, калі возьмеш другую жонку?“ — „Буду, мая дачка; яшчэ мацней буду туліць цябе да сэрца! Буду, мая дачка; яшчэ ярчэйшыя буду дараваць завушніцы і маністы!“ Прывёз сотнік маладую жонку ў новы дом свой. Прыгожай была маладая жонка. Румяная і белая з твару была маладая жонка; толькі так страшна зірнула на сваю падчарыцу, што тая ўскрыкнула, убачыўшы яе, і хоць-бы слова за ўвесь дзень прамовіла суровая мачыха. Надышла ноч; пайшоў сотнік з маладою жонкаю ў сваю спачывальню; замкнулася і белая панначка ў сваёй святліцы. Горка зрабілася ёй; пачала плакаць. Глядзіць: страшная чорная кошка падкрадаецца да яе, шэрсць на ёй гарыць, і жалезныя кіпцюры стукаюць па падлозе. У сполаху ўскочыла яна на лаўку: кошка за ёю. Пераскочыла на ляжанку: кошка і туды, і раптам кінулася да яе на шыю і душыць яе. З крыкам адарваўшы ад сябе, кінула на падлогу; ізноў падкрадаецца страшная кошка. Туга яе ахапіла. На сцяне вісела бацькава шабля. Схапіла яе і бразь па падлозе — лапа з жалезнымі кіпцюрамі адскочыла, і кошка з яўканнем знікла ў цёмным кутку. Цэлы дзень не выходзіла з святліцы свае маладая жонка; на трэці дзень вышла з перавязанаю рукою. Угадала бедная панначка, што мачыха яе вядзьмарка і што яна ёй перасекла руку. На чацверты дзень загадаў сотнік сваёй дачцы насіць ваду, падмятаць хату, як простай мужычцы, і не паказвацца ў панскія пакоі. Цяжка было небарачцы, ды няма чаго рабіць, пачала выконваць бацькоўскую волю. На пяты дзень выгнаў сотнік сваю дачку босую з дому і кавалка хлеба не даў на дарогу. Тады толькі зарыдала панначка, затуліўшы рукамі белы твар свой. „Загубіў ты, бацька, родную дачку сваю! Загубіла вядзьмарка грэшную душу тваю! даруй табе бог; а мне, ня-шчаснай, відаць, не судзіў ён жыць на белым свеце“. — „І вунь, ці бачыш ты…“ Тут павярнуўся Леўка да Ганны, паказваючы пальцам на дом. „Глядзі сюды: вунь, далей ад дома, самы высокі бераг! З гэтага берага кінулася панначка ў ваду, і з таго часу няма яе на свеце…“»

«А вядзьмарка?» баязліва перапыніла Ганна, утаропіўшы на яго заблішчэўшыя слязамі вочы.

«Вядзьмарка? Старыя выдумалі, што ад таго часу ўсе тапельніцы выходзілі, у месячную ноч, у панскі сад грэцца на месяцы; і сотнікава дачка зрабілася над імі галоўнаю. У адну ноч, убачыла яна мачыху сваю каля сажалкі, напала на яе і з крыкам зацягнула ў ваду. Але вядзьмарка і тут знайшла раду: перакінулася пад вадою ў адну з тапельніц, і праз гэта ўнікнула гарапніка з зялёнага трысця, якім хацелі біць яе тапельніцы. Вер бабам! Расказваюць яшчэ, што панначка збірае кожную ноч тапельніц і заглядае паасобку кожнай у твар, намагаючыся пазнаць, каторая з іх ведзьма; але да гэтага часу не пазнала. І калі трапіцца з людзей хто, адразу прымушае яго адгадваць; а не — дык пагражае ўтапіць у вадзе. Вось, мая Галя, як расказваюць старыя людзі!.. Цяперашні пан хоча будаваць на гэтым месцы вінніцу [37] і прыслаў знарок для гэтага сюды вінакура… Але я чую гаману… Гэта нашы варочаюцца з песень. Бывай, Галя! Спі спакойна; ды не думай аб гэтых бабскіх выдумках!»

