ЖАНРЫ

Збор твораў у двух тамах. Том 1. Паэзія

Гениюш Лариса Антоновна

Шрифт:
Хвалі жытнія аж да сяла
Хвалі жытнія аж да сяла. Шырыня, як акінуць вокам. Урадлівая наша зямля, нашых песень і дум вытокі. Кліч адвечны сваёй зямлі — боль шчымлівы, сляза на вейках. Як жа моцна сэрца баліць, калі грозіць ёй небяспека. Сваё вогнішча і бары, хаты ў полі, да іх дарогі, дзе зубры ад нас, як сябры, патрабуюць падчас дапамогі. Цягне з даляў чужых дамоў. Успаміны мацней ад лекаў. Ля маўклівых стаю курганоў. Добра ўсюды – ля іх найлепей. Можна вочы свае адвучыць ад сучаснага і былога. Толькі сэрцу нельга схлусіць — яно знойдзе дамоў дарогу.
Воўпа
Воўпа. Няма ўжо вулак прывычных. Цэркаўка-свечка растала, як з воску. Вораг мястэчка вайною панішчыў, пакінуўшы вёску. Так, як калісьці, луг зелянее, сцежачка ўецца, кліча дадому. На небасхіле хмары прыселі, нібы ад стомы. Вёску мінаю, сцелецца поле. Тут паўстае прад вачыма араты, нібы з дзяцінства голасам таты кліча дахаты. Сэрца аберуч трымаю ад гора. Крокам здранцвелым іду на гасцінец. Вецер мне толькі нешта гаворыць пра дарагой маладосці мясціну. Поля спытаю, ветру і дрэва, шэрага неба, нават камення: — Дзе ж тыя ўсе, да каго я дарэмна іду ў задуменні?
* * *
Пад нашым небам чыстым і сінім, дзе вёсны ўзлялеялі душу маю, жыву адзінока, жыву, бы ў пустыні, вятры мне хаўтурныя песні пяюць. Паранена сэрца, падбітыя крылы, а выйду я ноччу — ўспаміны з магіл. Не плачу, не гнуся вярбою пахілай, трымаюся моўчкі астаткамі сіл. Пытаюся ночы — каму сёння горай, каго стрэне лёсу караючы гнеў? Ці тых, хто рассеяў для людскасці гора, ці тых, хто заўсёды маўчаў і цярпеў? Нельга маўчаць, калі людзі не дрэвы, памёршым замоўкнуць, жывым гаварыць. Не крочыць зямлёю ў хістанні няпэўным, а годна, з дастойнасцю жыць і тварыць!
* * *
Сёння аб сцежках нялёгкай долі гутару доўга з пажатым полем. Вецер чупрыну руні хвалюе, нашай размовы ніхто не чуе. Толькі бяроза часамі сагнецца, птах у пажоўклым галлі страпянецца. Хмара прыполам сонца прыкрые, сэрца мацней мне ў грудзях заные. Роднае поле — святасць і дзіва, войны ішлі, а яно радзіла, ад грознай утомы не спачывала, з раненых нетраў хлеб нам давала. Гутарка з рэчкай, гутарка з ветрам, з полем бязмерным, сонцам сагрэтым. Пасадзіш бульбу, расце ўсё дбайна, усё ў сваю пору, усё жыццядайна. Высахне ў спёку, прымерзне ў сцюжу, дожджык упадзе, і ўсё будзе дужаць. Сарвецца вецер, вербы наклоніць і мне ад думаў астудзіць скроні. I нешта сэрцу майму падкажа, і зерне слова ў барозны ляжа. Хоць прыйдзе спёка, мароз лютуе — зярняты праўды зямля ўзгадуе!
* * *
Ты зямля, майго бацькі зямля, якой гэта чароўнаю сілай ты ў палон маё сэрца ўзяла, якім зеллем мяне апаіла? Мне здаецца, ўсё бачу здалёк голлі дрэў, у аблокі узнятых, і такі невысокі грудок, на якім красавалася хата. I дарога бяжыць праз палі, абмінае над крушнямі дзічкі, б’е вада ля каменняў з зямлі ў лона ціхай, прачыстай крынічкі. Як грыбы, нарастуць гарады. ты ж мілей мне любое сталіцы, то тваёй жыццядайнай вады не магу я да скону напіцца... Знаю мудрую праўду тваю, тваіх слухаю толькі законаў, быццам птушкі, я сэрцам пяю тваім плодным, квітнеючым гоням. Я расту, як ячмень, як авёс, зерне ў коласе пэўна хаваю, а ў снягі і ў суровы мароз я, здаецца, з табой спачываю. Я жывое ўсё сэрцам люблю, кожны ведаю твор невялічкі, ласку сонейка ў душу лаўлю і ад бур не хаваю аблічча!
* * *
