Запіскі Самсона Самасуя
Шрифт:
— Маўчы і еж, пакуль не запяеш! — адказаў яму Торба, скрыльком вянгліны ляпнуўшы агэнта па твару.
Мужчыны шмат пілі гарэлкі і моцнай густой, як сыроп цягучай, настойкі, замацаванай гарэлкай. Дзьве-тры шклянкі апошняй дзіўны настрой выклікалі ў мяне. У сваіх мускулах я заўважыў нейкую тэхнічную адсталасьць: зьявілася нястрыманае жаданьне прыхіліцца да пляча Крэйны, захацелася, як жывёліна, глядзець у яе бяздонныя вочы, узяць яе мікраскопныя рукі ў свае і гладзіць дзяўчыну, як курачку-натапурачку; хацелася сьпяваць ёй гымны, упрыгожыць яе чало ружамі, уськінуць ёй на плечы шаўковыя тканіны і замацаваць уладу над ёю моцнымі пякучымі пацалункамі. Бачачы мае электрафікаваныя вочы, Крэйна адхілілася ў бок і частавала мяне:
— Ежце, ежце, а то нічога ня будзе!
А Торба адразу зьвярнуў увагу на маё захапленьне Крэйнай. Між намі ён прасунуў нечакана сваю кэнтаўраву руку і напалохаў нас.
— Не, не! — сказаў ён. — Усёроўна нічога з гэтага ня будзе! Дабіцца, брат, ад яе чаго-небудзь — справа доўгая, як макарон.
Крэйна хацела відэльцамі калянуць яго пад бок, але Торба сваячасова ўхіліўся ад гэтай кары. Ён падсеў да Зоі і пачаў частаваць яе, трымаючы за стан. Дзяўчына перапалохалася праяў гігантызму і пераскочыла на другі фронт. Торба сказаў:
— Казінае племя — дзеўкі! Нуль увагі і тры кілё пагарды!
Да мяне, як да начальства, з друтога боку прысела настаўніца Крутарожка і пачала захапляцца сяньняшнім сонечным днём, лесам, пахам чарэмхі, курганамі, блакітнымі кветкамі, мятлушкамі і іншымі сараканожкамі.
Праўда, вельмі добра было ў гэтым лесе. Цьвіў сон, яго сінія балабоны калыхаліся ад лёгкага ветрыка на вялікай прасторы.
Крутарожка нарвала пук кветак і дала іх мне.
Торба сказаў:
— Кіньце гаварыць аб мятлушках ды кветках! Вам гэта не да твару. У вас гэта штучна, суха! Прыгожа могуць гаварыць толькі няпрыгожыя жанчыны...
— Усімі задрыпаныя ідэі! — сказаў я, а страхагэнт дадаў:
— Яго іншы раз мутарна слухаць. Трэпле, як лапатай пустой!
— Правільна! Правільна! — засьмяяўся Торба, і сьмех яго быў, як выбухі пяруна. — Рэж праўду-матку, покуль не зарэжаш, халеру! Але-ж усё такі ты сурагат, не чалавек!
Людзі ўсе ўжо троху падмацаваліся і пачалі парамі ці групамі зьнікаць у гушчарах лесу. На месцы засталіся тыя, якім ляна было скрануцца зь месца ад пералітага ў сябе пітва. Гыля і Юрлік расклалі шахматы: надзвычайна заўзята вялі змаганьне. Жанчыны доўга з агідай глядзелі на іх спаборніцтва, потым нечакана, моўчкі прыйшоўшы да згоды, раптам наваліліся на «шахі» і перамяшалі ўсё. Ваякі, як азьвярэлыя, кінуліся на жанчыны. Узьняўся такі вархал, што ніякіх каштоўных прапановаў ужо ніхто ня слухаў. Віно бушавала.
Крэйна супакоіла ўсіх. Яна ўнесла прапанову рыхтаваць гарбату.
— Добра! Добра! — суцішаючы ўсіх, гаварыў Торба. — Гарбата — добрае зельле: і вантроба поўна і розум цэлы!
А я запрасіў Крэйну праветрыцца па лесе. Яна, троху падумаўшы, дала мне руку і мы адышлі. Торба крыкнуў:
— Трымай, брат, калі спаймаў!
Мы селі на курган недалёка ад усіх. Я моўчкі любаваўся Крэйнай. Ёсьць абліччы прыгожыя, як гэтыя сінія кветкі — сон. На іх хочацца глядзець і пакутваць непераможнымі жаданьнямі.
Гледзячы на Крэйну, я сьмяяўся шчасьлівым жарабячым сьмехам. Яна зьдзіўлена пашырыла свае вочы і чакала, што з гэтага далей будзе. Тады я набраў моцы і сказаў:
— Крэйна! Крэйначка! Будзем з табой на ты? Добра?.. Далей слухай, што я скажу. Закахаўся ў цябе я — праўду кажу. Ты павінна зьвярнуць на маё захапленьне максымум увагі. У маім каляндарным пляне на сяньняшні дзень вызначана два бязьвінных пацалункі ад цябе. Гэтага я павінен дамагацца ад цябе, чаго-б мне гэта ні каштавала!