37

Вінакурня. (Слоўн. Гогаля.)

Сказаўшы гэта, ён абняў яе мацней, пацалаваў і пайшоў.

«Бывай, Леўка!» гаварыла Ганна, задуменна ўтаропіўшы вочы на цёмны лес.

Вялізны агністы месяц пачаў велічна вырэзвацца ў гэты час з зямлі. Яшчэ палавіна яго была пад зямлёю; а ўжо ўвесь свет прасякнуўся нейкім урачыстым святлом. Сажалка кранулася іскрамі. Цень ад дрэў выразна пачаў вылучацца на цёмнай зеляніне.

«Бывай Ганна!» пачуліся ззаду яе словы разам з пацалункам.

«Ты вярнуўся?» сказала яна, азірнуўшыся, але, убачыўшы перад сабою незнаёмага парубка, адвярнулася ўбок.

«Бывай, Ганна!» пачулася ізноў, і ізноў пацалаваў яе хтосьці ў шчаку.

«Вось прынеслі нячысцікі і другога!» прамовіла яна, засердаваўшы.

«Бывай, любая Ганна!»

«Яшчэ і трэці!»

«Бывай! бывай! бывай, Ганна!» і пацалункі засыпалі яе з усіх бакоў.

«Ды іх тут цэлая зграя!» крычала Ганна, вырываючыся з натоўпу парубкаў, якія адзін перад адным спяшаліся абдымаць яе. «Як ім не надакучыць безупынку цалавацца! Хутка, дальбог, нельга будзе паткнуцца на вуліцу!»

Услед за гэтымі словамі дзверы бразнулі, і толькі чутно было, як з рыпеннем засунулася жалезная завала.

II. Галава

Ведаеце вы украінскую ноч? о, вы не ведаеце украінскай ночы! Угледзьцеся ў яе: з сярэдзіны неба пазірае месяц. Неабдымнае нябеснае скляпенне раздалося, пашырылася яшчэ неабдымней. Гарыць і дыхае яно. Зямля ўся ў срэбраным святле; і цудоўнае паветра і прахалодна-душнае, і поўнае пяшчоты, і ўздымае акіян водарных пахаў. Бажэсцвенная ноч! Чароўнейшая ноч! Нерухома, натхнёна сталі лясы, поўныя змроку, і кінулі вялізны цень ад сябе. Якія ціхія і спакойныя гэтыя сажалкі; холад і цемра іхніх вод маўкліва абведзены цёмназялёнымі сценамі садоў. Некранёныя нетры чарэмшын і чарэшняў палахліва працягнулі сваё карэнне ў крынічны холад і зрэдку спляскваюць лісцем, быццам злуючы і абураючыся, калі чароўны ветранік — начны вецер, падкраўшыся раптоўна, цалуе іх. Увесь ландшафт спіць. А ўгары ўсё дыхае, усё дзівосна, усё ўрачыста. А на душы і неабдымна, і дзіўна, і натоўпы срэбраных зданяў стройна ўзнікаюць у яе глыбіні. Бажэсцвенная ноч! Чароўнейшая ноч! І раптам усё ажыло: і лясы, і сажалкі, і стэпы. Сыплецца велічны гром украінскага салаўя, і здаецца, што і месяц заслухаўся яго пасярод неба… Як зачарованае, дрэмле на ўзвышшы сяло. Яшчэ бялей, яшчэ лепей блішчаць пры месяцы натоўпы хат; яшчэ больш асляпляльна выразаюцца са змроку нізкія іх сцены. Песні змоўклі. Усё ціха. Набожныя людзі ўжо спяць. Дзе-ні-дзе толькі свецяцца вузенькія вокны. Перад парогамі некаторых толькі хат запозненая сям'я ўпраўляецца са сваёй позняю вячэрай.

