Запіскі Самсона Самасуя
Шрифт:
Крэйна яму прыхільна ўсьміхнулася, неяк дзіцяча расчыніла рот і кіўнула галавой, а ён мэлянхольна працягнуў ёй руку.
Я запытаў у дзелавода, што гэта за Джэк-вантробшчык дзявочага сэрца. Дзелавод сказаў: — Гэта аграном Агнісьцік.
Аграном прысеў на рог стала і неяк сумна пазіраў на Крэйну. Прышоў яшчэ настаўнік Юрлік, які, сказаўшы мне пяць слоў у галіне культпрацы, падсеў потым таксама каля Крэйны і пачаў чытаць інструкцыю аб карыстаньні жыцьцём. Ён павольна скруціў вялікую таўшчэзную цыгарку, прыляпіў яе да ніжняе губы, запаліў і, ня вымаючы яе з роту, гаварыў, гаварыў і гаварыў, алраўдваючы сябе ў нейкім злачынстве.
— Я быў п'яны тады, Крэйна! — паўголасам гаварыў ён. — У нелегальнай форме. А ты дурненькая... у цябе палітычная верлавокасьць, калі ты прыймаеш гэта ўсур'ёз.
— У цябе грубы падыход да жанчыны, — сказала Крэйна ціха. — Думаеш, што яна жывёла... Вось і наляцеў, цяпер самому сорамна ў вочы глядзець...
— Крэйна, пагодзь мяне зь ёю! Я ня буду больш так рабіць! Ведаеш, я ня вінен у гэтым... У школе 3 настаўніцы, а я адзін хлопец, ну і шчыплю іх. А яны склоку між сабой завялі.
Пасьля я даведаўся пра гэту гісторыю. Юрлік незадоўга перад гэтым на нейкай вечарыне наладзіў сыстэматычнае паляваньне на жанчын. Першай ахвярай была настаўніца Зязюлька, якая публічна, у прысутнасьці шырокіх савецкіх мас, абразіла яго, па-першае, абазваўшы яго высокакваліфікаваным хамам; па-другое, змазаўшы яго па твары нечаканай і выразнай па гуку поўхай; па-трэцяе, не пасьпеў Юрлік ачухацца і нейкую абарону ці рэабілітацыю прыдумаць, як Зязюлька новую поўху прыляпіла ўжо левай рукой і хутка зьнікла з вачэй усіх прысутных. Гэты інцыдэнт меў дзіўныя вынікі: настаўнік Юрлік загарэўся нястрыманым імкненьнем да Зязюлькі і шукаў выпадку зноў па-сяброўску гаварыць зь ёю.
З габінэту вышаў старшыня тав. Сом, прашоў каля нашых сталоў, спыніў свае вочы на аграноме і настаўніку і роўным голасам заўважыў:
— Сталы ў канцылярыі зроблены не для сядзеньня. Таксама і курыць нельга: калі кажны будзе курыць, тут немагчыма будзе працаваць. Мне прыдзецца штрафаваць за парушэньне правілаў.
Сказаўшы гэта, старшыня пашоў далей.
Аграном замітусіўся і адразу страціў усю сваю мэлянхолію.
— Калі ў вас і зэдляў няма, — апраўдваўся ён перад Крэйнай і пачырванеў.
— Чаму ўсе дзелаводы кураць, ім дык можна! — сказаў і Юрлік.
— Ім можна, яны ўвесь час працуюць тут, а вы... — заўважыла Крэйна.
— А я набрыдзь? — усьміхаючыся запытаў настаўнік і пакінуў канцылярыю.
А мне дык вельмі спадабаўся гэты інцыдэнт. Я падумаў: правільна, трэба з дробязяў пачынаць, трэба ўсё браць на ўвагу. Памойму, у гэтым і ёсьць агульнае кіраваньне, неабходнае ў нашым някультурным жыцьці.
Прышоў яшчэ начміл Какоцька і, пабыўшы хвіліну каля Крэйны, прашоў у габінэт старшыні.
Я таксама пашоў туды. У мяне зьявілася шмат запытаньняў, якія трэба было зараз-жа вырашыць.
Тав. Сом слухаў справаздачу начміла.
— Мною праводзіцца ў жыцьцё такая пастанова, — пачаў гаварыць начміл, — каб да 1 траўня ўсе грамадзяне нашага мястэчка паставілі перад дамамі ліхтары, каб на вуліцах праклалі тратувары. На камунальныя сродкі і часткова за прыватніцкія думаем вясною забрукаваць вуліцу да РВК. Па-другое, неабходна забараніць каровам хадзіць па тратуварах. У мястэчку налічваецца каля 30 штук такіх інтэлігэнтных кароў, якія лічуць ніжэй свайго гонару ісьці па вуліцы. Мы думаем аслухных штрафаваць і першы раз браць у каровы 1 р., другі раз 2 р. і трэці раз 3 р.
Тав. Сом ледзьве ўсьміхнуўся і зьвярнуўся да мяне:
— Якога вы пагляду адносна гэтага?
— У мяне будуць такія дадаткі і зьмены да сказанага тав. Какоцькам, — сказаў я. — Неабходна яшчэ зусім пазбавіць сьвіньняў права паказвацца на вуліцы. Бяспрытульных валачобнікаў заганяць на выканкомскі двор і браць па 1 р. за эгзэмпляр, калі знойдзецца ўласьнік жывёлы. Апрача гэтага, неабходна зарэгістраваць у З-дзённы тэрмін усіх сабак і кошак і гэтым даць магчымасьць статорганам ведаць лік сабачага і кацінага насяленьня ў мэтах экспортных магчымасьцяў.
Старшыня зірнуў на мяне і забарабаніў пальцамі.
— Урэшце, — сказаў я, міліцыі неабходна завастрыць увагу і на такім факце: на вёсцы зьявіліся хлапцы, нават камсамольцы, якія таўкуцца ў народзе ды запісваюць стары быт. У гэтым няма выстарчаючай плянавасьці. Запісваюць усё, што пад руку пападзе — песьні, прыказкі, забабоны і ўсякае непатрэбнае глупства. Небходна, каб міліцыя мела за гэтым нагляд і дазваляла гэта рабіць толькі тым, у каго будзе ад культаддзелу паперка.
Тав. Сом гучна засьмяяўся і сказаў:
— Вашыя дадаткі й зьмены яшчэ рана ўносіць. А наконт вашых, — сказаў ён, зьвярнуўшыся да начміла, — пакуль што патурбуйцеся аб тратуварах, ліхтарох ды забрукаваньні вуліцы. Усё іншае кіньце.
Мяне гэта задзівіла.
А каровы, а сьвіньні, сабакі? — падумаў я. — Ніякай культуры. Навет дарогі ня ўступаюць. Поўнае роўнапраўе зь людзьмі!
Як скончылася праца ў выканкоме, я самую пільную ўвагу зьвярнуў на тое, каб ісьці дадому, разам з Крэйнай. У дачыненьнях да яе я меў пэўную мэтавую ўстаноўку. Я трымаў курс бліжэй пазнаёміцца зь ёю.
Ідучы па вуліцы, я загаварыў зь ёю ў самых вытрыманых тонах. Я жаліўся ёй, што новаму чалавеку вельмі цяжка наладзіць жыцьцё ў мястэчку, і прасіў яе параіць мне што-небудзь добрае ў гэтым кірунку.
Яна ўважліва слухала мяне, а я ў свой голас уліў усю пяшчотнасьць і мужчынскае зладзейства, наколькі мог. Яна спачувальна паставілася да мяне: пачала апавядаць пра мястэчка, пра тутэйшых людзей, іх звычаі, думкі, плёткі, забавы. Мы ня прыкмецілі, як падышлі да яе кватэры.
Я ўжо хацеў разьвітацца зь ёю, але яна параіла мне кватэру тут-жа, у доме, дзе жыла яна.
Даю фактычную даведку, што такі зварот справы вельмі ўзьвесяліў мяне, бо відавочным зрабілася, што я пачаў весьці на яе правільную атаку і адразу для мяне вызначыўся шэраг дасягненьняў. Вызначыліся й шляхі далейшага разьвіцьця нашых узаемаадносін: кажны дзень, жывучы побач зь ёю, я павінен паступова апрацоўваць яе думку наконт правільнасьці й натуральнасьці маей асноўнай вытворчай лініі.
Ідучы ад Крэйны ў заежджы дом, я быў у такім узьнятым настроі, што адным махам пераскочыў на рынку шырокую яміну з гразнай вадой. Гэта выклікала нязвычайнае задзіўленьне хлапчукоў, якія бегалі тут. Некаторыя зь іх паспрабавалі быць маімі пасьлядоўцамі, але, ня гледзячы на свой юнацкі запал і спрытнасьць, сьвістарэзнуліся ў самае балота пад сьмех сваіх таварышаў. Я пашоў далей, а ўсьлед мне глядзелі з захапленьнем вочы хлапчукоў.
Праз два дні я перавёз на новую кватэру свае «прычындалы».
Мне вельмі добра спалася ў тую першую ноч, і сьніў я Крэйну.
Быццам сядзеў я з Крэйнай у садзіку, і яна зрабіла мне прапанову пайсьці зь ёю на Лютнянскі шлях. Зразумела, я прызнаў гэту прапанову адпавядаючай сучаснаму моманту і прыняў удзел у прыродна-геаграфічнай экскурсіі.
Па дарозе, калі з нашага вока схаваліся местачковыя будынкі, я мякка ўзяў яе пад пашкі і мы пашлі шчыльна прыціснуўшыся адзін да другога.