Зачараваныя смерцю
Шрифт:
Можа, сабачаня завесці? Адкуль людзі ўзялі, што яны лепшыя за звяроў і птушак?
…Мне разлюбілася ўсё ў сабе: мае валасы, мая паходка… Са мною штосьці стала адбывацца… Не толькі ў душы, але і ў самім арганізме… Гэта як прыпадак… Як маланка… Чую, што адчыняюцца дзверы, я на павароце ключа ўжо ўгадваю: муж ці сын. Муж! На стале бутэлька з воцатнай эсенцыяй… Я паспела выпіць толькі палову… Хуценька глытаю тое, што засталося… Выкідваю ў смеццеправод бутэльку… Каб аніякіх слядоў… Каб ён не ўгаварыў мяне не паміраць… Калі я яго не бачу, калі ён мне нічога не гаворыць, я ведаю, што ягоныя словы… Гэта не каханне… Яму проста зручна, каб я была… Як гэта? Камфорт раба… Я не хачу быць рабом… Рабыняй… Я так і не зразумела, хто я… Мне лепш перасяліцца… І пачаць усё спачатку. Але перад тым, як выпіць воцат… Гэта проста смешна… Няўжо я не разумела, што знікаю назаўсёды? Перэд гэтым я паглядзела чарговую, сто трыццаць першую серыю фільма «Багатыя таксама плачуць». Гэты мексіканскі кінасерыял, які зараз уся краіна глядзіць. Пра каханне… Як гэта я памру, калі праз паўгадзіны кіно? Я хацела сапраўды памерці… Я марыла памерці… Але мне ўсё роўна было цікава: яны пажэняцца ці не? Ці бывае хто-небудзь шчаслівым? Як быць шчаслівай?
Ад сына мы ўтаілі… Цяпер я вагаюся: прызнацца ці не прызнацца? Неяк мне ён сказаў, што ў смерці ёсць штосьці жаночае… Што ён хацеў сказаць?
Гісторыя чалавека, які не мог быць шчаслівым. Віктар Іванавіч Маруцін — фатограф, 55 гадоў
З аповеду дачкі:
— Ён паехаў на дачу… Гэта ён нам сказаў, што паедзе на дачу. Сышоў з электрычкі, яго бачылі: з рэчмяшком, з паляўнічай стрэльбай і фотаапаратам. І завярнуў у лес… Па заечым следзе… Гэта нам таксама расказвалі. Была нядзеля. Пагодлівы зімні дзень. Блішчэла чыстае сонца. Шмат людзей ехала на дачу…
Ён быў благім паляўнічым… Не любіў забіваць, не было ў ім гэтага паляўнічага азарту. Хоць заўсёды браў з сабой стрэльбу. Ды прывозіў дадому часцей за ўсё не забітую дзічыну, а новыя здымкі. Птушак, звяроў… Яму падабалася здымаць зіму і восень. Лета чамусьці не любіў. Мая любімая фатаграфія, аднойчы падараваная мне бацькам у дзень нараджэння, — здзіўлены заяц… Ён блізка-блізка наскочыў на чалавека і не спалохаўся, а здзівіўся… Гэта фатаграфія была на некалькіх выстаўках. Атрымала прыз. Бацька аб'ездзіў усю краіну. Здымаў славутых вучоных, касманаўтаў, перадавых даярак, перадавых пастухоў і рыбакоў, будоўлі і новабудоўлі пяцігодкі. Але прызы і дыпломы атрымліваў за птушак і звяроў. (Паўза.)
Страляў ён са сваёй паляўнічай стрэльбы… Проста сабе ў сэрца…
Мы знайшлі яго праз тры дні… Мы шукалі яго па заечых слядах. (Паўза.) Я пераканана… Ніхто не дакажа… Ён усё панёс з сабою… Гэта асабістае… Таемнае…
Можа, гэта была боязь звыродлівага фіналу? Ён хацеў памерці моцным… (Маўчыць.)
Над яго рабочым сталом заўсёды вісеў партрэт Хемінгуэя…
Альбо была ў яго нейкая свая версія жыцця. І яна — бах — і абрушылася. А новая версія не прыдумана…
Мама? Чым жыла мама? Яна падымалася ў шэсць раніцы, вымывала кватэру…
Можна шмат што прыгадаць… Засталіся яго запісныя кніжкі… Я іх прачытала. Я ўбачыла, што не ведала свайго бацькі, я чытала запісы амаль незнаёмага мне чалавека. (Маўчыць.) Са мной ён хутчэй… абараняў свой час… А сам пакутаваў… Кідаўся… (Маўчыць.)
Я любіла свайго бацьку. Але я не люблю ягонае пакаленне. (Маўчыць.) Я любіла яго, але меркавала, што ён — баязлівец, бо жыў, як усе. Не змог інакш. Але цяпер я не магу назваць яго баязліўцам… не магу… (Маўчыць.)
Напэўна, галоўная прычына там… У ім… (Маўчыць.)
Я ведала пра яго некалькі рэчаў, якія стваралі для мяне вобраз майго бацькі. (Маўчыць.) Ён нарадзіўся ў вайну… Яго прыгняталі нейкія прывіды адтуль… Але ён ніколі пра іх не распавядаў… (Маўчыць.) А мы любілі з ім гаварыць пра сны. Пра дзівацтвы начной фантазіі. Ён жа пісаў вершы… Сам сабе… Пісаў усё жыццё… Гэта другое, што я пра яго ведала. Чамусьці ўсе свае вершы ён спаліў. Вершы не засталіся… (Маўчыць.)
Ён кахаў другую жанчыну. Не маю маму. Калісьці ён кахаў маю маму. Мама цяпер успамінае, як ён закідваў яе кветкамі. І казаў: «Мне ўсё ў табе падабаецца! Мне ўсё ў табе падабаецца!»
Я выпадкова ўбачыла яго на вуліцы… Два гады назад… Ён стаяў з букетам кветак, кагосьці чакаў. Я ўгледзела яго спіну… А я толькі што выйшла замуж… І я ўжо ведала… Пазнала гэтую спіну, гэтую наструненасць… Хлапечае… Паляўнічае…
Насустрач яму ішла маладая дзяўчына… Бегла… (Маўчыць.)
Я не запомніла яе твару. Я запомніла толькі, што гэты твар быў вельмі радасны. Шчаслівы.
Я пабегла ў іншы бок… (Маўчыць.)
Калі я прыгадвала яе твар… Яе твар шмат разоў усплываў у маёй памяці… Калі я яго прыгадвала, мяне не пакідала адчуванне, што гэтая гісторыя будзе камусьці з іх каштаваць жыцця. (Маўчыць.)
Без стану любові ён жыць не мог, можа, нават не любові, а ўлюбёнасці ён заўсёды жадаў. Ён фізічна не мог інакш існаваць. (Маўчыць.) Хоць выдавала заўсёды, што ён заклапочаны іншым. Фатаграфіямі. Камандзіроўкамі. Сваёй газетай. Чарговай выстаўкай.
Маці ведала, як яму можа быць добра. Як ім будзе добра! Яна яго ніколі б не адпусціла… (Маўчыць.)
Яна кахае яго… Яна цяпер яго кахае яшчэ мацней… Пасля смерці… Яна дагэтуль не здагадваецца, я ёй не прызналася ні тады, ні пасля, што я іх бачыла. Удваіх. Мая мама… Яна пісала лісты ў ягоную рэдакцыю, у цэка партыі. У інстытут, дзе вучылася гэтая дзяўчына. Яе бацькам. Яна патрабавала, каб ёй вярнулі мужа. Каб дзяржава, каб партыя (а бацька быў сябрам партыі) вярнулі ёй мужа і каханне. Вар'яцкае пакаленне! Але бацька быў лепшы за ўсіх іх, ён быў лепшы з іх… (Маўчыць.) Мы пра гэта цяпер з ёй не ўспамінаем. Часам мама нават прысніцца мне і ў сне пачынае груба, жорстка са мною гаварыць. Просіць зноў падпісаць нейкія паперы… А я не падпісваю… (Маўчыць.) У жыцці… Пры сустрэчах мы пра гэта з ёй не загаворваем. Яна цяпер усім расказвае, як бацька закідваў яе кветкамі… І гаварыў: «Мне ўсё ў табе падабаецца! Мне ўсё ў табе падабаецца!» І быў у вайсковай форме. Афіцэр. І ўсе дзяўчаткі на пошце ёй зайздросцілі, яна рабіла тэлефаністкай. (Маўчыць.)
Навошта ён гэта зрабіў? З паляўнічай стрэльбы… Я яму цяпер увесь час кудысьці званю… Я па начах кручу тэлефон… Дыск зрываецца… Пракручваецца… Ніяк не набяру патрэбную лічбу… Я набіраю-набіраю да бясконцасці… Мне здаецца, што раніцай у мяне баляць пальцы…
Я ў яго прачытала… У запісных кніжках… Ён пісаў: «Цяпер мне больш за ўсё хочацца любіць сваю дачку».
Дзіўны сон… Дзіўны сон быў… Мы бяжым-бяжым з бацькам, уцякаем… А пасля кудысьці падаем… Правальваемся… Ён то нечакана мёртвы, то нечакана жывы… (Маўчыць.)
Гэта спалучанасць нашых жыццяў… Я хачу вызваліцца… Я расказала сон свайму мужу. Я прасіла яго памагчы: «Ты павінен мяне мацней любіць». Мне здаецца, я гэтак адчуваю, што мёртвы бацька мяне вельмі любіць. Ён любіць мяне больш за ўсіх.
Я таксама яго не хацела аддаваць той дзяўчыне… Я не аддала б… (Маўчыць.)
Гэта асабістае… Таемнае… Не называйце яго сапраўднага прозвішча… Мая мама… Яна ўсім расказвае, як ён прыносіў ёй кветкі… Мне яе шкада… Яна як ненармальная… Зноў піша лісты… Той дзяўчыне… Я не ведаю, што яна ёй зараз піша, нават уявіць не магу. Ёй хочацца бясконца з кім-небудзь гаварыць пра бацьку… Успамінаць… (Паўза.)