Маладосць — мая песня і сіла, поўня сэрца і мараў палёт. Што пасеяла — ўсё ўскаласіла і жаданы дало умалот. Ўзгадавала адданасць і вернасць, ўмацавала адвечны наш лад,— залатое пшанічнае зерне чалавечых, высокіх праўд. Тыя праўда, абычаі з намі, мудрых дум залатое прадно. Шліфавалі іх продкі вякамі, нам у людзях за іх не ўстыдно. Можа, хто за нядолю нас судзіць, мы з сярмягай нядолю зжылі. Ўсё ж былі мы, і ёсць мы, і будзем праўдзе верныя і зямлі! Душы сціплыя і палымяныя, мужнасць, сіла, адвага ў грудзях. Не зазвоняць ўжо болей кайданы на жаночых, на творчых руках! Ужо недруг душы нам не зглуміць ні хлуснёй, ні маной, ні мячом. Ажываюць народныя думы, паднявольным прыбітыя днём. Вабяць хлеба смачнейшаю лустай: — Станавецесь валамі, зубры! Халуям няхай будзе халуйства, мы – зямлі свае гаспадары! Не здамося ліхой крутаверці, бо дубы мы, а не бадылі. Нам не скажуць сыны перад смерцю, што чужынцам мы Край прадалі! Свае мовы забыцца не змусяць, бараніць яе кожны гатоў. Мы не станем Усходняю Пруссю на магілах сваіх курганоў!
Мой род
Дрэвы раскінулі голлі, як рукі, з дарогаў мяне сустракаюць дамоў. Праз сэрца збалелага сцішаны грукат сваёй маладосці шукаю слядоў. На родны падворак пабегла сцяжынка. Чаму ж апынулася тут я сама, дзе бегала дзіцем, падрослай дзяўчынкай? Вядзе сюды сцежка, а хаты няма... Ніхто не выходзіць, ніхто не вітае, і родных нідзе не чутно галасоў, і быдла, як некалі, не зарыкае, з каменнай аборы сагналі буслоў. Адзін толькі вецер. Слёз поўныя жмені з вачэй непаслушных цякуць і цякуць. Я сею іх моўчкі ля дрэваў, як цені, – мо помстай за крыўды калісьць прарастуць. Сумленне і розум не могуць змірыцца з тым лёсам сям’і, які цяжка стрываць. Нашто забіваць, над жывымі глуміцца і маці-зямельку пустой пакідаць? Хто ходзіць сягоння па сцежках забытых, валочачы ногі у нашай крыві? Хто тут, як жывёла, дапаў да карыта і ганьбіць і топча жывых-не жывых? Няўжо ты, зямля мая ў кветках і росах, дасі ім спакойна і ціха тут жыць, панурым забойцам, што ў квецені вёснаў умелі адно – забіваць і паліць? Народ мой спрадвечны, у горы адзіны, сярмяжны, сялянскі, працуючы сплаў. Былі Еўфрасінні, былі ў нас Скарыны, і хто ж братабойцаў у сёлы наслаў? Няўжо ў іх народзяцца дзеці жывыя і будуць хадзіць паміж росаў і траў? Няўжо зямля іхнія косці прыкрые – тых, хто самохаць братоў забіваў? Ачысць ад такіх зямлю нашую, Божа, нашыя сёлы ачысць, гарады! У час вырашальны, вялікі, трывожны сатры на зямлі нашай катаў сляды!
* * *
У жыцці, бы ў пагодзе, неразгаданы лёс — сёння сонца на ўсходзе, заўтра лівень з нябёс. Цёмна-бурыя хмары праплывуць над зямлёй — можа, гром з іх ударыць, пранясе стараной. Доля — цвёрды гарэшак, лёсу не разгадаць: то б’е радасць з падстрэшша, то слязы не стрымаць. Прыліў шчасця, як ззянне, смех і любасць дзяцей, То — навекі расстанне з найдарожшым з людзей. Зноў туманіцца воддаль. Хмары дум на чале. А якую ж пагоду заўтра неба пашле? Маю душу да донца люты холад праняў. Не цанілі б так сонца, каб свяціла штодня.
Ніва
Ніва нібы ўсхваляваная плынь, тут каласы узлятаюць і гнуцца, быццам паўсюль, дзе вачамі ні кінь, залатагрывыя коні пасуцца.
* * *
Праплылі хмары шырака і ўздоўж. Аперліся плячом на небасхіле. З іх цёмных крылляў звонка лінуў дождж і пакаціўся па зямлі бяссільна. Гляджу, і сум на душу наляцеў такі, што радасці ад слёз не ўбачыць. Перада мною жоўтым лісцем дрэў гуляе вецер, восень ціха плача. Хай плача восень, мне ж не трэба слёз. Прыціхлі дрэвы ў золаце і медзі. Для іх — для клёнаў, явараў, бяроз — яшчэ шмат гожых вёснаў напярэдзі. I ўжо не жаль малёваных галін, ні вопраткі, што сёння явар скіне. Для іх, загледжаных з надзеяю у сінь, у мацеры-зямлі ёсць скарбаў шмат у скрыні.
* * *
Стаіць моўчкі Каложа ў шэры дождж, ў белы снег. Храм над Нёманам Божы, наш дванаццаты век. Хвалі бераг падмылі, кавал грунту апаў. Усё ж ангел на крыллях нам яе затрымаў. Устаяла праз войны светлынёю ў вяках і нашчадкам дастойна наш паказвае шлях, Каб святое цанілі, што наш продак збярог, і ў жыцці не змылілі з верных, родных дарог!
* * *
Раніца, як марыва. Травы у расе. Цень ляжыць ад явара на маёй страсе. Праляцелі стаямі нада мной грачы. Ад жыцця прыстала я, час і адпачыць. Шуміць вецер з кронамі, абтрасае сон, Пахаджае промнямі сонца ля вакон. Толькі гасне марыва, серабро ў касе, Цень ляжыць ад явара на маёй страсе...
Поделиться с друзьями: