Запіскі Самсона Самасуя
Шрифт:
А сама акушэрцы ціха гаварыла, і я чуў гэта:
— Нялоўка мне, немаладой ужо, Ісьці туды, ды сядзець куклай, глядзець на ўсіх.
«Якая несьвядомасьць!» — падумаў я.
Калі мы ўсе селі за стол, дык не адразу змаглі вызначыць сакратара. Пры гэтым лавы не адпавядалі сваёй мэце: над сталом было добра відаць толькі нашы ілбы, а рот, нос і ўсё іншае было схавана ад вока прысугных.
Хацелі мяне вызначыць за сакратара, але я прасіў устрымацца.
Калі ўсё больш-менш супакоілася, і слова далі дакладчыку, я сеў збоку стала і пачаў асьцярожна глядзець на Крэйну. Побач зь ёю сядзеў бухгальтар РВК тав. Лін. Яго я прыкмеціў у райвыканкоме. У гэты дзень ён вельмі часта прыбягаў да Крэйны, нешта ціха гаварыў ёй, паказваў нейкія паперы, чытаў нейкія рэзалюцыі, тэзісы, мітусіўся, як уліцкаваны растратчык.
Лін быў досыць уважысты чалавек, у маіх гадох, бялявы, з доўгімі, пухнатымі як вафлі, вусамі, блакітна-шэрымі мяккімі, з масьлявай вільгацьцю вачыма і ружовым, як у сьвіньнёнка, тварам. Зірнуўшы на яго, адразу можна было канстатаваць, што гэты індывід мае значныя дасягненьні ў галіне сыстэматычнага паляваньня за ідэйна трухлявымі, але чароўнымі мяшчаначкамі.
Мяне моцна разанула па сэрцы, калі я пераканаўся, што Лін (і прозьвішча як у сук улеплена!) зусім ня слухае дакладу, а шчыльна, як вуж, абкруціўся каля Крэйны і мілосна нешта напявае ёй. О, кваліфікаваная падла! Як я хацеў-бы ў той час ціхенька падабрацца да яго шапкай нявідкай і вострай іголкай калянуць яму язык ці стабілізаваны зад.
Пасьля дакладу былі запытаньні. У прэзыдыюм было пададзена 7 пісулек, у якіх прасілі растлумачыць, што азначаюць словы: пэрыфэрыя, квінтэсэнцыя, прызма, рацыяналізацыя, стабілізацыя, уцілізацыя і г.д.
Пасьля афіцыйнай часткі абвесьцілі перапынак. Чакалі канцэрту.
Крэйна выйшла з нардому. Я пасьпяшыў за ёю, бо хацелася хутчэй намацаць глебу для больш інтымных спраў. Але дзяўчына, вышаўшы з нардому, як вадою разьлілася.
Сумны, з пачуцьцём нейкай смолі на сэрцы, я накіраваўся за глухую сьцяну нардому. Тамака было цямрава, і толькі троху далей высоўваўся змрочны сілуэт сынагогі, за ёю сілуэт другой сынагогі і трэцяй. Будынак нардому да рэвалюцыі таксама быў сынагогай і самай пекнай з усіх 5 местачковых сынагог. Але ў 19 годзе, дзякуючы няўтомнай энэргіі і маньяцтву двох людзей — настаўніка Кадабухі і старшыні рэўкому Беларыбкі — сынагога перавярнулася ў добра абсталяваны з дэкарацыямі і мэбляй нардом. Мне гаварылі яшчэ, як будавалі гэты нардом. Калі выканком зачыніў сынагогу і пачаў шукаць людзей, каб перарабіць яе на нардом, дык ніхто зь цесьляроў не пашоў на працу, ні яўрэі, ні хрысьціяне. І будавалі ўсё настаўнік Калабуха і старшыня Беларыбка. Зь імі яшчэ працаваў адзін чалавек, ды ён быў зусім глухі. І вось адзін раз, настаўнік Калабуха ўбіваў цьвік у самы кумпал сынагогі. Прыладзіў драбіны і пачаў моцна бухаць па цьвіку, але... драбіны пахіснуліся... Настаўнік затрымаўся на ўбітьм цьвіку і павіснуў на сьцяне, а драбіны ўніз паляцелі. Ён закрычаў, але ніхто ня чуў... Зь ім працаваў і той глухі дзед, якому ўсё роўна было, ёсьць Бог ці няма. І ён ня чуў крыку «ратуйце». А з вуліцы ніхто ня прышоў, хоць, кажуць, і чулі ўсё гэта. Толькі выпадкова дзед узьняў вочы ўверх і ўбачыў, што трэба ратаваць. Цяпер часта апавядаюць гэту гісторыю.
Я стаяў у змроку каля сьцяны нардому і разьбіраўся ў сваіх думках. Было ціха. Ніхто сюды не заглядаў. Там, з другога боку нардому, чуўся тупат бязьлікай колькасьці ног.
Раптам мае вушы схапілі стрыманы дзявочы сьмех і нізкі гудлівы працяжны голас мужчыны. О, як затахала маё сэрца, як заварушыўся мой мазгавы апарат!
Яна! Яна! А зь ёю Лін!
Яшчэ больш прыціснуўся я да сьцяны, урос у яе. Два чорных цені прайшлі за нардом і спыніліся.
Лін, як жаба пяшчотная, вёў сваю лінію:
— Крэйна, каб ты ведала маю горкую долю, ты ніколі не сьмяялася-б зь мяне... Як убачыў я цябе, на ўсё забыўся! Ты прыгажэй за сонца (Сабачае мяса! — сказаў я сам сабе), мацней за магнэс! Калі гляджу я ў твае вочы, я забываюся на прафсаюз (Сьвіньнячае вуха! Сёньня-ж гаварыў: мы, шапялёўскі пралетарыят, павінны паказаць профдысцыпліну!), на абавязкі і бачу толькі цябе, Крэйна! Ты стаіш днём і ноччу перад вачыма...
Крэйна яшчэ раз дзынкнула сьмехам.
— Глупства! — сказала яна яму, а ў мяне на сэрцы лёгка, лёгка зрабілася. — Гэта вар'яцтва! Ці ня сорамна табе дзяўчыну спакушаць? У цябе-ж, паважаны таварыш, жонка, трое з паловай дзяцей!
— Ты сьмяешся, а я не магу жыць безь цябе!.. Хочаш, Крэйна, кіну жонку, буду жыць з табой!
— Я зусім ня думаю аб гэтым. Ніколі гэтага ня будзе! — ціха сказала яна.
— А памятаеш Лютнянскае поле? Памяташ, сосны ў лесе шумелі, і мы з табой... Няўжо ня зьвернецца той час? Скажы, Крэйна!
— Мала што было! — ізь сьмехам адказала яна і зрабіла некалькі крокаў да нардому.
Лін схапіў яе за рукі, прыціснуў да грудзей і з запалам, якога не чакаў я, узмацніў сваё наступленьне:
— Крэйна, пашкадуй мяне! Ты мне патрэбна, як паветра, як жыцьцё. Я звар'яцею, калі ты ня будзеш кахаць мяне... Слухай! Ня хочаш запісацца, будзем жыць так...
— О, гэта вельмі проста... Ты думаеш, я гэтага баюся?
— Слухай, Крэйна! Цяпер маёй жонкі няма. Паехала да маткі. Кінем усё тут, пойдзем да мяне — пагаворым. Ніхто ня ўбача... Я адзін на ўвесь дом...
Лін задыхаўся.
— Дзе ты цяпер жывеш? — запытала раўнадушна Крэйна, а ў мяне, як полымем, грудзі абсмаліла. Гэта было нечаканае гора, ад якога паваліцца трэба было. Але я стаяў на месцы, як прыкалочаны да сьцяны.
— Жыву я цяпер у 5-ым мундоме, ведаеш там, каля барака! — сказаў Лін, і ў яго голасе мне пачулася перамога.
— Што-ж, пойдам! Пагляджу, дзе ты жывеш! — проста сказала яна. Лін радасна і ціха засьмяяўся, і сьмех яго быў, як у акулы імпэрыялізму.
У мяне як абарвалася што ў сяродку. — Дзяўчына вулічнага маштабу! — падумаў я, каб суцешыць троху сябе. Што-ж? Другім можна — даб'юся і я гэтае асалоды!
Я бачыў, як Лін крывацмокам прыліп да Крэйны, і яны ціха прайшлі каля мяне, не заўважыўшы маёй прысутнасьці. На самым рагу нардому Крэйна раптам вырвалася з цапаў Ліна і сур'ёзным голасам зьмяніла сытуацыю:
— Тут ёсьць невялікая перашкода! Ня быць таму, аб чым просіш ты! Хоць і не праціўны ты, хоць і прыгожы і прышоўся да спадобы іншым дзяўчатам, але я пашукаю лепшага!
І шпаркімі крокамі, дзынкаючы сваім голасам, як балабончыкам, Крэйна пашла ў дзьверы нардому і кінула застыглага, як слуп, Ліна ў поўнай расхлябанасьці.
— Ляцеў, як анёл, а ўдарыўся, як чорт! — ледзьве ня ў голас сказаў я, пераканаўшыся, што Лінаўскія прапановы не знайшлі практычнай рэалізацыі.
Яшчэ з раніцы, як толькі сонца выступіла на арэну дзейнасьці, Крэйна і Зоя пачалі рыхтавацца да гэтай маёўкі. Яны не пайшлі на маніфэстацыю, бо ад Шкуліка атрымалі дырэктывы пячы ўсялякія не адпавядаючыя сур'ёзнаму моманту канфітуры, смажыць цялячыя зады і набываць для такой плоймы неабходныя прылады для зьнішчэньня ежы і пітва.
А я ў профсаюзных шэрагах пашоў на Пляц Волі. Па загаду начміла ўсе профсаюзы, арганізаваныя грамадзяне і школы выраўніліся ў карэ.
Парад прыймаў старшыня выканкому тав. Сом. У яго было радаснае аблічча, ён гогалем абыходзіў нашы шэрагі, якія перад гэтым доўга выроўніваў у нітачку начміл. Я прыйшоў яму на дапамогу ў гэтым кірунку, і справа ў нас вельмі хутка пасунулася наперад. Тав. Сом кажны калектыў вітаў з пралетарскім сьвятам.
Потым адбыўся мітынг. Я выступіў з прывітальнай прамовай. Для свайго першага дэбюту ў Шапялёўцы я апрануў белую шаўковую з шырокімі адваротамі кашулю і, замест гальштуху, завязаў шырокім бантам чырвоную шаўковую істужку. Я ўпэўнены, што ўсе заглядаліся ва гэты нячувана-вялізны, крывава-прыгожы, бліскучы бант! Мяне гэта ўзнасіла на няведамую вышыню, і я з захапленьнем вітаў усіх. Грудзі шырока ўздымаліся, думкі шпарка варушыліся ў галаве, цэлы вадаспад слоў моцных, запальных ліўся сам сабою. На вялікі жаль, мне далі толькі 5 хвілін! Ці-ж можна было ўкласца ў гэты нікчэмны тэрмін? І я, забыўшыся на ўсё, разышоўся на ўсю моц! Я страціў успрыйманьне часу, і мяне прымушаны былі спыніць, паслаўшы піянэра з папярэджаньнем...