«Ды гапак не гэтак танцуецца! Вось я і гляджу, не клеіцца ўсё. Што-ж гэта расказвае кум?.. А, ну: гоп траля! гоп траля! гоп, гоп, гоп!» Так размаўляў сам з сабою падгуляўшы мужык сярэдніх год, танцуючы па вуліцы. «Дальбог, не гэтак танцуецца гапак! Што мне маніць! дальбог, не так! А ну: гоц траля! гоп траля! гоп, гоп, гоп!»

«Вось здурэў чалавек! няхай-бы яшчэ хлопец які, а то стары япрук, дзецям на смех, танцуе ўночы на вуліцы!» закрычала пажылая жанчына, што праходзіла, несучы ў руцэ салому: «Ідзі ў хату сваю! Пара спаць даўно!»

«Я пайду!» сказаў, спыніўшыся, мужык. «Я пайду. Я нс пагляджу на якога-небудзь галаву. Што ён думае, дидько б утысся его батькови [38] , што ён галава, што ён аблівае людзей на марозе халоднаю вадою, дык і нос задраў! Ну, галава, галава. Я сам сабе галава. Вось, забі мяне бог! Забі мяне бог! Я сам сабе галава. Вось што, а не тое што…» гаварыў ён далей, падыходзячы да першай, якая трапілася на дарозе, хаты, і спыніўся перад акном, слізгаючыся пальцамі па шыбе і намагаючыся знайсці драўляную ручку. «Баба, адчыняй! Баба, хутчэй, кажу табе, адчыняй! Казаку спаць пара!»

38

Чорт-бы з'явіўся яго бацьку.

«Куды ты, Каленік! Ты ў чужую хату трапіў», закрычалі, смеючыся, ззаду яго дзяўчаты, якія варочаліся з вясёлых песень. «Паказаць табе тваю хату?»

«Пакажыце, ласкавыя маладзічкі!»

«Маладзічкі? ці чуеце», падхапіла адна: «які пачцівы Каленік? За гэта яму трэба паказаць хату… але не, наперад патанцуй!»

«Патанцаваць?.. эх вы, мудрагельніцы-дзяўчаты!» працягла прамовіў Каленік, смеючыся і грозячы пальцам і спатыкаючыся, бо ногі яго не маглі трымацца на адным месцы. «А дасце перацалаваць сябе? Усіх перацалую, усіх!..» І віхлястым' крокамі прыпусціў бегчы за імі. Дзяўчаты паднялі крык, перамяшаліся; але потым, падбадзёрыўшыся, перабеглі на другі бок, пабачыўшы, што Каленік не надта быў порсткі на ногі.

«Вунь твая хата!» закрычалі яны яму, адыходзячы і паказваючы на хату, куды большую за іншыя, якая належала сельскаму галаве. Каленік слухмяна пацягнуўся ў той бок, пачынаючы ізноў лаяць галаву.

Але хто-ж гэты галава, які ўзбудзіў такія непамысныя пра сябе чуткі і размовы? О, гэта галава важная асоба на сяле. Пакуль Каленік дасягне канца дарогі свае, мы, бясспрэчна, паспеем тое-сёе сказаць пра яго. Усё сяло, загледзеўшы яго, бярэцца за шапкі; а дзяўчаты, самыя маладзенькія, даюць дабрыдзень. Хто-б з парубкаў не захацеў быць галавою? Галаве адчынен вольны ход ва ўсе таўлінкі; і мажны мужык пачціва стаіць, зняўшы шапку, на ўсім працягу, калі галава запускае свае тоўстыя і грубыя пальцы ў яго лубяную табакерку. На сялянскай сходцы, або грамадзе, не зважаючы на тое, што яго ўлада абмяжована некалькімі галасамі, галава заўсёды бярэ верх і амаль па сваёй волі высылае, каго яму заманецца, раўняць і гладзіць дарогу, ці капаць канавы. Галава пануры, суровы з выгляду і не любіць шмат гаварыць. Даўно яшчэ, вельмі даўно, калі блажэннай памяці вялікая царыца Екацярына ездзіла ў Крым, быў абраны ён за праважатага; цэлыя два дні знаходзіўся ён на гэтай пасадзе і нават меў гонар сядзець на козлах з царыцыным фурманам. І з той самай пары яшчэ галава навучыўся раздумна і важна панурваць галаву, гладзіць даўгія, закручаныя ўніз вусы і кідаць спадылба сакаліны позірк. І ад таго часу галава, пра што-б не загаварылі з ім, заўжды ўмее павярнуць гаворку на тое, як ён вёз царыцу і сядзеў на козлах царскай карэты. Галава любіць часамі прыкінуцца глухім, асабліва, калі пачуе тое, чаго-б не хацелася яму чуць. Галава цярпець не можа франтаўства, носіць заўсёды світку з чорнага хатняга сукна, падпяразваецца шарсцяным каляровым поясам, і ніхто ніколі не бачыў яго ў іншым убранні, выключаючы хіба толькі час праезду царыцы ў Крым, калі на ім быў сіні казацкі жупан. Але гэты час наўрад ці хто мог запомніць з цэлага сяла; а жупан трымае ён у скрыні пад замком. Галава ўдавец; але ў яго жыве ў доме швагерка, якая варыць абедаць і вячэраць, мые лаўкі, беліць хату, прадзе яму на кашулі і загадвае ўсім домам. На сяле пагаварваюць, быццам яна зусім яму не сваячка; але мы ўжо бачылі, што ў галавы шмат злоснікаў, якія рады распускаць усякія паклёпы. Зрэшты, можа, гэтаму дало зачапку і тое, што швагерцы заўжды не падабалася, калі галава заходзіў на поле, засыпанае жнеямі, ці да казака, у якога была маладая дачка. Галава аднавокі; але затое адзінокае вока яго пройда, і далёка можа ўбачыць прыгожанькую сялянку. Не раней, аднак-жа, ён навядзе яго на прывабны тварык, пакуль не агледзіцца добра, ці не глядзіць адкуль-небудзь швагерка. Але мы амаль усё ўжо расказалі, што трэба, пра галаву; а п'яны Каленік не дабраўся яшчэ да палавіны дарогі, і доўга яшчэ частаваў галаву ўсімі адборнымі словамі, якія толькі маглі ўспасці на язык яго, што паварочваўся марудна і ляніва.

III. Нечаканы саперпік. Змова

«Не, хлопцы, не, не хачу! Што за разгульнасць такая! Як вам не надакучыць блазнаваць? І без гэтага ўжо лічаць нас, бог ведае, якімі буянамі! Кладзіцеся лепей спаць!» Так гаварыў Леўка разгульным сябрам, якія падгаварвалі яго на новыя свавольствы. «Бывайце, браткі! спакойная вам ноч!» і хуткім крокам ішоў ад іх па вуліцы.

«Ці спіць мая яснавокая Ганна?» думаў ён, падыходзячы да знаёмае нам хаты з вішнёвымі дрэвамі. Сярод цішыні пачулася ціхая гамана. Леўка спыніўся. Паміж дрэў забялела кашуля… «Што гэта значыць?» падумаў ён і, падкраўшыся бліжэй, схаваўся за дрэва. Пры месячным святле блішчэла аблічча стаяўшай перад ім дзяўчыны… Гэта Ганна! Але хто-ж гэты высокі чалавек, які стаяў да яго спіной? Дарэмна прыглядаўся ён: цень укрываў яго з ног да галавы. Спераду толькі ён быў асветлены крыху; але пры нязначным кроку наперад Леўка падпадаў пад небяспеку быць выкрытым. Ціха прыхінуўшыся да дрэва, вырашыў ён застацца на месцы. Дзяўчына выразна прамовіла яго імя.

Поделиться с друзьями: