Запіскі Самсона Самасуя
Шрифт:
Потым быў пералесак і на лагчынах шмат кветак, блакітных, белых, ружовых, і мы зрывалі іх. А потым... Ах, які жаль, якая згуба, што гэта было толькі ў сьне!
Калі я абудзіўся, была ўжо 9-ая гадзіна раніцы. Я салодка пацягнуўся, перажываючы прыемны сон.
У суседнім пакоі чутны былі лёгкія крокі Крэйны. Я падумаў: напэўна яна стаіць перад люстэркам і глядзіць, не наглядзіцца на сябе. Магчыма, думае, што ў гэтым глухім мястэчку яна, канешне, самая прыгожая, маладая і прывабная дзяўчына.
Не! Яна, мабыць, ніколі і ня думае пра гэта, затое я добра ведаю, што ніводная дзяўчына ня мае такога сьвежага, бела-ружовага твару як у Крэйны, такіх глыбокіх, не стандартызаваных, таемных вачэй, такога спрунжыністага, як у п'яўкі, роту. Уся яе постаць, зграбная, умяркавана мясёная, запальвае мяне, напаўняе кроў ліхаманачным агнём, абяцае вар'ятна-гарачыя пяшчоты, саракаградуснае шалёнства.
Што мне рабіць? Уся мая фізычная структура адчувае, што першачарговым заданьнем будзе заваяваць яе сымпатыі і спагаднасьць і потым ужо дабівацца практычных вынікаў у гэтым кірунку.
Я ляжу на ложку, ня хочацца паварушыцца. Прыслухоўваюся да сваіх палкіх мараў, якія сваім зьместам маюць выключна яе, непараўнальную Крэйну. О, што-б сказала мая маці, каб даведалася, як Крэйначка закруціла галаву яе сыну? Што скажа маці, калі сын ажэніцца з Крэйнай? А бацька?..
Думаючы над гэтым, чую, што ў суседні пакой увайшла перапішчыца выканкому Зоя Люсарэнка. Я пазнаю яе па голасе, мэлёдычным, як у жалейкі. Яна таварышка з Крэйнай.
Зоя квола, паветрана, як птушачка, лётае і пяе. Здаецца, падзьме вецярок — і дзяўчыны няма.
Ўчора я гаварыў з судзьдзёю пра мясцовых дзяўчат. Судзьдзя — той самы філёзаф Торба, аб якім я пісаў раней. Дык ён сказаў мне наконт Зоі:
— Аднаднёўка, міраж. Няма мяса, няма фізіялягічнай базы. Дакранешся, сарвеш кветку і нічога больш няма!
Сьмешны судзьдзя чалавек! Зоя гаворыць, а мне чутна кажнае яе слова:
— Я за табою. Ужо 9-ая гадзіна, а ты і ня думаеш.
— Пачакай! Куды ляціш, як ва пажар?.. Лепш скажы, дзе ты ўчора была, чаму на сход не зьявілася? — пытаецца Крэйна.
— Шкулік прычапіўся, і мы разам пашлі ў рабочы клюб на лекцыю.
— Лекцыю? Якую?
— Ат! Нічога цікавага! Зьбілі лектара з панталыку... Я добра і ня чула, што гаварылі... Падсеў да мяне гэты чорт тэлефаністы Сьвердзялюк, ды глупства рабіў... Ой, Крэйначка, чаго толькі ня вёрз ён! Вось яшчэ чапяла чортава! Да душы кажу, у другі раз не сьцярплю!.. А ўчора неяк нялоўка было цыкнуць на яго, ды вархал узьняць... У другі раз пры людзях абсаромлю. Знайшоў цацку, дурыла!
— Але-ж, скажы, пра што гаварылі хоць?
— А добра і ня ведаю. Нешта гаварыў пра наша мястэчка, як жылося тут даўно, даўно, тады, калі людзі рыбінымі іголкамі шылі ды ў скурах зьвярыных хадзілі... Пасьля быў тут нейкі князь Баболя, які катаваў людзей за бульбу, бо не хацелі сеяць яе... Дык ведаеш: Шкулік узяў блёкнот ды пачаў даваць пытаньні лектару: якая цана была тады на бульбу, які быў процант няпісьменных, колькі было беспрацоўных? А лектар ні бэ, ні мэ на гэта. А мы...
