Запіскі Самсона Самасуя
Шрифт:
Каля вэтэрынарнай амбуляторыі мы спаткалі нейкага жвавага піпканосага маладога чалавека ў вышыванай сарочцы. Правільней кажучы, ён наляцеў на нас і ледзьве ня зьбіў нас з ног. Ён некуды сьпяшаўся.
Крэйна схапіла хлапца за рукаў.
— Ці не на дождж ты разьбегаўся?
Малады чалавек радасна ўсьміхнуўся дзяўчатам і, схапіўшы лоўкім манерам пад пашкі абедзьвюх дзяўчын, адразу зьмяніў кірунак свае хадзьбы разам з намі.
Крэйна пазнаёміла:
— Гэта тав. Шкулік Зізь, касір рабкопа і кіраўнік драмгуртка.
Я зірнуў на Зізя. Хударлявы, чарнамазы хлапец, зь вельмі кучаравымі згуртаванымі валасамі, але такімі вялікімі, што на галаве нібы сядзела сароччае гняздо. У яго былі бегаючыя бліскучыя вочы, чырвоныя бэконныя губы і крыклівы, тлумна-вясёлы голас.
Шкулік засыпаў:
— У мяне да вас прапанова і нават загад. Вы ведаеце, што заўтра будзе?
— Што будзе? Сьвята будзе.
— Гэта ўсе ведаюць, нават эмбрыёны. А ці ведаеце, мы заўтра наладжваем грандыёзную маёўку ў лесе.
— Аб гэтым мы ня чулі! — зацікаўлена ў вадзін голас прызналіся дзяўчаты.
— Дык вось, я прапаную вам запісацца ў мяне. Ганеце адзін рубель з вашага чароўнага рыла.
Мяне гэта як сярпом разанула. Паколькі ў маіх руках цяпер асноўныя спрунжыны культуры ў раёне, дык павінен-жа я наглядаць, каб людзі былі ветлівы, абыходлівы і ня выходзілі зь межаў прыстойнасьці.
Я зрабіў незадаволены выгляд і зьнішчаюча зірнуў на Зізя.
Крэйна зразумела:
— Яго сумазбродзьдзе даўно з глуздоў зьехала! Усё Шкуліку дазволена, усё з рук сходзіць.
Як здалося мне, Крэйна нават мяккімі вачыма, як маці, зірнула на Шкуліка, і мне было зайздросна.
— Не, мае глузды ўсе дома — адгрызнуўся Шкулік і, нядоўга думаючы, ушчыкнуў Крэйну. Гэты выбрык ён правёў пад акампанімэнт уласнага голасу:
Як мой мілы ушчыкнуў, Маё сэрца здрыгануў.Крэйна мякка шляпнула яго па патыліцы. На даламогу зьявілася і Зоя, якая, відаць, яшчэ раней атрымала ад Крэйны адпаведныя дырэктывы і працавала па мэтаду індывідуальных заданьняў. Не саромлячыся мяне, дзяўчаты ўзялі Шкуліка на рэмус, ірвалі яго за вушы, зь нябывалай актыўнасьцю чапляліся ў яго валосьсе, зь нячуваным зьдзекам адносіліся да яго ружовага твару. У гэтую юнацкую булку яны ўпіваліся, як у памідор.
Але і Шкулік лоўка калатушыў супраціўніц, хапаючы іх за рукі, бязьлітасна шчыплючы, дзе прыдзецца.
Такім чынам, штурхаючыся, рагочучы, ойкаючы і вясёла стогнучы, дайшлі мы да выканкому.
Мая пазыцыя была досыць нявытрыманая. Мне хацелася схапіць гэтага кудлатага хлапчука і расьцягнуць як мыш якую, але прысутнасьць Крэйны стрымлівала мяне. Яна мне была міла, ня гледзячы на тое, што прыймала ўдзел у бясчынствах на вуліцы і дыскрэдытавала савецкага працаўніка.
Добра яшчэ, што на вуліцах пыл вялікі быў, і ніхто ня бачыў нашых учынкаў. На ганку РВК Шкулік спыніўся. Крэйна запытала:
— А хто яшчэ запісаўся?
— Будзе невялікая кампанія, але цёплая. Самыя цікавыя для цябе, Крэйна, людзі...
— Хто-ж гэта?
— У першую чаргу я...
— Ты? Ты заўсёды прылепішся. Безь цябе ніяк нельга.
Шкулік прычыніў адно вока, другім зірнуў на Крэйну, потым на Зою і, як чалавек барахольнага маштабу, шальмоўна падміргнуў. Яны абедзьве засьмяяліся.
Я хацеў пайсьці ў канцылярыю — гэты шылахвост Шкулік выклікаў у мяне паступова ўзрастаючае абурэньне.
Крэйна спыніла мяне:
— А вы будзеце на маёўцы?
— Калі вы будзеце, дык і я.
— Мы з Зояй будзем.
— Добра! Можаце і мяне кааптаваць у склад цёплай кампаніі! — сказаў я Шкуліку. Ён запісаў мяне, узяў грошы і потым пералічыў удзельнікаў:
— Будуць: Торба, Мамон, Гарачы, Юзька Гыля, Сьмятана-Бурчайла з жонкай, Сьвердзялюк, Хвэя бяз жонкі, Самчык, настаўніца Крутарожкава, настаўніца Зазюлька, тэлефаністка Горбік...
— Жанчын можна ня пералічаць. Нас гэта зусім ня цікавіць! — заўважыла Крэйна.
— Зразумела, будуць яшчэ Зычок, Дулянок, Кудлянок і ўся сям'я Галавасьцікаў.
— А багародзіца з сынамі будзе? — запыталася Зоя. Усе пераглянуліся і аж сагнуліся ад сьмеху. Я нічога не разумеў. Крэйна дала тлумачэньне:
— У нас ёсьць такая грандама, якую нехта назваў яшчэ грандотэльдама, а мы завем багародзіцай. У яе тры надта вучоныя сыны: адзін спэцыялісты па сельскай гаспадарцы, другі юрыст, трэйці нейкі дыплямат быў, адным словам, ня людзі, а багі. Яны, сыны, у Маскве і прыехалі сюды, каб усё сваё кодла забраць туды. Нават бабу стагоднюю забіраюць. Досыць жыць тут.
— Як прозьвішча іх? — запытаўся я.
— Багародзіца была два разы замужам. Першы раз была замужам за Курыцай, а другі раз за Курапатай. І сыны яе два ад Курыцы, а адзін ад Курапаты. Як Курыца, так і Курапата былі арандатарамі ў пані Більдзюкевічыхі і толькі за арэнду ў год плацілі 15 000 руб.
— Ого-го!
Вечарам у той дзень быў урачысты сход усіх прафсаюзаў. Я няўхільна працягваў палітыку заваёвы сэрца Крэйны.
Сход быў у клюбе пры нардоме. Клюб быў цесны, на другім паверсе, і ад залі нардому быў аддзелены тонкімі шалёвамі, празь якія добра было чуваць усё, што рабілася ў нардоме. А там у гэты час адбывалася рэпэтыцыя да першамайскага спэктаклю, і людзі, якія прыймалі ўдзел, выварачвалі ўсе свае вантробы ад наплыву трагічных пачуцьцяў.
— Я заб'ю вас, як сабаку, генэрал! — крычаў нехта на сцэне.
— А-а-а! — задыхаўся другі ад злабы — гэта вы той самы анёл сьмерці, што зьдзекваўся над людзьмі!
На ўзвышшы ў клюбе стаяў засланы чырваньню стол і вакол яго вельмі нізкія лавы.
У прэзыдыюм вызначылі 7 асоб: Крэйна высунула і маю кандыдатуру. Я зрабіў ёй пагрозу пальцам, але з прыемнасьцю пашоў і сеў. У прэзыдыюм абралі яшчэ жанчыну доктара, але яна адгаварвалася.
— У мяне на мястэчку цяжкія нарадзіны, і кажную хвіліну мяне могуць паклікаць.
— Тады і пойдзеце! — не згаджаўся сакратар райкому.
— Не, не і не! — змагалася доктарша. — Я лепш тут каля дзьвярэй сяду.