Вечары на хутары ля Дзіканькі
Шрифт:
Кацярына змоўкла, панурыўшы вочы ў сонную ваду; а вецер варушыў ваду дробнай хваляй, і ўвесь Дняпро палыскаваўся, як воўчая поўсць сярод ночы.
Дуб павярнуў і пачаў трымацца лясістага берага. На беразе відны былі могілкі. Старыя крыжы стоўпіліся ў кучку. Ні каліна не расце паміж іх, ні трава не зелянее, толькі месяц грэе іх з нябеснай вышыні.
«Ці чуеце, хлопцы, крыкі? нехта кліча нас на дапамогу!» сказаў пан Даніла, звярнуўшыся да веслаўшчыкоў сваіх.
«Мы чуем крыкі, і, здаецца, з таго боку», разам сказалі хлопцы, паказваючы на могілкі.
Але ўсё сціхла. Лодка павярнула і пачала абгінаць выступіўшы бераг. Раптам веслаўшчыкі апусцілі вёслы і нерухома ўтаропілі вочы. Спыніўся і пан Даніла: страх і холад прарэзаўся ў казацкія жылы.
Крыж на магіле захістаўся, і ціха падняўся з яе высахшы мярцвяк. Барада да пояса; на пальцах кіпцюры даўгія, яшчэ даўжэй за самыя пальцы. Ціха падняў ён рукі ўгару. Твар увесь задрыжаў і скрывіўся. Страшную пакуту, відаць, цярпеў ён. «Душна мне! душна!» прастагнаў ён дзікім, нечалавечым голасам. Голас яго, быццам нож, драпаў сэрца, і мярцвяк раптам знік пад зямлю. Захістаўся другі крыж, і зноў выйшаў мярцвяк, яшчэ страшней, яшчэ вышэй за ранейшага. Увесь зарос. Барада па калені, і яшчэ даўжэй касцяныя кіпцюры. Яшчэ дзічэй закрычаў ён: «Душна мне!» і знік пад зямлю. Пахіснуўся трэці крыж, падняўся трэці мярцвяк. Здавалася, адны толькі косці падняліся высока над зямлёю. Барада па самыя пяты; пальцы з даўгімі кіпцюрамі ўстраміліся ў зямлю. Страшна прасцяг ён рукі ўгару, як быццам хацеў дастаць месяц, і закрычаў так, нібыта хто-небудзь пачаў пілаваць яго жоўтыя косці…
Дзіця, якое спала на руках у Кацярыны, ускрыкнула і абудзілася. Сама пані ўскрыкнула. Веслаўшчыкі ўпусцілі шапкі ў Дняпро. Сам пан здрыгануўся.
Раптам усё знікла, як быццам не было, аднак-жа доўга не браліся хлопцы за вёслы. Клапатліва зірнуў Бурульбаш на маладую жонку, якая ў спалоху люляла на руках крычаўшае дзіця; прыціснуў яе да сэрца і пацалаваў у лоб. «Не палохайся, Кацярына! Глядзі: нічога няма!» гаварыў ён, паказваючы на бакі. «Гэта чараўнік хоча ўстрашыць людзей, каб ніхто не дабраўся да нячыстага гнязда яго. Баб толькі адных ён напалохае гэтым! Дай сюды на рукі мне сына!»
Пры гэтым слове падняў пан Даніла свайго сына ўгару і паднёс да вуснаў: «Што, Іван, ты не баішся чараўнікоў? Не, кажы, тата, я казак. Годзе-ж, пакінь плакаць! дамоў прыедзем! Прыедзем дамоў! маці накорміць кашаю, пакладзе цябе спаць у люльку, запяе»:
Люли, люли, люли! Люли, сынку, люли! Да вырастай, вырастай в забаву! Козачеству на славу, Вороженькам в расправу!«Слухай, Кацярына, мне здаецца, што бацька твой не хоча жыць у згодзе з намі. Прыехаў пануры, суровы, як быццам злуе… Ну, нездаволены, навошта і прыязджаць. Не хацеў выпіць за казацкую волю! не палюляў на руках дзіцяці! Спярша я хацеў быў выказаць усё, што ляжыць на сэрцы, ды не бярэ нешта, і гаворка заікнулася. Не, у яго не казацкае сэрца! Казацкія сэрцы, калі сустрэнуцца дзе, як не выб'юцца з грудзей адно аднаму насустрач. Што, мае любыя хлопцы, хутка бераг? Ну, шапкі я вам дам новыя! табе, Стэцько, дам выкладзеную аксамітам і золатам. Я зняў яе разам з галавою ў татарына. Усё яго ўбранне дасталося мне, адну толькі яго душу я выпусціў на волю. Ну, прычальвай! вось, Іван, мы і прыехалі, а ты ўсё плачаш! Вазьмі яго, Кацярына!»
Усе вышлі. З-за гары паказалася саламяная страха, гэта дзедаўскія харомы пана Данілы. За імі яшчэ гара, а там ужо і поле, а там хоць сто вёрст прайдзі, не знойдзеш ніводнага казака.
III
Хутар пана Данілы паміж двух гор у вузкай даліне, што збягае да Дняпра. Невысокія ў яго харомы: хата з выгляду як і ў простых казакаў. І ў ёй адна святліца; але ёсць дзе змясціцца там і яму, і жонцы яго, і старой прыслужніцы, і дзесяці адборным малайцам. Наўкол сцен уверсе ідуць дубовыя паліцы. Густа на іх стаяць міскі, гаршкі для трапезы. Ёсць між іх і кубкі срэбныя і чаркі, апраўленыя ў золата, дараваныя і здабытыя на вайне. Ніжэй вісяць дарагія мушкеты, шаблі, пішчалі, дзіды. Воляй і няволяй перайшлі яны ад татараў, турак і ляхаў. Нямала затое і пазублены. Гледзячы на іх, пан Даніла нібы па адзнаках прыгадваў свае схваткі. Пад сцяною, унізе, дубовыя, гладка вычасаныя лаўкі. Каля іх, перад ляжанкаю, вісіць на вяроўках, прасунутых у кальцо, прышрубаванае да столі, калыска. Ва ўсёй святліцы ток, гладка ўбіты і памазаны глінаю. На лаўках спіць з жонкаю пан Даніла. На ляжанцы старая прыслужніца. У калысцы цешыцца і гайдаецца малое дзіця. На таку покатам начуюць малайцы. Але казаку лепей спаць на гладкай зямлі пры вольным небе. Яму не пухавік і не пярына патрэбна. Ён мосціць сабе пад галаву свежае сена і вольна выпростваецца на траве. Яму весела, прачнуўшыся сярод начы, зірнуць на высокае, засеянае зорамі неба і здрыгануцца ад начнога холаду, які прынёс прахалоду казацкім костачкам. Пацягваючыся і мармычучы праз сон, закурвае ён люльку і мацней захінаецца ў цёплы кажух.
Не рана прачнуўся Бурульбаш пасля ўчарашняе гулянкі. І, прачнуўшыся, сеў у кутку на лаўцы і пачаў адвострываць новую, вымененую ім, турэцкую шаблю. А пані Кацярына ўзялася вышываць золатам шаўковы ручнік. Раптам увайшоў Кацярынін бацька, раззлаваны, нахмураны, з заморскаю люлькаю ў зубах, падступіў да дачкі і сурова пачаў выпытваць: што за прычына таго, што так позна вярнулася яна дамоў.
«Пра гэтыя справы, цесць, не ёй, а мне трымаці адказ! не жонка, муж адказвае. У нас ужо так вядзецца, не гневайся!» гаварыў Даніла, не пакідаючы свае справы. «Можа, у некаторых няверных землях гэтага не бывае — я не ведаю».
Чырвань выступіла на суровым твары цесця, і вочы дзіка бліснулі. «Каму-ж, як не бацьку, глядзець за сваёю дачкою!» мармытаў ён сам сабе. «Ну, я ў цябе пытаюся, дзе цягаўся да позняй начы?»
«А вось гэта справа, дарагі цесць! На гэта я табе скажу, што я даўно вышаў з тых, каго бабы спавіваюць. Ведаю, як сядзець на кані. Умею трымаць у руках і шаблю вострую. Яшчэ тое-сёе… Умею нікому і адказу не даваць у тым, што раблю».
«Я бачу, Даніла, я ведаю, ты хочаш сваркі! хто тоіцца, у таго, пэўна, у думках нядобрая справа».
«Думай сабе, што хочаш», сказаў Даніла: «думаю і я сабе. Дзякуй богу, ні ў адной яшчэ ганебнай справе не быў, заўжды стаяў за веру праваслаўную і айчыну, не гэтак, як некаторыя валацугі, цягаюцца, бог ведае, дзе, калі праваслаўныя б'юцца насмерць, а пасля злятаюцца збіраць не імі пасеянае жыта. Да уніятаў [65] нават не падобны, не завітаюць у божую царкву. Такіх-бы трэба дапытаць, як належыць, дзе яны цягаюцца».
«Э, казак! ці ведаеш ты… я кепска страляю: усяго за сто сажняў мая куля пранізвае сэрца. Я і шабляй сяку незайздросна: ад чалавека застаюцца кавалкі драбней за крупы, з якіх вараць кашу».
65
Праваслаўныя, што прызнавалі ўладу рымскага папы.
«Я гатоў», сказаў пан Даніла, спрытна перахрысціўшы паветра шабляю, як быццам ведаў, на што яе вастрыў.
«Даніла!» закрычала голасна Кацярына, ухапіўшы яго за руку і павіснуўшы на ёй. «Успамяні, шалёны, паглядзі, на каго ты падымаеш руку! бацька, твае валасы белы, як снег, а ты ўзгарэўся, як неразумны хлопец!»
«Жонка!» крыкнуў грозна пан Даніла: «ты ведаеш, я не люблю гэтага. Ведай сваю бабскую справу!»
Шаблі страшна бразнулі, жалеза секла жалеза, і іскрамі, быццам пылам, абсыпалі сябе казакі. З плачам пайшла Кацярына ў асобную святліцу, кінулася ў ложак і захінула вушы, каб не чуць шабельных удараў. Але не так блага біліся казакі, каб можна было заглушыць іх удары. Сэрца яе хацела разарвацца на часткі. Па ўсім яе целе, чула яна, як праходзілі гукі: тук, тук. «Не, не ўтрываю, не ўтрываю… Можа, пунсовая ўжо кроў б'е крыніцаю з белага цела. Можа, цяпер у знямозе мой любы, а я ляжу тут!» І ўся бледная, ледзь пераводзячы духі, увайшла ў хату.
Роўна і страшна біліся казакі. Ні той, ні другі не можа адужаць. Вось наступае Кацярынін бацька, паддаецца пан Даніла. Наступае пан Даніла, паддаецца суровы бацька, і зноў упораўні. Кіпяць. Размахнуліся… ух! Шаблі звіняць… і, загрымеўшы, адляцелі ўбок клінкі.
«Дзякуй табе, божа!» сказала Кацярына і ўскрыкнула зноў, калі ўбачыла, што казакі ўзяліся за мушкеты. Прыправілі крэмені, узвялі куркі.
Стрэліў пан Даніла, не ўлучыў. Злажыўся бацька… Ён стары; ён не бачыць так добра, як малады, аднак-жа не дрыжыць яго рука. Стрэл загрымеў… Пахіснуўся пан Даніла. Пунсовая кроў афарбавала левы рукаў казацкага жупана.
«Не», закрычаў ён: «я не прадам гэтак танна сябе. Не левая рука, а правая атаман. Вісіць у мяне на сцяне турэцкі пісталет: яшчэ ні разу за ўсё жыццё не здраджваў ён мне. Злазь са сцяны, стары таварыш! зрабі сябру паслугу!» Даніла працягнуў руку.
«Даніла!» закрычала ў адчаі, схапіўшы яго за рукі і кінуўшыся яму ў ногі, Кацярына: «не за сябе малю. Мне адзін канец: недастойная тая жонка, што жыве пасля свайго мужа. Дняпро, халодны Дняпро, будзе мне магілаю. Але паглядзі на сына, Даніла, паглядзі на сына! Хто прыгорне беднае дзіця? Хто прылашчыць яго? Хто навучыць яго лётаць на вараным кані, біцца за волю і веру, піць і гуляць па-казацку? Гінь, мой сыне, гінь! Цябе не хоча ведаць бацька твой! Глядзі, як ён адварочвае твар свой. О! я цяпер ведаю цябе! ты звер, а не чалавек! У цябе ваўчынае сэрца, а дума падступнай гадзіны. Я думала, што ў цябе кропля жалю ёсць. Што ў тваім каменным целе чалавечае пачуццё гарыць. Шалёна-ж я ашукалася. Табе гэта радасць прынясе. Твае косці пачнуць танцаваць у труне ад весялосці, калі пачуюць, што недавяркі ляхі кінуць у полымя твайго сына, калі сын твой будзе крычаць пад нажамі і акропам [66] . О, ведаю цябе! Ты рад-бы з труны ўстаць і раздзімаць шапкаю агонь, які ўзвіхрыцца пад ім!»
66
Кіпень, гарачая смала.