Збор твораў у двух тамах. Том 1. Паэзія
Шрифт:
Жыровічы
Жыровічы — святы для нас куточак, дзе цэрквы ў неба вежы узнялі. На дрэве Маці Божай абразочак — благаслаўленне для маёй зямлі. Чужыя ў нас былі паны, вяльможы, з цяжкое працы жыў стары народ. Жыў ён з любові, з ласкі Маці Божай, якая з ім была ў часы нягод. Сягоння з хмараў дождж на землю выпаў, ступаю моўчкі па святой зямлі. Благаславі мяне, старая ліпа, і ад ліхога голлем затулі. Вякі ты маіх продкаў затуляла і ад набегаў, войнаў сцерагла. Я ля цябе — і спакайней мне стала. Упэўнена стаю каля ствала. Свая душою, з гэтага я роду, прыйшла к табе сягоння, як у сне. Ты папрасі айцоў сівабародых, хай у малітве ўспомняць пра мяне. Дождж не сціхае, ўсё навокал мокне. У Жыраве я сёння першы раз. Шкадую сэрцам, што не пастушок я, які убачыў той святы абраз. Мне цяжка у жыцці было — за тое дай мне пачэсна на зямлі пражыць. З крынічкі напаі мяне святое, з якой так прагну тваю праўду піць. О Маці Божая! Ты — ласка у цярпенні, прамень святла, што праз вякі не згас, на голаў грэшную маю пашлі збавенне і будзь пры мне ў жыцця адказны час. Хай будзе мір і ўсюды Твая воля, і Бог — Твой Сын — распяты на крыжы. Стары народ наш не пакінь ніколі і ад нягодаў землю сцеражы! 1981
* * *
Сёння не вабіць зацішша святыні. Хочацца ў поле ісці сцежкай вузкай і, як калісьці Хрыстос у пустыні, маліцца і плакаць душой беларускай. * * *
Зашчымела мне сэрца ў грудзёх, сум слязой засланіў мае вочы. Я ступіла ізноў на парог, які мне адабралі аднойчы. Беларускае марыва слоў і кахаючых сэрцаў бяспечнасць. Тут жыве дабрыня і любоў, і ў суровыя дні — чалавечнасць. Быццам сыпнула шчасцем з нябёс — нашым, вечным, нязгасным, нятлённым. Прыпаду да зямлі ў ззянні рос, у якой маіх продкаў мільёны. Над сцяжынамі шум баравы. Вокал вёскі — жыцця асяродкі. Бітваў водгалас чую ў крыві, дзе чужынцаў правучвалі продкі. Упіраюцца вочы ў муры шматвяковых трывалых святыняў. Гэта ты, мой прапрадзед стары, на зямлі след унукам пакінуў. Непахісныя сцены стаяць, час іх зубам сваім не кранае, бо ты ўмеў і любіў будаваць, ведаў — мур твой набегі стрымае. Быццам голас ваш чую з глыбінь: паўстаюць змагары і героі будаваць, сеяць хлеб і любіць і трымаць у гатоўнасці зброю. З працы, з поту вы цяжка жылі, шмат чужынцы ад вас адабралі. Нейкім цудам на гэтай зямлі родны край вы для нас захавалі. І палон быў, і цяжкі прыгон, і змаганне, і смерць, і адвага. Нізкі сёння тым продкам паклон за жыцця пераможную прагу. Чыста ў долах, салоўка пяе, у прысаддзі дамы задрамалі. I кладзецца на плечы мае ўся зямля, што яны захавалі... 1981, студзень
* * *
Памутнелыя вочы ў тузе... Так бы бегчы ў палі, не спыняцца. Сабака на ланцузе, жалезны ланцуг на сабацы. Назаўсёды стрыманы бег, век ланцуг цягаць давядзецца. Жаласлівы сабачы брэх не кранае людскога сэрца. Брэша — б’юць і не брэша — б’юць. Дзень і ноч — туга, адзінота. У чарапок недаедкаў нальюць... Так на волі пабегаць ахвота! Бег кароткі сабачых дзён. Дагараюць сны маладыя. Ланцуга глухі перазвон на нявіннай сабачай шыі... люты, 1981
* * *
Шукаючы звонкай бунтарнай паэзіі, у сэрца паэта з нагамі ўлезлі. Паэзія з духу толькі, без цела, — ад рук паганых вышэй узляцела. Яе зрадзіла сэрца з пакутаў. Вольнага слова жахам не спутаць! Няземскай сілай, святлом праб’ецца, праўдай і верай запаліць сэрца! 1982
Маёй бабусі
Паэма
1
Прыгонная бабка з Чамяроў, з сяла, гэта ты каханне ў сэрца мне ўліла да людзей, да песні, да сваіх палёў, да радзімых весніц, да тваіх слядоў. Навучыла прасці, з квецця варажыць, навучыла думы вечарамі віць і снаваць палотны, і на кроснах ткаць, і сваю старонку над усё кахаць...2
Не адшукаць ужо даўніх тых дзён у веку прыбояў бурлівых, косаў тваіх, як расчэсаны лён, і песняў з тугі пералівам. Белая, стройная, з лесу, як лань, ты дзеда майго пакахала. Дзетак за руку вяла на курган, юнасць сваю ўспамінала. Пад кожнай вясны раскалыханы звон ты, ўжо не сялянка, а пані, расказвала ім пра пакутны прыгон, пра крывавыя будні паўстання. Дня не хапала для працы, ўначы ты шпулю сваю дапрадала. Жаль, не магла я табе памагчы, бо я яшчэ не існавала. І не пачула праз горыч і сум, як з лесам прыйшлі развітацца, дзе прадзед мой, колісь адважны лясун, праводзіў праз нетры паўстанцаў. У печы сялянскай з паленнямі дроў згаралі пад ранне паперы, ды капалі слёзы паўстанцаў і кроў у попел на прыпечку шэры. Я думы снаваць прыняла ад цябе, лес родны, як ты, пакахала, і накіп вясны, і зімовую бель, і песні, што ты напявала. I сэрца лякоча праз цэлы мой век, калі я цябе ўспамінаю. I сняцца паўстанцы, што вынеслі здзек, і ты каля іх, маладая. Бабусенька Марфа мая з Чамяроў, хоць ў школах цябе не вучылі, ты ўвабрала ў сябе дабрыню і любоў і мне, ўнучцы, пакінула крыллі. Недзе ў Крынках апошні твой дом, магілка, якую забылі, сямейная лучнасць праз песні з сялом ды слёзы на ўнучкіных крыллях...3
Гады плечы дадолу мне гнуць, жыццё скроні даўно пабяліла. Напісала б, як ўнукі жывуць ды шчабечуць, як ты гаманіла... Напісала б пра след маіх дзён і пра дум непакорных узвышшы, і пра песні з тваіх верацён… Толькі сёння табе не напішаш.4
Зноў вясна, ладзяць гнёзды бусліхі, і Пегасы вушамі стрыгуць. Мой Пегас наравісты крыху. Што ж, за нораў Пегасаў б’юць... Неразумны наш век барадаты. Куды ехаць — Пегасу відней, ён не змыліць з дарогі дахаты, лейцы б толькі пусціць вальней. Хай ляціць, вышэй хмараў узносіць і выкраша з будняў агонь. Мой Пегас не ламовы кося — алімпійскі, няскораны конь!5
Вечар жыцця ўжо ступіў на парог, моўчкі да нас прабіраецца ў сені. Ляснуў знячэўку ля клямкі замок, аж вушакі задрыжалі у сценах. З печы кафлянай паленні трашчаць, сум і цяпло, цішыня у пакоях. Сцены старыя надзейна стаяць, вартуюць наш вечар і рэшткі спакою. Кніжкі навокал, ў душы дабрыня, прысела дастойна за стол чалавечнасць. А дзесь за дзвярамі грыміць мітусня, што розуму, праўдзе і сэрцу пярэчыць. Праўда прыціхла, яна не крычыць, моўчкі сядае за стол з намі радам. Хто сябе звык чалавекам лічыць, той адсявае з агідай няпраўду. Сцішана боль адплывае з душы. Дом наш — прыпынак радзімае мовы і веры ў народ наш, якой не скрышыць ніякім няпраўдам, ніякім аковам. Часамі ўрываецца зло на парог, пенай хлусліваю хітра бушуе і замаўкае, бо ў покуці Бог, ласкавы і мудры, які нас вартуе.Кліч Пагоні
* * *
Дзеду, дзеду, саколіку, выплеці мне пастолікі. Беларускай быць — пасталы насіць!.. Выплеці мне іх новыя, лёгенькія, ліповыя, а на самы край — аборачку дай. Беленькімі анучкамі будуць ногі акручаны, бы ў бярозы той, стройнай, маладой, што красой зялёнаю хваліцца прад клёнамі, а ў дзявочу бель спавіла камель. Бегчы за віхураю ў пастоліках скураных, лёгка выдзыгаць, пожнячку таптаць… Буду насіць пастолікі, прасці, ткаці настольнікі. Беларускай быць — трэба ўсё рабіць! 1941
Пара коней
Пара коней із грывай, як косы, чэша вецер гнядое прадно. З-пад капытаў, з-пад кутых калосаў толькі сыплюцца іскры агнём. Як на крылах, у ноч пралятаем, ў сэрцы зораў асыпаўся жар; вецер польны мацней абдымае і цалуе, і песціць у твар. Месяц вострыць аб неба сталь-рогі, зіхаціць над пасцеллю палёў. Нанач вецер ля ціхай дарогі косы белым бярозам расплёў. Пара коней і сэрца без страху на радзімых дарогах ўначы... У нястрымным разгульным размаху нам ад ветру адно не ўцячы. 1942
Калыханка
Спі, мой сыночку, спі, галубочку, птушкі спяць; буду цябе я песняй лялеяць, калыхаць! Месячык свеціць, голлямі вецер у вокны б’е, не спіць, гуляе, басенкі бае, у ноч пяе. Сон сплыў на землю, птушачкі дрэмлюць,— спі ж і ты; весела ўстанеш, як дзень прагляне залаты. Анёльчык блізка, я над калыскай ночы й дні сон твой трывожны верна старожым,— спі ж, засні! Поделиться с друзьями: