Запіскі Самсона Самасуя
Шрифт:
— Я аб гэтых фокусах буду мець гутарку з тав. Сомам! — з гонарам адказаў я.
— Калі ласка! — насьмішліва сказаў ён — Тав. Сом трохі ведае аб гэтым. Ён і сам мастак! Аднае жонкі яму мала!
— Як вы сьмееце? — крыкнуў я і ня ведаў, што яшчэ сказаць гэтаму франту зь яўнымі адзнакамі полавага дыморфізму.
У дзьвярах я стыкнуўся з настаўніцай Крутарожкай. Яна засаромілася і адвяла вочы ў бок.
Я мыгыкнуў сабе нешта пад нос і прапусьціў яе ў тэлефонку, падумаўшы злосна:
— Градзі, градзі, галубіца!
Я зайшоў яшчэ на аграпункт, які быў побач з больніцай. Там я вельмі добрую прапанову даў аграномам: вялікімі чырвонымі літарамі ў канцылярыі вывесіць лёзунг: «Праз карняплоды да сацыялізму».
Побач з больніцай была яшчэ адна ўстанова, куды я павінен быў зайсьціся. Гэта жанаддзел. Я правёў доўгую і цікавую гутарку аб культпрацы сярод жанчын. Загадчыца жанаддзелу тав. Домна Лузбан вельмі мужная асоба, гаворыць ультранізкім басам («як вецер гудзе патроху!» — падумаў я) і сьмела магла-б прыймаць удзел ня толькі ў жаночым, але і ў мужчынскім чэмпіёнаце. Яе сьмела можна назваць мядзьвігай. Калі яна па-сяброўску цісканула маю руку, я аж падскочыў да столі і завойкаў, як малое дзіцянё. Рост яе быў, фігуральна кажучы, такі махінозны, што боязна было за чалавека. Кажны яе крок гулка аддаваўся, як рух самакату. Мяшчанкі Шапялёўскія, якія мелі сваю ўласную арганізацыю «бабком» ня вельмі паважалі тав. Домну за яе адчынены характар і рашучае, бязьлітаснае змаганьне зь мяшчанскім укладам жыцьця і празвалі яе «танабілем». У Домны ёсьць муж — мініятура, якую яна можа аднэю рукою падняць у паветра і махаць гэтым, як поп кадзілам. На іншых мужчын яна не зьвяртае ўвагі і робіць выключэньне толькі для тав. Сома. Кажуць, аднойчы на нейкай вечарыне (з досыць абмежаваным лікам прысутных) яна нават выступіла ў фізкультурным спаборніцтве з тав. Сомам і перамагла яго ў мядзьведжай барацьбе. Перадаюць — пасьля гэтага старшыня, як кнот, запылаў фізкультурным каханьнем да Домны і, як сустрэнецца зь ёю, усё мацае яе мускулы. А яна хоць-бы што! Што-ж, думаю я аб тав. Соме, жывы чалавек аб жывым і думае.
Тав. Домна ў кароткіх рысах пазнаёміла мяне з прадпасылкамі працы сярод жанчын і далучылася да думкі аб неабходнасьці склікаць культнараду.
Потым разам з Домнай мы завярнулі ў больніцу. Там доктар запрасіў нас у свой габінэт, і мы вырашылі 5 абортных спраў.
Першая справа батрачкі ў братоў Галавасьцікаў. Домна зьвярнулася да мяне зь інфармацыяй:
— Галавасьцікі — тры браты, жывуць у бацькі. Адзін у сельскагаспадарчай каапэрацыі, другі каморнік, трэці загадвае паравым млыном. Кажнаму зь іх гадоў пад 30, а ўсе разам ад сыці шалеюць! І вось цяпер чалядка цяжарна ад іх. Гэта ўжо 8-ы аборт яна робіць. Яны і грошы даюць!
Я яыступіў за тое, каб батрачку адгаварыць ад гэтага гвалту над прыродай!
— Няхай яны і плацяць! А то паном толькі й гора, што жывот баліць!
Мая прапанова была прынята, як разумная і сваячасовая. Тав. Домна шчыра пагаворыць з батрачкай, накіруе яе на правільны шлях.
Другая кандыдатура — 16-гадовай інтэлігэнтачкі, дачушкі адной настаўніцы. Дзяўчына нядаўна скончыла 7-годку, шчыра закахалася ў камсамольца Дусіка — і цяпер няшчасная сцэніроўка.
— Яе ратаваць трэба! — сказала Домна. — У гэткія гады мець дзіцё!? Гэта загубіць яе і дзіцё!
Я спрачаўся, але доктар і Домна перамаглі. Была ўжо 4-ая гадзіна, калі я ішоў да дому. Каля самай кватэры я заўважыў Ліна, які ажыўлёна гаварыў з Крэйнай.
Зноў ён! Зноў ён на маім шляху!
Цэлых тры тыдні я быў заняты пякельнай працай і ня мог пільна сачыць за злачыннай дзейнасьцю майго канкурэнта Ліна. Некалькі разоў я выяжджаў на раён для правядзеньня калёквіюмаў. Да гэтай справы я падышоў вельмі ўважліва й сумленна. Толькі дзьве школы я прызнаў здавальняючымі з боку вучобы. Вучні не навучыліся грызьці навуковае каменьне сваімі маладымі зубамі. Яны ня ведаюць, хто кіруе рознымі галінамі гаспадаркі і культуры ў Саюзе, на Беларусі, ня ведаюць, што такое фашызм, імпэрыялізм, нават ня ведаюць, хто кіруе асьветай у раёне! На гэтыя недахопы нельга глядзець праз памяншальнае шкло (я ўсім так і гаварыў!), нельга адгаварвацца, што яны малеча і шмат чаго не разумеюць. Хто ў гэтым вінен? Зразумела — настаўнікі, гэтыя ліхтары ў раёне! За гэта ўпушчэнства я добра прашмараваў іх.
Толькі ў дзьвюх школах на маё запытаньне, хто кіруе асьветай у раёне, вучні, як сьвядомыя байцы, адказалі:
— Асьветай у нашым раёне кіруе тав. Самасуй!
Шмат прышлося паклапаціцца мне і аб рамантаваньні школ. Я наведаў усе школы і хаты чытальні. Дзе толькі магчыма было, я склікаў сходы сялян і праводзіў ударную кампанію за новы быт.
На сходах я гаварыў сялянам агульнымі фразамі, так, як і трэба было. Я канкрэтна даводзіў, што ў сялян няма грамадзкай рошчыны, сьвядомасьці, дзякуючы чаму і бываюць пэрманэнтныя супярэчнасьці і паганы капіталізм яшчэ часткова мае стабілізацыю. Каб зьнішчыць гэтыя недарэчнасьці, я заклікаў сходы выказаць сваё канкрэтнае я і ўзьняць гармідар за новы быт!
Мяне ўсюды ўважліва слухалі і прыймалі маю рэзалюцыю, якую я напісаў яшчэ ў Шапялёўцы, узяўшы пад увагу ўсе дэталі пытаньня.
Толькі ў в. Брылёўцы знайшліся суб'екты, якія аб'ектыўна зьявіліся рупарамі дробна-буржуйскай стыхіі.
Яны арганізавана выступілі супроць мяне. Адзін зь іх, па прозьвішчы Хвёдар Трайка, чалавек вельмі невялікага росту, увесь заросшы валасамі, як шчацінай, з лупатымі вочкамі і ў зрэб'і, нахабна гледзячы ў вочы мне, закончыў сваю прамову:
— Таварыш гаварыў, гаварыў нам, а мы сядзелі, як мамоны глухія! Нічога не зразумелі! Нейкая птушыная мова! Як грамахвон гаварыў!
За Трайкай яшчэ іншыя хвасьцісты пасыпалі на маю галаву розныя ганебныя інсынуацыі й запытаньні. Я паабяцаў арыштаваць Трайку, як склочніка, і тады раптам усе супакоіліся. Я з гонарам гаварыў сваю заключную прамову, і рэзалюцыя была ўхвалена пераважнай большасьцю.
У другой вёсцы Забягаеўцы нейкі несьвядомы гарлапан замест мае рэзалюцыі сказаў:
— А я даю рэзалюцыю: не таўчы ў ступе вады, а ўзяцца за масты, за школы, за шляхі, за іншыя дзіркі ў нашай гарманізьме! А то ў нас, у Забягаеўцы, школа ў зямлю ўрасла і на прызьбе нават вырасла некалькі падасінавікаў!
Гэта выступленьне я кваліфікаваў, як правакацыю, дэмагогію, разьлічаную на танны эфэкт.
У трэцяй вёсцы, Радулі, вылезла адна манада, чырвона-рудая як агонь і, хітра ўсьміхаючыся, прыплюшчыўшы свае бегаючыя вочы, сказала:
— Мне ўжо больш за 50 год. І я доўга ўсё думаў і надумаў, што ёсьць самая дрэнная рэч. А цяпер ведаю, як паслухаў таварыша. Самая дрэнная рэч, калі розуму мала, ды калі жыта засееш, а яно не зародзіць. Маё ўсё!
А наогул, мяне вельмі добра прыймалі і слухалі, што-б я ні сказаў. Часта віталі мой прыезд, як сваячасовы. Тыя хворыя зьявы, аб якіх гаварыў я, бязумоўна, ёсьць хваробы росту і ў вагульны малюнак не павінны ўваходзіць.
Для ажыўленьня культпрацы на вёсцы із мной выяжджаў загадчык нардому, пясьняр Гарачы. Сялянам на сходах ён чытаў сваю паэму «За тваім гарбатым носам нічога ня бачу». Ён сапраўды стаўся тварам да вёскі. Вечарамі кандыбоберам хадзіў зь дзяўчатамі па вуліцы, на ўсе грудзі цягнуў вясковыя прыпеўкі і, каб высока ўзьняць сьцяг паэзіі, сам новыя прыпеўкі прыдумаў. Яны вельмі спадабаліся на вёсцы. Некаторыя і мне ўлезьлі ў галаву:
Галіфэ маё худое Разарву я да кален. Думаў з восені жаніцца — Маўчыць дзевачка, як пень. Каля нашага ваконца Прашкандыбала цяля, Я за хвосьцік ухапіла — Думала маё міля!Гарачы дзяўчат навучыў сьпяваць рамансы, чаго яны раней ня ўмелі. Асабліва спадабаўся раманс:
Труну зялезную пастаўлю, Абальлю яе сьлязамі, Абсаджу яе квятамі.О! дзяўчаты на вёсцы добрыя, крамяныя! У ваднэй вёсцы нават я захапіўся складаньнем прыпевак. Я пазнаёміўся зь дзяўчынай Хадоркай Белабокай і на ўспамін аб дзьвёх ночках, якія прагуляў зь ёю, склаў прыпевачку:
Баліць сэрца і пячонка — Мэтазгодная дзяўчонка, Баліць тулава, нага — Не забуду цябе я!