І сказаўшы гэта, ня доўга думаючы, я прыцмактаўся да чырвоных Крэйніных губ і запальна піў агністую кроў дзявоцтва!
Прыйшоўшы ў сябе ад неспадзяванасьці, Крэйна адштурхнула мяне і так моцна, што ледзьве не загурчэў далоў з кургана. Тон у тон мне Крэйна сказала:
— Не цалуй мяне, ты прыцягваеш увагу шырокіх мас! Я зноў шчыльна прыхіліўся да яе, абхапіў яе калены рукамі і, гледзячы ў вочы ёй, задаў пытаньне:
— У які тэрмін ты, Крэйна, выканаеш маю запальную просьбу аб адзнаках тваёй прыхільнасьці і захапленьня?
Крэйна страціла прытомнасьць ад сьмеху, потым схапіла мяне рукаў і штурхнула далоў. Я ляцеў з гары, як бульба, і сьпелесаваў сабе нос. Калі я ўзьняўся ад зямлі, Крэйны каля мяне ня было.
Я зноў пашоў да купы. Там разгарэліся спрэчкі між настаўнікам Мамонам і маскоўцамі. Спрачаліся аб нейкім мандызьме. Ніхто нічога не разумеў, але з уздымам спрачаліся. Я таксама выказаўся супроць Курыцы і Курапаты. Мая лінія была вельмі выразная. Я заўсёды спрачаюся толькі тады, калі чаго-небудзь не разумею. А таму я сказаў:
— Усе гэтыя ідэі нам непатрэбны. Усё гэта — атрута капіталістычнай прадажніцкай прэсы!
Мяне падтрымаў Бурчайла:
— Я чытаю толькі кніжкі, на якіх ёсьць лёзунг «Пралетарыі, злучайцеся!» А старыя кнігі нават брыдка чытаць!
Торба, памахаўшы галавой, сказаў яму:
— Гора ты чубатае!
Мяне гвалтоўна цягнула да Крэйны. Дзе мне адшукаць яе, каб разам не сьпяшаючы брысьці да дому, мякка прытуліўшыся да яе пяшчотна-цёплага пляча?
Ужо цямнела. Зоркі ціхія, няясныя саромліва запальваліся ў небе. Засынаючы, зязюля нейдзе блізка пракукала 5 разоў, салавей зацьвірчэў у чарэмхавых хмызьнякох.
Я плюс яна!!! Вось формула маёй далейшай чыннасьці — дынамічна мысьліў я.
Неабходна хутчэй дайсьці да фініша, неабходна мець пэўныя, канкрэтныя вынікі. Сяньня мая атака дала адмоўныя вынікі, у далейшым неабходна выраўняць лінію. Неабходна падыйсьці да дзяўчыны ціха, мякка, як зьвер, як тая перапялёсая тыгра, што неспадзявана ловіць сваю ахвяру і накіроўвае яе ў сваю зяпу. У гэты вечар, ці ноч, як будзем мы ісьці да дому, я зраблю ёй даклад аб сваім гарэсным адзіноцтве. У думках я вызначыў асноўныя тэзісы дакладу і намеціў рэзалюцыю, прыняцьця якой я буду дамагацца ад Крэйны.
Думаючы пра гэта, я нейкім нюхам ішоў па яе сьлядох. Я прашоў лесам над рэчкай і вышаў на старое гарадзішча. Тут я ледзьве ня страціў, прытомнасьці. Крэйна стаяла каля старой сасны, а зь ёю быў Лін. Лін! Якім чынам ён прыплыў сюды, калі яго з намі ня было?
Гэта одыёзная рыба ўзбунтавала ўсю кроў маю, сарвала мой плян. Я пакляўся ўжыць усе мэтады, каб Лін сышоў з майго шляху. Я падышоў да пары і штучна супакойна запытаў:
— А! І таварыш Вокунь тут? Здаецца, вас ня было з намі? Але лепш позна, чымся ніколі! Праўда, тав. Вокунь?
Нельга апісаць тое абурэньне, якое абхапіла Ліна, калі я наўмысьня перахрысьціў яго. Ён, крыху адышоўшы ад Крэйны, шчыльна прыступіў да мяне і, гледзячы чырвонымі ад злабы вачмі, зашыпеў на мяне, як вуж:
— Што вам патрэбна ад мяне? Я вас ня ведаю і ведаць не хачу.
Плюнуўшы, ён адвярнуўся, схаліў Крэйну за рукі і шпаркімі крокамі пашоў зь ёю ў другі бок.
Я застаўся бязь «лініі». Я доўга сядзеў на гэтым заклятым гарадзішчы, доўга да крыві кусаў свае пазногці і невясёла думаў, што я папаўся ў кіпцюры красуні-авантурніцы.