Апошнія словы я ледзьве пачуў. Крэйна, мабыць, мірганула, што я тут і зьяўляюся перашкодай для вядзеньня інтымных размоваў.
«Добра! — падумаў я. — Цяпер я троху ведаю, што вы за птушачкі. У справу ўнесена грунтоўная яснасьць. Ці не распачаць мне змаганьне на два фронты?»
Ад гэтай думкі ў мяне зрабіўся вельмі вясёлы настрой і адпаведная тэмпэратура ўва ўсім целе. О, як добра жыць, быць здаровым, поўным энэргіі й мужнай сілы!
У гэты момант я нават і ня ведаў добра, што я буду рабіць, але для мяне адно было вельмі зразумелым: неабходна ўзмацніць агонь па гэтым сэктары, неабходна зрабіць вылазку ў гэтым кірунку...
Я хутчэй пачаў апранацца, пырснуў вадой на свой твар і шпаркімі крокамі вышаў на двор.
Двор быў чысьценькі, абгароджаны частаклетам. Быў добры садзік. і зь яго плыў лёгкі пах чарэмхі. Прыемнае хваляваньне ў крыві выклікаў гэты пах.
Я сеў на лавачцы каля саду і зрабіў належны выраз ва маім абліччы.
Супроць лавачкі было вакно Крэйны, і мне хацелася, каб яна зірнула на мяне. Я галаву накіраваў троху ў бок, сьціснуў губы, прымружыў вочы, надаўшы ім выраз нейкага лёгкага суму. Адной рукой я абапёрся на калена, а другую, як быццам зьнясілены, спусьціў дадолу.
Праз хвіліну мая тактыка мела бліскучыя вынікі. Ваконца Крэйвы ціха, бяз шолаху, адчынілася, і з боку яго высунуліся дзьве дзявочыя постаці, якія разглядалі моўчкі мяне.
«Няхай жыве мая асоба! — радасна думаў я. Першы крок зроблены. Цяпер толькі трэба дэталізаваць праграму чыннасьці і вызначыць, так сказаць, арганізацыйныя формы нямінучага працэсу. Сягоньні-ж трэба падумаць аб гэтым, як прыду з канцылярыі».
Я ўстаў зь месца, цяжка ўздыхнуў, нібы ў мяне вялікае, глыбокае і шырокае гора. На хвілінку нібы аслупянеў. Я глядзеў у далячыню, дзе за садам сінела неба і зелянелі лугі, а за імі зялёнаю, нібы пуховаю, мумкаю прыгажэў вясновы лес.
Прызнаюся, я троху захапіўся малюнкам вясны і на хвіліну забыўся аб Крэйне.
З дрымотна-салодкага аняменьня мяне вывеў ціхі мэлёдычны дзявочы сьмех.
Я зірнуў на вакно і прывітаў:
— Добры дзень, Крэйна! Гэта вы сьмяецеся так рана?
— А можа нельга так рана сьмяяцца? — высунулася яна з вакна, за ёю і Зоя. Абедзьве прыветна кіўнулі мне.
Крэйна запытала:
— Ну, як падабаецца вам кватэра, сад?
Я адказаў:
— Ах, мілыя чалавечыцы, мне нячувана добра ў гэтым глухім і прыгожым куточку Беларусі, і я ўжыву ўсе захады, каб затрымацца тут на доўгі час, калі не навек!
Пасьля гарбаты я з Крэйнай і Зояй накіраваліся ў выканком.
Было напярэдадні 1 траўня. Вуліцы падмяталі, вокны мылі, ганкі шаравалі. Міліцыя наглядала, каб мястэчка выглядала сьветлым і прыбраным. Была разьвешана аб'ява, каб перад сьвятам тры разы ў дзень падмяталі вуліцы: а 9-ай гадзіне, а 15-ай і 21-ай. Усе грамадзяне шчыра выконвалі гэты зусім сваячасовы загад.
Мы асьцярожна праходзілі паміж узброеных доўгімі мятламі падлёткаў і дарослых. Прыходзілася пільна сачыць, каб не папасьці ў самы пыл. А пыл быў узьняты такі моцны, што нельга было нічога разгледзець.