Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Запіскі Самсона Самасуя

Мрый Андрэй

Шрифт:

Дзень на 100 процантаў адпавядаў нашым жаданьням, быў на дзіва цёплы, сонечны, павясноваму пахучы.

Удзельнікі маёўкі сабраліся а З-яй гадзіне ў мясцовай школе. Згодна раней намечанаму пляну прышлі з рознымі клункамі, пакункамі, кайстрачкамі, бавульчыкамі. Жанчыны прымусілі мужчын выконваць ролю двохгорбых вярблюдаў, іх бязьлітасна нагрузілі і сьпераду і ззаду. Толькі мне неяк пашанціла. Крэйна ўсунула ў мае рукі нейкую мяшчанскую торбачку зь пяском, вагою ня больш 2 кілё. Я баўтаў ёю направа і налева.

Сабраліся ўсе, апрача тав. Сома, які прыслаў пісульку, што выяжджае на вёску.

Нашым правадыром зьявіўся начміл, які пад'ехаў на добрым вараным коніку. Да яго на каня па ўласнай ініцыятыве падсела жонка віннага кантралёра Сьмятаны-Бурчайлы, і наша прафсаюзнае войска пад камандаю гэтых верхавых сугуба дысцыплінавана рушылася ў дарогу.

За верхавымі ішла пара: сам Сьмятана-Бурчайла і жонка начміла Анэля з сынком-піянэрам Тэрорчыкам.

Бурчайла злосна паглядаў на жонку. Я разумею чалавека! На яго месцы я не дараваў-бы жонцы такога стопроцантнага глупства: сесьці вярхом на каня, ды яшчэ шчыльна прыхіліцца да статнай фігуры начміла! А муж няхай нясе рознае барахло: прымус, імбрычак і нават завівальную машыну! За гэта па галоўцы не пагладзіш!

Анэля-ж таксама была нездаволена, крытыкавала кажны крок верхавых, перакідалася з мужам вострымі словамі.

Яе сынок Тэрорчык, відаць, хацеў праехацца з бацькам і пытаў у маткі:

— Чаго гэта халер'я прычапілася?

Пабачыўшы, што «халер'я» з канём не разлучыцца, хлопчык у канцы мястэчка пакідае нашу кампанію.

Уперадзе мяне ідуць настаўнікі Гыля і Юрлік і ўсю дарогу спрачаюцца аб шахматах. У Гылі невялікая лысінка, чорныя кучаравыя валасы на віскох, шальмаватыя і ў той-жа час сумныя вочы, пузаценькая фігура і ўпэўненая хада. У Юрліка жывыя, шэрыя, зь нейкім вясёлкавым бляскам вочы, карпаты, у форме піпачкі, нос, цапкія, нібы што ўсё мацаюць, рукі і лёгкая, як у танцы, што падгопвае, хада. Ён да кажнага сказу і нават слова дадае нейкі сваяасаблівы атрыбут:

— Гэта тое, як яго!

Я ніяк не разумею Юрліка. Для яго толькі два замілаваньні ў жыцьці: прыгожыя дзяўчыны і шахматы. У першым кірунку я зусім разумею яго і ўхваляю яго чыннасьць, затое адносна другога нават не разумею, як можа чалавек хвалявацца гатай мёртвай хадульнай справай?.. Усьлед за намі ідзе настаўніца Зязюлька з камсамольцам Дусікам, а Юрлік і вокам ня зірне — так завёўся з Гыляй у спрэчках.

— Як ты, разява, хадзіў?! — крычыць на Юрліка Гыля. — Ня ўмееш ты хадзіць! Я табе адразу мат прыляпіў-бы, каб ты, шэльма, ня скруціў!

— Калі я, гэта тое, як яго, скруціў? Нечым ваўку, гэта тое, як яго, дык лыкамі! — сьмяецца Юрлік, і яго сьмех выводзіць Гылю з роўнавагі.

— Ну, пабачым! Пабачым! Вось прыдзем у лес, раскладземся там, халера ты будзеш, калі ня возьмеш ад мяне мату.

Я запытаў:

— Няўжо вы захапілі?

Жанчыны з жахам паўторваюць маё запытаньне. — А як-жа? Што-ж мы, гэта тое, як яго, будзем рабіць у лесе? — пытае Юрлік.

О, няшчасны сьляпец! Ня ведае, што рабіць у лесе вясною! Я не адступаўся ад Крэйны і зь неаслабнай энэргіяй вёў сваю амурную лінію. Як прайшлі мы мястэчка, перашкодай на маім шляху зьявіўся Ягор Гарачы, загадчык нардому. Яго лічылі мясцовым паэтам і часта называлі Пушкінзонам. Ён меў калматую, альховага колеру, галаву, падсьлёпватыя мышыныя вочы, жарабячы голас і нізкі, ліліпуцкі крываногі рост. Ён дагнаў нас і пачаў вінталём круціцца каля Крэйны. Ён хацеў усю ўвагу Крэйны ад мяне перацягнуць на сваю кургузую асобу. Доўга дэклямаваў верш, які пачынаўся словамі:

Сэрца ня хоча стрымаць Радасьці кіслай і сіняй!

За намі ішоў яшчэ тэлефаністы Сьвердзялюк з тэлефаністкай Горбік. У яе я заўважыў выдатныя грудзі, павеўны стан, гітарны голас, у яго — доўгі і тоўсты нос, моцныя лыткі, нізкі, троху хрыпаты, бас. Маёвачнікаў было шмат, усіх ня пералічыш. Мяне вельмі задзівіла тая акалічнасьць, што судзьдзя Торба ўсю сваю ўвагу накіраваў на Зою, тую самую, якую ён абазваў аднаднёўкай. Цяпер-жа ён добрымі вачмі аглядаў яе і ціха ўсьміхаўся.

Тав. Торба мае два абліччы. На судзе перад усімі выступае яго арганізацыйна добра аформленая фігура: высокі рост, непамерна-вялікія рукі, шырокія, магутныя грудзі, роўныя, белыя, як часнок, зубы, зусім голенае, дабрадушна-сур'ёзнае аблічча. Гэта выклікае нейкую апрыорную спагаднасьць да яго. Калі я першы раз пабачыў яго ў судзе, я ў думках падкрэсьліў тэзіс: чалавек з такімі прыроднымі перавагамі ня можа быць несправядлівым.

У той-жа час, як бліжэй пазнаёміўся я зь ім, судзьдзя — вясёлы чалавек, пракуда, філёзаф, які заўсёды здольны выкінуць фартэль, зрабіць дзівацтва, кінуць на агульнае карыстаньне моцнае слова, зачапіць за жывое, дацца ў знакі жанчынам, якіх ён заве «баядэркамі», закруціць якой-небудзь зь іх галаву і потым «накрыцца хвастом». Адным словам, нявытрыманы індывід.

Адзіноцтва ён ня пераносіць, як хваробы якой, і свой вольны час, якога вельмі мала, праводзіць сярод двохногіх стварэньняў, галоўным чынам «баядэрак». Ні сям'і, ні маёмасьці ён ніколі ня меў.

Ідучы на маёўку, я пазнаёміўся таксама з маскоўцамі — Курыцай і Курапатай. Яны вельмі ганарова ішлі ў ар'ергардзе і вялі гучную незразумела-навуковую размову. Багародзіцы зь імі ня было. У Курыцы было ўмяркавана выдатнае пуза, пульхлыя зашчочыны, што наступалі на вочы, чорныя, як зьмейкі, бровы і вялікія рагавыя акуляры. Курапата быў высокі, шкілетны чалавек, зь безнадзейна выцягнутым мэханізаваным абліччам. Калі нас знаёмілі, першы назваў сябе Курыца, з націскам на «ы».

Месца маёўкі — глухі, прыгожы лес каля рэчкі. Там шмат курганаў, на якіх растуць магутныя дубы, бярозы і дрыготныя асіны. Лес на ўзвышшы, а ў даліне рэчка. Над рэчкай хмызьняк, у ім у пераважнай большасьці расьце калакалуша-чарэмха.

У гэты час чарэмха ў поўным росквіце, і пах яе, калі прышлі мы, вельмі прыемна казытаў пэрыфэрычныя нэрвы насавога арарату.

Бясспрэчна, шпацыроўка выклікала ў нашым арганізьме бурнае разьвіцьцё апэтыту. Вочы ўсіх аўтаматычна накіраваліся на клункі зь ежай. Агульнае жаданьне напоўніць сябе матэрыяй выказаў страхагэнт.

— Што-ж? — сказаў ён, вызваляючыся ад прыгнечаньня вялікіх пакункаў — мне здаецца, самае лепшае, што можам мы зрабіць — гэта прыступіць да зьнішчэньня прынесенай матэрыі і пітва!

— І прыступіць зараз-жа! — адклікнуўся я. Без валакіты і бюракратычных скрыўленьняў.

— Матэрыю нельга зьнішчыць! — паправіў Торба.

— Давай, цябе зьнішчу, і сьлядоў ня будзе!

— Сьляды, браце, будуць! 8 год атрымаеш!

Жанчыны разаслалі вялікія белыя посьцілкі і ў вадно імгненьне вока маляўніча экспанавалі ўсю матэрыю. Толькі хлеб і булкі ня былі нарэзаны. Гэту працу даручылі Сьмятане і Торбе. Рэжучы злобныя запаленыя булкі, Торба невядома зь якой прычыны сказаў:

— Жыта ўсіх корміць, а пшаніца па выбару!

— Што з гэтага? — запытаўся страхагэнт.

— Нічога! Маўчы ды слухай, што людзі гавораць!.. Нават не чакаючы, калі ўсё будзе падрыхтавана, мы зь імпэтам наваліліся на прадукцыю. Торба даў неабходныя камэнтарыі да гэтай нястрыманасьці:

— Такія галадамірныя ўсе, што сабаку шалёнага і таго, здаецца зьелі-б!

— Пытаньне счэрпана, дэбаты павінны быць скончаны, ня дуры мае галавы! — працуючы зубамі, нібы жорнамі, прагудзеў страхагэнт.

Поделиться с друзьями: